Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Без дарог у нас жыцця няма. Гэта і настрой людзей, і эканоміка, і транзіт”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў наступнай пяцігодцы арыентуе на прывядзенне ў парадак дарог мясцовага значэння. Пра гэта ён заявіў у час рабочай паездкі ў Слаўгарадскі раён.

“Да абласных цэнтраў мы зрабілі дарогі. Мы вас звязалі з цэнтрам Беларусі. Далей — мясцовага значэння дарогі. Цяпер трэба прывесці ў парадак дарогі ад цэнтра вобласці да раённых цэнтраў. Гэта абавязкова мы павінны завяршыць у найбліжэйшыя гады пяцігодкі. Далей — трэці ўзровень — ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў. Тут таксама ў асноўным нядрэнныя дарогі, але іх павінны прывесці ў ідэальны стан. Яны павінны быць трывалымі і пажадана бетоннымі. А там мы падхопім ужо неперспектыўныя так званыя вёсачкі (яны ўсё роўна на дарогах) і былыя цэнтры калгасаў — гэта чацвёрты ўзровень. Мы павінны ў наступнай пяцігодцы нешта пабудаваць, а недзе навесці парадак, каб людзі не крыўдзіліся”, — расказаў прэзідэнт.

“Без дарог у нас жыцця няма. Гэта і настрой людзей, і эканоміка, і транзіт, на якім мы хочам зарабіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Яшчэ адно важнае пытанне — меліярацыйныя мерапрыемствы, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Ёсць кавалкі зямлі, якія трэба выратоўваць. Без меліярацыі там нічога не атрымаецца. Меліярацыя — найважнейшае пытанне”, — сказаў ён.

На цырымоніі адкрыцця моста цераз раку Сож Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў наступныя тры гады ў Беларусі будзе мадэрнізавана і пабудавана 18 мастоў.

“Мы дамовіліся аб тым, што ў наступныя тры гады мы такіх і больш складаных мастоў мадэрнізуем і пабудуем 18. Дамовіліся з еўрапейцамі. Гэта ж транзіт, і іх таксама. Каля $130 млн павінны ўкласці ў гэта. Еўрапейскія грошы ёсць. Я папрасіў, каб нашы міністры і члены ўрада мелі на ўвазе, што гэтыя грошы павінны застацца ў нас. Вы абавязкова павінны выйграць падрад на будаўніцтва гэтых мастоў. Мы павінны паспаборнічаць з тымі, хто прыйдзе і захоча будаваць. Да гэтага часу мы выйгравалі гэтыя конкурсы”, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да мостабудаўнікоў.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адна з пераваг будаўніцтва ў Беларусі — гэта сумленны падыход: ніхто нікому не даваў адкаты, не завышаў каштарысны кошт. “Усё было так, як трэба. І мы выйгравалі. Будавалі на Гродна дарогу — гэта вялікая работа была, і будавалі самі”, — прывёў прыклад прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб неабходнасці больш актыўна выкарыстоўваць у дарожным будаўніцтве бетон, для чаго ў Беларусі ёсць дастаткова матэрыялаў і набыты вопыт.

“У нас вялікая праграма не толькі па аднаўленні гэтых 18 мастоў. У нас мастоў 30—40 маленькіх, якія мы таксама павінны ў парадак прывесці. Таму работы ў маставікоў будзе вельмі шмат. І там час не чакае. За наступную пяцігодку мы павінны гэта зрабіць”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пустуючыя, закінутыя ўчасткі ў вёсках неабходна задзейні­чаць пад развіццё асабістых прыся­дзібных гаспадарак, адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі.

“Трэба задзейнічаць мясцовыя закінутыя прысядзібныя ўчасткі, асабліва ў неперспектыўных вёсках (ды і ў аграгарадках, у раённых цэнтрах хапае яшчэ такіх кавалкаў зямлі), і аддаць людзям пад дачы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што цікавасць да такіх участкаў і ў цэлым да пражывання за межамі вялікіх гарадоў значна ўзрасла ў перыяд пагаршэння эпідэміялагічнай абстаноўкі. Напрыклад, пад Мінскам свабодных, невыкарыстоўваемых участкаў зямлі практычна не засталося. Цяпер трэба больш актыўна прапаноўваць усім жадаючым набываць пад будаўніцтва дач участкі ў іншых рэгіёнах Беларусі, тым больш што іх колькасць дастатковая.

“Гэта будзе такая вялікая сацыяльная праграма, і націск з майго боку будзе моцны, каб мы асвоілі гэтыя кавалкі зямлі”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці, планах па будаўніцтве і рэканструкцыі мастоў, развіцці аўтадарожных магістралей, існуючай базе дарожна-будаўнічых арганізацый.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што некаторы недабор па валавым рэгіянальным прадукце звязаны з работай прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці.

“Літаральна праз тыдзень мы зноў збяромся там, у мяне (у Мінску. — Заўвага БелТА.), і абмяркуем яшчэ раз пытанне. Ужо больш-менш зразумела, на што мы выйдзем (у пытанні эканамічнага развіцця ў бягучым годзе. — Заўвага БелТА.). Гэта значыць, калі паставіць задачу ўраду заняцца сваімі прадпрыемствамі, то вы забяспечыце рост на камунальных (у камунальнай уласнасці. — Заўвага БелТА.)”, — адзначыў беларускі лідар.

Што датычыцца дарожнага будаўніцтва, міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка далажыў аб планах па рэканструкцыі трасы па поўдні Беларусі — ад Гомеля да Кобрына. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб работы на гэтай і іншых дарогах вяліся з улікам перспектывы, з будаўніцтвам абходаў гарадоў. “Мы, можа, сэканомім, а потым усё роўна давядзецца абход рабіць. У гарады пажадана не заходзіць”, — сказаў ён.

Кіраўніка дзяржавы падрабязна праінфармавалі і аб дарожным будаўніцтве на паўночным напрамку ад сталіцы, у тым ліку ў бок Полацка. “Застанецца ў нас полацкі напрамак. Яго трэба бачыць, вядома. Зыходзячы са сродкаў, якія ў нас будуць, з неабходнасці. Але гэта нават не ў галаве трэба трымаць, а прапрацоўваць праект. Каб мы пры нашым жыцці зрабілі полацкі напрамак. Можа, да канца пяцігодкі недзе зачэпімся. Тады ў нас не будзе праблем наогул па дарожнай сетцы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.