Альтэрнатыва, якая павінна існаваць

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў журналістаў пазнаёмілі з рознымі формамі пражывання і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, якія знаходзяцца ў інтэрнатных установах і ва ўстановах, якія замяняюць ім стацыянар.

У доме-інтэрнаце для пенсіянераў і інвалідаў у Мінску сёння пражывае 389 чалавек, з іх 306 — з інваліднасцю. Аб гэтым журналістам расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Мікалаеўна Дудка. Ва ўстанову трапілі людзі, якія па стане здароўя не могуць сябе абслугоўваць. У інтэрнаце ёсць і пажылыя грамадзяне, і маладыя людзі з інваліднасцю, якія накіроўваюцца сюды пасля 18 гадоў з дзіцячых дамоў-інтэрнатаў. Самаму маладому жыхару мінскага інтэрната — 23 гады, а самаму пажылому, гэта жанчына, — 99 гадоў. Сярэдні ўзрост тутэйшых жыхароў — 68 гадоў. Сярод іх ёсць як адзінокія грамадзяне, так і людзі, чые родныя па розных прычынах не могуць забяспечыць чалавеку з інваліднасцю належны догляд дома. У інтэрнаце практыкуюцца розныя формы пражывання: на пастаяннай аснове, часовае пражыванне (да года), напрыклад, з мэтай рэабілітацыі пасля траўмы або інсульту, і кароткатэрміновае (да 1 месяца) з мэтай сацыяльнай перадышкі для родных і блізкіх чалавека з абмежаваннямі.

Намеснік дырэктара па сацыяльных пытаннях установы Альбіна Вітальеўна Рачалоўская пазнаёміла з умовамі пражывання ў інтэрнаце, з арганізацыяй адпачынку і медыцынскага забеспячэння. Любімыя месцы ў жыхароў інтэрната — мясцовая бібліятэка, а таксама фітабар, дзе можна пакаштаваць духмяныя травяныя напіткі і кіслародныя кактэйлі. Прапаноўваюцца і заняткі для душы — спевы, творчасць, удзел у тэатральнай дзейнасці. Для маладых людзей з інваліднасцю, якія нядаўна пакінулі дамы-інтэрнаты, абсталяваны пакой, у якім яны атрымліваюць навыкі вядзення хатняй гаспадаркі. У інтэрнаце ёсць і свая міні-ферма — трусы і куры, якіх падарылі яго жыхарам навучэнцы Астрашыцка-Гарадоцкай школы Мінскага раёна. На падыходзе яшчэ адзін падарунак для інтэрната — казляняты.

Многім людзям з абмежаваннямі рэкамендаваны заняткі лячэбнай і адаптыўнай фізкультурай. Вопытны інструктар-метадыст па рэабілітацыі Сяргей Мітрафанавіч Пінчук праводзіць індывідуальныя і групавыя заняткі, якія ў літаральным сэнсе ставяць на ногі людзей пасля перанесеных траўм або інсультаў. Паправіць здароўе можна і ў абсталяваным за кошт спонсара саляным пакоі, а таксама ў пакоі эргатэрапіі, дзе знаходзіцца шматфункцыянальны рэабілітацыйны трэнажор “Капітан” для развіцця каардынацыі рухаў, раўнавагі, трэніроўкі дробнай маторыкі ў людзей пасля інсульту. Жыхары інтэрната знаходзяцца пад пастаянным кругласутачным назіраннем медыцынскага персаналу. На працягу дня яны атрымліваюць фізіяпрацэдуры, наведваюць урачоў — хірурга, стаматолага і інш. У інтэрнаце таксама дзейнічае паліятыўнае аддзяленне на 30 ложкаў.

Для навучэнцаў устаноў адукацыі, перш за ўсё медыцынскага каледжа, а таксама для студэнтаў БДУ, БДУФК, дом-інтэрнат з’яўляецца пляцоўкай для адпрацоўкі практычных навыкаў догляду людзей з абмежаваннямі, рэалізацыі сумесных праектаў па іх рэабілітацыі. Да гэтай работы далучаюцца і валанцёры. На аснове вопыту спецыялістаў установы ствараюцца метадычныя рэкамендацыі.

***

У Беларусі атрымліваюць развіццё стацыянаразамяшчальныя формы работы з людзьмі з інваліднасцю і пажылымі грамадзянамі. З новымі падыходамі можна пазнаёміцца на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна Мінска, памяшканні якога размешчаны па чатырох адрасах у розных мікрараёнах. Задача сацыяльных работнікаў цэнтра — максімальна павялічыць пражыванне людзей з абмежаваннямі ў звыклых для іх хатніх умовах і ў той жа час сацыялізаваць іх. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Алена Валер’еўна Свірыд расказала, што ва ўстанове працуюць аддзяленне дзённага знаходжання для маладых людзей з інваліднасцю і аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей.

“Многія сем’і імкнуцца самастойна даглядаць пажылых бацькоў і людзей з інваліднасцю, а не здаваць іх у дамы-інтэрнаты, — гаворыць Алена Валер’еўна. — Наш цэнтр прадастаўляе такім сем’ям кваліфікаваную дапамогу і падтрымку — магчымасць прыводзіць сваякоў у цэнтр, дзе спецыялісты забяспечаць ім належны догляд з 8 раніцы да 18 гадзін вечара. Для пажылых людзей у нас арганізаваны куточак здароўя, кожны тыдзень да іх прыходзяць урачы-герыятры, тэрапеўты, памочнікі ўрача, каб аказаць медыцынскую дапамогу, пракансультаваць. Прадугледжаны і пакой адпачынку, дзе пажылыя людзі могуць паспаць. Мэта нашага аддзялення для пажылых грамадзян — арганізаваць іх актыўнае жыццё, паспрыяць даўгалеццю. Ва ўсіх аддзяленнях цэнтра праводзяцца заняткі ў гуртках і клубах: заняткі лячэбнай фізкультурай, урокі камп’ютарнай дасведчанасці, англійскай мовы, майстар-класы па вязанні кручком, літаратурна-музычныя і тэатральныя гурткі і г.д. Сярод пенсіянераў нямала тых, хто хоча падзяліцца сваімі ўменнямі і навыкамі з іншымі людзьмі. Яны і становяцца кіраўнікамі гурткоў па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

***

Аддзяленне дзённага знаходжання для маладых людзей з інваліднасцю наведваюць пераважна выпускнікі ЦКРНіР, сярод іх і людзі з цяжкімі і множнымі парушэннямі, у тым ліку тыя, хто перамяшчаецца на калясках або з дапамогай хадункоў, і нават людзі, за якімі неабходна ажыццяўляць гігіенічны догляд. Цэнтр абсталяваны элементамі безбар’ернага асяроддзя. Маладыя наведвальнікі атрымліваюць тут урокі дамаводства, вучацца даглядаць пакаёвыя расліны, вырошчваць міні-агарод на падаконніку, а таксама займаюцца творчасцю, гуляюць у шахматна-шашачным клубе. У пакоі адпачынку ёсць магчымасць паглядзець тэлевізар і паслухаць музыку. Спецыялістам цэнтра заўсёды дапамагаюць пажылыя людзі з суседняга аддзялення. Яны вельмі чулліва ставяцца да маладых людзей з інваліднасцю, імкнуцца навучыць іх таму, што ўмеюць самі. Пры падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў, канцэртаў, творчых выстаў маладыя і пажылыя наведвальнікі цэнтра заўсёды разам.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Фрунзенскага раёна пры садзейнічанні раённай адміністрацыі і камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама рэалізуе сацыяльныя праекты “Накіруй свае крокі сцежкай дабрыні” (па аздараўленні маладых інвалідаў у санаторыях і дамах адпачынку Беларусі, арганізацыі іх вольнага часу), “Энергія здароўя” (па правядзенні спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў і свят для пажылых людзей), “Школа догляду ляжачых хворых” (вопытная сядзелка вучыць сваякоў ляжачых хворых неабходным прыёмам і навыкам догляду, аказвае псіхалагічную падтрымку), “З упэўненасцю ў дарослае жыццё” (псіхалагічнае суправаджэнне сем’яў, дзе адзін або два чалавекі з сям’і з’яўляюцца асобамі з ліку дзяцей-сірот). Так, Іван Зайцаў, у мінулым сірата, а зараз паспяховы бізнесмен, мадэратар праекта, вучыць маладых людзей з інваліднасцю спраўляцца са сваімі праблемамі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.