Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Бачу ў вашай асобе амбіцыйную Беларусь”

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы Незалежнасці 10 сакавіка ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі 25 беларусаў, якім споў­нілася 14 гадоў. Яны прыехалі ў сталіцу з розных рэгіёнаў краіны. Нягледзячы на юны ўзрост, навучэнцы ўжо дасягнулі поспехаў у вучобе, праявілі неардынарныя здольнасці ў творчых конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах.

Аляксандр Лукашэнка асабіста ўручыў кожнаму навучэнцу паш­парт, адзначыўшы, што атрыманне гэтага дакумента ва ўсе часы ўспры­малася як першы крок у дарослае жыццё.

“Ведаю, што вы ўжо дабіліся пэўных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскіх справах. Гэта цудоўна, вы проста малайцы, — падкрэсліў прэзідэнт. — Я ўпэўнены: самыя вялікія перамогі ў вас яшчэ наперадзе. Пры гэтым дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрыты ўсе дарогі. І толькі ад асабістай мэтанакіраванасці, упартасці і працавітасці зале­жыць, якіх вышынь вы і вашы равеснікі зможаце дасягнуць у будучыні”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе, хто сёння трапіў у Палац Незалежнасці, атрымалі гэтую магчымасць дзякуючы сваім поспехам. “Тут няма выпадковых лю­дзей. Тут людзі, якія ўмеюць працаваць і паказваць прыклад іншым, весці за сабой”, — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што папярэднія пакаленні зрабілі ўсё, каб моладзь магла ганарыцца сваёй краінай. “Цяпер ваша чарга развіваць, праслаўляць і абавязкова ў будучыні, ды і цяпер, абараняць Беларусь, — сказаў ён. — Магчыма, вы яшчэ не задумваецеся пра такія важныя і складаныя паняцці, як самаідэнтычнасць нацыі або незалежнасць дзяржавы. Але, толькі з’явіўшыся на свет, вы ўжо сталі часткай беларускага народа, тварцамі яго сучаснасці і, вядома ж, будучыні. Усвядоміўшы гэта, вы зусім па-іншаму прачытаеце першыя словы Канстытуцыі: “Мы, народ Беларусі”. Бо народ — мы ўсе, хто жыве, хто жыў да нас і будзе жыць пасля нас на гэтай зямлі. Таму мы адзіныя, і ад кожнага залежыць, якой наша краіна будзе заўтра”.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што незалежна ад выбранай прафесіі галоўнае прызначэнне грамадзяніна — служыць Айчыне. “Патрыятызм — не проста размовы пра тое, як мы любім Радзіму (хоць і гаварыць пра гэта трэба). Гэта штодзённая праца на яе карысць, захаванне гістарычных, культурных традыцый, абарона інтарэсаў дзяржавы і жыцця людзей. Усё гэта каштоўнасці, якія нашым продкам даводзілася адстойваць са зброяй у руках”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў пра гераічны подзвіг тых, хто 75 гадоў назад адваяваў для беларусаў права на існаванне, разграміўшы фашызм. “Яны захавалі ўсім нам жыццё і свабоду. Я ўпэўнены, што гэтую спадчыну вы будзеце берагчы гэтак жа, як і мы”, — сказаў беларускі лідар.

“У вашай асобе бачу новую, пазітыўную, таленавітую і па-добраму амбіцыйную Беларусь. Гэта мяне радуе, як і вашых бацькоў. І­дзіце наперад да выбранай мэты, ніколі не здавайцеся і, самае галоўнае, ніколі нічога і нікога не бойцеся. Верце ў сябе, верце, што калі вы ідзяце наперад, то вам абавязкова дапамогуць і, як правіла, на вашай роднай зямлі, у вашай Беларусі”, — звярнуўся да маладых грамадзян прэзідэнт.

Навучэнец гімназіі Быхава Дзмітрый Іваноў у час цырымоніі адзначыў, што вельмі рады быць удзельнікам урачыстага мерапрыемства. Ён расказаў, што з’яўляецца карэспандэнтам гімназічнай газеты, папрасіў зрабіць агульны здымак з прэзідэнтам і паабяцаў перадаць кіраўніку дзяржавы новы нумар выдання.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы кнігу “Я — грама­дзянін Рэспублікі Беларусь”, наборы прысмакаў, а таксама каштоўныя наказы. “Будзьце журналістамі, артыстамі, інжынерамі, аграномамі — усё нам будзе патрэбна ў гэтым жыцці ў нашай краіне. Поспехаў вам, і галоўнае — будзь­це шчаслівымі. Не спяшайцеся выбіраць прафесію, прыглядайцеся, у вас яшчэ ёсць час. А то будзе, як у мяне: паспяшаешся, а потым давядзецца дадаткова вучыцца”, — параіў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля ўрачыстай цырымоніі навучэнцы пабывалі на экскурсіі ў залах Палаца Незалежнасці, наведалі спецыяльны музей, дзе выстаўлены разнастайныя падарункі, уручаныя Прэзідэнту Беларусі кіраўнікамі іншых дзяржаў і замежных дэлегацый, вядомымі дзеячамі розных сфер.

Цырымонія ўручэння пашпартоў прэзідэнтам у Палацы Незалежнасці была арганізавана напярэдадні Дня Канстытуцыі, які адзначаецца ў Беларусі 15 сакавіка.

Першае такое мерапрыемства адбылося ў мінулым годзе, які быў юбілейным для Асноўнага Закона краіны — 15 сакавіка 2019 года адзначалася 25-годдзе з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

(Па матэрыялах БелТА.)
Фота Мікалая ПЯТРОВА і Андрэя СТАСЕВІЧА, БелТА.