Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Адной з асноўных умоў дабрабыту любой дзяржавы ва ўсе часы было надзейнае забеспячэнне яе нацыянальнай бяспекі”

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Надзейнае гарантаванне нацыянальнай бяспекі па-ранейшаму з’яўляецца адной з асноўных умоў дабрабыту любой дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка, выступаючы ў Доме афіцэраў на аператыўным зборы каманднага складу Узброеных Сіл.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта першая сустрэча ў такім фармаце пасля праведзеных у краіне прэзідэнцкіх выбараў. “Вынікі народнага волевыяўлення пацвердзілі давер грамадства да дзеючай улады і тым самым прадвызначылі стратэгічны курс развіцця Беларусі на найбліжэйшую будучыню”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
“Адной з асноўных умоў дабрабыту любой дзяржавы ва ўсе часы было надзейнае гарантаванне яе нацыянальнай бяспекі. Цяпер гэты тэзіс як ніколі актуальны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Сёння мы з вамі з’яўляемся сведкамі геапалітычных працэсаў перадзелу сфер уплыву, якія непазбежна вядуць да трансфармацыі існуючай сістэмы міжнароднай бяспекі”.
Прэзідэнт закрануў тэму стварэння і развіцця ААН, якая была заснавана пасля Другой сусветнай вайны з мэтай падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
“І на той час ААН як вяршэнства сістэмы, якая склалася пасля Вялікай Айчыннай вайны, адпавядала сітуацыі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Савецкі Саюз выйшаў з вайны асноўным пераможцам. Здаецца, не прайграўшымі аказаліся і Злучаныя Штаты Амерыкі, і Вялікабрытанія. Зразумела, што Савецкі Саюз быў спустошаны і не было неабходнасці далейшага руху па шляху Вялікай Перамогі. Заходнікі і іншыя разумелі, што перад імі стаіць вельмі магутная сіла, далейшага сутыкнення быць не павінна. Сілы былі ўраўнаважаны. Селі за стол перагавораў, дамовіліся і стварылі адпаведную сістэму бяспекі, цэнтрам якой стала ААН. Тады свет быў ураўнаважаны ў выніку страшэннай і кровапралітнай вайны”.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: “Сёння мы назіраем працэс таго ж разбалансавання абстаноўкі і сітуацыі. Знік Савецкі Саюз, і ўсё на нашых вачах адбывалася, мы гэта ведалі, мы гэта бачылі. І помню тут, у гэтай зале, літаральна праз год пасля выбрання прэзідэнтам, у сярэдзіне 90-х, я ад вашага імя заявіў аб тым, што нам трэба быць гатовымі абараняць сваю Айчыну. Мы заявілі аб непрымальнасці парушэння норм міжнароднага права і руху НАТА на Усход. Мы першыя аб гэтым загаварылі. Справа зусім не ў беларускай дыктатуры і не ў тым, што мы камусьці не падабаемся. Справа ў тым, што мы з таго часу ужо на працягу 20 гадоў займаем пэўную пазіцыю. У нас не было ні віхлянняў, ні крыўлянняў, як гэта было ва ўсіх постсавецкіх рэспублік — ва ўсіх без выключэння. Мы былі абсалютна шчырымі і абсалютна сумленнымі і перад сваім народам, і перад нашымі партнёрамі, і, можа, верагодным праціўнікам. Вось з таго часу нас пачалі абвінавачваць і ў дыктатуры, і ў спробах адраджэння Савецкага Саюза. І што мы бачым праз 20 гадоў? Мы бачым тое, што было, прабачце, прадказана тады, у сярэдзіне 90-х”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтая сістэма стрымлівання проціваг крайне разбалансавана. “І вельмі не хацелася б, каб новая сістэма бяспекі ў свеце ўзнікла ў выніку крывавай бойні. Не хацелася б яшчэ і таму, што гэта будзе не тая бойня, якая была ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Гэта будзе вайна з прымяненнем ядзернай зброі. Нам гэта абсалютна не патрэбна, як і любому іншаму народу, які жыве на гэтай планеце”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што на нядаўнім саміце ААН па ўстойлівым развіцці была адкрыта выказана пазіцыя Рэспублікі Беларусь адносна палітыкі так званых уладных людзей. У сваім імкненні да дамінавання любымі сродкамі і спосабамі яны часта пераходзяць рысу нацыянальнага эгаізму, дапускаюць дзеянні, здольныя паставіць свет на мяжу глабальнага ваеннага канфлікту, лічыць прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, існуючыя геапалітычныя рэаліі аказваюць непасрэдны ўплыў на Беларусь. “У сувязі з гэтым трэба спыніцца на шэрагу негатыўных тэндэнцый, якія нясуць у сабе рызыкі і выклікі нашай нацыянальнай бяспецы, а значыць, патрабуюць асаблівай увагі і адэкватнага рэагавання, — адзначыў прэзідэнт. — Пры гэтым вельмі важна ўлічваць асаблівасці развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне”.
“Перш за ўсё нашу краіну не можа не закранаць крызіс ва Украіне, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Мы ведаем рэжысёраў і рэальных удзельнікаў учыненага там дзяржаўнага перавароту і распачатай пасля гэтага вайны”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што захоўваецца патэнцыял і актыўнасць радыкальных нацыяналістычных груповак, якія то тут, то там імкнуцца сілавымі метадамі змагацца за перадзел сфер уплыву ў бізнесе. Расце злачыннасць і некантралюемае распаўсюджванне зброі. Адзначаюцца спробы яе ўвозу на нашу тэрыторыю.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што відавочная знешнепалітычная пераарыентацыя нашай паўднёвай суседкі ў бок Захаду можа прывесці да размяшчэння на яе тэрыторыі замежных воінскіх кантынгентаў.
Кіраўнік дзяржавы лічыць відавочным няздольнасць і нежаданне лідараў вядучых дзяржаў несці адказнасць за свае рашэнні. На яго думку, прыкладаў гэтага дастаткова. “Пад фальшывымі лозунгамі аб пагрозах сусветнай супольнасці і надуманымі прычынамі для пашырэння дэмакратыі знішчаны Ірак і Лівія. Паўночная Афрыка і Блізкі Усход ахоплены хаосам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, беспрэцэдэнтныя па сваёй тонкасці крокі прымаюцца супраць Сірыі. Такім чынам, відавочна, што двайныя стандарты нязменна дамінуюць у сусветнай палітыцы.
Як канстатаваў Прэзідэнт Беларусі, вынікі такой дэмакратызацыі сумна вядомы. Сёння мільёны мігрантаў рынуліся на еўрапейскі кантынент, што стала найвастрэйшай міжнароднай праблемай.

Для Беларусі вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асаблівую трывогу выклікае падаграваемая звонку нацэленасць Кіева на канфрантацыю з Масквой. “Гэта ўжо замацавана на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, у новай рэдакцыі ўкраінскай ваеннай дактрыны Расія называецца ваенным праціўнікам”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён лічыць, што фактычна ўпершыню на постсавецкай прасторы існуе канфлікт, развіццё якога ўплывае непасрэдна на бяспеку Беларусі. “У гэтых умовах для нас вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам. Пры любым развіцці сітуацыі мы не павінны быць уцягнутымі ў іх процістаянне”, — перакананы прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што актыўны і рацыянальны ўдзел Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу па заслугах ацэнены і падтрыманы сусветнай супольнасцю. Прэзідэнт, які адказвае непасрэдна за бяспеку краіны, паабяцаў прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць гэтыя пазіцыі, перш за ўсё зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.

Асноўны дэстабілізуючы ўплыў на бяспеку ў Еўропе па-ранейшаму аказвае імкненне Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў замацаваць за сабой вядучую ролю ў сучасным светаўладкаванні. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў ходзе аператыўнага збору каманднага складу Узброеных Сіл.
“Менавіта ў гэтым кантэксце трэба разглядаць прагрэсіруючую мілітарызацыю рэгіёна, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Прыкладамі гэтага з’яўляюцца стварэнне аператыўных штабоў НАТА ў краінах Балтыі і Польшчы, нарошчванне ваеннай прысутнасці, у тым ліку амерыканскай ядзернай зброі, у еўрапейскіх дзяржавах”. На думку прэзідэнта, палітычнае кіраўніцтва гэтых краін імкнецца максімальна выкарыстоўваць уяўную пагрозу з Усходу для атрымання дывідэндаў у выглядзе разгортвання дадатковых воінскіх кантынгентаў НАТА, а таксама для мадэрнізацыі існуючых і стварэння новых аб’ектаў ваеннай інфраструктуры. “Вось чаму вельмі важна бачыць украінскі напрамак, таму што на заходнім і паўночна-заходнім напрамку ў нас і так праблем хапае”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўважыў, што такая актыўнасць ЗША па ўдасканаленні свайго ваеннага патэнцыялу парушае існуючы ў рэгіёне баланс сіл. “Гэта не толькі аказвае негатыўны ўплыў на расійска-амерыканскія адносіны, але і з’яўляецца крыніцай ваеннай пагрозы для Беларусі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сучасных умовах неад’емнай часткай дэструктыўнага ўздзеяння на дзяржаву стала інфармацыйная экспансія. “Яна з’яўляецца магутнай зброяй для дасягнення палітычнай, эканамічнай і ваеннай перавагі ў любым супрацьстаянні”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне, Сірыі дэманструюць прыклады актыўнага проціборства на інфармацыйным полі. “Па сваёй інтэнсіўнасці яно не ўступае рэальным баявым дзеянням. Урон, які наносіцца пры гэтым, непараўнальны са стратамі канфліктуючых бакоў у фізічнай просторы, паколькі барацьба вядзецца за свядомасць людзей”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Інфармацыйная прастора Беларусі не з’яўляецца выключэннем, адзначыў прэзідэнт. Чарговая хваля інтэрнэт-атак адчувалася ў час выбарчай кампаніі. “І хоць гэтыя патугі скончыліся поўным правалам, важнасць і значнасць інфармацыйнага проціборства неабходна ўлічваць, асабліва ў сферы ваеннай бяспекі”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён лічыць важным, што, нягледзячы на пералічаныя негатыўныя тэндэнцыі, у Беларусі сёння захоўваецца мір, згода і стабільнасць, у чым ёсць заслуга і афіцэраў.

У Беларусі гатовы праект новай ваеннай дактрыны, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да канца года гэты дакумент павінен быць разгледжаны на пасяджэнні Савета Бяспекі.
Акрамя таго, да канца года запланаваны разгляд новага плана прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў на Вышэйшым дзяржсавеце. “Да яго трэба падысці ўважліва, рэальна ўзважыўшы нашы магчымасці”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Не варта забываць, што мы забяспечваем не толькі свой суверэнітэт, але і цесна ўзаемадзейнічаем, асабліва ў фармаце Саюзнай дзяржавы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
“Наяўнасць саюзнікаў і дружалюбных краін-партнёраў для нас з’яўляецца важным фактарам гарантавання ваеннай бяспекі. Менавіта таму Беларусь разглядае свой удзел у такіх міждзяржаўных структурах як дзейсны фактар стрымлівання ў ваеннай сферы. Аднак работа механізма калектыўнай абароны павінна выбудоўвацца з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Неабходна пастаянна ўдасканальваць сістэму абароны краіны, у тым ліку і тэрытарыяльную, пастанавіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
“Як кіраўнік дзяржавы я не бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню мускуламі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў, — сказаў прэзідэнт. — Не час, і гэтага не патрэбна. Трэба займацца рэальнай абаронай, а не паказушнай. І вось тут мы гатовы з Расіяй на любыя мерапрыемствы”.
“У плане супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам трэба разлічваць перш за ўсё на ўласныя сілы. Ніхто і ніколі нас не расхістае, калі мы самі не створым для гэтага перадумовы”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
“Паглядзіце вакол. Ні адзін сучасны канфлікт не пачынаўся ўварваннем замежных армій на тэрыторыю той ці іншай дзяржавы. Цяпер прымяняюцца больш дасканалыя спосабы ўздзеяння, але сцэнарый адзін і той жа — разваліць дзяржаву знутры, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўная задача ў тым, каб забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу і любой дэстабілізацыі абстаноўкі”.
Ацэньваючы ў цэлым дзейнасць Міністэрства абароны, прэзідэнт адзначыў нармальную дынаміку развіцця Узброеных Сіл. На належным узроўні праведзены вучэнні ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі “Шчыт Саюза-2015” і “Баявая Садружнасць-2015”, высокі ўзровень паказалі сілы спецыяльных аперацый у ходзе вучэнняў АДКБ у Таджыкістане і міратворчага падраздзялення ў Арменіі. Акрамя таго, праведзеныя праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў пацвердзілі высокую здольнасць злучэнняў і часцей да выканання пастаўленых задач. “Гэта галоўны паказчык у ваеннай справе, і яму па-ранейшаму неабходна ўдзяляць першарадную ўвагу”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.