Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Абсалютна ўпэўнены, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

На даклад у Палац Незалежнасці прыехалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, міністр аховы здароўя Ула­дзімір Каранік. Таксама на мерапрыем­ства паклікалі прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

“Я запрасіў вас сёння, каб абмеркаваць эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. Асабліва гэта важна ва ўмовах каранавіруснага псіхозу”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, першапачаткова ён хацеў правесці сустрэчу выключна з вірусолагамі і эпідэміёлагамі: пазіцыя і падыходы міністра аховы здароўя прэзідэнту вядомы. “Але міністр сказаў, што ён чалавек дзяржаўны і не будзе коўдру цягнуць на свой бок. Думаю, дарэчы будзе, калі міністр аховы здароўя нам даложыць аб сітуацыі, якая складваецца, а вы — аб сваім пунк­це гледжання”, — сказаў ён.

“Прыкласці ўсе намаганні, каб бе­ларусы змаглі вярнуцца дамоў”

Прэзідэнт нагадаў, што першы з гэтым вірусам сутыкнуўся Кітай, а затым і азіяцкі рэгіён. Прычым кітайцам удалося справіцца з вірусам, і яны ўжо дзеляцца сваім паспяховым вопытам з іншымі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Прынамсі, у мяне няма такіх фактаў, каб яны не адказалі хоць на адно пытанне або ў нечым адмовілі. У мяне сігналы ад кітайскага боку, што яны гатовы беларусам дапамагчы ва ўсім”, — адзначыў ён.

На гэты момант Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію. Аднак для Беларусі гэта не мае ніякага значэння, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў краіне і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі, і не толькі з каранавірусам. “На карце не засталося практычна ніводнай краіны, дзе не пасяліўся б гэты вірус. Але адна справа, калі недзе ў Паўночнай Афрыцы адзін чалавек, а іншая справа, калі за суткі толькі ў Італіі загінулі 475 чалавек. Розніца вялікая”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для іншаземцаў. Так зрабілі і пяць краін — суседак Беларусі. “Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта пацвярджаецца ўжо. Гэта ніяк не абараняе Расію. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём граніц, — заўважыў прэзідэнт. — Цяпер у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дамоў. Нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы грама­дзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы”.

“Самая страшная эпідэмія — гэта паніка”

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самая страшная эпідэмія ў свеце — гэта паніка.

“Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы і мы ведаем, да чаго гэта прыво­дзіла. Абсалютна ўпэўнены, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Але мы жывём у канкрэтнай сітуацыі і, зразумела, павінны зыхо­дзіць з таго становішча, якое складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Чаму я сябе так паво­джу? Таму што я абсалютна ўпэўнены, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе”. На думку прэзідэнта, цывілізаваны свет страціў розум, а палітыкі пачалі ўжо выкарыстоў­ваць сітуацыю дзеля сваіх інтарэсаў.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хуткае распаўсюджванне захворвання дало магчымасць “узварухнуць” беларускую сістэму аховы здароўя, асабліва вірусолагаў і эпідэміёлагаў. “Добра, што мы з савецкіх часоў захавалі гэтую сістэму. А так мы людзей лечым, а што там з эпідэміялагічнай сітуацыяй? Гэты псіхоз прымусіў нас неяк узварухнуцца і ў гэтым напрамку папраца­ваць”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэн­ка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як складваецца эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі і якія прагнозы па каранавірусе і іншых інфекцыйных захворваннях на найбліжэйшыя дні і тыдні. “Справа не толькі ў гэтым каранавірусе, у нас больш праблем з іншымі хваробамі. Якія меры прымаюцца для прадухілення новых выпадкаў завозу ў Беларусь розных вірусаў?” — спытаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі пражывае шмат замежных грама­дзян, напрыклад, студэнтаў і супрацоўнікаў замежных прадпрыемстваў. “Ці ахоплены яны паўнацэнным медыцынскім наглядам і лячэннем, як гэта было са студэнтам з Ірана, які, на шчасце, пераадолеў усе гэтыя вірусы і сёння выпісаны?” — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Асобна ён закрануў работу беларускіх урачоў, падкрэсліўшы, што медыцынскі персанал павінен быць забяспечаны ўсім неабходным і матэрыяльна падтрыманы за нялёгкую, у тым ліку пазаўрочную, работу. У той жа час прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў гэтай сферы праблем няма.

“У Беларусі няма ніводнай смерці ад каранавіруса”

“У канцы зімы — пачатку вясны ў Белару­сі, як і ва ўсім свеце, ідзе пад’ём сезонных інфекцый. Мяне гэта больш за ўсё непакоіць. Гаворка ў гэтым выпадку не аб каранавірусе, а аб прывычных для нас вострых рэспіраторных інфекцыях, уключаючы грып. Самае небяспечнае, што можа здарыцца ў выніку гэтых вірусаў, — гэта пнеўманія”, — заўважыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя параўнальнай статыстыкі за мінулы і гэты гады па колькасці смяротных выпадкаў у выніку пнеўманіі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэн­кі, у 2019 годзе за студзень — люты такіх выпадкаў было 196, цяпер — 138. Усяго з-за захворванняў органаў дыхання за першыя два месяцы мінулага года загінулі 498 чалавек, у пачатку гэтага года — 328.

“Пры гэтым асабліва падкрэсліваю: ні адной смерці пры пацверджанай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма. Дзякуй богу. Хачу пачуць дакладна і па сутнасці, як мы будзем працаваць далей, каб хворых было як мага менш і ўсе яны вылечыліся ад любой інфекцыі”, — сказаў прэзідэнт і перадаў слова міністру аховы здароўя.

Паводле слоў Уладзіміра Караніка, у Беларусі прытрымліваюцца рызыка-арыентаванага падыходу на аснове аналізу існуючых рызык і прагназавання развіцця сітуацыі. “Гэта не першая і не апошняя эпідэмія ў нашым жыцці, таму мы, зыходзячы з мінулага вопыту, прагназуем і параметры развіцця, і цяжкасць наступстваў, і меры, якія накіраваны на тое, каб мінімізаваць урон ад гэтай эпідэміі”, — сказаў ён.

Ён таксама адзначыў, што, дзякуючы развіццю айчыннай школы лабараторнай дыягностыкі, у Беларусі хутка ўдалося наладзіць вытворчасць уласных тэстаў на выяў­ленне каранавіруса. “Калі СААЗ апублікавала РНК віруса, наш тэст быў зроблены на працягу тыдня”, — заявіў міністр.

“Не трэба залішне каранцініць, таму што гэта вынікаў не дае”

Заслухоўваючы даклад, прэзідэнт растлумачыў, чаму ў краіне і школах не ўводзяць каранцін з-за каранавіруса.

“Усіх, хто едзе з-за мяжы, мы бяром на кантроль. Самае малое падазрэнне, кашляе ці чхае — мы адразу ж тэсціруем. Калі раптам лабараторна пацверджана, мы адразу ўсе кантакты пачынаем знаходзіць і ізаля­ваць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І я прааналізаваў усе гэтыя факты: там, дзе мы, перастрахаваўшыся, пачалі збіраць людзей і каранцініць, ні адзін не быў хворы. Усе аказаліся здаровымі. І вось таму кітайцы нам гавораць: не трэба залішне каранцініць, таму што гэта вынікаў не дае. І наш вопыт пацвярджае: за трыма тысячамі чалавек наглядалі — тры тысячы здаровыя”. Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі не будуць спрашчаць падыходы да барацьбы з каранавірусам.

Прэзідэнт успомніў пра першы выяўлены выпадак каранавіруса ў Беларусі: інфекцыю выявілі ў іранскага студэнта з БНТУ. У хуткім часе прынялі рашэнне ўвесці каранцін ва ўстанове, нягледзячы на тое, што ў маладога чалавека на той момант прыкмет каранавіруса яшчэ не было. “Калі нехта пачынае панікаваць, пачынаюць прымаць незразумелыя меры”, — пракаменціраваў сітуацыю кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што задача Міністэрства аховы здароўя ў першую чаргу — у лячэнні людзей. “Глядзіце за людзьмі. А тых, хто будзе закрываць-адкрываць, у нас хапае”, — дадаў ён.

Прэзідэнт таксама выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікул. “Калі бацькі баяцца — не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. На яго думку, калі ў школах аб’явіць канікулы, гэта толькі абвострыць сітуацыю, паколькі дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, іх імунітэт спраўляецца з інфекцыяй, паедуць да бабуль. А пажылыя людзі, наадварот, знаходзяцца ў групе рызыкі. “Мы ж загубім старых людзей! Таму не трэба нічога рабіць. Устаноўлена з 30 сакавіка канікулы — будуць з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблем. А калі мы яшчэ навучым дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак своечасова мыць рукі і дэзынфіцыравацца, маску надзяваць, наогул будзе добра. Грамадства пачало ўжо да гэтага прывыкаць. Навошта мы робім непатрэбныя дзеянні там, дзе ў іх няма неабходнасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Няма неабходнасці і ў закрыцці граніц, перакананы Аляксандр Лукашэнка. А вось кантроль на іх слабець не павінен, падкрэсліў ён.