Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Адной з галоўных мэт з’яўляецца фарміраванне адукаванай і здаровай нацыі”

- 12:11Актуально, Апошнія запісы

У Беларусі спорту ўдзяляецца павышаная ўвага, адзначыў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры і сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на развіццё спорту накіроўваюцца значныя дзяржаўныя рэсурсы. Прычым умовы для заняткаў фізкультурай створаны для ўсіх слаёў насельніцтва. Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе спартыўныя залы і комплексы былі заняты з раніцы да вечара. Пры гэтым прыярытэт павінен быць для спартсменаў, а ўжо затым — для жадаючых займацца фізкультурай і спортам.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што спартыўныя федэрацыі і асацыяцыі ў краіне ўзначальваюць кіраўнікі самага высокага рангу, якія могуць поўнасцю кантраляваць працэсы ў відзе спорту, якім яны курыруюць. Як паказала практыка, вынік ад гэтага сапраўды ёсць. Беларусь прымае ў сябе ўсё больш спартыўных мерапрыемстваў сусветнага маштабу. У прыватнасці, паспяхова прайшоў чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе. Беларусь таксама заваявала права прыняць Еўрапейскі алімпійскі фестываль моладзі ў 2019 годзе. Рыхтуюцца заяўкі на правядзенне чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях у 2019 годзе і чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года.
“Вядома, мы чакаем перамог і рэкордаў ад нашых спартсменаў-прафесіяналаў”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе перадумовы для пераходу на новы якасны ўзровень развіцця фізічнай культуры насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адной з галоўных мэт з’яўляецца фарміраванне адукаванай і здаровай нацыі. Для гэтага ў краіне праводзіцца нямала розных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню — “Беларуская лыжня”, “Залатая шайба”, “Скураны мяч”, галіновыя спартакіяды. На рэгіянальным узроўні таксама праводзяцца масавыя спаборніцтвы. Рэгулярна ў абласцях, гарадах, раёнах праходзяць спартыўныя святы, фестывалі і турніры. Людзі бачаць гэтую работу і далучаюцца да фізічнай культуры.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прыярытэтнымі напрамкамі ў фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце павінна стаць развіццё спорту сярод школьнікаў і сельскага насельніцтва. Дадатковы імпульс трэба надаць развіццю масавага спорту ў працоўных калектывах. Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, фізічная актыўнасць грамадзян рэзка зніжаецца пасля 23 гадоў, гэта значыць з прыходам пасля заканчэння ВНУ на работу.
Акрамя таго, рэспубліканскія галіновыя фізкультурна-спартыўныя клубы маюць патрэбу ў больш цесным супрацоўніцтве з міністэрствамі і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, лічыць прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду вызначыцца з тым, дзе неабходна пакінуць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, колькі ў іх павінна быць спецыялістаў і колькі там будзе займацца дзяцей. Сёння ў Беларусі каля 500 ДЮСШ. “Вялікіх спартсменаў там выдалі на-гара? Нават калі б па адным са школы штогод — нам не было б куды дзяваць спартсменаў. Гэтага няма. Таму што дзіцяча-юнацкія школы не працуюць. Трэнеры быццам там ёсць, але яны не маюць нармальнага грашовага забеспячэння. Не ва ўсіх, але ў асобных школах — гэта дакладна — няма зарплаты, але там і работы няма”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і спартсмены, і трэнеры ў Беларусі могуць разлічваць на высокую аплату працы, калі дасягаюць значных вынікаў. Пры гэтым выключна важна стварыць умовы для нармальнай работы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. “Разам са звычайнымі ўрокамі фізкультуры гэта магчымасць заахвоціць дзіця да здаровага ладу жыцця і знайсці зорачак, якія калі-небудзь будуць ярка ззяць на спартыўным небасхіле, заваёўваючы прызавыя месцы на чэмпіянатах Еўропы, свету і Алімпійскіх гульнях”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах фарміруецца характар будучых спартсменаў, дадаў прэзідэнт. “Пра гэта чамусьці мала гавораць, пішуць і здымаюць. Рэклама дзіцячага спорту і здаровага ладу жыцця павінна быць па-добраму агрэсіўнай, каб дзіця, малады чалавек паглядзелі адзін раз і ў іх узнікла жаданне паўтарыць тое, што зрабілі вялікія спартсмены”, — лічыць прэзідэнт.
Прэзідэнт запатрабаваў перагледзець існуючыя падыходы да развіцця студэнцкага спорту.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Міністэрству адукацыі трэба планамерна займацца пераўтварэннямі ў гэтай сферы, каб дзейнасць Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту прыносіла рэальную карысць краіне. На яго думку, выправіць негатыўныя тэндэнцыі могуць сапраўдныя прафесіяналы — спартыўныя менеджары і маркетолагі, вучоныя, трэнеры. “Перад вамі стаяць адказныя задачы, на выкананне якіх павінен быць накіраваны ўвесь навуковы, творчы і кадравы патэнцыял галіны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, ад якасці падрыхтоўкі кадраў у адзінай профільнай ВНУ краіны залежыць эфектыўнасць усёй піраміды спорту. Менавіта перад універсітэтам стаіць задача падрыхтоўкі спецыялістаў адпаведных прафесій, тых, хто будзе запатрабаваны пераважна ў нашай краіне. “Кіраўніцтву спартыўнай галіны павінна быць сорамна, калі дыпламаваныя спецыялісты вымушаны шукаць сябе ў іншых сферах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Лічу, што менавіта ваша ВНУ павінна задаваць тон усёй спартыўнай адукацыі і спартыўнай навуцы. Дзейнічаючы ў пастаянным кантакце з нацыянальнымі камандамі, універсітэт павінен напаўняць спорт перадавымі даследаваннямі. Без іх немагчыма ні адна перамога на высокім спартыўным узроўні”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ў кожным відзе спорту павінна ажыццяўляцца пастаянная сувязь паміж тэорыяй і практыкай.
Асаблівую значнасць маюць падрыхтоўка дастойнай маладой змены спартсменаў, адбор і выхаванне таленавітай і мэтанакіраванай моладзі, дадаў прэзідэнт.
“У нас ёсць усе складнікі спартыўнага поспеху — нармальная інфраструктура, прафесійныя трэнеры, таленавітыя дзеці. Новыя спартыўныя аб’екты павінны стаць домам для нацыянальных каманд па відах спорту”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, гэтыя спартыўныя збудаванні павінны быць задзейнічаны пастаянна. Важна забяспечыць шырокі доступ да спартыўнай інфраструктуры ўсіх слаёў насельніцтва — спартыўныя аб’екты не павінны прастойваць.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ва ўніверсітэце асаблівае значэнне павінна ўдзяляцца патрыятычнаму выхаванню спартсменаў і трэнераў. Паводле яго слоў, перамагаючы на арэнах, спартсмены робяць вельмі шмат для іміджу краіны. “Невыпадкова спорт называюць лепшай формай для развіцця добрасуседства і ўзаемаразумення паміж дзяржавамі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба дабівацца кардынальнага ўздыму прафесійнага спорту, каб на справе пацвярджаць рэпутацыю Беларусі як спартыўнай дзяржавы сусветнага ўзроўню.
У час сустрэчы са спартсменамі Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто дае вынік. Будзе вынік — будзе падтрымка, заявіў ён.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая Пятрова, БелТА.