Аляксандр Іванавіч ЖУК: “Дзеці, як і раней, вераць настаўніку. Але настаўніку-прафесіяналу”

Любы юбілей — гэта нагода спыніцца, азірнуцца назад, каб ацаніць пройдзены шлях, зверыць гадзіннік і вызначыць, куды і як рухацца далей. Што і казаць пра 100-гадовы юбілей, калі за спінай — вопыт некалькіх пакаленняў і нават гістарычных эпох?
Доўгае жыццё, калі яно было ў працы і пошуку, узнагароджваецца мудрасцю. Мудрасцю ў ацэнках мінулага і прыняцці рашэнняў на будучыню. Мудрасцю любую сітуацыю бачыць з пункту гледжання яе значнасці ў плыні часу. Мудрасцю выкарыстоўваць багаты жыццёвы вопыт так, каб быць, тым не менш, сучасным.
Пра тое, чым жыве Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на 100-гадовым рубяжы, нам расказаў рэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч ЖУК.

— Юбілей — гэта заўсёды важная падзея ў жыцці ўніверсітэта, але 100-годдзе — дата, безумоўна, асаблівая. У нашай краіне няшмат устаноў могуць пахваліцца такім узростам, і мы разумеем, што знаходзімся зараз на вельмі важным гістарычным этапе.
З аднаго боку, мы азіраемся на багатую гісторыю станаўлення педагагічнай адукацыі і педагагічных універсітэтаў нашай краіны, асэнсоўваючы пройдзены шлях. А з другога боку, разглядаем юбілей як старт БДПУ ў новае стагоддзе.
Мы разумеем, што настаўнік з’яўляецца ключавой фігурай у грамадстве ведаў, і менавіта ад яго залежыць адукацыя і выхаванне пакаленняў, а значыць, і будучыня нашай краіны. Таму наша задача — стварыць ва ўніверсітэце сучасную адукацыйную прастору, што забяспечыць творчае супрацоўніцтва выкладчыкаў і студэнтаў і бесперапынны асобасны і прафесійны рост усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Зараз ва ўніверсітэце выкрышталізоўваецца новая стратэгія педагагічнай адукацыі — ад якаснага прыёму да якаснага выпуску. Першыя захады ўжо зроблены (актывізавалася прафарыентацыйная работа, створана вочна-завочная педагагічная гімназія). Зараз стаіць на мэце стварэнне вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара ў галіне педагагічнай адукацыі. Скажыце, Аляксандр Іванавіч, якім вам бачыцца БДПУ ў найбліжэйшай будучыні, скажам, праз адно-два дзесяцігоддзі?
— Сапраўды, мы выпрацавалі новую стратэгію развіцця нашага ўніверсітэта, з якой азнаёмлены ўвесь калектыў. Ставіцца задача якаснага абнаўлення ўсіх бакоў жыцця: адукацыйнага працэсу, навукова-даследчай, інавацыйнай дзейнасці. Таксама будзе пашырацца і паглыбляцца міжнароднае супрацоўніцтва з прыярытэтам акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў.
Таму ў хуткай будучыні мы бачым універсітэт як магутны перадавы вучэбна-навукова-інавацыйны цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі, які вядзе фундаментальныя, прыкладыя, практыка-арыентаваныя даследаванні. Ужо зараз тут ствараецца сучасная інфармацыйна-адукацыйная прастора, якая ўключае не толькі традыцыйныя крыніцы навуковых ведаў на папяровых носьбітах, але і электронны кантэнт у выглядзе электронных вучэбна-метадычных комплексаў, сучаснай электроннай бібліятэкі, рэпазіторыя, з магчымасцю доступу да навукова-адукацыйных рэсурсаў лепшых універсітэтаў свету.
Як вядома, любы ўніверсітэт моцны сваімі прафесарамі, таму задача падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў сфарміравана ў выглядзе адпаведнай праграмы. Мы зробім усё, каб БДПУ быў забяспечаны найлепшымі кадрамі.
Што да студэнтаў, то вельмі важна, каб яны ва ўніверсітэце не толькі атрымлівалі якасныя веды і кампетэнцыі, але каб ім было цікава. Будучыя педагогі павінны развівацца як асобы, таму плануецца яшчэ больш актыўнае ўключэнне студэнтаў у спартыўнае, культурнае, творчае жыццё ўніверсітэта.

— Універсітэт — гэта перш за ўсё людзі, якія тут працуюць, выкладаюць і вядуць навуковыя даследаванні, а таксама студэнты. Менавіта дзякуючы ім універсітэт такі, які ён ёсць, і менавіта на іх вы абапіраецеся, будуючы амбіцыйныя планы на будучыню. Верагодна, гэтыя планы таму і будаваліся, што ёсць людзі, якія могуць іх ажыццявіць?
— Безумоўна, універсітэт багаты сваімі традыцыямі. Тут дзейнічае цэлы шэраг навукова-педагагічных школ, працуюць вядомыя вучоныя, дактары навук, прафесары, у якіх шмат вучняў.
Некаторыя навукоўцы, працуючы ва ўніверсітэце ўжо больш за 35 гадоў, падрыхтавалі не адно пакаленне даследчыкаў. Вынікі знайшлі адлюстраванне ў стварэнні фундаментальных навуковых напрамкаў. У галіне педагогікі гэта прафесары Ірына Аляксандраўна Новік і Іван Іванавіч Цыркун, у галіне псіхалогіі — прафесары Якаў Львовіч Каламінскі і Лілія Мікалаеўна Рожына, у галіне айчыннай гісторыі — прафесары Віталь Міхайлавіч Фамін і Анатоль Міхайлавіч Люты. Можна назваць цэлы шэраг выбітных вучоных, якія шмат зрабілі і шмат робяць на карысць універсітэцкай навукі.
Мы са свайго боку ўсяляк стараемся ствараць спрыяльныя ўмовы для маладых выкладчыкаў, каб яны найхутчэй завяршылі свае навуковыя дысертацыі і атрымалі адпаведную кваліфікацыю.
Увогуле, у нас робіца вялікая стаўка на моладзь. Напрыклад, актыўна ажыццяўляем пошук рэзерву сярод студэнтаў старшых курсаў — тых, хто сур’ёзна праявіў сябе ў грамадскай рабоце і прадэманстраваў лідарскія якасці. Так, выхавальнікамі ва ўніверсітэцкіх інтэрнатах працуюць афіцыйна аформленыя на работу старшакурснікі. І хачу адзначыць, працуюць вельмі эфектыўна. Вельмі важна і тое, што ў працэсе работы гэтыя маладыя выхавальнікі набываюць каштоўны практычны вопыт, фарміруюцца як будучыя лідары, кіраўнікі.

— Вядома, што БДПУ — гэта цэнтр педагагічнай навукі. Але я, напрыклад, была прыемна здзіўлена, што вашы вучоныя даследуюць не толькі псіхолага-педагагічныя праблемы, але і ўдзельнічаюць у выкананні дзяржаўных праграм па хіміі, фізіцы, распрацоўцы новых матэрыялаў…
— Сапраўды, нашы вучоныя вядуць фундаментальныя даследаванні ў рамках тых прадметаў, якія выкладаюць. І мы стымулюем іх удзел у розных дзяржаўных праграмах, а таксама ў міжнародных праектах. Вельмі важна, каб будучыя педагогі ведалі сучасны ўзровень развіцця адпаведных навуковых галін.
Што да педагагічнай навукі, то моцны штуршок да яе развіцця дасць стварэнне вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, над якім мы зараз працуем. Плануецца, што ў гэтым кластары аб’яднаюцца ўсе рэгіянальныя ўніверсітэты, якія займаюцца падрыхтоўкай педагагічных кадраў. Будзе распрацавана праблемнае поле фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне псіхолага-педагагічных навук, што ахопіць усю сістэму адукацыі — ад дашкольнай да адукацыі дарослых. У рамках гэтага поля будзе весціся кааператыўная навуковая дзейнасць усіх універсітэтаў і навуковых устаноў, што дапаможа рэальна вырашаць праблемы.
Тэматыка курсавых і дыпломных работ студэнтаў, магістарскіх, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый таксама павінна фармулявацца ў рамках гэтага праблемнага поля. А вынікам могуць стаць канкрэтныя рэкамендацыі і распрацоўкі ў выглядзе вучэбных і метадычных дапаможнікаў, падручнікаў, электронных вучэбна-метадычных комплексаў, абноўленых методык, якія дазвалялі б паляпшаць якасць адукацыі на ўсіх узроўнях. Гэта стратэгічная задача, і сваю ролю БДПУ бачыць як у вырашэнні канкрэтных праблем на навуковай аснове, так і ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі з практыка-арыентаванымі вынікамі.

— Падрыхтоўка спецыялістаў у педагагічным універсітэце ў розныя часы прадугледжвала розныя суадносіны фундаментальнай і практыка-арыентаванай адукацыі. Сёння, напрыклад, усё большы ўхіл робіцца на карысць апошняй. Скажыце, Аляксандр Іванавіч, наколькі гэта ўплывае на эфектыўнасць падрыхтоўкі педагогаў? Вось толькі што быў школьнік, абітурыент, першакурснік, а праз 8 семестраў — ужо настаўнік… Як гэта ўвогуле адбываецца?
— Каб праз 4 гады са сцен універсітэта выйшаў настаўнік, студэнта трэба як мага раней уключаць у рэальнае жыццё ўстановы адукацыі, дзе ён будзе працаваць. Мы павінны не толькі даць яму тэорыю, але і стварыць умовы для яе практычнай апрабацыі. Усё, што вывучана, павінна быць замацавана ў выглядзе ўменняў, навыкаў ці, як сёння кажуць, кампетэнцый.
Кампетэнцыі — гэта сплаў ведаў і ўменняў прымяняць гэтыя веды ў розных сітуацыях, у тым ліку нестандартных. Пад іх сёння перабудоўваецца сістэма арганізацыі адукацыйнага працэсу, якая павінна інтэграваць навуковыя даследаванні, уласна адукацыйны працэс і практыку.
Напрыклад, з наступнага навучальнага года на трох факультэтах (фізічным, матэматычным і факультэце прыродазнаўства) мы будзем праводзіць эксперымент. Ён прадугледжвае арганізацыю практыкі не з трэцяга, як зараз, а з другога курса. Прычым мы хочам спланаваць расклад так, каб адзін дзень на тыдзень студэнтам выдзяляўся выключна на практыку ў школе.
Будуць стварацца міні-групы, у якія ўвойдуць 3—5 студэнтаў, якія ў рамках гэтай практыкі пачнуць рэалізоўваць вучэбна-даследчыя праекты. Напрыклад, нейкая міні-група матэматыкаў можа ўзяцца за стварэнне электроннага дапаможніка па выкладанні курса геаметрыі ў 7 класе. У выніку работы яна паспрабуе цалкам “закрыць” вучэбны курс, стварыўшы сістэму задач, заданняў для фарміравання адпаведных уменняў, тэставых заданняў. Так, пад кіраўніцтвам выкладчыка будзе з’яўляцца якасны прадукт, які можна на базе гэтых жа ўстаноў апрабоўваць, дапрацоўваць, шліфаваць.
Такім чынам мы зможам ахапіць усё поле метадычных, адукацыйных, выхаваўчых праблем ва ўстановах адукацыі і паспрабаваць вырашыць іх за кошт выкарыстання калектыўнага інтэлектуальнага патэнцыялу студэнтаў. Вельмі важна, што і курсавыя, і дыпломныя работы будуць грунтавацца на канкрэтных праблемах галіны.
Гэтая работа можа істотна павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Выпускнікам педагагічнага ўніверсітэта не спатрэбіцца ніякага перыяду адаптацыі, ужо на выхадзе яны будуць прафесійна падрыхтаваны.

— Выхаваўчая работа са студэнтамі ў педагагічным універсітэце, напэўна, важная як нідзе. Нават урач можа быць у душы цынікам, а настаўнік — не можа, бо ён працуе з дзецьмі і ў многім уплывае на іх лёсы. Скажыце, Аляксандр Іванавіч, што вы робіце, каб выхаваць у кожным будучым педагогу асобу, здольную да развіцця і самаўдасканалення?
— Я лічу, што пачынаць трэба здалёк. Гэта значыць, што ў педагагічны ўніверсітэт павінны прыходзіць не толькі падрыхтаваныя па адпаведных прадметах абітурыенты, але, самае галоўнае, матываваныя на работу ў сістэме “чалавек — чалавек”. Калі абітурыент не любіць дзяцей, не разумее іх і не гатовы працаваць з імі, то яму з самага пачатку лепш не ісці ў педагагічны ўніверсітэт. Па гэтай прычыне зараз мы разгортваем прынцыпова новую сістэму прафарыентацыі, якая будзе пачынацца не на старшай ступені школы, а значна раней.
Мы думаем, што работу з абітурыентамі трэба пачынаць з 7—8 класа, калі ў падлеткаў фарміруецца цікавасць да асобных галін навуковых ведаў. Ужо ў гэтым узросце можна выявіць школьнікаў, якім падабаецца займацца з равеснікамі ці з малодшымі дзецьмі. Насамрэч, такіх навучэнцаў даволі многа, трэба толькі ўбачыць іх, падтрымаць і матываваць на атрыманне педагагічнай прафесіі.
Зараз мы адраджаем адкрыццё педагагічных класаў. Ужо дзейнічаюць 4 такія класы ў сталічнай гімназіі № 20. І мы лічым, што адпаведную работу трэба разгарнуць ва ўсіх рэгіёнах, і ў абласных, і ў раённых цэнтрах, магчыма нават у аграгарадках, у залежнасці ад сітуацыі і традыцый.
Напрыклад, мы пачалі вывучаць геаграфію школ, у калектывах якіх больш чым трэць настаўнікаў з’яўляюцца выпускнікамі гэтых школ. У ашмянскай школе № 1 амаль палова педагогаў — былыя выпускнікі, у Ліцэі БДУ чвэрць такіх выкладчыкаў, у сталічнай гімназіі № 20 — кожны дзясяты. Нам трэба прааналізаваць вопыт гэтых устаноў і зразумець, чаму выпускнікі вяртаюцца. Спрацоўвае добры прыклад педагогаў? Спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат у калектыве? Творчая нязмушаная атмасфера для работы? Зарплата ў гэтых установах не вышэйшая, чым у іншых, а значыць, ёсць іншыя матыватары, якія стымулююць выпускнікоў атрымаць педагагічную адукацыю, а потым вярнуцца ў родную школу і працаваць у якасці настаўнікаў. І мы імкнёмся гэта зразумець, каб знайсці правільныя словы для іншых абітурыентаў.
Адкрыццё педагагічных класаў паказвае нам, што трэба ісці далей і адраджаць педагагічныя гімназіі. Першая вочна-завочная гімназія пры ўніверсітэце пачала ўжо сваю работу.
Мы перакананы, што калі працаваць са школьнікамі сістэмна, пачынаючы з сярэдняга ўзросту, то да выпуску мы атрымаем дастатковы кантынгент абітурыентаў, якія не проста будуць мець добрыя веды па школьных прадметах, але і моцную матывацыю да педагагічнай прафесіі.
Дарэчы, у дзяржаве ёсць адпаведнае разуменне. Так, у правілах прыёму прадастаўлены льготы медалістам, якія паступаюць у педагагічныя ўніверсітэты. Калі гэтае рашэнне прымалася, было нямала скептыкаў, але мы бачым вынік: сёлета ў нас у пяць разоў павялічылася колькасць медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў ССНУ з адзнакай. Быццам спецыяльна да юбілею, іх аказалася роўна 100.
Што да выхаваўчай работы са студэнтамі, то яе важнасць разумеюць усе супрацоўнікі педагагічнага ўніверсітэта. Будучы настаўнік павінен быць гарманічнай асобай, каб ён не толькі заклікаў сваіх вучняў весці здаровы лад жыцця, а асабістым прыкладам увасабляў сучаснага маладога чалавека. Таму мы і разгарнулі ва ўніверсітэце масавы рух “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця!”. Гэта мае на ўвазе поўнае адмаўленне ад курэння студэнтаў і выкладчыкаў.
Да 100-годдзя ўніверсітэта мы арганізавалі велапрабег, правялі плавальны марафон, у якіх прынялі ўдзел тры пакаленнні: выкладчыкі, студэнты і навучэнцы педагагічных класаў гімназій. Мы адчулі вялікую зацікаўленасць з іх боку, а таму прынялі рашэнне тым, хто будзе плаваць у нашым басейне тры і больш разоў на тыдзень, устанавіць 50-працэнтную зніжку на абанемент.
Ва ўніверсітэце вельмі многа калектываў мастацкай самадзейнасці, дзе студэнты могуць рэалізаваць свае разнастайныя здольнасці. У гэтым творчым асяроддзі цынікі не выжываюць.

— Скажыце, Аляксандр Іванавіч, калі паглядзець з пункту гледжання 100-гадовай гісторыі, што змянілася ў прафесіі педагога за гэты час?
— Калі казаць пра далёкае мінулае, то раней настаўнік быў ключавой фігурай у грамадстве. Але тады структура насельніцтва была іншая, людзі жылі пераважна ў вёсцы, і там настаўнік быў галоўным носьбітам ведаў, яго паважалі і перад ім знімалі капелюшы.
Сёння сітуацыя змянілася: інтэрнэт па сіле ўплыву на маладых людзей істотна пераўзыходзіць магчымасці сучаснага настаўніка. І гэта трэба прызнаць. Таму аўтарытэт настаўніка можа базіравацца не столькі на ведах, колькі на асабістых якасцях. Настаўнік павінен быць не проста транслятарам ведаў, а кансультантам, памочнікам, сябрам дзяцей. Падручнік перастаў быць галоўным сродкам навучання. З’явілася шмат іншых магчымасцей атрымаць, пашырыць, паглыбіць веды. Таму задача настаўніка — даць аснову, а таксама навучыць вучня самастойна здабываць веды, аналізаваць, рабіць правільныя высновы і, магчыма, самае важнае — сфарміраваць стрыжань асобы дзіцяці.
Гісторыя развіваецца па спіралі. У Беларусі, дзе галоўным рэсурсам і гарантам устойлівага развіцця з’яўляецца чалавечы патэнцыял, настаўнік зноў становіцца ключавой фігурай. Гэта самы блізкі да дзяцей чалавек, які павінен умець растлумачыць, што такое “добра”, што такое “дрэнна”. Гэта вельмі тонкая работа, якая не робіцца напралом. І вельмі важна, што нашы дзеці па-ранейшаму вераць настаўніку. Але настаўніку-прафесіяналу.
Вось чаму нам трэба ўсім разам — дзяржаве і грамадству — зрабіць важныя захады і матэрыяльнага, і, галоўнае, сацыяльнага парадку, каб узняць аўтарытэт настаўніка. Удзячнасць — гэта тое, што падтрымлівае настаўніка ў складаныя моманты жыцця. Калі адчуваеш удзячнасць з боку дзяцей і бацькоў, то разумееш, што ўсё робіш правільна. І гэта прыносіць велізарнае маральнае задавальненне, дае сілы працаваць і ствараць.

— Дзякуй, Аляксандр Іванавіч, за размову. І прыміце нашы шчырыя віншаванні з юбілеем!

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.