Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Бесперапынны дыялог на найвышэйшым узроўні працягваецца, захоўваючы глыбіню двухбаковых адносін”

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Для Беларусі важна далейшае паглыбленне ўзаемадзеяння з Кітаем. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі Кітая сакратаром Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі, які 20—22 верасня наведвае Мінск.

“Шчыра рады вітаць вас на гасціннай беларускай зямлі. Вы ў Беларусі ўпершыню. Асабліва прыемна, што менавіта ў нашу краіну вы ажыццяўляеце першы візіт пасля выбрання дзеючага складу кіраўніцтва Кампартыі Кітая”, — адзначыў кіраўнік нашай дзяржавы.

Карыстаючыся выпадкам, ён асабіста павіншаваў Чжаа Лэцзі з назначэннем на такія высокія і адказныя партыйныя пасады: члена Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК і сакратара Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што ў чэрвені гэтага года ў горадзе Цындаа ў час саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ён сустракаўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, дзе яны сумесна аб’явілі пра ўступленне ў новы этап беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. “Беларусь і Кітай, як прынята сёння гаварыць, сталі “жалезнымі братамі”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў маі ў Мінску прымалі намесніка Старшыні КНР Ван Цішаня. “Рады, што бесперапынны дыялог на найвышэйшым узроўні працягваецца, захоўваючы глыбіню двухбаковых адносін, — прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі. — Кожная сустрэча дае новы імпульс у спалучэнні развіцця нашых краін у імя пабудовы супольнасці адзінага лёсу”.

“З пункту гледжання кіраўніцтва Беларусі нашы адносіны з Кітаем інтэнсіўныя і ўсёабдымныя, яны дынамічна развіваюцца. І такой дынамікай беларускі бок задаволены. Зразумела, што на гэтым доўгім, вельмі складаным і цяжкім шляху заўсёды будуць нявырашаныя праблемы, задачы, якія трэба будзе рэалізоўваць”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Вельмі важна сёння пачуць ваша меркаванне па якасці нашага ўзаемадзеяння і напрамках паглыблення беларуска-кітайскага супрацоўніцтва”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Высокі кітайскі госць перадаў Аляксандру Лукашэнку самыя цёплыя прывітанні і найлепшыя пажаданні “ад старога добрага сябра Старшыні КНР Сі Цзіньпіна”.

Чжаа Лэцзі падкрэсліў важнасць таго, што Прэзідэнт Беларусі больш за 10 разоў быў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. “Асабіста вы ўнеслі вялікі ўклад у развіццё кітайска-беларускіх адносін. І з-за майго візіту вы скарэкціравалі сваю кароткую замежную паездку, вялікі вам дзякуй за гэта”, — прадоўжыў Чжаа Лэцзі. На яго думку, Кітай і Беларусь з’яўляюцца добрымі сябрамі, якія могуць дзяліцца і радасцю, і нягодамі, гэта добрыя партнёры, якія аказваюць адзін аднаму шчырую дапамогу. “Як вы правільна заўважылі, нашы краіны — “жалезныя браты, жалезныя сябры”, — сказаў высокі гос ць.

Ён дадаў, што галоўная мэта візіту кітайскай дэлегацыі ў Мінск — рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх дзяржаў у межах праведзенага ў чэрвені гэтага года саміту ШАС, а таксама далейшае наладжванне стратэгічнага супрацоўніцтва і ўзаемавыгадных сувязей, умацаванне дружалюбных адносін паміж дзвюма дзяржавамі.

Візіт высокага кітайскага госця праходзіць у рамках рэалізацыі мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі і міжнародным аддзелам ЦК КПК. У ходзе візіту прайшлі перагаворы Чжаа Лэцзі з Прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам і кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай, Старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам.

Праграма візіту таксама прадугледжвае наведванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкі, гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”.

Беларусь і Кітай аб’ядноўваюць агульнасць прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзенне поглядаў на праблемы сусветнага парадку дня. Наладжаны рэгулярныя міжведамасныя кантакты, аказваецца ўзаемная падтрымка ў міжнародных арганізацыях.

У верасні 2016 года кіраўнікі дзвюх дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін дасягнулі дамоўленасці аб устанаўленні новага асаблівага ўзроўню двухбаковых адносін — давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.