Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Адставаць нам недапушчальна”

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад эканамічнага блока краіны дакладнага бачання кропак росту нацыянальнай эканомікі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, заслухоўваючы даклад урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб ацэнцы вынікаў 2018 года і праектах прагнозных дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2019 год.

Пра здольнасць эканомікі адказваць на глабальныя выклікі

“Пройдзены экватар бягучай пяцігодкі. З аднаго боку, эканоміка расце практычна па ўсіх галінах. Ёсць адносная цэнавая стабільнасць, павялічваюцца даходы насельніцтва, па меры магчымасцей падтрымліваем пенсіянераў, складваецца прафіцыт у знешнім гандлі, што камусьці здавалася немагчымым яшчэ дзесяць гадоў наза­д”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэн­ка.

Аднак ні ў каго не павінна ўзні­каць ілюзіі поспеху, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Добрыя паказчыкі дэманструюць многія краіны рэгіёна. “А значыць, мы толькі своечасова карыстаемся магчымасцямі чарговай хвалі цыклічнага, кан’юнктурнага росту. Але ён, зразумела, не бясконцы, — адзначыў прэзідэнт. — Шчыра кажучы, вельмі насцярожвае тое, што асноўныя трэнды нашай эканомікі пайшлі апошнім часам уніз і Беларусь зноў уваходзіць у зону развіцця з ніжэйшымі за сярэднесусветныя тэмпамі. Адставаць нам недапушчальна”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ні эканамічныя, ні сацыяльныя задачы не выра­шыць без упэўненага і ў добрым сэнсе агрэсіўнага росту. “Але разглядаць прагнозныя дакументы трэба яшчэ шырэй. Наш дабрабыт залежыць у тым ліку і ад здольнасці эканомікі адказваць на глабальныя выклікі, якіх сёння нямала”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, санкцыйныя рэжымы, геапалітычная нестабільнасць, гандлёвыя войны — гэта ўжо новая “нармальнасць”.

Пра кропкі росту і стрымліваючыя фактары

Ацэньваючы сумарны доўг усіх дзяржаў, які перасягнуў палову сусветнага ВУП, Міжнародны валютны фонд прагназуе верагоднасць новага фінансавага крызісу. “Таму сёння ад прэм’ер-міністра хацеў бы па­чуць, якія кропкі росту ўрад бачыць на 2019 год, на чым бу­дзе пабудавана ўстойлівая і канкурэнтаздольная эканоміка з узроўнем ВУП не менш як $100 млрд. (такую амбіцыйную задачу мы паставілі перад сабой у перспектыве)”, — абазначыў пытанні прэзідэнт. — Міжнародныя эксперты і вучоныя лічаць, што патэнцыял, перш за ўсё чалавечы — і гэта галоўнае, у нас ёсць. Раз ёсць людзі, кадры, здольныя рэалізоўваць гэтую задачу, значыць, мы яе можам вырашыць. Аднак захоўваюцца стрымліваючыя фактары, і я не бачу ў прагнозных дакументах дзеянняў для іх устаранення”.

Перш за ўсё, растлумачыў ён, размова ідзе аб пытаннях незбалансаванасці бягучага рахунку плацежнага балансу, а таксама аб сур’ёзнай залежнасці экспарту ад аднаго рынку.

“Відаць, урад спрабуе плаўна абысці і праблему неэфектыўных прадпрыемстваў, якую міністры, ды і губернатары, прывыклі закрываць бюджэтнымі грашыма. Акрамя таго, практычна спынілася работа па стварэнні лепшых умоў для інвестыцый. Яна патанае ў агульных разважаннях і нейкай бюракратыі, а на практыцы нічога сур’ёзнага не прапанавана”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Парк высокіх тэхналогій, дзе вывучылі патрэбнасці
ІТ-сферы і прапанавалі замацаваць іх заканадаўча. “Чаму ўрад і мясцовая ўлада не могуць зрабіць гэтак жа? Няўжо яшчэ адна нарада патрэбна?” — спытаў ён.

Пра гатоўнасць да арганічных пераўтварэнняў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гандлёвыя войны і крызіс СГА на фоне палітычнай нявызначанасці ў свеце пазбаўляюць фінансавых інвестараў цікавасці да рызыкі і мо­гуць справакаваць адток капіталу ў так званыя ціхія гавані. У такой нявызначанасці ўраду асабліва важна мець дакладныя планы і разуменне, як і калі краіна выйдзе са стану пікавых выплат па дзяржаўным доўгу, падкрэсліў прэзідэнт.

“Сёння мы павінны разабрацца, дзе прычыны сістэмнага характару, а дзе размова ідзе проста аб адсутнасці дысцыпліны, а можа, разумення таго, што трэба рабіць і як. Гатоўнасць да арганічных пераўтварэнняў і здольнасць мяняцца самім — залог поспеху і канкурэнта­здольнасці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра дзяржбюджэт і абноўлены Падатковы кодэкс

Звяртаючыся да міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і на былых пасадах работа па бюджэтным планаванні была яго зонай адказнасці. “Таму і спагнанне тут будзе адразу, — папярэдзіў прэзідэнт. — Што вы плануеце зрабіць са значным прафіцытам бюджэту на бягучы год?”

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як выкананы патрабаванні па скарачэнні падтрымкі тым прадпрыемствам, кіраўнікі якіх так і не навучыліся працаваць або не хочуць. “Вы яе рэальна скарацілі? Або вырашылі прабачыць даўгі і іх вяртанне нават не ўлічваеце ў даходах бюджэту? — спытаў кіраўнік дзяржавы. — Як павялічана фінансаванне развіцця чалавечага капіталу: здароўе, адукацыя, спорт, культура і г.д.?”

Прэзідэнт адзначыў, што шмат пытанняў выклікае абнаўленне Падатковага кодэкса. “Як мне дакладваюць, у вас не атрымалася зрабіць яго зразумелым, без унутраных супярэчнасцей, а галоўнае — камфортным для людзей і бізнесу. Калі гэта так, то не трэба бударажыць грамадства сырымі і непрапрацаванымі дакументамі. Спакойна трэба дапрацаваць, дашліфаваць дакументы, але строга на тых прынцыпах, як даручана”, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэн­ка.

Пра стымуляванне эканамічнага росту ў 2019 годзе

У кіраўніцтва Нацыянальнага банка Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія плануецца прымаць меры для стымулявання эканамічнага росту ў 2019 го­дзе. “Папрашу без агульных і абцякальных фраз, якімі насычаны банкаўскія дакументы. Чым бу­дзеце нівеліраваць знешнія рызыкі і як падтрымліваць нізкую інфляцыю? — спытаў ён. — Асобна спыніцеся на тым, якія бачыце шляхі змянення структуры золатавалютных рэзерваў і павелічэння долі недаўгавых сродкаў”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што яго здзіўляе перанятая ад папярэдняга складу ўрада беспрынцыповасць у выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы. “Не прайшло і года з моманту маіх заўваг вашым папярэднікам, як па выніках дзевяці месяцаў работы ад новага прэм’ер-міністра атрымліваю пісьмо аналагічнага зместу з просьбай зняць з кантролю ўсё і ўся, амаль паўсотні даручэнняў як выкананыя, хоць да іх выканання далёка”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у той жа час толькі Адміністрацыя прэзідэнта, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржсакратарыят Савета Бяспекі прадставілі шматлікія заўвагі. “Я проста Сяргею Мікалаевічу (прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Заўв.БелТА.) раю ўнікаць у тое, што ён часам падпісвае з падачы сваіх падначаленых, таму што пытанне кантролю за выкананнем уласных даручэнняў у мяне наладжана даволі добра”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы прэм’ер-міністр Сяргей Румас адзначыў, што “сярэдняя заработная плата па годзе павінна скласці ў наступным годзе не менш за Br1025, зарплата ў бюджэтным сектары павінна быць не меншай за 80 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы, значыць, на ўзроў­ні Br820 — гэта ў сярэднім па годзе”.

Паводле яго слоў, урад таксама плануе ў 2019 годзе прадоўжыць збліжэнне мінімальнай зарплаты і мінімальнага спажывецкага бюджэту, каб з 1 сту­дзеня 2020 года гэтыя велічыні зраўнаваліся. “Паводле нашых сённяшніх ацэнак, мінімальная зарплата з 1 студзеня 2020 года складзе Br377”, — дадаў прэм’ер-міністр.

Пытанні, якія разглядаліся на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, тычыліся таксама сітуацыі на валютным рынку, палітыкі цэнаўтварэння, развіцця імпартазамяшчэння, барацьбы з пасрэдніцтвам.

Прэзідэнт у цэлым падтрымаў дакументы, якія ўносяцца на яго разгляд, у тым ліку праекты рэспубліканскага бюджэту і Падатковага кодэкса, даручыў дапрацаваць іх у самыя кароткія тэрміны і ўнесці на разгляд у парламент.