Альтэрнатыва для тых, хто не заканчваў магістратуру

- 12:00Вышэйшая школа

Моладзь, арыентаваная на навуку, пасля завяршэння першай ступені вышэйшай адукацыі, як правіла, ідзе ў магістратуру. Магістарская падрыхтоўка ўключае не толькі паглыбленне ведаў па абранай спецыяльнасці, навуковыя даследаванні і абарону магістарскай дысертацыі, але і здачу кандыдацкіх экзаменаў (пасведчанне аб здачы такіх экзаменаў з’яўляецца абавязковым пры паступленні ў аспірантуру).

Аднак што рабіць тым, хто задумваецца пра навуку, але не скончыў магістратуру (загадзя не паклапаціўся, не паступіў ці ўвогуле вучыўся яшчэ ў той час, калі не было двухступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі)? Сёння ў іх ёсць выбар: або паступіць на вучобу ў магістратуру, атрымаць там дадатковую спецыяльнасць і здаць кандыдацкія экзамены, або звярнуцца да такой формы падрыхтоўкі, як саіскальніцтва.

Ігар ГАНЧАРОНАК:

“Нярэдка можна чуць, маўляў, цяжка напісаць і абараніць дысертацыю. Але я хачу сказаць, што сёння зрабіць гэта значна прасцей, чым у савецкія часы. Калі казаць пра публікацыю навуковых вынікаў, то, акрамя нацыянальных часопісаў, вучоныя могуць свабодна друкавацца ў замежных часопісах, якіх процьма. Так, многія з іх друкуюць работы за грошы, аднак ёсць і шмат бясплатных — калі ласка! Разумеючы, як важна для маладых навукоўцаў мець уласныя публікацыі, мы ў нашым інстытуце пачалі выпускаць “Магістарскі веснік”, дзе можна друкавацца на беларускай, рускай і англійскай мовах. Прычым гэта аўтарытэтны часопіс, рэцэнзентамі работ выступаюць паважаныя акадэмікі.

Калі ёсць навуковыя вынікі, то якая складанасць у тым, каб напісаць і абараніць кандыдацкую дысертацыю аб’ёмам у 100 старонак? Пры сучасных тэхналогіях друку, калі ёсць магчымасць кампіляваць уласныя запісы, уносіць змены, удасканальваць, — гэта асэнсаваная, творчая і нязмушаная праца. Нашы папярэднікі друкавалі свае дысертацыі на друкарскіх машынках — сёння гэта ўжо нават складана ўявіць! Вядома, што трэба выкласці свае навуковыя вынікі зразумелай мовай, але гэта таксама культура. Многія вучоныя вызначаюцца красамоўствам, бо яны адточвалі свой стыль у дысертацыях”.

У Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук якраз цяпер, у верасні, ідзе прыём дакументаў ад саіскальнікаў на згаданую форму падрыхтоўкі. На гэты час дакументы падалі ўжо 14 чалавек — пераважна прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў і навукаёмістых прадпрыемстваў краіны. Напрыклад, знакаміты “Планар” накіроўвае ў якасці саіскальнікаў ажно 8 сваіх супрацоўнікаў. Завод зацікаўлены ў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, аплачвае іх навучанне і чакае адпаведнай аддачы.

Падрыхтоўка з мэтай здачы кандыдацкіх экзаменаў і залікаў па агульнаадукацыйных дысцыплінах разлічана на тэрмін да 2 гадоў. Зрэшты, згаданая мадэль вельмі гібкая, арыентаваная на індывідуальныя запыты кожнага асобнага чалавека, таму на практыцы большасць саіскальнікаў заканчваюць навучанне значна хутчэй за вызначаны тэрмін. Многія асвойваюць праграму кандыдацкага мінімуму, здаюць неабходныя экзамены і паступаюць у аспірантуру ўжо праз год навучання.

— Нашы саіскальнікі практычна стапрацэнтна дасягаюць сваёй мэты, — гаворыць рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Ігар Ганчаронак. — Справа ў тым, што ўсе яны прыходзяць на вучобу свядома, разумеючы, што гэта выхад на новы прафесійны ўзровень. Многія самі аплачваюць курс, за іншых плацяць арганізацыі, зацікаўленыя ў падрыхтоўцы навуковых кадраў. Для людзей, якія не заканчвалі магістратуру, але думаюць пра сваё развіццё і ў перспектыве хочуць пайсці ў навуковую сферу, такая форма падрыхтоўкі, як саіскальніцтва, — вельмі добрая альтэрнатыва.

Дарэчы, стаць саіскальнікам, паколькі гэта платная форма падрыхтоўкі, даволі проста. Рашэнне аб залічэнні на вучобу прымаецца з улікам адзнак у дыпломе аб вышэйшай адукацыі.

Патрабаванні рынку працы да выпускнікоў універсітэтаў пастаянна ўзрастаюць, а час на іх падрыхтоўку скарачаецца. Раней у нас была 5-гадовая вышэйшая адукацыя, зараз — пераважна 4-гадовая. Гэта сусветны трэнд, бо веды імкліва абнаўляюцца. Калі па-ранейшаму вучыць студэнтаў 5 гадоў, то іх веды, атрыманыя на першых курсах, састарэюць яшчэ да таго, як яны займеюць дыплом. Гэта нікому не патрэбна. Хуткасць, з якой абнаўляюцца веды, дыктуе новыя ўмовы: вышэйшая адукацыя за 4 гады — магістратура (або саіскальніцтва) — аспірантура.

— Сёння, каб годна канкурыраваць на рынку працы, патрэбна больш, чым проста дыплом аб вышэйшай адукацыі, — адзначае Ігар Ганчаронак. — Усе краіны, што ўваходзяць у Балонскі працэс, заклапочаны падрыхтоўкай навуковых кадраў. Да двух цыклаў вышэйшай адукацыі (бакалаўрыята і магістратуры) далучаецца ўжо трэці цыкл — аспірантура. У 2004 годзе ў Еўропе быў выпушчаны збор кваліфікацыйных характарыстык трэцяга цыкла, дзе ўказана, што выпускнік аспірантуры “мае якасці і здольнасці, неабходныя для працаўладкавання на пасадах, якія патрабуюць персанальнай адказнасці, значнай аўтаномнай ініцыятывы ў складаных і непрадказальных сітуацыях, у прафесійным ці эквівалентным атачэнні”.

Ігар Іванавіч перакананы, што ў педагагічным асяроддзі ёсць вельмі шмат таленавітых, здольных да навукі людзей. Аднак ім трэба быць смялейшымі ў прасоўванні сваіх талентаў. Напрыклад, на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе, якая адбылася ў жніўні, гаварылася пра тое, што ўніверсітэцкія кафедры маглі б папаўняцца з ліку школьных настаўнікаў. Для гэтага, безумоўна, патрэбна самаадукацыя. Інстытут саіскальніцтва, а ў далейшым аспірантура і абарона дысертацыі (ці нават дыплом даследчыка) — адзін з рэальных шляхоў прафесійнага развіцця педагога.

“Нашы саіскальнікі вывучаюць курс па філасофіі і метадалогіі навукі, паглыбляюць веданне інфармацыйных тэхналогій і замежнай мовы, — расказвае Ігар Ганчаронак. — Часам можна пачуць, што вывучэнне інфармацыйных тэхналогій — ужо ўчарашні дзень, маўляў, усе даўно ўсё ведаюць. Аднак хачу сказаць, што гэта не так. Зараз ёсць вельмі шмат камп’ютарных праграм, якія дазваляюць хутка і якасна апрацоўваць навуковыя вынікі — як у галіне дакладных навук, так і ў гуманітарнай сферы. Выпускнікі ўніверсітэтаў з імі амаль не знаёмы. Або мастацтва прэзентацый — яму таксама трэба вучыцца. Тое ж можна сказаць пра работу з інфармацыйнымі рэсурсамі. Сёння іх так многа, што толькі спрактыкаваны карыстальнік можа сарыентавацца і хутка знайсці тое, што яму патрэбна. А яшчэ важна ўмець фарміраваць уласныя банкі даных.
Усё гэта трэба асвойваць. Тое ж тычыцца і англійскай мовы. 70% інфармацыі ў інтэрнэце пададзена па-англійску. І, не ведаючы англійскай (па сутнасці, гэта мова навукі), вучонаму немагчыма развівацца.

Як паведаміла кіраўнік аддзела аспірантуры і дактарантуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Галіна Рабава, у складзе акадэміі навук адукацыйныя праграмы аспірантуры рэалізуюцца ў 52 навуковых арганізацыях па 136 спецыяльнасцях 14 галін навукі.

— Форма саіскальніцтва ў сістэме акадэміі навук вельмі папулярная, — гаворыць Галіна Альбертаўна, — бо дазваляе супрацоўнікам навуковых арганізацый, якія маюць вопыт даследчай работы, падрыхтавацца да паступлення ў аспірантуру без адрыву ад асноўнай прафесійнай дзейнасці. Варта адзначыць, што ў апошнія гады дадзеная форма навучання прыцягвае таксама і спецыялістаў неакадэмічных арганізацый гнуткім і зручным графікам правядзення вучэбных заняткаў, высокім узроўнем і якасцю падрыхтоўкі. Штогод каля 90% асоб, якія скончылі навучанне і атрымалі пасведчанне аб здачы кандыдацкіх экзаменаў у нашым інстытуце, папаўняюць шэрагі аспірантаў навуковых арганізацый НАН Беларусі і ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Галіна СІДАРОВІЧ.