Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Без малой радзімы, асабліва вёскі, не можа быць ні краіны, ні суверэнітэту і незалежнасці”

- 13:06Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, высадзіўшы дрэвы на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

У дваццатых чыслах красавіка кіраўнік дзяржавы па традыцыі наведаў раёны, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адраджэнню гэтых зямель заўсёды ўдзяляецца асаблівая ўвага, і, улічваючы, што на гэты раз паездка прэзідэнта супала з правядзеннем у краіне рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка вырашыў прыняць удзел у работах на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

Тут у мэтах аднаўлення лясной масы прэзідэнцкая брыгада высадзіла 8 тысяч саджанцаў сасны на плошчы паўтара гектара.

Пазней, у час размовы з журналістамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што правядзенне рэспубліканскага суботніка даўно стала традыцыяй у Беларусі і ад яе адступаць не будуць. Прэзідэнт даўно заяўляў: будаваць новую, суверэнную і незалежную Беларусь будуць, абапіраючыся на плечы бацькоў і дзядоў. “Суботнікі — гэта, лічу, тое добрае, што мы ўзялі з таго (савецкага.Заўвага БелТА.) перыяду. Вось і ўся ідэалогія: мы памятаем папярэдняе, шануем сваю гісторыю, беражом лепшае і актуалізуем на фоне сённяшніх падзей”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Пасадка дрэў, дадаў прэзідэнт, — гэта ўклад у экалогію, клопат аб прыродзе. “Вы заўважылі, а некаторыя Telegram-каналы, з-за якіх мы напружваемся кожны дзень, — а дарэмна — гэтага не заўважылі: я некалі сказаў, што Ён (Гасподзь.Заўвага БелТА.) убачыў, што мы вельмі дрэнна ставімся да экалогіі, да ладу жыцця, які ў нас зусім не адпавядае тым крытэрыям, якія павінны быць, і ўдарыў нас па галаве (маецца на ўвазе ўспышка пандэміі каранавіруса.Заўвага БелТА.). Таму мы спрабуем калі не выраўнаваць сітуацыю, то хаця б абараніць сябе і сваіх блізкіх гэтымі крокамі”, — падкрэсліў ён.

Адзін з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі — “Прыпяцкі” — размешчаны ў міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці. Тут пад асаблівай аховай знаходзіцца амаль 190 тысяч га тэрыторыі і больш за трэць займае абсалютны рэзерват дзікай прыроды.

У час удзелу ў рэспубліканскім суботніку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў журналістам, што без малой радзімы, асабліва вёсак, не можа быць ні суверэнітэту, ні незалежнасці.

“За апошнія гады гэта была дзейсная, ідэйная справа — аб’явіць трылогію малой радзімы. Што зрабілі, а што не зрабілі? Скажу сумленна: зрабілі не ўсё, што маглі. Калі б яшчэ трылогію аб’явілі, зрабілі б яшчэ больш. Але галоўнае — мы павярнулі людзей да іх малой радзімы. Асабліва да вёсачак, да тых дамоў, якія засталіся ад бацькоў, бабуль і дзядуляў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз здзіўляўся тым беларусам, якія не разумеюць, што значыць мець сёння прысядзібны ўчастак у краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. “Хутка гэта будзе даражэйшым за золата. Многія пачулі гэта. Пачынаючы ад Мінска, буйных гарадоў, усе вёсачкі, свабодныя прысядзібныя ўчасткі скуплены: нехта маленькі дом пабудаваў, нехта — вялікі, нехта — церам, калі ласка. Галоўнае, каб гэтая зямля апынулася ў руках гаспадароў. Гэта значыць, за тры гады мы павярнулі свядомасць людзей і нацэлілі іх на тое, што без малой радзімы, асабліва вёскі, не можа быць ні краіны, ні суверэнітэту і незалежнасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта не лозунгі. Яшчэ ў пачатку сваёй палітычнай дзейнасці ён убачыў, наколькі важна беражлівае стаўленне да невялікіх гарадкоў і вёсак. “Занядбаныя вёскі (інакш не скажаш), вакол разбітыя дарогі, перакошаныя дамы, разбураныя і кінутыя дамы, нікому не патрэбныя прысядзібныя ўчасткі, за якія нават у той час людзі дрыжэлі. Яны чапляліся за кавалачак зямлі, дзе б вырасціць прадукты. Калі б мы не правялі тры пяцігодкі па адраджэнні сяла, вёска знікла б”, — упэўнены прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што ўпершыню пабываў у Ляскавічах у 1995 годзе: ён прыехаў у вёску і заўважыў, што тут толькі пясчаныя дарогі. Але галоўнае, дадаў прэзідэнт, было іншае: гэтыя раёны былі закінутыя, і ў людзей нават не было з чаго пячы хлеб. “Гэтая вёсачка, уся гэтая акруга стала маёй маленькай радзімай. Вельмі шмат было крыку: усё, кідаем землі, бяжым адтуль. Тады яшчэ я сказаў: не, мы тут будзем з часам жыць. І мы сталі асвойваць землі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. З часам гэтая мясцовасць была добраўпарадкавана, пачалі аднаўляць і іншыя пацярпелыя пасля выбуху на ЧАЭС раёны.

“Так мы паднімалі малыя гарады і пасёлкі, а потым было рашэнне стварыць аграгарадкі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас няма лішняй зямлі, таму нам трэба краіну сваю прывесці ў адпаведнасць і перадаць нашым дзецям, якія прыйдуць за намі”.