Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Без усеагульнай гатоўнасці да новага перагаворнага працэсу, які стабілізаваў бы міжнародныя адносіны, мы не можам гарантаваць бяспеку сваім краінам і народам”

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтая тэма вельмі важная для бяспекі кожнай дзяржавы, на якім бы кантыненце яна ні знаходзілася. “Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы, ён не ведае меж — ні дзяржаўных, ні маральных. Яго ахвяры — звычайныя людзі, сярод якіх старыя, жанчыны і дзеці. Яго метады жорсткія і бесчалавечныя. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы тэрарыстычных атак, развіваюцца са скорасцю сусветнага інфармацыйнага і тэхналагічнага прагрэсу”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка назваў тэрарызм беспрэцэдэнтным выклікам сучаснаму грамадству. “Выклік, з якім не справіцца па­асобку нават самым магутным дзяржавам, якім бы сілавым патэнцыялам і якімі б перадавымі распрацоўкамі яны ні валодалі”, — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў словы старшыні Міжпарламенцкага саюза Габрыэлы Куэвас Барон, якая ў час адкрыцця канферэнцыі сказала аб магчымасці пакласці канец тэрарызму. “Так, мы можам пакласці канец гэтаму самаму тэрарызму. Не сёння, не з­аўтра, не адразу, але толькі пры адной умове — калі мы гэтага захочам. І яшчэ ў канцы яна сказала вельмі правільную рэч, што, вярнуўшыся дадому, усе вы і мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці канец тэрарызму і будаваць новую планету. Вы, можа, і захочаце будаваць гэтую новую планету, але пры адной умове — калі вы пераканаеце нас, перш за ўсё, і нашых калег (уладатрымальнікаў) будаваць гэтую новую планету без тэрарызму сумленна, адкрыта і справядліва”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, надышоў час усім краінам свету аб’яднаць намаганні ў сістэмнай барацьбе з тэрарыстамі і іх саўдзельнікамі, пачаць шырокі міжнародны дыялог. “Неабходнасць у сумеснай каардынацыі намаганняў, думаю, відавочна для ўсіх, перш за ўсё, для прафесіяналаў, якія прысутнічаюць у гэтай зале. Безумоўна, галоўная роля ў гэтай місіі належыць ААН. Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай усіх асноўных універсальных дагавораў, распрацаваных пад эгідай ААН. У 2006 годзе мы выступілі за прыняцце Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі — першага дакумента, які вызначыў агульнасусветны падыход да бараць­бы з тэрарызмам”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь прадаўжае падтрымліваць усе ініцыятывы ў рамках ААН па тэме антытэрору. Умацоўваюцца партнёрскія сувязі ў сферы антытэрору, краіна ўдзельнічае ў абмене спецыялізаванай інфармацыяй і перадавым вопытам, у фарміраванні сеткі каардынатараў па барацьбе з тэрарызмам.

“Маштаб тэрарыстычнай актыўнасці сёння патрабуе выхаду за рамкі адной арганізацыі. Перакананы, што стварэнне з’яднанага антытэрарыстычнага фронту сіламі ААН, АБСЕ, ЕС, АДКБ, СНД, ШАС і іншых міжнародных арганізацый — адзіны правільны спосаб моцна і эфектыўна супрацьстаяць гэтай пагрозе”, — заявіў беларускі лідар.

Ён таксама лічыць, што ідэя аб’яднаць два рэгіёны — АБСЕ і АСЕАН — пад эгідай контртэрарыстычнай канферэнцыі ў Мінску таксама актуальная і своечасовая.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе выступлення агучыў ініцыятыву фарміравання “пояса лічбавага добрасуседства”.

“Беларусь ужо больш як 20 гадоў умацоўвае дружалюбныя адносіны з краі­намі-суседзямі ў рамках ініцыятывы аб “поясе добрасуседства”, якая апраўдала сябе ў поўнай меры. Магчыма, надышоў час узяц­ь гэтую мадэль за ўзор для фарміравання новай ініцыятывы — “пояса лічбавага добрасуседства”, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, зрабіць гэта можна шляхам заключэння міждзяржаўных і іншых пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. “З нашага пункту гледжання, ключавымі элементамі такіх дамоўленасцей маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, якія ў першую чаргу будуць гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адна адной”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сістэму эфектыўнага забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі павінна быць уключана як мага больш дзяржаў. “І я быў бы рады, калі б сёння з Мінска мы запусцілі хвалю лічбавай бяспекі, прызначаную ўмацаваць сувязі паміж краінамі, павысіць эфектыўнасць сумеснага супраць­дзеяння тэрарыстычным і іншым пагрозам у кіберпрасторы”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што глабальная сетка цяпер з’яўляецца вялікай зонай рызыкі. Пагрозы, якія фарміруюцца ў кіберпрасторы, маюць транснацыянальны і скрыты характар.

“Адыход злачынцаў у “цёмную” сетку, або, як яе называюць, даркнэт, ускладняе кантроль з боку і дзяржаў, і прыватнага сектара. Тэрарысты актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для прапаганды і вярбоўкі новых прыхільнікаў, лічбавыя тэхналогіі — для фінансавага падсілкоўвання. Гэта яшчэ адзін выклік для глабальнага контртэрарыстычнага фронту”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

“Стварылі гэтую добрую “цацку” вялікую і цяпер не ведаем, што з ёй рабіць. А дакладней, ведаем, нават вельмі добра ведаем, але не хочам рабіць тое, што мы разумеем, і тое, што трэба рабіць. Ствараючы якую-небудзь “цацку”, мы павінны разумець, што калі яна з аднаго боку нясе карысць чалавецтву (а інтэрнэт — гэта, са­праўды, з аднаго боку добра), нам жа трэба было падумаць аб тым, а што можа прынесці дрэннага”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што, ствараючы глабальную сетку, некаторыя разлічвалі на вялікія выгады ад яе, у тым ліку ў мэтах шпіянажу.

Прэзідэнт Беларусі закрануў і праблематыку забеспячэння свабоды інтэрнэту.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер асобныя краіны свету азадачаны гэтай праблемай. “Але што маецца на ўвазе пад гэтым тэрмінам? Дзе мяжа паміж свабодай выказванняў або самавыяўлення і бескантрольнымі або беспакаранымі паводзінамі ў сусветнай лічбавай прасторы?” — паставіў пытанне беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожная дзяржава адказвае самастойна на пытанні, як сябе паводзіць у лічбавай прасторы, як рэгуляваць інтэрнэт. “У Беларусі, як суверэннай краіны, ёсць уласнае меркаванне на тэму маральных, этычных і прававых меж свабоды інтэрнэту. Я так свабодна гавару наконт пытання інтэрнэту, таму што ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у нечым абмежавалі інтэрнэт у Беларусі. Хоць трэба было б. Але пакуль яшчэ не ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадства зноў не прыняло супраць нас санкцыі. Таму мы пакуль не чапаем інтэрнэт. Справа, час дазваляюць”, — сказаў прэзідэнт.

“Але паглядзіце на іншыя краіны, як яны разбіраюцца з інтэрнэтам. Гэта таксама яшчэ адна праблема правоў чалавека”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Што тычыцца інтэрнэту, то ў Беларусі ўсе адпаведныя падыходы выкладзены ў прынятай нядаўна нацыянальнай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. “Але і ў гэтай тэме без выпрацоўкі агульных правіл, якія будуць прызнавацца ўсімі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасці, мы ніколі не зможам дасягнуць жаданых вынікаў па абароне нашых грамадзян”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Беларусь служыць надзейным фарпостам у выяўленні замежных тэрарыстаў-баевікоў, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, наша краіна служыць надзейным фарпостам у выяўленні замежных тэрарыстаў-баевікоў у пасажырскіх і міграцыйных патоках. Гэтаму садзейнічае развітая пагранічная інфраструктура, шматузроўневая сістэма забеспячэння бяспекі, паспяховы вопыт супрацоўніцтва з кампетэнтнымі органамі іншых дзяржаў і профільнымі міжнароднымі арганізацыямі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі, на шчасце, няма сістэмных прычын для экстрэмісцкай дзейнасці, заснаванай на рэлігійнай, этнічнай або сацыяльнай нецярпімасці. “Скажу больш: ва ўлад Беларусі і ў мяне асабіста таксама няма зацікаўленасці параджаць тэрарыстычныя групоўкі, фінансаваць іх і ўзброй­ваць. Думаю, намёк вы зразумелі”, — адзначыў беларускі лідар.

У мэтах умацавання нацыянальнай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі рэзідэнты беларускага Парка высокіх тэхналогій ужо стварылі і прасоўваюць на рынку перадавыя праграмныя прадукты, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.

Закрануў на канферэнцыі кіраўнік дзяржавы і пытанне канфлікту на У­краіне.

“Чаму не спынілі канфлікт да гэтага часу (5 гадоў прайшло)? Таму што гэта некаму патрэбна!” — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прапановы па мірным урэгуляванні, якія Беларусь прапаноўвала першапачаткова, былі адхілены, канфлікт зацягнуўся.

“Мы ўсе пакутуем з-за канфлікту ва У­краіне. Гэта вострая праблема і для мяне ў асабістым плане, і як кіраўніка дзяржавы — суседа Украіны. А калі пачаўся гэты канфлікт, адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў пазваніў мне і пацікавіўся, што будзем рабіць, які пункт гледжання Беларусі. Я не хацеў умешвацца, ведаючы, што там адбываецца і што з’яўляецца прычынай гэтага канфлікту”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

Разам з тым беларускі бок падрыхтаваў і прапанаваў план канкрэтных мера­прыемстваў, якія павінны былі быць праведзены ў сувязі з канфліктам. “І дадаў: калі вы адхіліце гэты план, дзе асноўная нагрузка павінна была легчы на Беларусь, я буду лічыць, што Еўропа не хоча, каб гэты канфлікт спыніўся. І што вы думаеце — цывілізаваная Еўропа адхіліла гэты план. Нават у дэталях”, — канстатаваў беларускі лідар.

“І пачалі змагацца за Данбас, за Крым, яшчэ нешта — “нармандскія фарматы”, у тым ліку ў Беларусі. Я, вядома, з задавальненнем прымаў іх, таму што ведаў, што гэта хоць маленькія крокі, але ў напрамку нармалізацыі сітуацыі. Паколькі там старыя і дзеці гінулі і нібыта гінуць сёння”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Хто гэта спарадзіў? Адказ на паверхні”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў таксама, што бачыць вялікую небяспеку ў спыненні дзеянняў Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што наступствы гэтага кроку могуць быць нават больш небяспечныя за тэрарызм. “Калі мы не спынімся, лічыце, што мы зрабілі першы крок да новай вайны. І дай бог, каб гэтая вайна абышлася хаця б без ядзернай зброі”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што супрацьдзеянне тэрарызму — выключна важнае, але не адзінае звяно ў ланцугу ўсеагульных намаганняў па забеспячэнні міжнароднай бяспекі. Набірае сілу дэградацыя сістэмных асноў гэтай бяспекі, якія ствараліся з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

“Адной з прычын і вынікам гэтага працэсу стала разбурэнне даверу паміж краінамі. Апошні сумны прыклад — спыненне дзеяння Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Чарговае мерапрыемства, і хто яго спарадзіў — ведаеце. І вы, напэўна, разумееце, што праз некалькі гадоў (барацьба пачалася ўжо) мы пачнём змагацца супраць гэтага страшэннага зла — траціць грошы, праводзіць канферэнцыі. І тыя, хто сёння вінаваты ў парушэнні гэтых дагавораў, яны, магчыма, будуць ініцыятарамі правядзення гэтых канферэнцый. Дык ці не лепш цяпер спыніцца?!” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, рэальная магчымасц­ь з’яўлення гэтых узбраенняў у ціхай і спакойнай Еўропе — прамы шлях да росту напружанасці на кантыненце і новага вітка гонкі ўзбраенняў. “Яна пачалася ўжо, прытым ідзе вельмі хутка. У вядучых краінах настолькі фарсіруюць гэты працэс, што ў час выпрабаванняў новай зброі проста дзясяткамі і сотнямі гінуць людзі”, — канстатаваў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што для аднаўлення даверу Беларусь паслядоўна і настойліва развівае ідэю аб неабходнасці шырокага міжнароднага дыялогу — як на рэгіянальным, так і на глабальным узроўні. “Без усеагульнай гатоўнасці да новага перагаворнага працэсу, які стабілізаваў бы міжнародныя адносіны, мы не можам гарантаваць бяспеку сваім краінам і народам. Неабходны пошук аб’яднальнага парадку дня, новых ідэй, што падзяляюцца шырокім колам дзяржаў і міжнародных арганізацый. Адной з іх, на маю думку, павінна стаць супрацьдзеянне размяшчэнню ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў еўрапейскім рэгіёне”, — сказаў Аляксандр Л­укашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь з’яўлялася паўнапраўнай удзельніцай Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці: “Мы не выходзілі з яго і не маем намеру вырабляць або размяшчаць такія ракеты, калі не будзе пагрозы нашай бяспецы. Пакуль такой сітуацыі няма. Спадзяюся, і не будзе. Заяўляю гэта як кіраўнік дзяржавы, размешчанай у самым сэрцы Еўрапейскага кантынента, дзе ў генах кожнага жыхара жыве памяць аб самых страшных у гісторыі чалавецтва войнах. Яны ўсе пракаціліся праз нашу зямлю”.

“Перакананы, што дэкларацыя адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе магла б стаць сапраўдным укладам ва ўмацаванне бяспекі. Мы не ідэалісты і бачым усе складанасці, з якімі можа сутыкнуцца гэтая ініцыятыва ва ўмовах існуючых супярэчнасцей. Але ж і Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, і глабальныя забароны іншых відаў зброі масавага знішчэння таксама калісьці здаваліся немагчымымі”, — сказаў А­ляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што сумесныя дзеянні па захаванні дасягненняў ДРСМД на Еўрапейскім кантыненце сталі б важным крокам у глабальным дыялогу па аднаўленні даверу.