Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь нязменна разглядае Сербію як ключавога партнёра на Балканах”

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Сербіі Томіславам Нікалічам.

У дзвюх краін шмат узаемных інтарэсаў, у аснове якіх — актыўнае эканамічнае, гуманітарнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і шматлікія міжчалавечыя кантакты.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам Сербіі і сербскай дэлегацыяй у адкрытым даверным дыялогу быў грунтоўна абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў беларуска-сербскага супрацоўніцтва, пры гэтым акцэнт быў зроблены на выкананні раней пастаўленых кіраўнікамі дзяржаў задач.
Фундаментам двухбаковага ўзаемадзеяння з’яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля падпісання ў 2009 годзе пагаднення аб свабодным гандлі тавараабарот паміж дзвюма краінамі за 5 гадоў павялічыўся ў 5 разоў. “Безумоўна, і гэтая лічба не адпавядае патэнцыялу нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, — лічыць беларускі лідар.
“Я вельмі разумею Прэзідэнта Сербіі, які гаворыць аб тым, што сёння для Сербіі вельмі важныя інвестыцыі ў вытворчасць. І гэта правільны шлях: будуць працуючыя прадпрыемствы — будуць заняты людзі, будуць паступленні ў бюджэт. Самае галоўнае — заўсёды будзе стабільнасць у краіне”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь і Сербія знаходзяцца на тым этапе выбудоўвання адносін, калі ў бакоў ёсць разуменне неабходнасці пераходу ад простых тавараабменных аперацый да больш складаных і эфектыўных кааперацыйных форм прамысловага, навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што ў Сербіі ўжо дзейнічаюць зборныя вытворчасці беларускіх трактароў, аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, якія знайшлі сваю нішу на рынку Сербіі і краін Балканскага рэгіёна. Намечаны таксама перспектыўныя праекты сумесных вытворчасцей па выпуску пажарных машын і сельскагаспадарчай тэхнікі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрасіў прадпрымальнікаў Сербіі да рэалізацыі праектаў у Беларусі.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ёсць добры шанс, і ім трэба скарыстацца, перш за ўсё прадпрымальнікам Сербіі. “Мы разумеем, у якой сітуацыі знаходзіцца Сербія. Яна аказалася ў цісках дзяржаў, якія бачаць у Сербіі толькі ўласны інтарэс, але слаба глядзяць на інтарэсы Сербіі. І, вядома, Сербіі трэба праяўляць сёння максімум дыпламатыі і гібкасці, каб выжываць у гэтай сітуацыі”, — адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь абсалютна адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў. “Прыходзьце, давайце будзем развіваць тут тое, што цікавіць Сербію. Давайце мы будзем тое, што вам цікава, ствараць разам з вамі на вашай тэрыторыі і гандляваць з іншымі дзяржавамі. Але нельга траціць час, таму што ўпушчанае будзе вельмі складана навярстаць”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
“Я хачу, каб сербскі народ, прадпрымальнікі Сербіі разумелі: мы як былі сябрамі для вас, так імі і застаёмся”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку беларускага лідара, удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і краінамі Балканскага рэгіёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі цвёрдыя намеры па развіцці двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, праведзены ўжо шэраг сумесных даследаванняў, вучоныя разам рэалізоўваюць праекты ў сферы эксперыментальнай батанікі, фізікі, інфарматыкі, у іншых галінах. “Задача, якая стаіць на парадку дня, — не проста забяспечыць фінансаванне навуковых распрацовак, але і дабіцца ўкаранення атрыманых вынікаў у вытворчасць, наблізіць навуку да жыцця, надаць ёй прыкладны характар”, — лічыць беларускі лідар.
“Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі і вітае намаганні сербскага кіраўніцтва па нармалізацыі сітуацыі ў краі Косава і Метохія для забеспячэння мірнага жыцця ў гэтым рэгіёне”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што ў Беларусі і Сербіі адсутнічаюць рознагалоссі па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва ў актуальных міжнародных праблемах.
Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь і Сербія паспяхова ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях.
“Падводзячы папярэднія вынікі праведзеных перагавораў, магу з упэўненасцю сказаць, што партнёрства нашых краін набывае новыя грані, становіцца ўсё больш паўнаважкім і плённым”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што гэтая сустрэча прынясе значныя вынікі ўжо ў найбліжэйшы час.
У сваю чаргу Прэзідэнт Сербіі Томіслаў Нікаліч па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў, што эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі павінна быць такім жа моцным, як і дружба дзвюх краін.
Томіслаў Нікаліч падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за неацэнную падтрымку, якую Беларусь аказвае Сербіі. “Наша дружба моцная, і такім павінна быць наша эканамічнае супрацоўніцтва”, — упэўнены Прэзідэнт Сербіі.
Ён звярнуў увагу, што сумеснымі намаганнямі Беларусь і Сербія нарасцілі тавараабарот, які ў 2014 годзе склаў $250 млн. Бакі ўсведамляюць, што гэты паказчык можа быць значна лепшым, і маюць намер працаваць у гэтым напрамку, адзначыў Томіслаў Нікаліч.