Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 12 дзяржаў: Грузіі, Егіпта, Ісландыі, Казахстана, Камбоджы, Калумбіі, Кубы, Малайзіі, Мальты, Нігерыі, Таджыкістана, Харватыі.
“Нашы сэрцы заўсёды адкрыты для партнёраў, зацікаўленых ва ўмацаванні адносін, пашырэнні ўсебаковага супрацоўніцтва. Беларусь сёння — гэта міралюбівая еўрапейская дзяржава, якая выступае донарам бяспекі і пляцоўкай па ўрэгуляванні шэрага канфліктаў у рэгіёне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Беларускія прапановы па розных мадэлях інтэграцыі, сумесным процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам заваёўваюць усё больш прыхільнікаў сярод іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый”.
Прэзідэнт адзначыў, што фундаментам стабільнасці, залогам суверэнітэту і незалежнасці любой краіны заўсёды выступае эканоміка. “У мінулым годзе нам удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Прыняты таксама важныя рашэнні, прызначаныя стымуляваць дзелавую ініцыятыву і актыўнасць інвестараў. Усямерна падтрымліваюцца прадпрымальніцтва і інавацыйная дзейнасць, сфармуляваны зразумелыя правілы для бізнесу.
“У Беларусі развіваюцца атамная энергетыка, біятэхналогіі. Створаны беспрэцэдэнтныя прававыя ўмовы для функцыянавання ІТ-індустрыі. Беларускія медыкі ў сваіх клініках на найвышэйшым узроўні навучыліся аказваць паслугі ў галіне нейрахірургіі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі і рэабілітацыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта прадастаўляе дадатковыя магчымасці для ўмацавання сувязей з дзяржавамі на ўсіх кантынентах.
Прымаючы даверчыя граматы паслоў, Аляксандр Лукашэнка асобна закрануў развіццё адносін Беларусі з кожнай з краін, дыпламаты якіх прыбылі зараз на нашу зямлю.
Казахстан
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны Беларусі і Казахстана маюць стратэгічны характар і грунтуюцца на ўзаемным даверы і адкрытасці. Яркім пацвярджэннем гэтага стаў нядаўні візіт Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь, падпісаны маштабны дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года, які ў найбліжэйшы час дасць магчымасць выйсці на новы ўзровень двухбаковых адносін.
Таджыкістан
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Таджыкістан быў і застаецца для Беларусі дружалюбнай дзяржавай, надзейным партнёрам. Сумесныя праекты далі магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень гандлю, усё больш актыўную дынаміку набывае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.
“Перакананы, што пералічаныя фактары разам з паслядоўнай рэалізацыяй дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе візіту Прэзідэнта Таджыкістана ў Беларусь, які адбыўся ў канцы 2017 года, паслужаць трывалым фундаментам для далейшага развіцця міждзяржаўнага дыялогу і росту тавараабароту паміж нашымі краінамі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
“Не пабаюся сказаць, відаць, гэты год стане для нас не проста вызначальным, а новым крокам наперад. Прытым значным крокам у развіцці адносін з гэтай дружалюбнай для нас краінай”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Грузія
Беларускі лідар падкрэсліў, што апошнім часам адносіны з Грузіяй набылі ўстойлівы характар: “Мы актыўна супрацоўнічаем у самых розных сферах, і ўжо ёсць першыя паспяховыя прыклады вытворчай кааперацыі. Зусім нядаўна, літаральна 5—7 гадоў назад, мы не ведалі наогул, як выбудаваць лагістыку ў гандлі з Грузіяй. Сёння мы ведаем усё, умеем і будзем гэта рабіць”.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў бягучым годзе запланаваны візіт на вышэйшым узроўні ў Грузію.
Харватыя
Беларусь таксама гатова да пашырэння ўсяго спектра адносін з Харватыяй. “Важна паслядоўна праводзіць сумесную работу бізнес-колаў у мэтах нарошчвання тавараабароту, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Абедзве краіны маюць для гэтага неабходны патэнцыял”, — упэўнены беларускі лідар.
Ісландыя
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадоўжыць удзяляць увагу ўзаемадзеянню з Ісландыяй. “Лічым неабходным надаць больш збалансаваны характар тавараабароту паміж нашымі краінамі. Мы зацікаўлены ў стварэнні адпаведнай двухбаковай дагаворна-прававой базы і разглядзе пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс”, — сказаў ён.
Камбоджа
Паводле слоў прэзідэнта, Беларусь можа ў значнай ступені задаволіць патрэбнасці эканомікі Камбоджы, якая дынамічна развіваецца. “Мы прапануем актывізаваць супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у сферах адукацыі, навукі і культуры. Айчынныя прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у праектах развіцця транспартнай і энергетычнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў на тэрыторыі Камбоджы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Малайзія
Гэтую краіну Аляксандр Лукашэнка назваў перспектыўным партнёрам Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі, аднак пакуль двухбаковае супрацоўніцтва можна ахарактарызаваць як поле нерэалізаваных магчымасцей. “Магчымасці вельмі шырокія. Важна стварыць умовы для сумесных эканамічных ініцыятыў, пашырэння навукова-тэхнічных і гуманітарных сувязей. Здаровы прагматызм, узаемная выгада павінны стаць асновай нашага партнёрства на доўгатэрміновую перспектыву”, — упэўнены прэзідэнт.
Мальта
Беларусь зацікаўлена ў развіцці палітычных, эканамічных, турыстычных і іншых сувязей з Мальтай. “Спадзяёмся на дасягненне ўстойлівай дадатнай дынамікі ў гандлі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Егіпет
“Адносіны паміж Беларуссю і Егіптам маюць асаблівы характар. Менавіта аб гэтым мы гаварылі роўна год назад у Каіры з маім сябрам прэзідэнтам аль-Сісі”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што бакі дамовіліся значна рушыць наперад у рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нарасціць знешні гандаль, намецілі перспектыўныя напрамкі ў галіне навукі і адукацыі. “І за гэты час мы паспяхова гэта ажыццявілі. Да візіту ў адказ Прэзідэнта Егіпта, якога з нецярпеннем тут чакаюць, мы падыдзем з важкімі вынікамі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Нігерыя
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў паглыбленні рознабаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Нігерыяй.
“Задача на сённяшні дзень — надаць канкрэтны імпульс развіццю гандлёва-эканамічных і гуманітарных кантактаў. Разлічваем на тое, што дзейнасць новага пасла Нігерыі будзе садзейнічаць значнаму прагрэсу ў двухбаковых адносінах, захоўваючы і развіваючы ўсё пазітыўнае, што было набыта раней”, — заявіў прэзідэнт.
Куба
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь высока цэніць узровень узаемаразумення з Кубай, сваім верным саюзнікам. “Гэта надзейны плацдарм для наладжвання сувязей з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі. Мы прадоўжым аказваць Кубе ўсямернае садзейнічанне ў пашырэнні яе палітычных і эканамічных інтарэсаў у нашым рэгіёне”, — запэўніў ён.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць наведаць Кубу. “Упэўнены, што работа па ўмацаванні дружбы, якая звязвае два нашы братэрскія народы, атрымае новы імпульс”, — дадаў ён.
Калумбія
Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў пазітыўную дынаміку росту двухбаковага тавараабароту з Калумбіяй. У якасці перспектыўных напрамкаў дзейнасці ён вылучыў пастаўку беларускіх станкоў, тавараў хімічнай прамысловасці, фармацэўтыкі, оптыка-электроннай прадукцыі, сельгастэхнікі і пасажырскага транспарту.
“Беларусь зацікаўлена ў наладжванні вытворчай кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў па зборцы сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі. У нашых агульных інтарэсах — актыўна развіваць супрацоўніцтва па ўсім комплексе пытанняў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.