Альтэрнатыва — спорт

Натхняльныя словы ад алімпійскай чэмпіёнкі Алены Валчэцкай прагучалі падчас адкрыцця Абласнога культурна-спартыўнага мерапрыемства для непаўналетніх “Спорт, здароўе і закон”. Такое свята праводзіцца ў Гродзенскай вобласці з 2012 года. Яго арганізатарамі выступаюць галоўныя ўпраўленні адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, камісія па справах непаўналетніх аблвыканкама, пракуратура і УУС вобласці, абкам БРСМ.

У фінал спаборніцтваў па трох відах спорту — міні-футболе, валейболе і стрытболе — выйшлі 12 каманд з 10 раёнаў вобласці. Папярэднія спаборніцтвы адбыліся ва ўсіх раёнах. У іх прымалі ўдзел падлеткі і моладзь ад 14 да 18 гадоў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

На трэніроўках, занальных і фінальных спаборніцтвах побач з падлеткамі — супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх. Вось і зараз на валейбольнай пляцоўцы разам з дзяўчатамі — намеснік ІПН аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Генрых Занеўскі і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Ленінскага раёна Ірына Некрашэвіч.

— Аб’яднаць агульнай справай, стварыць каманду, паказаць, што свой вольны час можна арганізаваць карысна і цікава, а не праводзіць яго ў сумніўнай кампаніі за сумнеўнымі заняткамі, замест вуліцы прыйсці на спартыўную пляцоўку — такіх мэт дапамагае дасягнуць акцыя “Спорт, здароўе і закон”, — гаворыць Ірына Іосіфаўна.

— Агульны ўдзел у спаборніцтвах, падрыхтоўка да іх дазваляюць больш якасна праводзіць прафілактычную работу, садзейнічаюць больш даверлівым адносінам паміж праваахоўнікамі і непаўналетнімі, — дадае Генрых Генадзьевіч.

Больш за 60 чалавек выступілі ў гэты дзень на спартыўных пляцоўках стадыёна “Нёман”. І для многіх удзельнікаў гэта стала не толькі святам перамогі, але як і гаварыла Алена Валчэцкая, момантам перамогі над сабой.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.