Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца”

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета бяспекі. На яго былі вынесены пытанні планавання абароны краіны і далейшага развіцця беларускай арміі.

“Традыцыйна на пасяджэннях Савета бяспекі мы разглядаем ключавыя пытанні гарантавання бяспекі нашай дзяржавы, — адзначыў Аляксандр Лука­шэнка. — Сёння разгледзім пытанні планавання абароны дзяржавы і далейшага развіцця арміі”.

“Надышоў час паглядзець, як стратэгічна спланаваць абарону дзяржавы”

Паводле слоў прэзідэнта, на працягу года пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба перапрацоўваўся план абароны Беларусі ў святле цяперашніх рэалій ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча. Разглядаліся новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў, заснаваных на вопыце сучасных узброеных канфліктаў. Работа праведзена з улікам меркаванняў не толькі сілавых, але і астатніх зацікаўленых ведамстваў, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Наколькі ўсё гэта ўлічана ў распрацаваным дакуменце, у чым яго адрозненне ад дзеючага плана?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівую ўвагу ён папрасіў звярнуць на сістэму папераджальных мер і мер у адказ у выпадку нарастання ваеннай пагрозы для дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што Узброеныя Сілы Беларусі перабудоўваліся некалькі разоў у залежнасці ад развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і свеце. “Мы разумеем, якія ідуць войны цяпер, якія могуць быць войны ў будучыні, і, зыходзячы з нашага патэнцыялу і магчымасцей, перабудоўваем пад гэта свае Узброеныя Сілы. Гэта на мікраўзроўні. Надышоў час паглядзець і на самым высокім узроўні, што нам неабходна зрабіць, як стратэгічна спланаваць абарону нашай дзяржавы. Гэтым на працягу года займаўся Генеральны штаб Узброеных Сіл, і мы прыйшлі да высновы, што існуючы цяпер план абароны, бяспекі нашай дзяржавы падлягае перапрацоўцы, асучасніванню, актуалізацыі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнне таксама былі вынесены пытанні аб складзе Узброеных Сіл. Члены Савета бяспекі павінны вызначыць, якія сістэмы развіваць у прыярытэтным парадку і якія неабходна мець віды ўзбраенняў, асабліва па авіяцыі, супрацьпаветранай абароне і іншых сродках агнявога паражэння. “Гэта вельмі дарагія сістэмы”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Асобна было разгледжана фінансава-эканамічнае забеспячэнне Узброеных Сіл і абароны краіны.

“Каб утрыманне і аснашчэнне арміі былі па сілах дзяржаве і не на шкоду ваеннай бяспецы, мы павінны прыняць прынцыповыя рашэнні па гэтых пытаннях”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“У розных рэгіёнах накопліваецца канфліктны патэнцыял”

Наконт ваенна-палітыч­нага становішча ў свеце Аляксандр ­Лукашэнка адзначыў, што галоўнай тэндэнцыяй бягучага моманту стала накапленне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету. “Не слабее супрацьстаянне паміж буйнымі сусветнымі цэнтрамі сілы: Злучанымі Штатамі Амерыкі, Еўрапейскім саюзам, Кітаем, Расіяй. Як вынік размывання архітэктуры міжнароднай бяспекі — узмацнілася гонка ўзбраенняў, — сказаў ён. — Абвастрылася інфармацыйнае процідзеянне. Па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц. Імкненне прадставіць Расію ў якасці асноўнай пагрозы Захаду стала дамінантнай палітыкай Паўночнаатлантычнага альянсу.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пад гэтай маркай у суседніх еўрапейскіх краінах пашыраецца прысутнасць войскаў НАТА, расце ваенная актыўнасць. Расійская Федэрацыя таксама актыўна развівае сродкі ўзбраення, дэманструючы ўсё большыя баявыя магчымасці. “Усё гэта вы можаце назіраць у сродках масавай інфармацыі. Ніхто гэтага ўжо не ўтойвае”, — канстатаваў ён.

Прэзідэнт упэўнены, што змяненні ў глабальнай і рэгіянальнай бяспецы, якія адбываюцца сёння, на многія гады вызначаць не толькі адносіны паміж краінамі, але і напрамкі далейшага развіцця Узброеных Сіл. “І не толькі нашых. Тое, чым мы будзем займацца сёння, займаліся да гэтага часу і ў далейшым будзем займацца, характэрна для ўсіх нашых суседзяў, усіх краін свету”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Беларуская армія з’яўляецца інструментам недапушчэння вайны”

Беларусь цвёрда прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, захоўвае статус донара бяспекі ў рэгіёне. Пры гэтым бясспрэчнымі прыярытэтамі прэзідэнт назваў развіццё ў краіне ўласнай сістэмы бяспекі, а таксама прадаўжэнне ваеннага супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі, перш за ўсё на пляцоўцы СНД.

“Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца. Яна з’яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная не толькі яе адбіць, але і нанесці непапраўны ўрон праціўніку. Асноўнае прызначэнне Узброеных Сіл — абарона суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсе рашэнні дзяржавы ў ваеннай сферы не павінны хавацца ні ад грамадства, ні ад краін-суседзяў. “Мы павінны быць абсалютна празрыстыя, транспарэнтныя. Мы павінны не палохаць нашых суседзяў і наша грамадства, а расказаць ім пра сітуацыю і тыя меры, якія мы плануем і будзем рэалізоў­ваць у розных сітуацыях”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Пасля абмеркавання Савет бяспекі на пасяджэнні ў Палацы Незалежнасці адобрыў новы план абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. Пакет дакументаў падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“У плане абароны акцэнт робіцца на прадухіленні развязвання агрэсіі, стратэгічным стрымліванні. Гэтаму ўдзелена больш увагі, чым у папярэднім плане, распрацаваны дакументы па стратэгічным стрымліванні. Удзелена больш увагі і пытанням дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне — гэта таксама пытанні абароны. Гэта рэальнасць нашай сучаснасці, з якой сутыкнуліся па ўсім свеце: усё пачынаецца з дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, правакавання ўнутранага ўзброенага канфлікту”, — расказаў журналістам пасля пасяджэння дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.