Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Азербайджан для нас быў і застаецца надзейным стратэгічным партнёрам”

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Візіт Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Беларусь з’яўляецца новым крокам у выбудоўванні двухбаковых адносін на перспектыву. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі Азербайджан успрымаюць як вельмі дружалюбную, брацкую краіну, з якой добрыя адносіны ўстанавіліся на розных узроўнях.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін. Так, за мінулы перыяд 2018 года ўзаемны тавараабарот вырас амаль у тры з паловай разы да аналагічнага перыяду мінулага года. “Хачу чарговы раз пацвердзіць і запэўніць, што закрытых тэм ніколі ў нашых адносінах не будзе. Мы жылі ў адной дзяржаве. Мы з вамі вельмі блізкія людзі. Карані нашы ідуць у савецкі перыяд. Напэўна, і 10—15 пакаленняў назад нашы суайчыннікі з вашымі мелі добрыя адносіны”, — сказаў прэзідэнт.

Ён цёпла вітаў Ільхама Аліева ў Беларусі. “Я рады, што вы прыехалі да нас. Ёсць пра што пагаварыць. Добрыя ў нас адносіны ва ўсіх сферах — і гандлёва-эканамічныя, і палітычныя, і ў ваеннай галіне. Але ёсць да чаго імкнуцца, і ёсць што дабаўляць да гэтых адносін”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Да пачатку афіцыйных перагавораў Ільхам Аліеў разам з Аляксандрам Лукашэнкам з цікавасцю агледзеў у Палацы Незалежнасці выставу фотаработ, на якіх адлюстраваны найбольш вядомыя выдатныя мясціны краіны.

На перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краін закладзена аснова для шырокай вытворчай кааперацыі. “Дастойны прыклад такой работы прадэманстравалі флагманы беларускага машынабудавання — МТЗ і МАЗ, а таксама Гянджынскі аўтамабільны завод. У Гянджы ўжо сабрана больш за 10 тысяч трактароў і 3,5 тысячы адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Сёння мы гатовы пачаць прынцыпова новы этап супрацоўніцтва — сумеснае асваенне рынкаў трэціх краін”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца праект выпуску трактароў у Турцыі з удзелам Мінскага і Гянджынскага заводаў. “Менавіта за такімі ініцыятывамі будучыня, і на іх трэба рабіць акцэнт”, — упэўнены беларускі лідар.

Паводле слоў прэзідэнта, таксама ёсць перспектывы па такіх напрамках, як пастаўка і зборка ў Азербайджане электробусаў, ліфтаў, збожжаўборачных камбайнаў і іншай сельгастэхнікі. “Мы чакаем, калі вы адмовіцеся ад амерыканскіх і нямецкіх камбайнаў. Гэта практыка для нас знаёмая: як толькі такі камбайн выходзіць са строю — трэба плаціць столькі ж за запчасткі і іншае. Таму мы калісьці былі вымушаны прыняць рашэнне аб вытворчасці ўласных камбайнаў, і не памыліліся. Думаю, што мы яшчэ пераможам і ў гэтым сектары. І мы гатовы стварыць сумесную вытворчасць гэтай тэхнікі ў вас і працаваць больш нават на трэція краіны”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаўся і за пашырэнне кантактаў у аграрнай сферы, павелічэнне ўзаемных паставак прадуктаў харчавання. “Наша малочная, мясная і рыбная прадукцыя, кандытарскія вырабы карыстаюцца попытам у азербайджанскага спажыўца. Міжнародны гандаль — гэта дарога з двухбаковым рухам, таму ёсць зацікаўленасць у павелічэнні прысутнасці вашых тавараў на беларускім рынку”, — сказаў прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён адзначыў работу ў Беларусі Гандлёвага дома Азербайджана: “Гэта — будучыня. І перспектыва развіцця гэтай сеткі — пераход у абласныя цэнтры”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведную прадукцыю з Азербайджана купляюць не толькі грамадзяне Беларусі. “Тут вялікі рух у сувязі з украінскімі падзеямі. Усе патокі пайшлі праз Беларусь. Велізарны попыт на азербайджанскую прадукцыю. Тым больш азербайджанцы лепш за ўсіх умеюць гандляваць. Нам трэба ў вас вучыцца, як гэта рабіць”, — сказаў прэзідэнт.

Перспектыўным кіраўнік дзяржавы лічыць і стварэнне сумесных прадпрыемстваў у фармацэўтыцы, а таксама каардынацыю намаганняў у сферах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, навукі і культуры. “Мы настроены прадаўжаць падрыхтоўку кадраў для Азербайджана (у патрэбным для вас аб’ёме па любых спецыяльнасцях), у тым ліку навучанне вашых ратавальнікаў ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

“Традыцыйна цесныя і актыўныя двухбаковыя кантакты падтрымліваюцца паміж супрацоўнікамі праваахоўных структур, органаў сацыяльнай абароны, агракомплексу, сфер сувязі і інфарматызацыі”, — прадоўжыў беларускі лідар.

Ён таксама падзякаваў Азербайджану за супрацоўніцтва з Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў, дапамогу і падтрымку ў пытаннях арганізацыі спаборніцтваў у 2019 годзе.

“Азербайджан для нас быў і застаецца надзейным стратэгічным партнёрам. Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць пашырэнню інтарэсаў Азербайджана ў цэнтры Еўропы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што ў двухбаковых адносінах няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. “Мы ніколі не супрацоўнічалі супраць якіх-небудзь краін. Мы ўсё робім для дабрабыту нашых народаў. Утоеных і закрытых тэм няма і ніколі не будзе. Мы шчырыя і адкрытыя для ўсяго свету”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за чвэрць стагоддзя з моманту ўстанаўлення дыпадносін дыялог краін набыў стратэгічны характар. “Высокі ўзровень міждзяржаўнага даверу невыпадковы. У яго аснове — даўнія традыцыі дружбы беларускага і азербайджанскага народаў. Гэта дае магчымасць у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць нават самыя складаныя пытанні”, — адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў адзначыў, што па ўсіх напрамках беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ёсць канкрэтныя вынікі.

“Нашы адносіны вызначае менавіта тое, што ўсё, аб чым мы дамаўляемся, мы выконваем. І падтрымліваем адно аднаго ва ўсіх міжнародных структурах, і гандлёва-эканамічныя сувязі растуць. Вельмі актыўна развіваецца прамысловая кааперацыя, таксама мае добрую гісторыю супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай, культурнай і адукацыйнай сферах. Гэта значыць па ўсіх напрамках мы бачым пазітыў, добры настрой, канкрэтныя вынікі”, — сказаў Ільхам Аліеў.

Кіраўнік азербайджанскай дзяржавы прызнаўся, што вельмі рады зноў пабываць у Беларусі. Паводле яго слоў, рэгулярны абмен візітамі на вышэйшым узроўні сведчыць пра блізкія і дружалюбныя сувязі паміж Беларуссю і Азербайджанам — краінамі, якія маюць агульную гісторыю. Сёння, звярнуў увагу Прэзідэнт Азербайджана, супрацоўніцтва паміж краінамі выйшла на зусім новы ўзровень.

“У Азербайджане, калі гавораць пра Беларусь, успамінаюць нейкія падзеі, звязаныя з нашымі двухбаковымі адносінамі, заўсёды ў грамадстве вельмі пазітыўныя пачуцці. Вельмі важна, што нашы дружалюбныя сувязі таксама пазітыўна ўспрымаюцца грамадствамі нашых краін. Я ведаю, што ў Беларусі вельмі добрае стаўленне да Азербайджана, а ў Азербайджане Беларусь лічаць на самай справе брацкай краінай і адным з самых блізкіх партнёраў не толькі на прасторы былога СССР, але і ў свеце”, — падкрэсліў Ільхам Аліеў.

Ён адзначыў, што гэтаму ў тым ліку садзейнічаюць асабістыя адносіны паміж лідарамі дзвюх краін. “Людзі ўсё гэта бачаць і цэняць тое, як мы вырашаем пытанні, як ідзём да пастаўленай мэты. Перыяд нашых актыўных адносін у апошнія гады — гэта перыяд вырашэння пытанняў, па якіх мы з вамі дамаўляліся”, — дадаў Прэзідэнт Азербайджана.

Паводле слоў кіраўніка азербайджанскай дзяржавы, усе напрамкі супрацоўніцтва паміж краінамі дэманструюць добрыя вынікі, а кожная сустрэча двух лідараў дае штуршок развіццю адносін і вядзе да рэалізацыі канкрэтных праектаў.

“Думаю, адным з галоўных напрамкаў нашага будучага ўзаемадзеяння будзе супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Вы адзначылі транспартны калідор “Поўнач-Поўдзень”. Азербайджан на сваёй тэрыторыі завяршыў усе работы, звязаныя з функцыянаваннем гэтага калідора. Цяпер мы займаемся пытаннямі далейшай мадэрнізацыі нашай транспартнай інфраструктуры, якая ўжо здольна транспартаваць значныя аб’ёмы грузаў”, — канстатаваў Ільхам Аліеў.

Ён заўважыў, што Азербайджан — актыўны ўдзельнік транспартнага калідора “Усход-Захад”. На думку прэзідэнта, каардынацыя намаганняў па гэтых двух маршрутах створыць зусім новыя ўмовы для супрацоўніцтва і прывядзе да адкрыцця дзясяткаў тысяч новых рабочых месцаў, значна павялічыць грузапаток паміж краінамі.

“У сферы прамысловай кааперацыі ёсць выключна пазітыўныя вынікі. Але мы маем намер прадаўжаць супрацоўніцтва, не спыняцца на дасягнутым, таму што яшчэ вельмі шмат можна зрабіць”, — лічыць Ільхам Аліеў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў узаемадзеянне Беларусі і Азербайджана на міжнароднай арэне, яно заўсёды вельмі эфектыўнае і прадказальнае. “Мы заўсёды адно аднаго падтрымліваем. Узаемная падтрымка ў міжнародных пытаннях — добрая дэманстрацыя адкрытасці нашых адносін”, — заявіў ён.

“Таксама вялікую ўвагу ўдзяляем супрацоўніцтву ў сферы сельскай гаспадаркі, адукацыі, навукі. Лягчэй пералічыць сферы, дзе ў нас няма нейкага актыўнага супрацоўніцтва, чым пералічваць тое, дзе мы маем добрыя вынікі”, — сказаў Ільхам Аліеў. Галоўнае, што ў аснове беларуска-азербайджанскіх адносін ляжыць узаемная падтрымка, павага і высокі ўзровень даверу, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Нашы адносіны — добрая дэманстрацыя шчырасці і супрацоўніцтва паміж краінамі. Мы па ўсіх пытаннях актыўна ўзаемадзейнічаем, і прынятыя рашэнні абавязкова ажыццяўляюцца”, — рэзюмаваў Ільхам Аліеў