Аляксандр БАГДАНОВІЧ: “Мой шлях прыгожы ў фінале”

- 13:39Моя школа

Сённяшні госць праекта “Мая школа” — алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ, ганаровы грамадзянін Бабруйска, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання Аляксандр Багдановіч.

Падчас алімпійскага ўрока разам з Антонам Кушнірам, Дар’яй Домрачавай і мінскімі школьнікамі.

— Аляксандр, вы нарадзіліся ў пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Раскажыце пра вашы школьныя гады.

— Бацькі ўсё жыццё працавалі на Ялізаўскім шклозаводзе. Маці заўсёды займалася спортам — гуляла ў валейбол. Зараз я ра­зумею, што яны нас з братам выхоўвалі вельмі правільна, у многім на сваім прыкладзе. Але я быў вельмі актыўным і няўседлівым дзіцем, таму бывала ўсякае.

Школа ў Ялізаве была адна, і там вучыліся ўсе дзеці нашага пасёлка. Усе заўсёды ішлі адной дарогай: тры вуліцы сыходзіліся ў адну, якая і вяла да школы. І вось па гэтай дарозе першага верасня ў школу сцякалася амаль усё Ялізава: пры поўным парадзе, з кветкамі. Было цікава пасля лета па дарозе сустракаць сяброў і ісці разам.

Першай настаўніцай была Галіна Міхайлаўна Арабей. Яна выкладала ў мяне на працягу ўсёй пачатковай школы. Была вельмі прынцыповая і патрабавальная. Да таго ж гэта мая цётка, таму патрабаванні менавіта да мяне былі большымі, чым да ўсіх астатніх: калі што не так, маму адразу выклікалі да ды­рэктара. Было нават, што і са школы выганялі і гаварылі: “Без маці ў школу не прыходзь!”

Неяк, раззлаваўшыся, маці сказала: “Яшчэ раз выганяць са школы, дадому не вяртайся!” І пасля чарговага здарэння я вырашыў не ісці дадому: “Пайду ў якую-небудзь вёску, бо маці ж сказала, што дадому вяртацца нельга”. Але мяне вярнулі знаёмыя, якія заўважылі, што я іду не ў тым напрамку (смяецца).

Увогуле, у мяне было шмат настаўнікаў, бо вучыўся ў некалькіх навучальных установах: спачатку ў Ялізаўскай школе, потым у вучылішчы алімпійскага рэзерву.

— Ці шмат увагі вашаму навучанню ўдзялялі бацькі?

— Бацькі шмат працавалі, таму на працягу года пераважна вучыўся сам, але без увагі мяне не пакідалі. У той год, калі нам традыцыйна на лета задалі вывучыць табліцу множання, мы паехалі адпачываць на мора. І маці нават на адпачынку вучыла яе са мной. Выкарыстоўваючы купанне ў моры і нейкія забавы ў якасці перніка за правільныя адказы.

Першыя гадоў шэсць у школе мы вучыліся, таму што гэтага патрабавалі баць­кі. А разуменне, што трэба вучыцца, прыйшло, як і ў большасці дзяцей, у больш сталым узросце — у 7—8 класе: калі ты ідзеш у школу, ты павінен там асвоіць пэўныя веды, навошта ся­дзець проста так. Мне вельмі падабаліся фізіка і матэматыка. Але і з астатнімі прадметамі ўсё было нядрэнна.

З Ялізаўскай школы добрымі словамі хочацца ўспомніць настаўніцу матэматыкі Таццяну Міхайлаўну Пупаву, нашага класнага кіраўніка і настаўніка геаграфіі Валянціна Андрэевіча Вайцянкова, настаўніка фізкультуры Уладзіміра Рыгоравіча Хашкаўскага. Для нас, хлопцаў, узорам і прыкладам быў яшчэ адзін настаўнік фізкультуры, які выкладаў у іншых класах, — Леанід Яўгеньевіч Аляхновіч.

— Як лічыце, вучыцца ў невялікай мясцовай школе — гэта перавага ці недахоп?

— Гэта несумненная перавага, бо, напрыклад, у нашай школе ўсе адно аднаго ведалі: і вучні, і настаўнікі. Усе клапаціліся адно пра аднаго, і калі раптам нешта здаралася, гэта не праходзіла міма і можна было разлічваць на спачуванне ці дапамогу. Сёння бывае, што людзі, жывучы ў адным пад’ездзе, не ведаюць сваіх суседзяў.

— На малую радзіму цягне?

— Бывае, што вельмі хочацца прыехаць туды. Прыемна ведаць, што, у якой бы частцы свету ты ні быў, табе заўсёды ёсць куды вярнуцца. Што на зямлі ёсць тое месца, дзе ты ўсіх ведаеш і цябе ўсе ведаюць, дзе кожны сустрэчны адорыць усмешкай і павітаецца, як са старым знаёмым.

— Вы неаднаразова расказвалі журналістам, што падчас вашага з братам “залатога” алімпійскага заезду Ялізава нібы вымерла.

— Было такое. Заезд быў у 12 га­дзін, а па беларускім часе гэта было 5 га­дзін вечара, калі ўсе прыйшлі з работы. Нехта са знаёмых расказваў, што, затрымаўшыся на рабоце, бег дадому і адзначыў, што, сапраўды, на вуліцах не было ні аднаго чалавека: усе сядзелі каля тэлевізараў і чакалі. А пасля перамогі гуляў увесь пасёлак, адчуваючы гордасць за нас.

Свае крокі да алімпійскага п’едэстала мы рабілі паступова і на вачах ва ўсіх, таму кожны ялізавец успрымаў гэтую перамогу як сваю. Сапраўды, шлях быў доўгі.

Я прыйшоў у веславанне ў 1995 годзе (мне тады было 13 гадоў), а алімпійскае “золата” заваяваў толькі ў 2008 го­дзе. На вачах землякоў ішло станаўленне мяне і як асобы, і як спартсмена. Там мяне памятаюць і дзіцем, і гарэзлівым падлеткам, і юнаком, і алімпійскім чэмпіёнам.

Са старэйшым сынам Іванам.

— Хто быў вашым першым трэнерам?

— Любы трэнер — гэта асоба. Ён табе і сябар, і бацька адначасова. Нават недахопы матэрыяльнага забеспячэння незаўважныя, калі ёсць доб­ры трэнер.

Маім першым трэнерам быў Пётр Фёдаравіч Яноўскі. У Бабруйску і ў спартыўным асяроддзі ён быў вялікім аўтарытэтам. На ім шмат што трымалася. Ён шчыра аддаваў нам сваю любоў і ў адносінах з намі быў настолькі шчырым і справядлівым, што, калі, бывала, яму расказвалі, што мы недзе нашкодзілі, казаў: “Не веру! Яны не маглі гэтага зрабіць!” І мы стараліся не падводзіць яго. Яшчэ са мной працаваў Мікалай Мікалаевіч Банько.

— Як выбралі менавіта гэты від спорту?

— У веславанне я трапіў выпадкова. Увогуле, наш пасёлак Ялізава вельмі спартыўны. З хлопцамі пастаянна ў нечым сапернічалі, нават біліся, і мне вельмі хацелася быць наперадзе ўсіх. Я быў вельмі худы і, жадаючы “падкачацца”, шмат разоў прасіў, каб бацькі аддалі мяне ў спорт. І, па вялікім рахунку, мне ў той час было ўсё роўна, чым займацца: валейболам ці акадэмічным веславаннем. Галоўным было тое, што ў спартыўнай школе будуць трэнажоры і я змагу здзейсніць сваю мару.

У нейкі момант з-за трагедыі ў нашай сям’і (загінула матчына сястра) мае жаданні адышлі на другі план, бо бацькам было не да гэтага.

Мой сябар Саша Стальмакоў неяк заўважыў, як мы з яшчэ адным хлопцам веславалі на лодцы. Мне прапанавалі пайсці ў веславанне, ды і бацькі пагадзіліся.

З жонкай Кацярынай і малодшым сынам Цімурам.

— Ці адпавядалі вашым чаканням заняткі ў спартыўнай школе?

— Нашы жаданні і чаканні часам могуць не супадаць з рэальнасцю і ўяўленнем пра нейкія рэчы. Я думаў, што будуць трэнажоры і адразу трэніроўкі на вадзе. Спачатку я ўвогуле не ведаў, што існуе каноэ. Прыйшоў і бачу: каля рэчкі стаіць домік. З яго выбягае чалавек гадоў 60-і (гэта быў Фёдаравіч), у панаме і сонечных акулярах. Адразу раздае каманды, гаворыць, хто куды павінен ісці і што рабіць. Агледзеў мяне, спытаў, якога росту бацька.

Потым прыйшла малодшая група хлопцаў, пачалі трэніравацца. Для мяне было дзіўна, што яны веславалі, стоячы на адным калене. А калі прыйшлі “старшакі” — высокія, магутныя, — я, пагля­дзеўшы на іх, падумаў: “Якая розніца, як веславаць, я хачу быць як яны”. Канечне, спачатку думаў, што сваю фізічную моц можна будзе выкарыстоўваць і ў двары, але на самай справе, як стаў сур’ёзна трэніравацца, на дваровыя зносіны часу не заставалася.

Спачатку думаў, навучыцца б ездзіць. Потым, асвоіўшы азы, хочаш з некім пазмагацца ў хуткасці, потым — яшчэ і яшчэ. Нарэшце з’яўляецца жаданне пацягацца ў спрытнасці са старэйшымі і больш вопытнымі хлопцамі — узрастае прага да спаборніцтваў.

Трэніраваўся я з хлопцамі, якія былі на 2 гады старэйшыя за мяне. Чаму так? Справа ў тым, што я, сельскі хлопец, на самым пачатку быў больш фізічна развіты і падрыхтаваны, чым многія мае аднагодкі, якія займаліся з 11 гадоў (я ўжо казаў, што прыйшоў у веславанне ў 13), гуляў у футбол, валейбол, умеў трымацца на вадзе.

Рэжым быў вельмі строгі. У пакоях не было ні выключальнікаў, ні разетак. Святло адключалі адным рубільнікам у 22:30, а ўключалі з 7 гадзін раніцы. Нам, падлеткам, канечне, і да дзяўчат хацелася збегаць, але асаблівай магчымасці зрабіць гэта не было. Была ў нас адна выхавальніца, якую з-за яе прычоскі мы празвалі “белая”. Калі яна дзяжурыла, мы разумелі, што любыя нашы спробы некуды збегчы будуць раскрыты, таму сядзелі ў інтэрнаце.

З братам Андрэем.

Маці кожны дзень прыязджала да мяне ў Бабруйск, каб некалькі хвілін паглядзець на мяне і ўпэўніцца, што ў мяне ўсё добра. Зараз, стаўшы бацькам, добра разумею, якіх намаганняў ёй гэта каштавала.

Мяне доўгі час не хацелі прымаць у вучылішча. Паўгода я знаходзіўся там у статусе абітурыента, таму што групы былі ўкамплектаваны, і мне заставалася чакаць, што нейкае месца вызваліцца. І ў той момант, калі Фёдаравіч пайшоў у адпачынак, мне сказалі, каб я ехаў дадому.

Дома было сапраўднае шчасце: усе пяцёркі ў школе, шмат вольнага часу… Ды і настаўнікі нарадавацца не маглі. Аднак калі Яноўскі вярнуўся з адпачынку і даведаўся, што мяне адправілі дадому, быў абураны гэтым і знайшоў магчымасць узяць мяне назад.

Пасля вучылішча я паступіў ва ўніверсітэт фізічнай культуры, пасля атрымаў яшчэ эканамічную адукацыю, а зараз скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— Навошта спартсмену атрымліваць адукацыю ў такіх розных сферах?

— Гэта залежыць ад актыўнасці чалавека, ад таго, якім ён сябе бачыць у будучыні. Можна проста сядзець на канапе, а можна атрымліваць адукацыю, падтрымліваць актыўныя зносіны, заводзіць новыя знаёмствы.

— Ці можна сказаць, што спорт фарміруе жыццёвую пазіцыю і стыль жыцця?

— Абсалютна. Нехта, калі нешта не атрымліваецца, можа махнуць рукой і спыніцца. Але толькі не спартсмен. Спорт выхоўвае мэтанакіраванасць і прагу пазнання новага. Шмат гадоў займаючыся веславаннем, я зразумеў, наколькі гэта цікавы і карысны спорт. Уся база закладваецца зімой: у студзені — лютым мы плаваем у басейне, займаемся агульнафізічнай падрыхтоўкай, працуем са штангай, гуляем у футбол, валейбол і нават хакей. Таму, як бы дзіўна гэта ні гучала, я, займаючыся веславаннем, умею шмат што па-за межамі гэтага віду спорту. Трэніроўкі на ва­дзе праходзяць да снежня і пачынаюцца ранняй вясной.

З першым трэнерам Пятром Фёдаравічам Яноўскім.

На трэніровачнай базе ў Бабруйску было цёплае цячэнне, і ў нас была магчымасць трэніравацца нават пры мінусавай тэмпературы паветра. З-за таго, што спаборніцтвы пачынаюцца ўжо ў красавіку, каб падрыхтавацца да сезона і выконваць хуткасную работу, трэба “накатаць” 600 кіламетраў. А каб іх “накатаць”, трэба пачынаць яшчэ зімой. Сёння існуюць шматлікія трэнажоры, з дапамогай якіх можна сфарміраваць тэхнічныя навыкі і каардынацыю мышцаў, але на вадзе ўсё інакш.

Пырскі замярзалі на лодцы, на вясле, на руках. Каб захаваць рукі і не захварэць, абыходзіліся самаробнымі сродкамі. Напрыклад, з пакетаў з-пад малака шылі сабе рукавіцы, каб заха­ваць рукі (без такой аховы намерзлы лёд мог зняцца разам з абмарожанай скурай).

Гэта сёння ў спартсменаў ёсць і тэрмабялізна, і спецыяльная ахоўная амуніцыя. Мы ж проста цёпла апраналіся. Праўда, пасля трэніровак трэба было ўсё сушыць. У тыя часы ў Бабруйску і асаблівых умоў не было: халодныя раздзявальні без вады. І мокрае адзенне даводзілася сушыць на печцы.

— Наколькі надвор’е, хвалі, бакавы вецер і іншыя прыродныя фактары ўплываюць на вынікі?

— Я ўпэўніўся, што выбі­раць для сябе нейкія лепшыя ўмовы на заездзе не мае сэнсу. Калі пачынаеш хітраваць, на тваю хітрасць знойдзецца яшчэ большая хітрасць.

У Лондане мы з Андрэем дапусцілі вялікую памылку. Мы трэніраваліся там цэлы тыдзень і ўвесь гэты час там быў настолькі моцны бакавы вецер, што па цэнтральных дарожках ісці было немагчыма. Улічваючы гэта, мы выбралі самую крайнюю 7-ю дарожку. Прыязджаем на фінал — а на аб’екце поўны штыль. Мы апынуліся ў баку ад усіх і не мелі магчымасці сачыць за рухам канкурэнтаў. Праз гэта і прайгралі.

У нас аб’ектыўны від спорту. Калі ты моцны спартсмен, ты выйграеш у любых умовах, ніякія перашкоды не паўплываюць на гэта. А на дыстанцыі можа здарыцца што заўгодна — напрыклад, які-небудзь лопух прылепіцца на лодку — і ўсё! Ці, напрыклад, качкі, якія, узлятаючы, перашкаджаюць веславаць.

Мандраж перад важным стартам — гэта, відаць, самае страшнае ў жыцці. У гэты момант перадумваеш усё. І гэтае перадстартавае перажыванне нічым перамагчы нельга — застаецца толькі цярпець.

— Ці шмат спартсменаў у вашым відзе спорту адсейваецца?

— Дастаткова многа. Шмат хто не вытрымлівае жорсткіх умоў трэніровак: у нас не зусім спрыяльнае надвор’е для веславання. Многія не вытрымліваюць высокіх нагрузак. Але моцным духам гэта не перашкаджае. Галоўнае — каб быў чалавек, якому ты давяраеш, настаўнік па жыцці, які перажывае за цябе нават больш, чым ты сам, якога ты не можаш падвесці .

— Ці сочыце вы за поспехамі беларускіх весляроў?

— Сёння веславанне добра развіваецца і без мяне. Ёсць трэнерскі штаб, які гэтым займаецца. А я, калі будзе трэба, заўсёды гатовы падставіць плячо. Для спартсмена галоўнае — гэта прызнанне твайго народа. Калі выйграеш Алімпіяду, за мяжой ты звычайны пераможца, а тут, дома, цябе сустрака­юць, як нацыянальнага героя. І гэта вельмі прыемна.

Калі мы прыехалі дадому з “золатам” пекінскай Алімпіяды (каноэ-двойка, 1000 метраў), нас сустракала ледзь не паўпасёлка. І тады разумееш, наколькі ім прыемна, што іх зямляк стаў алімпійскім чэмпіёнам. У многім асэнсаванне перамогі прыходзіць менавіта ў такі момант, а не на алімпійскім п’едэстале.

На самай справе пасля ўзыходжання на п’едэстал радасць і гор­дасць змяняюцца разуменнем, што трэба пачы­наць новы этап працы на новы вынік.

— Чаму вырашылі пачаць дэпутацкую кар’еру?

— Я добра разумеў, што, выйграўшы алімпійскае “золата”, я ўжо дасягнуў спартыўнай вышыні. Ды і займаць чыёсьці месца не мела сэнсу. Акрамя гэтага, трэба было даць магчымасць брату Андрэю знайсці новага напарніка і спрацавацца з ім для паспяховага выступлення на Алімпіядзе ў Токіа.

Землякі падтрымалі. І я, спадзяюся, апраўдаў іх давер, выканаўшы ўсе свае перадвыбарныя абяцанні. З глабальных ­здзяйсненняў — адкрыццё ў кастрычніку мінулага года ў Асіповічах сучаснага футбольнага поля са штучным пакрыццём. Праект быў ажыццёўлены мясцовымі ўладамі і Беларускай федэрацыяй футбола.

Свой спартыўны вопыт мне ўдалося прымяніць і ў якасці дэпутата падчас прыняцця заканадаўчых актаў, якія тычыліся масавых свят, допінгу і іншых блізкіх да спорту рэчаў.

— Што б яшчэ хацелі рэалізаваць у жыцці?

— Відаць, гэта будзе нешта сваё, эксклюзіўнае, але што гэта будзе, пакуль не ведаю. Зараз шмат дэпутацкай работы. Акрамя гэтага, трэба ажыццявіць шэраг змен у Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, старшынёй якой я з’яўляюся.

— Аб чым зараз марыце?

— У мяне была мара зладзіць спаборніцтвы ў цэнтры Мінска на Свіслачы, каб людзі ведалі, што такое спрынт і веславанне як від спорту. Так, у 2017 годзе прайшла першая “Зорная рэгата”, падчас якой на ваду выйшлі прызёры і пераможцы Алімпіяд, чэмпіёны свету і Еўропы Раман Петрушэнка, Андрэй Багдановіч, Вольга Худэнка і іншыя.

Я ўжо свае мары спраўдзіў і цяпер думаю пра будучыню дзяцей. Старэйшы сын Іван, якому ўжо 10, захапіўся баскетболам. Няхай паспрабуе, да 13 гадоў у яго ёсць час, каб канчаткова вызначыцца з выбарам. Калі што, магчыма, пойдзе “па накатанай” — у веславанне. І калі нават не стане прафесійным спартсменам, чалавека я з яго зраблю. Малодшаму, Цімуру, яшчэ толькі 2 гады, але таксама хлопец вельмі моцны.

Мой шлях прыгожы ў фінале. За гэтым стаяць гады цяжкай працы і пера­адолення перашкод. І я не ўпэўнены, што маім дзецям трэба гэты шлях прайсці. Тым больш аўтарытэт таты — алімпійскага чэмпіёна будзе вісець над імі цяжарам, бо дзецям паспяховых баць­коў развівацца значна цяжэй.

Чалавек павінен атрымліваць задавальненне ад жыцця. У нечым пера­адольваць сябе, працаваць і набываць новыя навыкі, але галоўнае — займацца той справай, якая ў радасць. І сыны павінны самастойна выбраць сабе занятак па душы.

— Ці спрабавалі сябе ў педагагічнай кар’еры?

— Ёсць вопыт, ёсць разуменне веславання як віду спорту, але я не змог бы працаваць з дзецьмі. Я максімаліст, і, думаю, выхаванцам са мной было б цяжкавата. Дзіцячы трэнер павінен быць больш мяккім і лаяльным. А вось з дарослымі спартсменамі, думаю, атрымалася б працаваць.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота Наталлі ЗАЛЕЎСКАЙ, БелТА, з архіва Аляксандра Багдановіча і сайта nok.by.