Аляксандр Кадлубай: кожны педагог павінен умець працаваць з дзецьмі, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы

- 10:02Актуально

У Мінску абмеркавалі актуальныя праблемы навучання асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ў кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі. Міжнародны форум “Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці” аб’яднаў звыш 1300 спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана і Таджыкістана, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Форум з’яўляецца адным з мерапрыемстваў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які выконваўся сумесна Міністэрствам адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь і Дзіцячым фондам ААН ЮНІСЕФ пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі. Мерапрыемствы праекта накіраваны на навукова-метадычнае, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне інклюзіўнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці студэнтаў УВА і педагогаў у сферы інклюзіўнай адукацыі.

З прывітальнымі словамі перад удзельнікамі выступілі намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Рустам Хайдараў, першы намеснік міністра асветы Расійскай Федэрацыі Аляксандр Бугаеў, рэктар БДПУ Аляксандр Жук.

— У нашай краіне пытанні інклюзіі ў адукацыі абмяркоўваюцца на самым высокім дзяржаўным узроўні: на кансультатыўным савеце па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівас­цямі псіхафізічнага развіцця пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, на Рэспуб­ліканскім міжведамасным савеце па правах інвалідаў пры Савеце Міністраў Рэс­публікі Беларусь, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Адным з асноўных дасягненняў мы з упэўненасцю можам назваць комплексную сістэму суправаджэння дзяцей з АПФР, іх сем’яў ад нараджэння да атрымання прафесійнай адукацыі, якая склалася ў краіне і забяспечваецца ўзаемадзеяннем сістэм адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, уключэннем у вырашэнне актуаль­ных пытанняў грамадскіх аб’яднанняў, баць­коў, практычна стапрацэнтным ахопам дзяцей з АПФР спецыяльнай адука­цыяй, карэкцыйна-педагагічнай дапамогай.

Наша краіна мае ўнікальны амаль трыццацігадовы вопыт функцыянавання інтэг­раванага навучання і выхавання, ва ўмовах якога вучацца 74% дзяцей з АПФР, якія адчуваюць патрэбу ў атрыманні спецыяльнай адукацыі. Практычна ў кожнай установе дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі працуюць пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, класы (групы) інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльныя групы. Штогод раннюю комплексную дапамогу толькі ў сістэме адукацыі атрымліваюць 2000 дзяцей з АПФР ва ўзросце да 3 гадоў. Увесь комплекс праводзімых у краіне мерапрыемстваў дазволіў скараціць колькасць спецыяльных школ і школ-інтэрнатаў практычна ў два разы (у 2000 го­дзе — 95, на сёння — 46).

— Мы прытрымліваемся прынцыпу: не аддаляць дзіця ад сям’і, каб яно магло атрымліваць адукацыю ў звычайнай установе адукацыі. Гэта з’яўляецца ключавым пасылам. Таксама мы адзначаем рост колькасці дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра і, адпаведна, запыт бацькоў на атрыманне прафесійнай адукацыі і больш паглыб­леную сацыялізацыю сваіх дзяцей. Справа ў тым, што дзеці падраста­юць, атрымліва­юць дашкольную і агульную сярэднюю адукацыю, а баць­кі задумваюцца, як іх дзеці ў далейшым будуць існаваць асобна, у межах сваёй сям’і, — падкрэсліў А.Кадлубай.

Намеснік міністра засяродзіў увагу і на задачах, якія ста­яць на парадку дня. Па-першае, гэта забеспячэнне ўстаноў адукацыі кадрамі, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі. Падрыхтоўка настаўнікаў-дэфектолагаў ажыццяўляец­ца на базе шасці УВА. Флагманам у гэтым напрамку застаецца БДПУ. З верасня 2018 года ўніверсітэт з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД па пад­рыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. У структуры ўніверсітэта створаны Інстытут інклюзіўнай адукацыі, Рэспуб­ліканскі цэнтр развіцця інклюзіўнай адукацыі, на базе якіх праводзіцца не толькі навучанне будучых настаўнікаў-дэфектолагаў, але і вучэбныя курсы, кансультацыі, стажыроўкі.

— Кожны педагог, а не толькі настаўнік-дэфектолаг, павінен умець працаваць з дзіцем, якое мае асаблівыя адукацыйныя патрэбы, — адзначыў намеснік міністра адукацыі. — Узнікае неабход­насць аператыўна рэагаваць на новыя выклікі, якія патрабуюць прыняцця канкрэтных прававых і практычных рашэнняў. Так, за апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спект­ра павялічылася амаль у тры разы. Каб арганізаваць суправаджэнне гэтай катэгорыі дзяцей, у 2016 годзе ўнесены змяненні ў кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад выхавальнік дашкольнай адукацыі, выхавальнік. З 2022 года ўпершыню вя­дзецца пад­рыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спе­цыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Педагагічнае суправаджэнне”.

Па-другое, неабходна ствараць спе­цыяльныя ўмовы для рэалізацыі адукацыйнага працэсу для навучэнцаў з АПФР. Любая ўстанова адукацыі павінна быць гатова, што заўтра ў яе прыйдзе навучэнец з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Неабходна забяспечыць яго суправаджэнне, арганізаваць рабочае месца, візуаліза­ваць адукацыйную прастору. У межах рэалізацыі праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” набываюцца спецыяльныя сродкі навучання, вучэбнае абсталяванне для навучэнцаў з АПФР. Ажыццяўляецца вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. Толькі за апошнія пяць гадоў выдадзена звыш 130 вучэбных дапаможнікаў. Па-трэцяе, неабходна павялічыць ахоп дадатковай адукацыяй названай катэгорыі дзяцей.

Аляксандр Кадлубай анансаваў, што ў Міністэрстве адукацыі разам з калегамі з Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў межах пад­рыхтоўкі канцэпцыі па прыцягненні асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да працы, атрымання прафесійнай адукацыі, сацыялізацыі рыхтуюць план мерапрыемстваў, які будзе накіраваны на вырашэнне актуальных задач у сферы інклюзіі.

—  Выхавальнік дашкольнай адукацыі, настаўнік школы з’яўляюцца асноўнымі фігурамі, якія ўключаюць дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ў сумесны адукацыйны працэс і ўзаемадзеянне з равеснікамі. Таму актуальная задача фарміравання як у будучых, так і ў практыкую­чых педагогаў гатоўнасці да стварэння спецыяльных адукацыйных умоў з улікам індывідуальных асаблівых патрэб і функцыянальных магчымасцей кожнага навучэнца, — адзна­чыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук.

У межах праекта вучонымі ўніверсітэта былі распрацаваны стратэгічныя і канцэптуальныя дакументы, якія вызначаюць мэтавыя арыенціры падрыхтоўкі пед­работнікаў да работы ў новых умовах. Па-першае, гэта стратэгія мадэрнізацыі зместу падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў у кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, па-другое, стратэгія падрыхтоўкі педагагічных работнікаў рэсурсных цэнт­раў інклюзіўнай адукацыі, па-трэцяе, канцэпцыя зместу падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў да работы з навучэнцамі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Распрацоўка гэтых дакументаў вызначыла асноўныя задачы і напрамкі мадэрнізацыі зместу ўсіх відаў вышэйшай педагагічнай адукацыі. З улікам прынцыпу інклюзіі ажыццяўлялася і распрацоўка новага пакалення адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і вучэбных праграм. У ліку важных вынікаў праекта ў кантэксце павышэння якасці падрыхтоўкі педработнікаў вылучаюцца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння трох новых прафілізацый магістратуры, мадэрнізацыя дзейнасці псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, ранняя комплексная дапамога дзецям з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі і псіхолага-педагагічная падтрымка навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра.

Аб асноўных ідэях Нацыянальнай стратэгіі развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэс­публіцы Беларусь расказала загадчыца лабараторыі спецыяльнай адукацыі Акадэміі адукацыі Вольга Хруль. Яна акцэнтавала ўвагу на вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага пра­цэсу для навучэнцаў з АПФР. Так, створаны шэраг ВМК факультатыўных заняткаў па фарміраванні функцыянальнай адукаванас­ці. У склад ВМК уваходзяць вучэбная праграма факультатыўных заняткаў, дыдактычныя матэрыялы для навучэнцаў з улікам іх асаблівых адукацыйных патрэб, а таксама метадычныя рэкамендацыі для настаўніка, у якіх змяшчаецца педагагічная навігацыя суправаджэння адукацыйнага працэсу. Распрацавана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па прафарыентацыі і развіцці навыкаў выбудоўвання кар’еры для дзяцей з асаблівас­цямі АПФР ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Для ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння інклюзіўнай адукацыі распрацоўваюцца дадатковыя дыдактычныя матэрыялы. Для выхаванцаў бу­дуць прадстаўлены камунікатыўныя альбомы, комплексы зрокавых і рухальных зарадак, карты па сацыяльна-бытавой і прасторава-часавай арыенціроўцы. Для навучэнцаў ствараецца шэраг гульнявых матэрыялаў і рабочых сшыткаў на аснове інтэграцыі розных вучэбных прадметаў і карэкцыйных заняткаў. Распрацоўваецца новае пакаленне вучэбных выданняў з выкарыстаннем магчымасцей лічбавага адукацыйнага асяроддзя, з уключэннем практыка-арыентаваных матэрыялаў, якія валода­юць высокім выхаваўчым патэнцыялам у кантэксце грамадзянскасці і патрыятызму. Для педагогаў ствараецца вучэбна-метадычная літаратура па актуальных пытаннях навучання, выхавання і сацыялізацыі дзяцей з АПФР.

Стратэгію развіцця педагагічнай адукацыі Рэс­публікі Беларусь у кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі прадставілі дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Вера Хітрук і прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Святлана Фяклістава. Увага прысутных была акцэнтавана на асаблівасцях падрыхтоўкі інклюзіўнага настаўніка. Яна прадугледжвае ўключэнне ў вучэбныя планы і праграмы розных спецыяльнасцей асобных раздзелаў (напрыклад, “Асновы педагогікі спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі”), увя­дзенне вучэбнай дысцыпліны “Інклюзіўная адукацыйная практыка” ва ўсе спецыяльнасці (былі распрацаваны пяць варыянтаў такіх праграм). У змест падрыхтоўкі педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных таксама ўключаны новыя вучэбныя дысцыпліны. Так, для пад­рыхтоўкі педагогаў-псіхолагаў уведзены “Спецыяльная псіхалогія”, “Практыка па карэкцыі і развіцці эмацыянальнай сферы асобы”, а таксама дысцыпліны па выбары “Псіхалагічнае суправаджэнне сям’і дзіцяці з АПФР”, “Псіхалагічная дапамога навучэнцам з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці”.

Рэалізацыя названых дакументаў прадугледжвае атрыманне сацыяльных і прафесійных эфектаў, якія звязаны з фарміраваннем інклюзіўнай культуры, павышэннем якасці адукацыі, пашырэннем прафесійных педагагічных кампетэнцый, магчымасцю рэагавання на актуальныя пытанні адукацыйнай практыкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара