Аляксандр Ласякін: ”Трэба ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і задачы, але абавязкова рэальныя”

На адукацыйнай прасторы нашай краіны Аляксандр Ласякін — знакавая асоба. Нястомны працаўнік, выдатны прафесіянал і грамадскі дзеяч, паспяховы кіраўнік двух каледжаў у розныя гады, старшыня Савета дырэктараў устаноў ССА Віцебскай вобласці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сёння Аляксандр Міхайлавіч — госць нашага праекта.

— Асновы сведапогляду і асабістыя якасці закладваюцца ў сям’і і школе. Як адносіліся да працы ў вашай сям’і?

— Несумненна, усе мы родам з дзяцінства і ўсё ў чалавеку прарастае з яго. Маё дзяцін­ства прайшло ў вёсцы Новая Беліца, якая знахо­дзіцца ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. Вясковае жыццё на кожнага накладае асаблівы адбітак. Для дзіцяці праяўляецца гэта найперш у паважлівым стаўленні да працы — сваёй і іншых людзей — і веданні: вынік тваёй працы важны для сям’і, пазней яшчэ для школьнага класа, пэўнага калектыву. Так фарміруецца адказнасць: бессэнсоўна бавіць час мне з маленства непамысна. Бацька ў мяне быў участковым міліцыянерам, маці працавала эканамі­стам на буйным племзаводзе “Полымя” — абое з раніцы і дапазна шчыравалі на рабоце. Таму маім выхаваннем, у тым ліку працоўным, напачатку больш займаліся дзядуля з бабуляй. На іх трымаліся ўклад жыцця і немалая прыся­дзібная гаспадарка, а я з гонарам лічыў сябе галоўным памочнікам. Падрастаючы, паступова асвойваў азы сялянскіх работ і сапраўды ім стаў. Для мяне прывычна было дапамагчы даглядаць агарод і збіраць ураджай, штодня нанасіць вады, бо калодзежа мы на падвор’і не мелі, накарміць і напаіць карову, каня, запрэгчы яго і самому ўзяцца за лейцы, абслужыць сані і калёсы, касіць, кляпаць і тачыць касу, с­таць за плуг, каб узняць ворыва (гэта калі падрос, канечне). Хлопцу на вёсцы трэба валодаць навыкамі любой гаспадарчай работы: іншага варыянта ў цябе проста няма. Дзядулю да таго ж уся ваколіца ведала як майстра-цесляра. Вельмі любіў ён працаваць з дрэвам: не толькі рубіў зрубы, ставіў дамы, але і, напрыклад, сур’ёзна захапляўся разьбой — і мяне вучыў. Толькі не варта думаць, нібыта за працай мы свету не бачылі. Яна стаяла на першым месцы, але хапала часу і на адпачынак. Вёска вялікая, многа моладзі і дзяцей: мы збіраліся разам, гулялі ў футбол, лапту, у розныя дзіцячыя гульні, сварыліся і мірыліся, знаходзілі сяброў — падобнае ці не кожны можа ўспомніць. У пару нарыхтоўкі кармоў, уборкі ўраджаю цікава было прабегчы па свежаскошанай траве або назіраць, як растуць — здаецца, да неба — велізарныя копы ці скірды, як трактар арэ і велічна плыве па полі камбайн, як ён малоціць жыта. Сама вясковая праца цікавіла моладзь, мы бачылі ў ёй цяжкае, аднак прывабнае і нават прыгожае — тое, што ўмеюць нашы бацькі і за што неўзабаве давераць нам узяцца.

— У параўнанні з тым часам усё вакол вельмі змянілася…

— Сёння свет імкліва развіваецца, высокія тэхналогіі робяць жыццё людзей больш камфортным, а працу — больш эфектыўнай і якаснай. Толькі не варта забываць: крыніца цяперашняга прагрэсу — у недалёкім мінулым. Мы былі сведкамі эпахальных змен у сельскай мясцовасці. Помню, калі праводзілі ў вёску электрычнасць. Раней мы жылі пры лямпе, якая працавала на газе, з ёй пачыналі вучыцца. А тут прыехалі электрыкі, ставяць электрычныя слупы, вядуць праводку ў кожны дом, вешаюць па адной лямпачцы ў пакой, вучаць карыстацца выключальнікамі — незвычайная, неверагодная падзея! Потым у вёсцы з’явіліся новыя дзівосы: першы тэлевізар, пральная машына, газавая пліта. Ох, як цудоўна было хутка засмажыць на ёй яешню! Да гэтага штораніцы бабуля гатавала ў печы на цэлы дзень: варыла суп, кашу ці бульбу, і мяса заўсёды было да стала са свайго падвор’я. Каб штосьці ўдзень згатаваць, карысталіся керагазам, а на ім узгаданая яешня пакуль заскварчыць, чакаеш амаль паўгадзіны. Успамінаючы той перыяд жыцця і параўноўваючы з цяперашнім, бачыцца многа агульнага ў маштабах краіны і жыцця людзей. Нашы бацькі і дзяды — усе разам і кожны паасобку — сваімі працоўнымі здабыткамі заклалі падмурак сённяшніх дасягненняў навукі і тэхнікі, зрабілі магчымым далейшае інтэнсіўнае развіццё.

— Вы вучыліся ў вясковай школе. Чым яна была адметная?

— Насамрэч іх было дзве. Мне пашанцавала ў тым, што пачатковая школа размяшчалася практычна за дзве сотні метраў ад нашага дома. Ярка жыве ў памяці 1 верасня. Раніцай маці ўручала мне велізарны букет кветак — мы іх многа розных вырошчвалі, увосень асабліва радавалі рознакаляровыя вяргіні. Гэтай шыкоўнай вясковай прыгажосцю віталі сваіх настаўнікаў. На свята заўсёды прыходзілі бацькі, прыязджалі кіраўнікі з раёна, нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Дзень ведаў праходзіў цікава і падзейна, як і само школьнае жыццё. Ёсць многа чаго ўспомніць — выдатны быў час. Мы шчыра паважалі, слухаліся настаўнікаў, бралі з іх прыклад — і самі настаўнікі, я гэта з гадамі больш ацаніў, вельмі стараліся ў сваёй працы. Каб прапанавалі каму ўрок адвесці і да наступнага забыцца на школу — ён бы, відаць, нават не абурыўся, а проста не зразумеў, бо кожны душу ўкладваў у работу, вучняў і ўсведамляў уласную адказнасць. Пасля заканчэння чатырох класаў давялося хадзіць за тры кіламетры ў сярэднюю школу — практычна новы тыпавы будынак са спартзалай, стадыёнам, сталовай, актавай залай.

— У кожнага з нас школьныя гады пакінулі яркія ўспаміны. А якія яны ў вас? Ці былі вы ў сваёй школе пасля яе заканчэння?

— Безумоўна. Нядаўна зноў наведаў, уражанні самыя цёплыя. Адно шкада, засталося там каля 150 навучэнцаў — калісьці нас было ў разы больш, але жыццё працягваецца. У кампаніі маіх школьных сяброў прынята было старанна працаваць на ўроках, каб усё было зразумелым без дадатковых тлумачэнняў, і такім чынам вызваляўся пэўны час; да парадку і дысцыпліны прывык у сям’і — як высветлілася, у школе патрабаванні ў чымсьці падобныя.

Хуліганам не рос, затое быў той яшчэ непаседа. Так, аднаго разу класе ў пятым-шостым так хутка бег па калідоры, што ўрэзаўся ў дырэктара — той якраз выходзіў з-за вугла — ды ледзь з ног не збіў. Педагог не стаў мяне вычытваць, кіўнуў на просьбу прабачыць і далей рабіў выгляд, быццам нічога не здарылася. Я ж знерваваўся ўшчэнт: грэбуе нават адчы­таць як след, відаць, бацькам збіраецца паскардзіцца — не хачу, сорамна! Сам сабе надумаў і здзейсніў пакаранне. Дырэктар, дарэчы, нікому не расказаў. Дамашнюю работу мы пераважна паспявалі зрабіць на перапынках паміж урокамі, заставаліся хіба толькі аб’ёмныя і творчыя заданні, напрыклад, па мове і літаратуры. Прыйшоў дадому, паеў — і першай справай хуценька робіш урокі, дапамагаеш дзядулю з бабуляй, а далей займайся, чым трэба і што па душы.

Школа давала нам не толькі веды. Вось ты радасна ўпершыню ў піянерскім гальштуку крочыш па вуліцы, і ўсе сустрэчныя віншуюць, таксама радуюцца за цябе, бо ты ўжо не акцябронак, а больш дарослы, умелы і адказны чалавек. Запомніліся нашы маёўкі, мерапрыемствы ў школе і на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі да 1 мая і Дня Перамогі, маштабныя дні мола­дзі, калі цэлымі вёскамі з’язджаліся ў райцэнтр. Ва ўсіх грамадскіх падзеях мы актыўна ўдзельнічалі. У Новай Беліцы быў свой клуб — там вяскоўцы збіраліся, каб паглядзець не толькі прывезены фільм або канцэрт прыезджых артыстаў, але і выступленні дзяцей: мы на сцэне спявалі і танцавалі, паказвалі дарослым, чаму навучылі нас настаўнікі.

— У дзіцячай кампаніі вы былі на першых ролях або трымаліся ўбаку? Як фарміруюцца ў чалавеку лідарскія якасці?

— Напэўна, з лідарскімі здольнасцямі, якасцямі кіраўніка чалавеку трэба нарадзіцца. А вось дзе, як і ў якой меры яны выявяцца — залежыць ад акалічнасцей, сацыяльнага асяроддзя, выхавання, вучобы. У школе кожны з нас ведаў, чый камбайн на палетках саўгаса намалаціў больш за ўсіх збожжа, хто першы на адвозцы кармоў, па надоях малака. Інфармацыя зыходзіла найперш ад сем’яў і была каштоўнай для дзяцей, таму што давала адчуванне непарыўнай сувязі, далучанасці да вялікіх спраў. Часта то ў аднаго, то ў другога аднакласніка баць­ка ці маці выходзілі ў перадавікі, і гэта давала падставу для асаблівай гордасці. Настаўнікі расказвалі нам аб важных па­дзеях у гаспадарцы, раёне, вобласці, усёй краіне; кіраўнік і сакратар парткама саўгаса былі ў школе частымі гасцямі — ад іх мы многа цікавага даведваліся — і нярэдка прывозілі падарункі. Дарэчы, па нашых сучасных паняццях сціплыя — напрыклад, яблыкі новага ўраджаю, але не ўсё вымяраецца ў грашовым эквіваленце: любым такім падарунакам мы ганарыліся як дастойнай узнагародай за вучобу, дасягненні ў грамадскіх справах.

Калі гаварыць пра мяне асабіста, то заўсёды імкнуўся быць завадатарам, лідарам, і яно нядрэнна ўдавалася. Затое ўтрая несправядлівым здавалася, калі аднакласнікам споўнілася па 14 гадоў і ў канцы навучальнага года яны ўступалі ў камсамол, а я, паколькі нарадзіўся ў канцы ліпеня, па правілах мусіў чакаць да верасня. Не здолеўшы вытрымаць той боль, пайшоў на хітрыкі: у анкеце, дзе лацінскімі лічбамі ўказвалі месяц нараджэння, “забыўся” паставіць дзве рысачкі, каб замест “сем” атрымалася “пяць”. Гэта было наіўна, аднак мной рухалі патрыятычны парыў, жаданне апынуцца ў шэрагах актыўнай моладзі, за якой будучыня краіны. Зразумела, усё потым высветлілася. Мяне моцна пажурылі — і ў парадку выключэння прынялі, а праз некаторы час даверылі ўзначаліць камсамольскую арганізацыю школы.

У старшых класах я два гады быў членам бюро райкама камсамола і адзін прадстаўляў там школьную моладзь. Так адбываліся загартоўка і станаўленне: асобасныя якасці і навыкі, разважанні, падыходы праз пашырэнне ведаў, вопыт рэагавання на розныя рабочыя сітуацыі, арганізацыю мерапрыемстваў, далуча­насць да работы працоўных калектываў і лепшых іх прадстаўнікоў, удзел у грамадска-палітычным жыцці пачалі складвацца ў адно цэлае.

— Што вы адчувалі на ўручэнні школьнага атэстата? Ці мелі планы на будучыню і чым кіраваліся ў выбары прафесіі?

— Нейкага асаблівага натхнення або ўзрушэння ў мяне не было, хутчэй адчуванне: завершаны значны жыццёвы этап і пройдзены ён дастойна. Сям’я і школа, варта адзначыць, заклалі пэўныя арыенціры на будучыню, бо прафесійная падрыхтоўка на вёсцы пачынаецца з малых гадоў, калі ты дапамагаеш бацькам, дзядулю з бабуляй і вызначаеш, што табе падабаецца рабіць. Я вельмі любіў тэхніку. Прызнаюся: столькі нашкоднічаў у дзяцінстве з-за нясцерпнага жадання паглядзець, як пабудавана тая ці іншая тэхнічная навінка, інструмент! У розны час “у ліку пацярпелых” былі тры гадзіннікі бацькоў і хатні насценны, акардэон, які неабачліва пакінула дома сястра, фотаапарат: цікава было разабрацца, што знаходзіцца ўнутры і як працуе механізм. Дарослыя цярпліва праводзілі адпаведную выхаваўчую работу (а ў нашай сям’і паважліва ставіліся адно да аднаго; каб узяцца, “выхоўваючы”, за папругу, размовы ніколі не было) і прынялі пад увагу мае схільнасці. Летам мы працавалі ў саўгасе на полі, буракі вырошчвалі — кожнай сям’і дадалі свой участак даглядаць. Я часцей вадавозам быў: закачваеш з вежы поўную бочку — і на кані паехаў, прывязеш — жанчыны разбіраюць ведрамі і коўшыкамі, паліваюць, глядзяць на цябе паважліва — любата! У школе нас навучылі вадзіць трактар, у10 класе мы ўсе дружна прайшлі практыку на пасяўной і ўборачнай, здалі экзамен і з задавальненнем атрымалі вадзіцельскае пасведчанне. У думках я ўяўляў сябе будучым інжынерам у паспяховым сельгаспрадпрыемстве, каля машын, камбайнаў і трактароў, лепш — бліжэй да роднай вёскі, і марыў паступаць у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Але жыццёвыя рэаліі прымусілі адмовіцца ад вучобы ў сталіцы, бо ў нашай сям’і не прынята было штосьці рабіць на авось, між тым па разліках выходзіла: рэсурсаў не хопіць. У Мінску ў нас абсалютна не было нікога са сваякоў, каб падтрымаць студэнта, затое па матчынай лініі жылі ў Ленінградзе, па бацькавай — у Віцеб­ску. У Расію ездзіць далекавата і нязручна, таму на сямейным савеце мне далі параду пільней прыглядзецца да віцебскіх інстытутаў. Дзякуючы камсамольскай рабоце, жыццё я ўспрымаў больш рэальна, чым многія равеснікі, — цвяроза разлічваў свае перспектывы, зыходзячы з уласных інтарэсаў і ў кантэксце таго, што трэба для краіны, раёна, населенага пункта. Тэхналагічны інстытут у абласным цэнтры тады толькі пачаў працаваць і быў арыентаваны на лёгкую прамысловасць — не тое. Узорам для мяне быў наш славуты зямляк Пётр Міронавіч Машэраў, ён выпускнік педагагічнага інстытута ў Віцеб­ску, а з тэхнікай там бліжэй за ўсё звязаны фізіка-матэматычны факультэт — туды я і падаў дакументы.

— Якім студэнтам вы былі?

— Не з апошніх і ў вучобе, і ў грамадскай дзейнасці. Быў членам камітэта камсамола курса, стаў кандыдатам у члены партыі. У студэнцкія гады пазнаёміўся з цудоўнай дзяўчынай, будучай настаўніцай біялогіі і хіміі, якая на трэцім курсе стала маёй жонкай. Забягаючы наперад — яна стала мне надзейнай паплечніцай і сябрам па жыцці, падарыла цудоўных сына і дачку, зараз унучка падрастае. Жонка ўжо не працуе — выйшла на заслужаны адпачынак. Раскажу сямейны жарт, што насамрэч праўда: яна ў свой час вучылася ў 31-й віцебскай школе, працавала ў 32-й і стала дырэктарам 33-й, такі вось рух па ўзыходзячай.

— Пасля заканчэння інстытута настаўнічалі?

— Не толькі. Пакуль вучыўся ў інстытуце, мне вельмі хацелася вярнуцца дадому на Сенненшчыну і працаваць. На апошнім курсе інстытута мара спраўдзілася. Прапанавалі вакансіі настаўніка на выбар або дырэктарскую пасаду ў аддаленай невялічкай сельскай школе. З’ездзіў, паглядзеў — і нарадзіліся нейкі азарт і ўпэўненасць, што гэта маё, варта паспраба­ваць. Так я пагадзіўся на дырэктарства ў Глебаўскай васьмігодцы. Больш за дваццаць кіламетраў ад райцэнтра, каля 120 навучэнцаў, няпросты калектыў, з якім потым удалося пасябраваць, сфарміраваць добрую прафесійную каманду, і чацвёра папярэдніх дырэктараў у яго складзе. Ведаў: кожны крок, кожнае слова, рашэнне строга ацэньваюцца, ня­правільны крок управа-ўлева — трапляеш пад абстрэл крытыкі. Прычым трэба ўважліва выслухаць, бо галоўнае — працаваць на карысць школы і набірацца вопыту. Кожны раіў, дзе і як лепш зрабіць, што не ўпусціць, за чым уважліва глядзець: хто добразычліва, а хто і стараючыся колкую шпільку ўставіць. Такую школу падрыхтоўкі прайшоў як кіраўнік дзякуючы сваім чатыром калегам! Педагогі ў школе сабраліся вопытныя, і маладое папаўненне прыйшло моцнае: разам са мной прыехала вучыць дзяцей жонка, па размеркаванні прыбылі чацвёра маладых настаўнікаў, яшчэ свайго інстытуцкага сябра ўгаварыў прыехаць выкладаць фізіку — кадравы патэнцыял значна вырас, што паўплывала на якасць адукацыйнага працэсу. У прыватнасці, нашы навучэнцы пачалі займаць прызавыя месцы на раённых конкурсах. Заняліся будаўніцтвам і рамонтамі: намаганнямі настаўнікаў і бацькоў з дапамогай дзяцей абсталявалі школьны стадыён, адрамантавалі некалькі карпусоў; атрымалася адкрыць сталовую і арганізаваць харчаванне навучэнцаў. Кіраўніцкія рашэнні часам даводзілася пралічваць, прымаць імгненна. Неяк у нас праверылі асветле­насць у класах і ў адным знайшлі неадпаведнасць. Самі ж правяраючыя разводзілі рукамі: разумеем, што тут недахоп не выправіць, нічога не зробіш. А мне так крыўдна стала! Паехаў у сваю вёску, узяў у суседа бензапілу “Дружба” — і мы выразалі ў драўляным зрубе праём, уста­вілі новае акно: праблема вырашана.

— А што з выхаваўчых момантаў запомнілася?

— Тут у вясковай школы была свая спецыфіка. Прывяду адзін яскравы прыклад. У нас прыказка была: “Давайце сходзім “у партызаны”. Навучэнцы з аддаленых вёсак накіроўваюцца пешшу ў школу, крочаць праз лес — між тым прырода вабіць адпачыць, і вось ужо яны перадумалі вучыцца: запалілі вогнішча, сма­жаць узятыя з сабой сала, бульбу. Некалькі гадзін так хораша правялі — і можна ру­шыць дадому. На другі дзень спакуса паўтарыць перамагае. Прыязджаеш да бацькоў прагульшчыкаў, а тыя не ў курсе, што дзеці не на ўроках. Тады хо­дзіш па лесе, шукаеш, вядзеш у школу, гутарыш. Стараўся, каб нават вяртанне “партызан” мела выхаваўчы эфект. На паляне, адкуль як на далоні бачны наш будынак, спыняешся і крыху чакаеш, каб празвінеў званок і дзеці высыпалі ў школьны двор — тады ж на перапынках ніхто не сядзеў у класе, навучэнцы імкнуліся пагу­ляць на свежым паветры, пазаймацца ў спартыўным гарадку. Даеш каманду ісці ў школу: так і спу­скаемся з горачкі навідавоку ва ўсіх — прагульшчыкі і з імі дырэктар ці то суправаджае, ці то кантралюе. Перад ганкам грозна пытаюся ў парушальнікаў: “Ну як, хочацца зноў “у партызаны?” “Не, больш ніколі, дужа сорамна”. І трымалі слова.

— Не было думкі памяняць дырэктар­скую работу на настаўніцкую?

— Не было, таму што мне мая работа падабалася. Па шчырасці, далей я прымерваўся папрасіцца ў сваю родную школу, калі яе дырэктар пойдзе на пенсію. Там знаёмае ўсё і маштаб шырэйшы, мне ж хацелася росту, заў­сёды важкім крытэрыем прывабнасці справы лічыў, каб было дзе разгарнуцца. Выйшла так, як планаваў, толькі зусім іначай. Аднойчы завітаў у школу старшыня райвыканкама — казаў, нібыта міма праязджаў, наважыўся зайсці. І дужа яго ўразілі нашы змяненні. Думаю, з той сустрэчы ён узяў мяне на аловак, а праз некаторы час мне прапанавалі ўзначаліць райкам камсамола. У раёне больш за 3,5 тысячы камсамольцаў, 120 пярвічных арганізацый, работа закранае ўсе сферы вытворчасці і патрабуе ў дасканаласці ведаць ян ў замацаваных гаспадарках, плюс я быў членам бюро райкама партыі, райвыканкама, дэпутатам райсавета — магутная жыццёвая школа, што паўплывала на разуменне, як трэба працаваць і як лепш працаваць. 

— З каго бралі прыклад камсамольцы? Якія ставілі перад сабой мэты і якія вырашалі задачы?

— Мэты мы ставілі зыходзячы з рэальных магчымасцей і патрэб жыцця, бралі ў прыклад лепшых працаўнікоў раёна. Між іншым, высокакваліфікаваных рабочых і тады не хапала. Маю на ўвазе не проста прадстаўнікоў той ці іншай прафесіі, а майстроў-самародкаў, якіх вельмі цанілі і шанавалі. Як зараз помню: у кватэры, якую мы атрымалі ў Сянне, спатрэбілася тэрмінова пераварыць ацяпленне. Папрасіў вядомага ў райцэнтры зваршчыка, а той: “Выбачай, няма часу, нават выхадныя распісаны пагадзінна”. Добра, што ў нашай вёсцы быў у мяне сябар — зваршчык ад Бога, прыехаў і дапамог. Сам, на яго гледзячы, раз-пораз падумваў, як бы мне на зваршчыка вывучыцца. Шкада, тады не існавала вячэрняй формы адукацыі, як цяпер. А завочна зварку не вывучыш. Яшчэ аднаго сенненскага майстра называлі ювелірам і верылі: будзе неабходнасць, ён нават фольгу ад шакаладкі якасна зварыць. На такіх лю­дзей арыентавалася наша моладзь: прэстыжнай была не вышэйшая адукацыя, а майстэрства. І прыемна было глядзець на маладых людзей, калі яны радаваліся першым працоўным поспехам, імкнуліся да новых дасягненняў, вырасталі ў кіраўнікоў прадпрыемстваў і гаспадарак. У мяне ж пасля райкама быў абкам камсамола, дзе я кіраваў аддзелам прапаганды і культурна-масавай работы. Камсамол пакінуў у маім жыцці незабыўны след. Гэта задор, юнацтва, магчымасць і сілы здзейсніць тое, што, здавалася б, нікому не пад сілу — а ўсё атрымліваецца, рухаецца, і ты атрымліваеш задавальненне ад зробленай працы. Аднак надыходзіў час развівацца далей, паглядзець, дзе я магу быць больш патрэбны.

— Вы выбралі…

— Пачнём з таго, што гэта мяне выбралі, прычым не адразу. З камсамола выходзілі падрыхтаваныя кадры, і мне ў 32 гады прапаноўвалі розныя варыянты працаўладкавання. Былі дастойныя варыянты ў Туркменістане, Літве, але ўжо тады пачаліся працэсы, якія ў выніку прывялі да распаду Савецкага Саюза, і я вырашыў адмовіцца. Прапаноўвалі пайсці намеснікам начальніка вядомага “Артэка”, у раёны вобласці на кіраўніцкія пасады, начальнікам нашага беларускага “Зубраняці”. Тут я моцна задумаўся, бо школьнікам ездзіў у гэты лагер і ведаў там кожную сцяжынку. Узважыў усё, параіўся з жонкай — і зноў адмовіўся. Мы паспелі зрадніцца з Віцебскам, не хацелася яго пакідаць. Між тым у кадравай службе, гледзячы на мае ваганні, сказалі: “Тады шукай сам”. Знайшоў. Было ў горадзе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 147: без дырэктара якраз, з невялікім наборам. А я ўбачыў у ім перспектыву. На той перыяд існавала практыка, калі кіраўніка выбіралі ўсім калектывам. Падрыхтаваў выступленне, расклаў па палічках, што і як трэба зрабіць, як атры­маць вынік — усё з практычнымі выкладкамі, таму што велізарны вопыт быў за плячыма, — і мяне не выбралі. Было незразумела, крыўдна. Аднак сабраўся, параіўся з кіраўнікамі, спецыялістамі з прафтэху і вырашыў заявіць сябе на выбары дырэктара зноў. Правільна зрабіў: другая спроба была ўдалай.

— А ці ўдалося апраўдаць давер калектыву?

— Давялося многа працаваць, але мы зрабілі тое, што нікому не ўдавалася. Было вельмі складана і вельмі цікава. Разлічваць і ча­каць бюджэтнай фінансавай падтрымкі з улікам рэалій часу было нерацыянальна. Спачатку дапамагла дырэктарская чорная “Волга”: яе перадалі вучылішчу ў якасці развітальнага падарунка ад камсамола, калі я пакінуў абкам, а мы памянялі машыну на вялікі ангар і разам з майстрамі вытворчага навучання яго паставілі. Набралі шэсць крэдытаў, набылі пілараму і пачалі самі піліць лес. Пайшлі нядрэнныя заробкі, і адначасова я канчаткова вызначыўся, падрыхтоўку якіх кадраў будзем ажыццяў­ляць. Таму што лес заўсёды быў ёсць і будзе — значыць, мае сэнс заняцца дрэваапрацоўкай і лясной гаспадаркай. Плюс дадалі запатрабаваныя праграмаванне і інфарматыку, цікавыя народныя мастацкія промыслы — ад разьбы па дрэве да керамікі, потым і ювеліраў адзіныя ў краіне адкрылі. Набылі яшчэ адзін ангар, чатырохбаковы станок, пачалі выпускаць падлогавую дошку і вагонку. Змянілі сістэму навучання, арганізавалі работу па прынцыпе “майстар і майстэрня”, зараз усе так працуюць. З’ядналі і часткова абнавілі калектыў, наладзілі цесныя сувязі з замежнымі калегамі. Самі пабудавалі чатырохпавярховы вучэбна-лабараторны корпус, вучэбна-вытворчыя майстэрні і гаражы, практычна пабудавалі стадыён, адкрылі басейн. 

— У той час многія ўстановы прафадукацыі закрыліся. Вам гэта не пагражала?

— Чаму, і нас не мінула. Увечары я даведаўся, што на стале ў старшыні аблвыканкама ляжыць праект рашэння аб закрыцці вучылішча і перадачы яго матэрыяльнай базы суседнім установам адукацыі. Мяне тады моцна падтрымалі ў Міні­стэрстве адукацыі, у выніку нас не закрылі. Думаю, ускладзеныя надзеі вучылішча спаўна апраў­дала.

— Ці былі яшчэ складаныя крызісы, ад вырашэння якіх залежала будучыня каледжа?

— Праблемныя сітуацыі даводзілася вырашаць амаль штодня. Гэта спецыфіка дырэктарскай работы: умець убачыць не проста вырашэнне праблемы, але і карысць для ўстановы адукацыі. Стараўся пралічваць усе магчымыя рызыкі. Толькі аднойчы не атрымалася. Мы заў­сёды своечасова аддавалі банкаўскія крэдыты: сродкі на іх выплату, як і ўмовы для практыкі навучэнцаў, забяспечвала пераважна дрэваапрацоўка. І нечакана выпадае мяккая зіма. Перспектывы для нарыхтоўкі лесу — ніякія (а ў нас ужо была свая тэхніка, уключаючы трактары, лесавозы, і свае нарыхтоўчыя брыгады), сыравіны стала не хапаць. Тэрмін выплач­ваць крэдыт, а грошай няма адкуль узяць. Бяда! Руку дапамогі нам тады працягнула дырэктар “Белвеста”: заказала серыю дэкаратыўных пано з разьбой па дрэве для фірменнага магазіна прадпрыемства, выплаціла аванс — і мы выдыхнулі з палёгкай: цяпер справімся! Больш падобных гісторый не здаралася. Мы выйшлі пераможцамі, самі для сябе пабудавалі і стварылі моцную матэрыяльна-тэхнічную базу. Сталі выпускаць рамы, дзверы і яшчэ імклівей падымацца. Пра нас загаварылі, у вучылішча стала многа жадаючых паступіць. Мы ж усё для сваіх навучэнцаў рабілі — ад умоў навучання і прафесійнай падрыхтоўкі да арганізацыі вольнага часу і адпачынку, развіцця ў творчасці, спорце, грамадскай дзейнасці. Праводзячы паралель з сучаснасцю — фактычна мы стварылі рэсурсны цэнтр, магчыма, першы такі ў краіне. У 2000 годзе здзейснілі новы грандыёзны рывок: першымі змянілі статус з установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі на ўстанову сярэдняй спецыяльнай, выраслі ў каледж. Навучэнскага кантынгенту на той момант было больш за тысячу чалавек. Мы першымі ўвялі пяцідзённае навучанне (хаця я за гэта атрымаў вымову, але пачынанне было вартае і час гэта пацвердзіў).

— Каледж і зараз не з апошніх у вобласці, але ж вы кіруеце іншым — Віцебскім дзяржаўным тэхнічным. Як так атрымалася?

— Так склаўся лёс, што па жыцці я заўсёды займаю актыўную грамадзянскую пазіцыю, мне важна адчуваць далучанасць да спраў краіны, грамадства, нашага горада. Неаднойчы мяне выбіралі дэпутатам раённых, гарад­скога саветаў, а на той раз даверылі прадстаўляць інтарэсы віцяблян у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Плённыя, выніковыя гады і, можна сказаць, новая ступень развіцця, бо пашчасціла працаваць разам з моцнымі прафесіяналамі. Мы вырашылі многія актуальныя задачы, у тым ліку прынялі першы на постсавецкай прасторы Кодэкс аб адукацыі — асноўны дакумент, што выбудаваў стройную сістэму адукацыі, яе далейшага развіцця і ўзае­мадзеяння з адукацыйнымі сістэмамі іншых краін. Акрамя заканатворчай дзейнасці, многа ўвагі ўдзяляў рабоце ў выбарчай акрузе, практычна двойчы ў месяц вёў прыёмы грамадзян, стараўся дапамагчы людзям і вельмі сур’ёзна прапрацоўваў тыя праблемы, якія яны ўзнімалі. У цэлым парламенцкая работа была для мяне і ў радасць, і ў цяжкасць, бо хацелася вярнуцца да практычнай кіраўніцкай дзейнасці. Былі магчымасць застацца ў сталіцы і перспектыўныя запрашэнні на работу, але я вярнуўся ў Віцебск. Тут мне прапанавалі паглядзець будаўнічы каледж. Вывучыў матчастку і падумаў: “А чаму б не?”

— Многае з задуманага ўдалося ажыццявіць на новым месцы работы?

— Практычна ўсё, але штораз далягляды пашыраюцца і бачацца новыя перспектывы. Мы сабралі моцны калектыў, стварылі магутную матэрыяльна-тэхнічную аснову, на нашай базе адкрылі рэсурсны цэнтр па будаўнічых тэхналогіях. У выніку рэарганізацыі з намі аб’ядналіся яшчэ некалькі ўстаноў прафадукацыі. Акрамя эканоміі сродкаў, ад гэтага толькі выйгралі работнікі, хто ўмее працаваць на дасягненне выніку і каму неабыякавая яго праца. А найбольш выйгралі нашы навучэнцы, бо я­касць адукацыі ўзрасла на парадак, і разам з тым тыя галіны эканомікі, нашы прадпрыемствы і арганізацыі, куды прыходзяць высокакваліфікаваныя кадры. Пра каледж, яго развіццё і поспехі калектыву чытачы “Настаўніцкай газеты” ведаюць з папярэдніх публікацый. Сёння мы ставім яшчэ больш амбіцыйныя задачы, у нас велізарны патэнцыял і вельмі многа нерэалізаваных магчымасцей. Напрыклад, мы завяршаем рамонт вучэбна-вытворчых майстэрняў, у найбліжэйшай перспектыве збіраемся ўдзельнічаць у нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Bеlarus (дзе па сваіх напрамках стабільна займаем 1—2 месцы) мінімум у 12 кампетэнцыях, развіваем металаапрацоўку і аўтасэрвіс, электроніку і робататэхніку як перспектыўныя напрамкі. Глядзім у будучыню, бо там адлюстроўваецца аблічча таго выпускніка, якога каледж павінен падрыхтаваць.

— Што б вы хацелі пажадаць усім работнікам сістэмы адукацыі краіны напярэдадні 1 Мая?

— Магчымасці любога чалавека невычарпальныя, бязмежныя — і трэба на поўную сілу выкарыстоўваць той патэнцыял, які ў цябе ёсць. Мы значна лепш можам жыць і ства­раць на парадак больш. Трэба ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і задачы, але абавязкова рэальныя, якія можам ажыццявіць, і ўпарта да іх імкнуцца. Таму жадаю рэалізацыі ўсіх творчых пачынанняў і магчымасцей, мэтанакіраванасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, новых дасягненняў і здабыткаў кожнаму педагогу. Не зацыклівайцеся на нязначным, паглядзіце на сваю працу шырока і перспектыўна — упэўнены, што ўсё атрымаецца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і з асабістага архіва Аляксандра Ласякіна.