Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ад стану спраў у аграпрамысловым комплексе ў многім залежаць дабрабыт і сацыяльна–палітычная стабільнасць у краіне”

- 9:47Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з эканамічнай падкрэслівае і палітычную значнасць сельскай гаспадаркі. Пра гэта ён заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны.

“Сельскагаспадарчая вытворчасць ужо даўно выйшла за рамкі яе разгляду выключна як часткі эканомікі. Харчаванне — гэта палітыка і ўнутраная, і знешняя. Таму стаўка на развіты аграрны сектар як на адзін з прыярытэтаў развіцця краіны яшчэ на досвітку нашай незалежнасці была правільнай. Цяпер ужо ніхто з гэтым не спрачаецца. Ад стану спраў у аграпрамысловым комплексе ў многім залежаць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь паўнацэнна забяспечвае ўласную харчовую бяспеку, што з’яўляецца найважнейшым фактарам незалежнасці.

“Уявіце, калі б у нас не было прадуктаў харчавання і адзення — самых неабходных для народа. Якая была б у нас незалежнасць, і дзе мы сёння былі б?” — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер па вытворчасці і спажыванні большасці відаў сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва Беларусь істотна перасягае іншыя краіны СНД. Валютная выручка ад рэалізацыі айчынных прадуктаў харчавання за 2017 год склала амаль $5 млрд. “Аднак задача па дасягненні паказчыка $7 млрд не знята”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

У мінулым годзе атрыманы добры ўраджай збожжа, рапсу, цукровых буракоў. Сфарміравана нядрэнная сыравінная база. У цэлым за 2017 год дасягнуты прырост у параўнанні з папярэднім па асноўных паказчыках вытворчасці і экспарту сельгаспрадукцыі. “Але сёння размову трэба весці не пра поспехі аграрыяў, а пра існуючыя праблемныя пытанні, вырашэнне якіх дазволіць выйсці на больш высокія рубяжы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэспубліканскі семінар-нарада з’яўляецца лагічным прадаўжэннем практыкі сістэмнага і аб’ектыўнага аналізу работы канкрэтных галін эканомікі ў мэтах павышэння іх эфектыўнасці ў сучасных умовах і павелічэння іх укладу ў сукупны нацыянальны даход.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць выканання неабходных тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы для атрымання добрых эканамічных вынікаў. “Гаворыце, што патрэбна дыктатура тэхналогій? Яна будзе. У форме заканадаўчага акта. І такі заканадаўчы акт ураду трэба падрыхтаваць. І адказнасць за рэалізацыю кожнага яго палажэння”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Калі вы скажаце, што гэта не рыначна, я вам скажу: “Ой як рыначна!” Таму што дзяржава адказвае за ўрадлівасць зямлі, перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы. У сельскай гаспадарцы галоўная задача дзяржавы і ўсіх вас — урадлівасць зямлі”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні вытворчасці, у прыватнасці, на спецыялізацыю рэгіёнаў і сельгасарганізацый. “У шэрагу рэгіёнаў яшчэ не забяспечваецца сяўба плошчаў у адпаведнасці з навукова абгрунтаванай структурай, — канстатаваў ён. — І наогул, пытанні севазвароту — гэта, на жаль, забытая тэма”.

Адзначаецца змяншэнне аб’ёмаў унясення мінеральных угнаенняў, правядзення ахоўных мерапрыемстваў на пасевах, што ў канчатковым выніку не дазваляе атрымаць запланаваны ўраджай і вядзе да недахопу кармоў для жывёлагадоўлі, зніжэння ўрадлівасці глеб і іншых негатыўных з’яў.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад аблвыканкамаў на практыцы дакладна прытрымлівацца навукова абгрунтаванай структуры пасяўных плошчаў і арыентавацца на сваю спецыялізацыю.

“Усім пара прывыкнуць да думкі, што сельскагаспадарчая вытворчасць — гэта бізнес, а не сацыяльны праект”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нізкую эфектыўнасць эканомікі галіны прэзідэнт назваў адной з галоўных праблем. “Прама скажу, у нас пакуль слаба вядзецца работа па фінансавым аздараўленні сельгасарганізацый: колькасць стратных скарачаецца вельмі маруднымі тэмпамі”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Два гады назад указам аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Беларусі старшыням райвыканкамаў пастаўлена задача ўзяць пад кантроль стратныя прадпрыемствы і забяспечыць іх эфектыўную, а значыць, бясстратную работу. “Мае паездкі па рэгіёнах выявілі максімум тры-чатыры гаспадаркі ў раёне, якія падлягаюць такому кантролю з боку райвыканкама, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У канцы года даложыце вынікі. Пакуль іх я не бачу”.

Прэзідэнт запатрабаваў ад губернатараў практычнай рэалізацыі прынятых рашэнняў па аздараўленні эканамічна неплацежаздольных гаспадарак, а ад Мінсельгасхарча — усяго аграпрамысловага комплексу.

“Крыніцы росту ў аграрнай сферы павінны быць выключна ў павышэнні эфектыўнасці выкарыстання прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў. Гэта азбука для кіруючага работніка. Запатрабаванне будзе ў першую чаргу за вынік. Іншых падыходаў у ацэнцы рэгіёнаў і кадраў больш не будзе”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.