Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую працавітасць таджыкскага народа

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова дапамагаць Таджыкістану ў любы момант. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую працавітасць таджыкскага народа. Ён звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на складаныя ўмовы для земляробства, тут атрымліваюць два ўраджаі збожжа і практычна падышлі да таго, каб задавальняць свае патрэбы. “Гэта вялікае дасягненне”, — лічыць беларускі лідар. Ён выказаў перакананне, што ў такога працавітага народа добрая будучыня.
“Я разумею, што вам складана. Прырода падкідвае розныя сюрпрызы. Вы ведаеце, мы гатовы вам дапамагчы ў любы момант”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Ён адзначыў, што закрытых тэм у беларуска-таджыкскіх адносінах няма. Беларусь адкрыта для развіцця ўзаемадзеяння па шырокім спектры — ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да абараназдольнасці. “Мы гатовы супрацоўнічаць ва ўсіх напрамках, і ўсё, што мы можам, мы заўсёды гатовы рабіць для нашых братоў таджыкаў”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Ведаю, што вы прыкладаеце грандыёзныя намаганні па захаванні бяспекі ў рэгіёне. Гэта няпроста даецца, але вы мужна змагаецеся за мір і спакой у сваёй дзяржаве”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Вы нашы блізкія, родныя браты, і мы, зразумела, павінны рабіць усё, каб ваш народ адчуваў сябе ў бяспецы”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Эмамалі Рахмон звярнуў увагу на тое, што ў Таджыкістане са шчырымі пачуццямі, сімпатыяй ставяцца да беларускага народа. “Нас радуе, што беларуска-таджыкскае ўзаемадзеянне працягвае развівацца ўстойліва, дынамічна”, — сказаў Прэзідэнт Таджыкістана. На яго думку, сустрэчы і перагаворы на найвышэйшым узроўні дэманструюць агульную зацікаўленасць да паступальнага развіцця беларуска-таджыкскіх адносін па ўсім спектры супрацоўніцтва.