Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі”

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Роля прадстаўнікоў творчых прафесій у жыцці краіны высокая і адказная. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з творчай моладдзю, што прайшла ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.

“Усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб’ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават большая, чым вы самі гэта ўсведамляеце”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку прэзідэнта, сённяшняе мерапрыемства — унікальная падзея, паколькі з маладымі творчымі людзьмі, асабліва ў фармаце адкрытай размовы, яму ўдаецца бачыцца нячаста. “Можа здацца, што культуры і мастацтву дзяржава ўдзяляе менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. Адразу скажу: гэта не так. Зроблена для вас многае, а што тычыцца таго, каб чалавек мог ствараць, — для вас зроблена ўсё”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў моладзі ёсць дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. “Астатняе — у вашых руках”, — заўважыў ён.

“Сустрэчы з моладдзю для мяне вельмі каштоўныя. Яны даюць магчымасць убачыць будучыню нашай дзяржавы. Вам яе ствараць, удасканальваць і ахоўваць. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра, — заявіў прэзідэнт. — Дзе б вы ні праявілі сябе — у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы — вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі”.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта дастойны і адказны шлях — весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага. “Важна не звярнуць на дарогу лёгкай славы і бяздумнага пераймання”, — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў час размовы падкрэсліў, што важна ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя беларусы, прыцягнуць туды замежных паклоннікаў высокага мастацтва, паказаць ім вытокі вялікіх твораў, якія сталі сусветнымі, і падарыць людзям свята.

“Трэба ўзнімаць нацыянальны здабытак, успамінаць тыя вялікія імёны. Галоўнае — успомніць аб сваім здабытку не толькі на словах, але і на справе”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Ад міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, а таксама сродкаў масавай інфармацыі я чакаю канкрэтных праграм дзеянняў, якія паставяць кропку ў гэтай тэме. Больш не трэба будзе тлумачыць, як гэта важна для нас жа саміх — любіць свой народ і сваю краіну. Як гаворыцца, шчаслівы той, хто знайшоў скарбы ў сабе”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. “Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех — гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучыня краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У тэатры прэзідэнт наведаў выставу — прэзентацыю работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў прадстаўленыя дасягненні. Паводле яго слоў, выстава яскрава паказала эстэтычныя грані мастацтва.

“Але ёсць і іншыя. На жаль, чалавек лягчэй успрымае негатыўную інфармацыю. Менавіта на гэтым часцей за ўсё робяць сабе імя пасрэдныя асобы, паколькі гэта самы хуткі і просты спосаб звярнуць на сябе ўвагу. Таму ён такі спакуслівы і небяспечны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасным грамадстве папулярныя або набіраюць шмат праглядаў хіты, якія складана аднесці да мастацтва. “Нават мне нязручна некаторыя рэчы паўтараць у гэтай аўдыторыі, тое, што мы бачым асабліва ў інтэрнэце. На жаль, вось так мы літаральна за дваццаць з нечым гадоў перавярнулі ўсё грамадства і лічылі, што гэта лепш, гэта свабода. Вось атрымалі вынік. Таму для мяне вельмі каштоўная ваша творчасць, яна не такая”, — прызнаўся прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ўсе дзяржавы і нацыі перыядычна праходзяць праз выпрабаванне так званай чарнухай. “Тэрмін непрыгожы, але такая яго сутнасць. Як гэта працуе, вы ў поўнай меры адчулі на сабе і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і цяпер па асобных напрамках. На жаль, лепш не стала. І менавіта з гэтай прымітыўнай культуры пачаўся распад моцнай дзяржавы”, — звярнуўся да гісторыі кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапаганда амаральнасці, скажэнне гісторыі, нецэнзурная лексіка, празмерны натуралізм сцэн лютасці і насілля ў літаратуры, кіно і драматургіі не былі вынаходкай таго часу. Песімістычнае, страшнае, шакіруючае мастацтва існавала заўсёды і часта разбурала цэлыя цывілізацыі знутры.

У Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, людзі самі ледзь не сталі сведкамі таго, як пагарда да мінулага, адмаўленне сучаснага і нявер’е ў будучыню прыводзяць да самазнішчэння нацыі. “Былі страчаны ідэалы, пачуццё ўласнай годнасці, вера ў сябе, а з імі — сіла, незалежнасць, бяспека краіны, як унутраная, так і знешняя”, — сказаў прэзідэнт.

Каб пераламаць гэтую сітуацыю, у Беларусі зрабілі ўсё для таго, каб захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі і выхаваць на ёй новыя пакаленні.

“Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс “Еўрабачанне”, пра які ў Беларусі шмат гавораць. “Гэта, вядома, папулярнае прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Міжнародныя тэатральныя форумы, якія праводзяцца ў краіне, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.

Асабліва важна, лічыць прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы. “Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі. І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэтую забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх — цаніць”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. “І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна — наша родная зямля — натхняе і дае сілы”, — заявіў прэзідэнт.

“Так, нашы ззяюць за мяжой, і мы не ўсіх іх ведаем. Але трэба разумець, што, калі б яны не загарэліся тут, яны там не заззялі б і не ззялі. Таму не трэба забываць вось гэтую сувязь, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Не дрэнна, што яны там ззяюць, дрэнна, што мы пра іх даведваемся адтуль, а не тут, спачатку”.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія артысты павінны быць вядомы і за мяжой. “Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы”, — сказаў ён.

“Я веру, што, дзякуючы вашым пошукам і поспехам, Беларусь перастане быць у сучаснай культуры terra incognita. Для гэтага трэба імкнуцца дарыць сваё мастацтва ўсяму свету, бо яно існуе па-за геаграфічнымі і палітычнымі межамі, яно інтэрнацыянальнае”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да творчай моладзі ў час сустрэчы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што перад маладымі талентамі адкрываецца шмат магчымасцей, у краіне толькі рады, калі прадстаўнікі беларускай творчай эліты знаходзяць прызнанне ў тым ліку і за мяжой, але пажадана, каб у першую чаргу прызнанне таленты атрымлівалі менавіта на радзіме.

“У Беларусі ж створаны ўмовы для старту таленавітай моладзі. Захаваны школы прафесійнага майстэрства, у якіх паспяхова выкладаюць знакамітыя педагогі. Праводзяцца конкурсы і фестывалі. Штосьці, магчыма, і ўпусцілі. Хочацца зразумець, у чым мы з дзяржаўнай пазіцыі не дапрацавалі. Ці ўсё ж нешта не так з нашым самаўспрыманнем, паважаннем сябе як нацыі?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы часта становяцца пераможцамі міжнародных фестываляў, у краіне праводзіцца шмат нацыянальных конкурсаў, у іх ліку тэлепраекты “Я спяваю”, “Акадэмія талентаў”, “Талент краіны”.

“Як толькі тэлевізар выключылі, дзе гэтыя таленты? Чаму іх не відаць цяпер? Чаму яны не гараць, як зоркі? Яны, калі і зоркі, толькі ў сваім успрыманні: самі сябе называюць зоркамі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Толькі адзінкі далей атрымліваюць развіццё. У чым справа?”

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў удасканаліць сістэму выяўлення таленавітых маладых людзей у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што дзяржава здольна прадаставіць адораным маладым людзям, напрыклад, дарагія музычныя інструменты. “Важна вызначыць здольных, таленавітых людзей, якім трэба дапамагчы”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Такая сістэма адбору ў мастацтве, спорце — самае складанае, дадаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што хварэе гэтай тэмай і запатрабаваў прымаць усе меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным. “Гэта галоўнае. Такі першапачатковы штуршок патрэбны, каб чалавек паверыў у сябе і змог далей ісці па жыцці”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ёсць усе інструменты для падтрымкі, у тым ліку фонды, куды дзяржава не шкадуе грошай.