Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі”

- 11:31Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад праваахоўных органаў не захапляцца ведамаснай статыстыкай. На гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу падчас пасяджэння Савета Бяспекі Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што выкарыстоўваць ведамасную статыстыку трэба для аналізу, а не для самазаспакаення. “Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі”, — заявіў прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, дэкларуемае зніжэнне крымінальных праяўленняў на 7 працэнтаў у год таксама насцярожвае: “Можа, у нас хутка наогул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумненні ў аб’ектыўнасці гэтай карціны, хоць міністр (МУС. — Заўв.БелТА.) мне пастаянна гаворыць, што яго мэта — выключыць гэтую “палачную” статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбен вынік”.

Аляксандр Лукашэнка зноў адзначыў хібы ў барацьбе з карупцыяй. “На жаль, не ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна. Паборы, хабары, паднашэнні, махінацыі з бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу не выкаранены ў Беларусі”, — выказаў незадавальненне кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў міністру ўнутраных спраў і генеральнаму пракурору грунтоўна далажыць па гэтых пытаннях.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што важную задачу па абароне грамадзян вырашаюць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Іх дзейнасць павінна і далей развівацца і ўдасканальвацца, упэўнены ён.

“Дзяржава накіроўвае значныя сродкі на падрыхтоўку прафесійных кадраў і матэрыяльнае забеспячэнне ведамства, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Неабходны адпаведная аддача, рацыянальнае і мэтанакіраванае выкарыстанне фінансавых сродкаў. Вы кожны дзень знаходзіцеся на пярэднім краі барацьбы за бяспеку людзей. Міністра Уладзіміра Вашчанку прашу аб’ектыўна далажыць, якія меры прымаюцца для паляпшэння якасці работы органаў па надзвычайных сітуацыях”.

Прэзідэнт запатрабаваў канкрэтных прапаноў ад членаў Савета Бяспекі па ўсіх гэтых пытаннях. “Ніякіх самасправаздач. У агульных рысах — што зроблена. А галоўнае, што не ўдалося зрабіць і што будзем рабіць, якія меры трэба ў далейшым прыняць. Нам трэба тут, на пасяджэнні Савета Бяспекі, выявіць самыя небяспечныя тэндэнцыі ўнутранай бяспекі нашай краіны і дамовіцца аб мерах, якія мы павінны прыняць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму ніякай самасправаздачнасці і самалюбавання, што вы чагосьці тут дасягнулі. Дасягнулі — добра. Цяпер давайце думаць, як далей будзем рухацца”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на агульнае паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі ў краіне, зніжэнне колькасці загінуўшых і пацярпелых ад злачынстваў і правапарушэнняў, назбіралася нямала праблемных пытанняў па забеспячэнні правапарадку і абароне грамадзян.

“Мной не раз акцэнтавалася ўвага на яўна недастатковых мерах па папярэджанні і спыненні бытавой злачыннасці, асабліва насілля ў сям’і. Удумайцеся: амаль трэць забойстваў учыняецца на бытавой глебе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, гэта адзін з галоўных паказчыкаў работы міліцыі. “Калі мы не можам у быце да парадку прыцягнуць дэбашыраў і забойцаў, аб якой міліцыі наогул можна тады весці размову? Ды і аб пракуратуры ў тым ліку”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любы чалавек у краіне павінен адчуваць сябе абсалютна абароненым ад такіх злачынстваў: без гэтага ні аб якім прававым дабрабыце грамадства гаварыць не даводзіцца.

“Калі гаварыць аб’ектыўна, нам не проста змагацца са злачыннасцю, бо ўсе мы бачым і разумеем, што адбываецца вакол нашай краіны. І яшчэ трэба разумець тое, што Беларусь засталася адзіным бяспечным, спакойным калідорам для перамяшчэння людзей, грузаў, напэўна, і капіталаў з Усходу на Захад і з Захаду на Усход”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў ад праваахоўнікаў узмацніць работу па барацьбе з пастаўшчыкамі наркотыкаў у краіну.

“Мы змагаемся супраць наркаманаў, а дзе тыя, хто сёння партыямі пастаўляе гэтую наркату ў Беларусь? Вось хто галоўны злачынец, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Клапоцячыся толькі аб паказчыках, ніякай размовы аб эфектыўнай ліквідацыі каналаў паступлення наркотыкаў у краіну ісці не можа. Вядома, лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт “драбязы”, а сітуацыя на самай справе будзе толькі пагаршацца”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзяржава рэалізуе цэлы комплекс мер па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і процідзеянні наркаманіі. МУС дакладвае аб паспяховай рабоце ў гэтым напрамку. Аднак кіраўнік дзяржавы ўсумніўся, ці не працуюць адпаведныя падраздзяленні ўнутраных спраў выключна на статыстыку. “Ці не хаваецца за дасягнутымі поспехамі барацьба з дробнымі збытчыкамі наркотыкаў або тымі, хто сеў на гэтую іголку?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што асаблівую трывогу выклікаюць і трагічныя здарэнні, у тым ліку на дарогах, якія ўчыняюцца пад уздзеяннем алкаголю.

“Павінны быць строгія меры адказнасці — пачынаючы ад з’яўлення ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах там, дзе не павінен з’яўляцца, і заканчваючы, калі ты сеў у аўтамабіль і забіў чалавека”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што МУС ужо некалькі разоў прапаноўвала ўвесці пэўныя забароны і абмежаванні ў гандлі спіртнымі напіткамі. “Хацелася б пачуць пазіцыю ўрада наконт гэтага і канкрэтныя прапановы, як вырашаць праблему п’янства, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я не прыхільнік усялякіх забарон, і, хутчэй за ўсё, ніякія забароны дадаткова на рэалізацыю спіртнога і гэтак далей мы ўводзіць не будзем”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што любую забарону заўсёды можна абмінуць, што толькі можа ўскладніць сітуацыю ў гэтай сферы. Не дапаможа і павышэнне ўзросту для продажу алкаголю да 21 года, перакананы ён. “Так, не трэба прадаваць спіртное каля школ і гэтак далей, нельга прадаваць на аўтобусных прыпынках. Мы прынялі гэтыя рашэнні. Засталося толькі забараніць алкаголь наогул, але мы таксама гісторыю помнім. Гэта пры нашым жыцці было, калі забаранілі алкаголь. Да чаго гэта прывяло?” — задаў пытанне прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што неабходна ўзмацняць пакаранні за правапарушэнні ў нецвярозым стане. Паводле яго слоў, магчыма, трэба і больш узважана падыходзіць да выдачы вадзіцельскага пасведчання. “Пры падрыхтоўцы вадзіцеляў трэба ўзмацняць адказнасць. Але асабліва за тое, калі ты п’яны сеў за руль”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Павінна быць адпаведная строгая мера адказнасці. І з гэтага пункту гледжання я чакаю прапаноў ад пракурора і Адміністрацыі прэзідэнта. Трэба разбірацца з такімі з’явамі. П’янства — гэта самая страшэнная сёння праблема грамадства. Ва ўсіх сацыялагічных апытаннях насельніцтва ўжо на першае месца ставіць п’янства. Асобна трэба паглядзець на гэтую праблему з пункту гледжання закона, прыняцця мер маральнай і іншай адказнасці”, — даручыў прэзідэнт.

Каменціруючы вынікі праведзенага з удзелам прэзідэнта краіны пасяджэння Савета Бяспекі, генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк адзначыў, што ў ліку праблем, з якімі трэба сур’ёзна змагацца, знаходзіцца бытавое хуліганства.

Аляксандр Канюк падкрэсліў, што ёсць вялікая колькасць нараканняў з боку грамадзян на розныя праблемы, якія ўзнікаюць на бытавым узроўні ў сувязі з хуліганствам суседзяў, у тым ліку іх шумнымі паводзінамі. З гэтым сутыкаюцца многія гараджане. Паводле яго слоў, можна зразумець, калі вяселле або хрысціны, але, калі пастаянны шум, п’янства, курэнне з боку суседзяў прычыняюць шмат нязручнасцей і перашкаджаюць жыць добрапрыстойным грамадзянам, з гэтым трэба змагацца.

“Мы гаворым аб тым, што трэба змагацца з насіллем у сям’і, злачынствамі, забойствамі. Гэта так. Але і пытанні, якія на першы погляд здаюцца неістотнымі, калі суседзі паводзяць сябе шумна, перашкаджаюць людзям жыць, — сур’ёзная тэма. Калі ноччу чалавек не паспіць, то і пра работу не будзе думаць”, — лічыць генеральны пракурор.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пэўныя меры па вырашэнні гэтай праблемы ўжо выпрацаваны, але вельмі важна дабіцца іх прымянення на практыцы.