Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Атрымаць сваё развіццё павінны ўсе дзяржавы планеты, у тым ліку Беларусь”

Альтэрнатывы рабоце па дасягненні Мэт устойлівага развіцця няма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Марыянай Шчоткінай.

“Некалі Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прыняла адпаведную рэзалюцыю. Мы ўдзельнічалі ў абмеркаванні Мэт устойлівага развіцця да 2030 года і дамовіліся аб тым, што будзем садзейнічаць гэтаму плану Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, тым больш што гэта ў нашых інтарэсах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Альтэрнатывы ў гэтым няма, мэты нармальныя”.

Прэзідэнт адзначыў, што кожная краіна імкнецца дасягнуць Мэт устойлівага развіцця. “Гэта значыць, атрымаць сваё развіццё павінны ўсе дзяржавы планеты, у тым ліку Беларусь”, — дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы спытаў, як будуецца работа ў гэтым напрамку, якія ёсць прапановы па павышэнні яе эфектыўнасці.

Марыяна Шчоткіна адзначыла, што Беларусь актыўна працуе ў гэтым напрамку апошнія некалькі гадоў. У 2020 годзе дасягненні краіны будуць падрабязна прааналізаваны. “Сёння Беларусь займае асаблівае месца ў еўрапейскім рэгіёне, сярод краін СНД і былога Савецкага Саюза, таму што лідзі-руе ў арганізацыі работы па ўстойлівым развіцці”, — падкрэсліла яна.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Марыяны Шчоткінай, якая ўзначальвае Беларускі саюз жанчын, пра стан спраў у грамадскім аб’яднанні. Паводле слоў прэзідэнта, гэтае пытанне таксама для яго важнае, таму што ў краіне перыядычна ўзнімаецца тэма развіцця грамадзянскай супольнасці, асабліва ў так званых ліберальных колах.

“Мы дакладна вызначылі, што такое грамадзянская супольнасць у Беларусі: гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне. А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што назірае збоку за дзейнасцю Беларускага саюза жанчын, аднак хацеў бы падрабязней даведацца пра яго работу з першых вуснаў.

Асобна ў час сустрэчы была закранута рэалізацыя дэкрэта аб садзейнічанні занятасці. Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў кантраляваць гэтае пытанне кіраўніцтву Савета Рэспублікі. “Вы ў тэме. Вы, магчыма, нават лепш, чым хто-небудзь у краіне, ведаеце канцэпцыю гэтага дэкрэта”, — адзначыў беларускі лідар.

Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года дзяржавы — члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату. Беларусь ужо зрабіла шэраг важных крокаў для дасягнення МУР. Урадам адобрана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года. Выбудавана Нацыянальная архітэктура па дасягненні МУР. У яе складзе — Савет па ўстойлівым развіцці, парламенцкая група, а таксама партнёрская група ўстойлівага развіцця.

Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна адзначыла, што Беларускі саюз жанчын будзе актыўней вылучаць свае кандыдатуры на кіраўніцкія пасады.

Паводле слоў Марыяны Шчоткінай, кіраўнік дзяржавы выступае за больш актыўнае вылучэнне жанчын на кіраўніцкія пасады, “тых, хто сёння жадае працаваць, бачыць сябе ў гэтым”. “У нас шмат такіх прадстаўніц”, — адзначыла яна.

Старшыня аб’яднання дадала, што кожнай жанчыне хочацца мець моцную сям’ю і добрую работу, бачыць перспектывы свайго развіцця.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *