Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў новы план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі для разгляду на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. План, які будзе дзейнічаць у будучай пяцігодцы, прадстаўлены кіраўніку дзяржавы міністрам абароны Андрэем Раўковым.
Новы пяцігадовы план падлягае зацвярджэнню на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета, дзе старшынствуе Прэзідэнт Беларусі. Гэта будзе адно з цэнтральных пытанняў парадку дня. Чакаецца, што план уступіць у сілу ў студзені будучага года.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі ён улічвае новыя тэндэнцыі, змяненні сітуацыі вакол Беларусі. На думку кіраўніка дзяржавы, пытанне неабходна разглядаць у кантэксце ўзаемаадносін на постсавецкай прасторы, дзе функцыянуюць тры буйныя інтэграцыйныя аб’яднанні (СНД, ЕАЭС і Саюзная дзяржава), а таксама развіцця сітуацыі ў сумежных дзяржавах. “Усім вядома, што ва Украіне робіцца, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з гэтым не можам не лічыцца”. Ён дадаў, што даводзіцца ўлічваць існуючую там сітуацыю, паток нелегалаў, зброі і г.д.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на тое, што адбываецца каля заходніх рубяжоў Беларусі, дзе назіраецца ўзмацненне групоўкі Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА), у прыватнасці ваенна-паветранага і наземнага складніка. “Мы таксама гэта ведаем. Мы ведаем аб пашырэнні сістэмы ПРА Злучаных Штатаў Амерыкі на Захадзе, ведаем таксама аб нейкіх задумах па ядзернай зброі. Усё гэта нам давядзецца ўлічваць”, — сказаў прэзідэнт.
Як было даложана кіраўніку дзяржавы, змяненні знешняга становішча былі максімальна ўлічаны ў плане. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тым, як прадстаўлены інтарэсы і падыходы Беларусі ў арганізацыі, будаўніцтве і прымяненні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Прэзідэнту таксама было даложана аб змяненнях, якія прапануе ўнесці ў новы план Расія.