Пра якасць на ўсіх узроўнях адукацыі ішла гаворка на ІІІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі, якая прайшла на базе Выканаўчага камітэта СНД, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
На канферэнцыі “Забеспячэнне якасці адукацыі: стан, праблемы і перспектывы” разгледзелі тэндэнцыі развіцця сістэмы адукацыі, метады і інструменты кіравання якасцю адукацыі, выпрацавалі адзіныя падыходы да забеспячэння якасці нацыянальнай адукацыі.

Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч падкрэсліў, што якасць адукацыі — гэта фундаментальная аснова развіцця любой дзяржавы, і Беларусі ў тым ліку.
“Мы працягваем працаваць над удасканаленнем адукацыйных праграм, абнаўленнем зместу падручнікаў і метадычнай базы, а таксама над укараненнем сучасных лічбавых тэхналогій у вучэбны працэс. Важным напрамкам з’яўляецца падрыхтоўка кваліфікаваных педагогаў і спецыялістаў, здольных эфектыўна рэалізоўваць адукацыйныя стандарты і адпавядаць выклікам часу”, — адзначыў першы намеснік міністра.
Якасць адукацыі вызначаецца поспехамі беларускіх школьнікаў. За два гады нашы навучэнцы заваявалі 122 медалі на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах.
“Па матэматыцы яны сталі лепшымі ў Еўропе, па геаграфіі — абсалютнымі пераможцамі і лепшымі ў свеце, што сведчыць пра высокі прафесійны ўзровень настаўнікаў. Сістэма, змест адукацыі, методыка выкладання — усё дае свае вынікі”, — заўважыў Аляксандр Бахановіч.
Сёлета ўпершыню ў нашай краіне прайшоў адкрыты чэмпіянат прафесійнага майстэрства краін — партнёраў ЕАЭС+, дзе нашы навучэнцы ва ўсіх 34 кампетэнцыях заваявалі 34 медалі.
У вышэйшай адукацыі самым важным інтэгральным паказчыкам з’яўляецца колькасць замежных грамадзян, якія вучацца ў Беларусі.
“Сёння іх 35 тысяч са 120 краін свету. Толькі за апошні год колькасць студэнтаў-іншаземцаў павялічылася на 5 тысяч. Калі пытаемся ў замежных студэнтаў, чаму яны вырашылі атрымліваць адукацыю менавіта ў Беларусі, яны адзначаюць яе высокую якасць і бяспеку ў нашай дзяржаве”, — сказаў Аляксандр Бахановіч.
Пра прыярытэты і перспектывы нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі гаварыла Вольга Рыбаключава, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства. У прыватнасці, плануецца апрабацыя і ўкараненне крытэрыяў ацэнкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, укараненне дыягнастычнага інструментарыю па ацэнцы функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, укараненне дыягнастычнага інструментарыю і форм кантрольных вымярэнняў для ацэнкі якасці дадатковай адукацыі дарослых.
Асаблівая ўвага — развіццю сістэмы кіравання якасцю прафесійнай адукацыі з прымяненнем крытэрыяў і паказчыкаў, якія дазволяць вызначаць яе эфектыўнасць. Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі акрэсліў пераход да лічбавай платформы маніторынгу і кіравання.
Пра новыя магчымасці інтэграцыі і партнёрства ў адукацыйнай прасторы СНД расказала Галіна Казак, дарадчык Дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Выканаўчага камітэта СНД. Галіна Мікалаеўна звярнула ўвагу на распрацаваны праект Праграмы рэалізацыі Канцэпцыі фарміравання адзінай адукацыйнай прасторы СНД на 2027—2035 гады. У найбліжэйшай перспектыве — пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы інклюзіўнай адукацыі — у наступным годзе пачнецца работа па развіцці стратэгіі супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД па рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.
Значным адукацыйным праектам у прасторы СНД сталі з’езды настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, у межах якіх праводзіцца Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства. Дарэчы, у 2024 годзе з 13 пераможцаў 7 — беларускія педагогі.
ІХ з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД адбудзецца ў кастрычніку 2026 года ў Мінску.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі нашай краіны, Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі, прадстаўнікі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых.
На канферэнцыі былі шырока прадстаўлены міжнародныя ўдзельнікі, у тым ліку прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, арганізацый па забеспячэнні якасці адукацыі і адукацыйных устаноў Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана. Шэраг удзельнікаў канферэнцыі прымалі ўдзел у яе рабоце дыстанцыйна — больш за 10 пунктаў падключэння і больш за 300 удзельнікаў.
У ходзе пленарнага пасяджэння былі разгледжаны праблемы і шляхі інтэграцыі сістэм унутранай і знешняй ацэнкі якасці падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, пытанні стварэння і развіцця ўніверсітэцкіх цэнтраў кампетэнцый як фактару павышэння якасці падрыхтоўкі інжынерных кадраў, алгарытмы правядзення маніторынгу якасці ведаў студэнтаў медыцынскіх УВА.
Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, у бягучым годзе яшчэ і Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта Выканкама СНД





