Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Абарона правоў працоўных з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы”

Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і ў краіне не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лютага на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. Ён заўважыў, што, дзякуючы гэтаму адзінству, гі­сторыя суверэннай Беларусі не ведала масавых зацяжных супрацьстаянняў і “паказальных” выступленняў грамадскіх арганізацый, прыклады якіх так часта з’яўляюцца ў міжнародных навінах.

“Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Цяперашняе мерапрыемства прэзідэнт назваў значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запатрабаванні ўсіх працаздольных грамадзян. “Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай найноўшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца лю­дзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе — мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб’яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаюзы, РГА “Белая Русь” — працуюць на стварэнне, забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта адным з галоўных дасягненняў. “Як і тое, што абарона правоў працоўных з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы, — дадаў ён. — У Беларусі тыя, хто працуе, абаронены як ні ў якой іншай краіне — ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага ўказа па датэрміновых прафесійных пенсіях”.

У цэнтры найважнейшых эканамічных і палітычных па­дзей заўсёды былі прафсаюзы, звярнуў увагу прэзідэнт. Паводле яго слоў, яны з’яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй — тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве.

“Я заўсёды адводзіў вам асаблівую ролю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што работа з людзьмі, у працоўных калектывах ніколі не была простай. “А з улікам усіх эканамічных і грамадскіх выклікаў — тым больш. Яна патрабуе ўмення разумець людзей, дамаўляцца, аналізаваць і дзейнічаць на перспектыву”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне ўдзелу прафсаюзаў у праведзеных парламенцкіх выбарах. Ён звярнуў увагу на тое, што ў складзе парламента прадстаўлены зрэз нашага грамадства, у тым ліку ўсе пакаленні.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прафсаюзам за падтрымку і ўдзел у важных дзяржаўных ініцыятывах, у тым ліку ў мерапрыемствах да Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Помніце, што цяперашняя Беларусь — гэта жывы помнік той вайне”, — заўважыў ён.

У сваім выступленні прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што прафсаюзы працуюць спакойна, без шуміхі і прыцягнення асаблівай увагі. “Усё гэта не дзеля піяру, а дзеля высакароднай мэты”, — адзначыў беларускі лідар.

“Федэрацыя сёння — магутная структура, якая не толькі праяўляе клопат аб чалавеку на вытворчасці, але і вырашае задачы глабальнага маштабу, у тым ліку палітычныя, — прадоўжыў прэзідэнт. — Пачынаючы ад аднаўлення гістарычнай памяці аб нашых продках, выхавання падрастаючага пакалення ў духу пераемнасці традыцыйных каштоўнасцей, клопату аб культуры, вольным часе і здароўі нацыі і заканчваючы фарміраваннем грамадзянскай пазіцыі народа”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліку пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі прафсаюзаў, — рост і своечасовая выплата заработнай платы, забеспячэнне поўнай і прадукцыйнай занятасці, падтрымка сацыяльна слабаабароненых катэгорый работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, кантроль выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі, якая выпускаецца.

“Але ёсць вынікі, пра якія можна гаварыць ужо сёння. Гэта макраэканамічная стабільнасць і зніжэнне інфляцыі. Задача захаваць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 5 працэнтаў выконваецца, нягледзячы на вельмі моцны знешні націск. Вы самі бачыце, як складваюцца адносіны з нашымі асноўнымі партнёрамі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Разам з тым ёсць напрамкі, дзе мы, мякка кажучы, недапрацавалі”, — лічыць прэзідэнт. Да такіх ён аднёс эфектыўнасць сельскагаспадарчага комплексу, асобныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, развіццё адукацыі і навукі.

“Гэта тыя напрамкі, якія нам трэба будзе дэталёва прааналізаваць разам з эканамічным блокам краіны, — дадаў беларускі лідар. — Трэба, чаго б гэта ні каштавала, захаваць вытворчасці i працоўныя калектывы. Мы гэта рабілі заўсёды, нават у самыя складаныя часы. Людзей на вуліцу не выкідвалі. Зарплату, няхай і не самую высокую, плацілі”.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў “выпальваць гарачым жалезам” факты несвоечасовай выплаты зарплаты. “Тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана без­агаворачна”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, як яго інфармавалі прафсаюзы, найбольшую занепакоенасць выклікаюць факты несвое­часовай выплаты. “Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам. Адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць адназначная. Зарплату, кроў з носа, плаціць трэба”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Я не раз паўтараў, што своечасовая выплата заработнай платы — адзін з найважнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўніцтва. Праца павінна быць аплачана. Прычым своечасова!” — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, падкрэсліў важнасць надзейнай абароны тых, хто добрасумленна працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але адначасова нагадаў аб ролі прафсаюзаў у супрацьдзеянні адваротным фактам.

“Трэба варушыцца для таго, каб нармальна жыць. І ў нас шмат такіх людзей. Дзякуй богу, Беларусь яшчэ не разленавалася настолькі, каб не разумець: больш працуеш — больш зарабляеш. І вось такіх людзей мы павінны падтрымліваць. Гэта мая палітыка — палітыка справядлівасці. Так, пра зар­плату шмат гаворым, але гэта не “дармаплата”, а зарплата, якую трэба зарабіць. І на гэта трэба работнікаў настройваць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Калі хочаш жыць лепш, працаваць трэба больш. Мы захацелі рынку, уступілі ў яго, а гэта канкурэнцыя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння працоўныя месцы ёсць. Так, можна сказаць, што гэта не тыя працоўныя месцы (размова пра невысокую зарплату. — Заўвага БелТА.). Але каб мець тое працоўнае месца, на рынку трэба канкурыраваць. Пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы тым ладам жыцця, якім ты сёння жывеш. Гэта рэальнасць. І такая рэальнасць справядлівая, каб не было ўраўнілаўкі”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што асабліва неабходна падтрымліваць людзей працы, якія ствараюць даброты. “Але давайце гаварыць шчыра. Цяжка, напэўна, працэнт падлічыць. А колькі гультаёў і прыліпал, як іх раней называлі?” — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён станоўча ацаніў той факт, што на цяперашнім этапе прафсаюзы не займаюць пазіцыю нейкага крытыканства, а пачынаюць канкрэтна разбірацца з наймальнікамі і кіраўнікамі, хто працуе, а хто не. “І гэтая тэндэнцыя ў будучыні бу­дзе толькі ўзмоцнена”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Мы не павінны агулам усіх абараняць. Мы павінны забяспечыць абарону тым, хто працуе. Хто не хоча, таго трэба навучыць або прымусіць працаваць. Трэба дыферэнцыравацца ў працоўных калектывах”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Чалавек-працаўнік павінен быць абаронены. Грошай шкадаваць для такіх людзей не трэба. А вось тых, хто сёння не працуе, не трэба прафсаюзам баяцца прымусіць працаваць, — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы (прафсаюзы. — Заўвага БелТА.) дзяржаўнікі. І мы ўсе ў гэты складаны час для нашай краіны з вамі разам у адным шэрагу павінны вырашаць гэтыя праблемы, ні на каго не спіхваючы іх. Браць і вырашаць”.

Федэрацыя прафсаюзаў выступае за ўнясенне змяненняў у пенсіённае заканадаўства. Паводле слоў прэзідэнта, іх ініцыятыва заслугоўвае асаблівай увагі. “Пенсіённая сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, сябе зжыла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў (я буду або хто-небудзь з вас, або нехта іншы) усё роўна давядзецца гэтым займацца. Калі мы прадоўжым працаваць у такім жа складзе, у бягучым жа го­дзе (у канцы года) пачнём гэтую работу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць — на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, вырашыць гэтае пытанне Беларусі будзе нескладана, краіна вывучае вопыт іншых краін, у тым ліку ў Расіі. “Я з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат на гэтую тэму размаўляў. Але мы яшчэ параімся з тымі, хто ўкараняў накапляльныя і іншыя віды пенсій, якія не прайшлі, не адбыліся: загуляліся ў рынак і гэтак далей. З улікам іх вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсіённага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцей. Лепшую — гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма”, — запэўніў беларускі лідар.

Ён дадаў, што абарона інтарэсаў пенсіянераў з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам для дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў чыноўнікаў аб недапу­шчальнасці праблем пры пераходзе на новую сістэму аплаты працы ў бюджэтнай сферы.

“Цяпер людзі атрымалі зарплату за студзень. І з’явіліся пытанні, з якімі трэба будзе сур’ёзна разабрацца”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Камітэт дзяржкантролю, адпаведныя міністэрствы, прафсаюзы займаюцца ўдакладненнем сітуацыі. “Мне яшчэ падагульняючага даклада няма. Але камусьці мала не падасца. Калі нехта не растлумачыў. Але справа не ў тлумачэнні. Вы што, на месцах не можаце налічыць няшчасную заработную плату? Гэта што, складанае нейкае гандлёвае, прамысловае, сельскагаспадарчае прадпрыем­ства, дзе трэба вылічваць нормы, выпрацоўку…” — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

“Гэта ж самая элементарная бухгалтэрыя — у бюджэтнай сферы налічыць заработную плату. Чаму гэтага не адбылося… Я думаю, урад і Камітэт дзяржкантролю, калі трэба — і пракуратура, даложаць, што там адбылося. Вы проста падстаўляеце і мяне. Я ж публічна сказаў, што ніхто не павінен пацярпець”, — дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў задачу па росце зарплат настаўнікаў і ўрачоў адпаведна да 100 і 150 працэнтаў ад сярэдняй па краіне.

“У чацвёртым квартале мінулага года мы дасягнулі ўзроў­ню зарплаты бюджэтнікаў не ніжэйшага за 80 працэнтаў ад узроўню зарплаты па краіне. На 2020 год пастаўлена дакладная задача — захаваць гэтыя паказчыкі. Нядаўна мне дакладваў міністр фінансаў — у нас не проста ёсць надзея, мы абавязкова гэты ўзровень захаваем. Для гэтага ёсць адпаведныя сродкі. Зарплата настаўніка павінна дасягнуць 100 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, а ўрача — 150 працэнтаў”, — сказаў беларускі лідар.

“Думаю, калі мы выведзем настаўніка на 100 працэнтаў, а ўрача на 150 працэнтаў, гэта будзе каласальнай перамогай. І пры тых ільготах, якія ў нас існуюць у грамадстве, пачынаючы ад камуналкі, мы не самыя горшыя”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ў пытанні павышэння зарплат трэба апасацца разбалансіроўкі сістэмы, калі рабіць гэта за адзін раз. “Бу­дзем гэта рабіць спакойна (павышаць зарплаты. — Заўвага
БелТА.
). Нават калі будзе шмат грошай, усё роўна трэба рабіць спакойна. Нельга імгненна ўкідваць грошы ў вялікіх аб’ёмах, — лічыць беларускі лідар. — Трэба рабіць, як заўсёды ў жыцці — ціха, спакойна (грошы не любяць шуму і гвалту). І мы гэта будзем рабіць”.

Гаворачы аб заработнай плаце работнікаў бюджэтных арганізацый, прэзідэнт згадаў пра новыя падыходы да яе налічэння, якія былі нядаўна ўведзены. “Задача новаўвя­дзення — зрабіць сістэму больш празрыстай і зразумелай. Пры гэтым маім патрабаваннем, якое я агучыў публічна, было не дапусціць зніжэння зарплат ні на капейку. Лепш 10 капеек дабавіць да таго, што было. Каб не было размоў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што ў цэлым прафсаюзам сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны трэба ўзяць на кантроль тыя арганізацыі, дзе ўзровень зарплаты ніжэйшы за Br500. “А ўраду пастаўлена год назад задача — нам трэба цяпер паглядзець на зарплату, дзе яна ніжэйшая за $500”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка на з’ездзе ФПБ закрануў і сітуацыю з каранавірусам у краіне. Ён адзначыў, што ў курсе сітуацыі з каранавірусам і лічыць усе меры, якія прымаюцца ў краіне, правільнымі. “Нашым урачам трэба дзякуй сказаць. Ні граніцы не закрываюць, ні гвалтам не крычаць, ні шуму, ні пылу. Хоць робім усё тое, што робяць нават у Кітаі”, — адзначыў ён. Людзі ў краіне таксама спакойна ставяцца да мер, якія прымаюцца. “Людзі нармальна да гэтага ставяцца. Ціха, спакойна, без гвалту, без шуму, але робім тое, што робяць усе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым закрыццё граніц, на яго думку, не з’яўляецца эфектыўным сродкам стрымлівання віруса. “Ну закрыеце граніцы, і што? Граніцы былі закрыты, але сёння ўвесь свет захварэў на каранавірус. Пры такіх глабальных зносінах гэта пустое. Трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх напрамках”, — перакананы ён.

Урачы, якія кантактуюць з тымі, хто заразіўся, вядома, павінны паводзіць сябе так, каб звесці рызыку захворвання да мінімуму. “Працуйце ціха, як вы цяпер змагаецеся з гэтым няшчасным вірусам”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вірус атрымаў шырокае распаўсюджанне ў розных краінах свету. Ужо ідзе размова пра тое, каб перанесці на год правядзенне Алімпійскіх гульняў. У такой сітуацыі важна не дапусціць панікі сярод насельніцтва. Няправільныя паво­дзіны ўрачоў могуць справакаваць яе. “Пачняце крычаць, шумець — як мінімум, маскі ў аптэках закончацца або падаражэюць у сто разоў. Мы, вядома, гэтага не дапусцім, — адзна­чыў прэзідэнт. — Людзі пойдуць і лякарствы пара­схопліваюць, нехта ад гэтых лякарстваў хутчэй атруціцца, чым ад віруса. Трэба працаваць спакойна, на апярэджанне, але працаваць акуратна, тлумачачы людзям”, — адзначыў прэзідэнт.

“Вы сябе паводзьце акуратней, беражыце дзяцей. Праўда, кажуць, дзякуй богу, на дзяцей гэтая зараза не распаўсюджваецца”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БелТА.