Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь і Венгрыя зноў пацвярджаюць, што не прымаюць спроб аказання націску звонку пад рознымі прычынамі”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці правёў перагаворы з Прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які ўпершыню наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў венгерскаму лідару за візіт у Мінск. “Гэта смелы крок (у гэтай, здавалася б, няпростай псіхалагічнай і медыцынскай сітуацыі, імя якой — пандэмія), які дазволіў нам з вамі перапыніць так званы міжнародны каранцін і адрадзіць фармат жывых зносін паміж еўрапейскімі дзяржавамі”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Праведзеную размову Аляксандр ­Лукашэнка ахарактарызаваў як вельмі канструктыўную, якая паказала, што беларуска-венгерскае супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме. “Мы адкрыта і змястоўна абмеркавалі розныя тэмы двухбаковага парадку дня і сітуацыю ў свеце. Адзначылі падабенства поглядаў па многіх актуальных праблемах”, — заявіў беларускі лідар.

Пра ўзровень адносін з Венгрыяй і ЕС

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Венгрыя з’яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе. “Як ніхто іншы, разумее нас і садзейнічае паглыбленню нашых адносін з ЕС, — адзначыў ён. — За апошнія гады яны (адносіны. — Заўвага БелТА.) значна палепшыліся, сталі больш прагматычнымі, раўнапраўнымі і, самае галоўнае, плённымі. Вялікая заслуга ў гэтым нашых сяброў з Будапешта і асабіста Віктара Орбана”.

“Нашы краіны зацікаўлены ў развіцці “Усходняга партнёрства” як стваральнай ініцыятывы, арыентаванай на эканамічны рост. Прычым ініцыятывы, якая не ўшчамляе нічыіх інтарэсаў”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён адзначыў, што Венгрыя займае канструктыўную пазіцыю і ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу, адносіны з якім у Беларусі становяцца ўсё больш давернымі. “Беларусь гатова да далейшага развіцця дыялогу ва ўзаемапаважлівым ключы і на раўнапраўнай аснове”, — запэўніў беларускі лідар.

Пра сітуацыю ва Украіне

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў хо­дзе перагавораў бакі абмяняліся меркаваннямі адносна ўрэгулявання сітуацыі на ўсхо­дзе Украіны. “Тлеючы там канфлікт з’яўляецца дэстабілізуючым фактарам еўрапейскай бяспекі і выклікам для ўсяго рэгіёна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён дадаў, што Беларусь і Венгрыя дамовіліся прадоўжыць узаемадзеянне ў розных шматбаковых фарматах. “Венгрыя для нас — блізкая краіна геаграфічна, гістарычна і культурна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра эканамічнае супрацоўніцтва

Прэзідэнт адзначыў, што многія венгерскія брэнды шырока вядомыя ў Беларусі. Пастаўлена задача зрабіць так, каб і брэнд “Зроблена ў Беларусі” стаў не менш папулярным у Венгрыі. Эканамічныя сувязі дзвюх краін паступальна развіваюцца і маюць шырокі ахоп.

Аляксандр Лукашэнка прывёў адзін з прыкладаў эфектыўнага супрацоўніцтва ў прамысловасці — гэта праект беларуска-венгерска-швейцарскай кааперацыі па вытворчасці электрацягнікоў “Штадлер”. “Мы паставілі ў Венгрыю вырабленыя ў Беларусі саставы, першыя з якіх пратэсціраваны ўжо і хутка выйдуць на лінію. З улікам планаў Венгрыі па пераходзе на зялёныя тэхналогіі асабліва перспектыўнай бачыцца кааперацыя ў вытворчасці аўтобусаў, электробусаў, магчыма, іншай тэхнікі”, — расказаў кіраўнік дзяржавы. Ён упэўнены, што пры ўзаемным інтарэсе ёсць усе магчымасці для выхаду на сумесныя маштабныя праекты.

Пра націск звонку і мірны атам

“Беларусь і Венгрыя зноў пацвярджаюць, што не прымаюць спроб аказання націску звонку з розных прычын. Нашы краіны сутыкнуліся з абсалютна беспрэцэдэнтнымі і нахабнымі спробамі процідзеяння рэалізацыі суверэннага права на развіццё ядзерных праграм (у Венгрыі пры ўдзеле расійскага боку рэалізуецца праект па ўзвядзенні двух новых энергаблокаў АЭС “Пакш”. — Заўвага БелТА.)”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, краіны дамовіліся, што разам будуць даваць на іх адэкватны, але жорсткі адказ. “Беларускі бок не дапусціць, каб нехта звонку спрабаваў уплываць на нашу энергетычную палітыку. Разам з тым мы гарантуем, што гэтая палітыка заўсёды будзе арыентавана на максімальную бяспеку, адкрытасць і празрыстасць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Больш за тое, мы бу­дзем рабіць усё, каб не толькі палітыка, а новая АЭС у Беларусі працавала не толькі на Беларусь, але і на ўсе зацікаўленыя краіны”.

Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці пры­няць экспертаў МАГАТЭ, ЕС, іншых міжнародных структур, каб яны пераканаліся ў тым, што Беларуская атамная электрастанцыя не пагражае ні самім беларусам, ні суседзям.

“Мы пацвердзілі зацікаўленасць у абмене вопытам у ядзерна-энергетычнай сферы, эксплуатацыі АЭС, бяспечнага абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам”, — сказаў Аляксандр ­Лукашэнка.

Пра будучыню адносін з Венгрыяй

На заканчэнне прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў беларуска-венгерскага супрацоўніцтва ва ўсіх без выключэння галінах вялікая будучыня.

“Для сумеснага пераадолення выклікаў, якія стаяць перад нашымі эканомікамі, нам трэба максімальна скаардынаваць намаганні там, дзе гэта неабходна. Сённяшнія канструктыўныя і плённыя перагаворы яшчэ больш умацавалі ў гэтым маю ўпэўне­насць і ўсіх беларусаў”, — адзначыў беларускі лідар.


Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у час сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць наведаць Мінск. “Для мяне вялікі гонар, што я магу быць першым Прэм’ер-міністрам Венгрыі, які робіць афіцыйны візіт у Беларусь”, — сказаў ён.

Кіраўнік урада таксама растлумачыў прычыны выбару менавіта Беларусі ў якасці краіны для візіту пасля працяглай адсутнасці замежных паездак: “Калі я задумаўся пра свае замежныя паездкі пасля пандэміі, куды паехаць упершыню, я падумаў: пае­дзем туды, куды даўно абяцалі. Гэтым візітам мы вам абавязаны ўжо даўно. Такім чынам, я па многіх прычынах магу радавацца, што я тут”.

Ён таксама нагадаў аб сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Стамбуле. “Там нам пашчасціла пагаварыць, таму ў мяне ёсць прыемныя асабістыя ўспаміны”, — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, паміж Беларуссю і Венгрыяй няма неўрэгуляваных спрэчак. “Я не бачу ніякіх палітычных сутыкненняў. Мы не помнім, каб Беларусь калі-небудзь непаважліва аднеслася да Венгрыі, і не помнім такога, каб мы вам не аддалі даніну павагі. Інакш кажучы, у прынцыпе ўсё добра, але, на жаль, вы маеце рацыю, што мы вельмі мала з гэтага пачарпнулі. Нашы палітычныя кантакты недастаткова цесныя. Мы мала размаўляем адно з адным, і аб’ём эканамічнага супрацоўніцтва таксама невялікі”, — заўважыў прэм’ер-міністр.

Віктар Орбан падкрэсліў, што Беларусь — развітая краіна, асабліва ў сферах прамысловасці. Ён таксама адзначыў дасягненні ў галіне культуры, спорту. “Я вельмі спадзяюся, што сустрэча стане значным крокам наперад (у напрамку развіцця адносін. — Заўвага БелТА.). Я прыехаў са шчырым намерам аб супрацоўніцтве”, — сказаў прэм’ер-міністр.