“Настаўніцкая газета” пачынае новую рубрыку — “Школьны фізмат”. У цэнтры ўвагі праекта будуць пераемнасць у падрыхтоўцы настаўнікаў матэматыкі і фізікі, метадычныя распрацоўкі і прафесійныя дасягненні. Яго першаадкрывальнік — заслужаны настаўнік Беларусі Аляксандр Фельдман.
”Матэматыкі ў школе многа не бывае”, — не стамляецца паўтараць педагог-легенда, выдатнік адукацыі, ветэран працы, заслужаны настаўнік Беларусі, настаўнік-метадыст Аляксандр Маркавіч Фельдман. Ён падрыхтаваў шмат алімпіяднікаў, многія яго выпускнікі сталі педагогамі і выдатнымі спецыялістамі ў іншых сферах. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Аляксандр Маркавіч па-ранейшаму выкладае матэматыку ў сярэдняй школе імя Янкі Купалы № 19 Мінска і актыўна цікавіцца ўсім, што адбываецца ў сферы адукацыі. І, канечне ж, яго хвалюе лёс любімай матэматыкі ў школе, а дакладней, тых настаўнікаў, якія прыходзяць яе выкладаць.
Каб ім дапамагчы, Аляксандр Маркавіч не першы год дзеліцца сваім вопытам на старонках нашай газеты. Сёння ён прапануе матэрыял па трыганаметрыі для 10 класа (паглядзець можна па гэтай спасылцы). Увогуле, усім настаўнікам матэматыкі варта азнаёміцца з яго кнігай “Матэматыкі ў школе многа не бывае”, якую педагог якраз і адрасаваў сваім калегам, студэнтам педагагічных спецыяльнасцей і проста аматарам матэматыкі. Кніга пабудавана на самым трывалым педагагічным прынцыпе: спачатку тлумачэнне, а затым замацаванне практыкай (аўтар прапануе 195 задач). Па гэтым прынцыпе будуе свае ўрокі і Аляксандр Маркавіч.
Ён перакананы, што навучыць матэматыцы можна практычна кожнага.
“Самае галоўнае тут — жаданне працаваць. Працаваць трэба ў любым выпадку — здольныя вы ці не вельмі. Матэматыка не для матэматыкі, яна і для фізікі, хіміі, літаратуры. Гэта той прадмет, які развівае мысленне вучня”, — адзначае настаўнік.
Вучыць матэматыцы няпроста. Гэта працэс карпатлівы, доўгі і напружаны.
“Каб рашаць задачы, іх трэба рашаць. Іншага шляху няма. Работа настаўніка матэматыкі — адна з самых складаных сярод настаўніцкіх прафесій. Не заўсёды адразу можна рашыць нейкую задачу (гаворка не ідзе пра вучэбныя задачы). Даводзіцца думаць гадзіну, дзве, а можа, нават і некалькі дзён”, — працягвае Аляксандр Маркавіч.
Аднак калі працаваць сумленна, усведамляючы, што вашы поспехі — гэта поспехі вашых вучняў, то ўсе намаганні акупяцца і са сцен школы выйдуць падрыхтаваныя юнакі і дзяўчаты, здольныя асвойваць інавацыйныя прафесіі і развіваць эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял нашай краіны.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
Здымак на прэўю выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі