Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь — не сітуатыўны сябар Кітая, а даўні надзейны партнёр”

- 10:11Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК першым намеснікам прэм’ера Дзяржсавета КНР Чжан Гаалі.

“У вас цяпер вельмі шмат сяброў. Вы знайшлі іх зусім нядаўна, калі Кітай стаў адной з уплывовых краін у свеце, фактычна другім пунктам прыцяжэння многіх дзяржаў нашай планеты”, — адзначыў Прэзідэнт.
“Але ў Беларусі з Кітаем даўняя гісторыя. Уся навейшая гісторыя Беларусі звязана з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Гэта значыць, мы не сітуатыўныя сябры, не сябры ўчарашнія, а мы даўнія сябры кітайскага народа, і паміж намі сапраўды ўстанавіліся вельмі добрыя адносіны”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на частату сустрэч кіраўніцтва дзвюх краін. На яго думку, гэта вельмі важна для двухбаковых адносін. “Чым часцей мы будзем сустракацца, тым больш пашыраны будуць нашы адносіны, тым эфектыўней будуць рэалізоўвацца нашы дамоўленасці”, — лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок абсалютна задавальняе сфарміраваная формула перагавораў. “Мы вызначылі адзін аднаго як стратэгічных партнёраў”, — падкрэсліў ён.
У асобе Беларусі Кітай мае надзейнага сябра і жалезнага партнёра, заявіў у сваю чаргу член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК першы намеснік прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Чжан Гаалі на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Чжан Гаалі адзначыў, што паміж Беларуссю і Кітаем устаноўлены адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. “І, больш за тое, паміж вамі і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам склалася глыбокая асабістая дружба. За кароткі тэрмін, 4 месяцы, у вас адбудзецца ўжо трэцяя сустрэча. Гэта вялікая рэдкасць у сусветнай палітыцы”, — сказаў першы намеснік прэм’ера Дзяржсавета.
“У асобе Беларусі мы заўсёды маем надзейнага вялікага сябра. Мы заўсёды разглядаем вас як свайго жалезнага партнёра”, — падкрэсліў ён. “Пад вашым кіраўніцтвам у Беларусі назіраецца палітычная стабільнасць, развіваецца эканоміка і ўвесь час павялічваецца ўзровень жыцця насельніцтва. Мы захапляемся вашымі дасягненнямі”, — дадаў Чжан Гаалі.
Ён асабліва адзначыў, што ў гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі, як і ў Кітаі, панеслі вялікія нацыянальныя страты, краіна ўнесла важкі ўклад у перамогу ў сусветнай антыфашысцкай вайне. “Такі подзвіг не забываецца і кітайскім народам, і народамі ўсіх краін свету”, — упэўнены ён. Гаворачы аб урачыстасцях, якія маюць адбыцца 3 верасня ў Кітаі, Чжан Гаалі заявіў, што мэта святкавання заключаецца ў тым, каб не забываць мінулае і шанаваць памяць загінуўшых герояў, даражыць мірам і адкрываць будучае.
Чжан Гаалі нагадаў, што на папярэдняй сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ішла размова аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку, і бакі выйшлі на ўзае-маразуменне па гэтым праекце. Паводле яго слоў, пасля вяртання ў Кітай усе дасягнутыя дамоўленасці выконваліся. “Такім чынам, намечаны вельмі сур’ёзны крок наперад па рэалізацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка”, — сказаў ён.
Як першы віцэ-прэм’ер Дзяржсавета, які курыруе эканамічныя пытанні, Чжан Гаалі запэўніў, што будзе няўхільна рэалізоўваць дамоўленасці, дасягнутыя на вышэйшым узроўні.