Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікам, падтрымку найбольш слабаабароненых слаёў насельніцтва”

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Спрыяльныя знешнеэканамічныя ўмовы дазваляюць разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

“Цяпер склаліся спрыяльныя ўмовы. Рост сусветных цэн (на нафту. — Заўвага БелТА.) таксама нам на руку, паколькі растуць цэны і на нафтапрадукты, якія мы вырабляем у Беларусі. Даражэй мы прадаём мінеральныя ўгнаенні, у тым ліку калій. Гэта дазваляе разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Колькі па часе гэта будзе працягвацца, ніхто не ведае, але вечна гэта дакладна не будзе. Трэба літаральна паспець атрымаць максімум выгады з кан’юнктуры, якая склалася, і захаваць апераджальную дынаміку ва ўсіх сферах”.

Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць немалой колькасці нявырашаных пытанняў і розных меркаванняў наконт гэтага, асабліва наконт кірункаў расходавання бюджэтных сродкаў. “Рэальны сектар будзе, вядома ж, цягнуць коўдру на сябе, як гэта ў нас часта бывае. Фінансісты скажуць, што трэба перш за ўсё скарачаць дзяржаўны доўг”, — адзначыў беларускі лідар.

“Маю пазіцыю чулі не толькі вы, але і ўвесь народ. Бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікам, падтрымку найбольш слабаабароненых слаёў насельніцтва”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Абавязацельствы перад народам Беларусі павінны няўхільна выконвацца, акцэнтаваў увагу прысутных Аляксандр Лукашэнка.

“Хацелася б, каб прэм’ер-міністр далажыў, як будуць расці даходы насельніцтва: зарплаты, пенсіі. Мы не можам трымаць народ у “чорным целе”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Як будзем павышаць эфектыўнасць бюджэтнай сістэмы для забеспячэння сацыяльных стандартаў грамадства? Ці дастаткова прапануемых вамі мер для скарачэння дзяржаўнага доўгу?”

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў міністра эканомікі праінфармаваць, што трэба зрабіць для апераджальнага эканамічнага росту. “Што стрымлівае гэты рост сёння? Аснова нашай эканамічнай палітыкі непарушная — калі бачыце неабходнасць пераўтварэнняў у любым кірунку (эканоміка, жыццё грамадства, асабліва прадпрыемствы матэрыяльнай сферы), закон адзін — сацыяльная адказнасць і ўлік інтарэсаў нашага народа”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“У абмеркаванні актуальных пытанняў мы павінны зыходзіць з таго, што ў нас ёсць абавязацельствы перад народам, якія патрабуюць няўхільнага выканання. Мэта нязменная — забяспечыць павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Урад мае намер прадоўжыць практыку аказання дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам. Не спрачаюся, відаць, некага трэба і падтрымліваць. Аднак галоўнае пытанне: на якія мэты накіраваны прапановы па аказанні гэтай падтрымкі? Калі на бягучыя патрэбы, то абмеркаванне сёння можна і не пачынаць. Мы не бачым абяцанага эфекту ў поўным аб’ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі. Нам патрэбны прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннай падпіткі з дзяржбюджэту. Такім чынам мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і ўрачоў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і, наадварот, накіроўвацца ў бюджэт”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

“Мы за кошт бюджэту ўсім дапамагчы не зможам. Напрыклад, падтрымалі мадэрнізацыю многіх прадпрыемстваў, і цяпер іх эканоміка павінна быць самастойнай і вяртаць укладзенае”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў на нарадзе прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, эканоміка Беларусі паказвае ўстойлівы збалансаваны рост. “У І квартале бягучага года выконваюцца ўсе важныя параметры прагнозу, зацверджаныя кіраўніком дзяржавы. У тым ліку тэмп росту ВУП — 105,1%, экспарт тавараў і паслуг — 129,8%. Сальда знешняга гандлю — $206 млн. Інфляцыя ў межах прагнозу: сакавік да снежня — плюс 2,5%”, — паведаміў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, валавая дабаўленая вартасць прырастае ва ўсіх сектарах эканомікі — у прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, гандлі, транспартнай дзейнасці.

Прэм’ер канстатаваў, што па выніках сакавіка бягучага года не ўдалося ў поўнай меры выканаць задачу па дасягненні сярэдняй зарплаты ў Беларусі на ўзроўні снежня 2017 года. “Дэ-факта атрымалася, што мы ў сакавіку крыху не дасягнулі гэтага паказчыка. Сярэдняя заработная плата склалася на ўзроўні Br927. Мы дакладвалі, якім чынам тыя ці іншыя галіны, рэгіёны выконвалі задачы, звязаныя з забеспячэннем гэтага ўзроўню”, — сказаў ён.

“Сёння робіцца вялікі ўпор на тыя арганізацыі, якія маюць значныя адхіленні ад паказчыка 1000 рублёў. Павінны быць рэалізаваны меры па тых прадпрыемствах, дзе зарплата 300—400 рублёў, якія дазволілі б ім забяспечыць пры апераджальных тэмпах росту прадукцыйнасці працы адпаведны рост заработнай платы”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, гэта задача няпростая, тым не менш яна павінна быць вырашана, каб забяспечыць для людзей прывабнасць іх рабочых месцаў і ў тым ліку не дапусціць адтоку кваліфікаваных кадраў за мяжу.

Як патлумачыў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, на пагашэнне дзярждоўгу Беларусі ў 2018 годзе накіруюць даўгавыя і недаўгавыя крыніцы ў прапорцыі 50/50.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, цяперашняя кан’юнктура цэн на сусветным рынку дазваляе разлічваць на большы ўзровень даходаў у бюджэт, чым планавалася раней. “Даходы, дапусцім, ад продажу нафтапрадуктаў маюць дастаткова добрую тэндэнцыю росту з улікам таго, што ў нас у законе аб бюджэце быў прадугледжаны ўзровень цэн на нафту ў памеры $43. А цяпер рэальна $73. Адпаведна, пад гэта фарміруецца пэўны ўзровень даходаў звыш таго, што было прадугледжана”, — сказаў ён.

Андрэй Кабякоў у сувязі з гэтым лічыць, што да пытання выкарыстання дадатковых даходаў трэба падыходзіць акуратна. “Законам аб бюджэце прадугледжана, што ўсе даходы, звязаныя з атрыманнем пошлін ад нафтапрадуктаў, павінны накіроўвацца на пагашэнне дзяржаўнага доўгу. І ў нас з’яўляецца магчымасць у гэтым годзе забяспечыць суадносіны даўгавых і недаўгавых крыніц па пагашэнні дзяржаўнага доўгу ў прапорцыі 50/50. Гэта добрая лічба, якая фарміруе перадумовы да таго, каб у нас даўгавая нагрузка ў краіне паступова змяншалася”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Разам з гэтым ён звярнуў увагу, што сітуацыя на знешніх рынках можа мець часовы кан’юнктурны характар. “Таму, з аднаго боку, мы не павінны прасядзець на старце і не скарыстацца гэтай магчымасцю, у тым ліку і для павышэння дабрабыту нашых грамадзян. З іншага боку, мы не павінны зрабіць так, каб гэта была падтрымка, пасля якой мы будзем адчуваць праблемы з выкананнем бюджэту. Дзе правесці гэту “залатую” сярэдзіну — пра гэта ў тым ліку ішла размова на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы”, — дадаў Андрэй Кабякоў.

Адносна пытання неэфектыўнага выкарыстання дзяржпадтрымкі прадпрыемствамі Андрэй Кабякоў адзначыў, што дырэктары такіх прадпрыемстваў пазбавяцца пасад. “Што тычыцца кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапусцілі невыкананне ўмоў прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі, то яны адназначна не будуць працягваць работу на гэтых прадпрыемствах. І ў іх будзе вялікая праблема з працаўладкаваннем на кіруючыя пасады ў краіне. Гэта прынцыповая пазіцыя і прэзідэнта, і ўрада”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што па шэрагу прадпрыемстваў узнікаюць праблемы, звязаныя з выкананнем імі важных узнаўленчых функцый. “Калі бізнес-планы, якія прадугледжваліся пры прыняцці рашэнняў па інвесціраванні ў гэтыя прадпрыемствы, прыцягненні крэдытных рэсурсаў, не ў поўным аб’ёме спрацавалі і маю ць значныя адхіленні, то па кожным такім прадпрыемстве будзе вывучацца сітуацыя, прычыны і вынік тых ці іншых памылак. Будзе персаніфікаваная адказнасць”, — сказаў ён.

Дзяржава як уласнік, які валодае вытворчымі актывамі, павінна прымаць меры, каб яны функцыянавалі эфектыўна. “Пытанне, якімі гэтыя меры павінны быць. Перш за ўсё арганізацыйнага характару — навядзенне парадку, дысцыпліна, зніжэнне затрат і ўдзел пасрэдніцкіх структур у забеспячэнні як неабходнымі рэсурсамі для вытворчасці, так і пры продажы гатовай прадукцыі”, — лічыць Андрэй Кабякоў.

Дзяржпадтрымка ў выглядзе грашовых сродкаў будзе аказвацца толькі ў выключных выпадках. Такія рашэнні будуць прымацца індывідуальна. “Па кожным прадпрыемстве з адпаведнымі мерамі адказнасці будзе разглядацца пад павелічальным шклом. Па-добраму (гэта павінны пачуць кіраўнікі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, галін), наогул, лепш такія прапановы не ўносіць. А калі ўносіць, то за кожную коску і лічбу будзе строгая адказнасць”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адначасова адзначыў і заслугу айчынных прадпрыемстваў у пытанні забеспячэння выканання даходнай часткі бюджэту і дадатнай дынамікі ў эканоміцы краіны ў цэлым. “Гэта ў тым ліку, і нават перш за ўсё, работа прамысловага комплексу краіны — і прамысловасці, і будаўніцтва, і транспарту, і дзяржаўных, і прыватных прадпрыемстваў. Гэта сведчыць пра тое, што, сапраўды, на бягучы момант ідзе ўстойлівы эканамічны рост”, — сказаў ён.

Міністэрства эканомікі Беларусі распрацоўвае план па індустрыялізацыі, ён прадугледжвае рэалізацыю больш як 1,7 тысячы інвестыцыйных праектаў, адзначыў па выніках нарады ў прэзідэнта міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

Кіраўнік эканамічнага ведамства нагадаў, што раней кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача ўраду дасягнуць да канца 2025 года ВУП у памеры $100 млрд. Чакаецца, што яго памер у бягучым годзе складзе $60 млрд.

“Міністэрства эканомікі ўвесь мінулы год і пачатак бягучага займаецца распрацоўкай плана так званай індустрыялізацыі нашай краіны. Да кожнага са 118 раёнаў будуць прывязаны пэўныя інвестыцыйныя праекты, ці гэта агучаныя міністэрствамі, ці гэта выпрацаваныя губернатарамі. Пакуль у гэтым плане 1740 праектаў”, — сказаў міністр.

Плануецца, што план будзе разгледжаны ў ліпені на Прэзідыуме Савета Міністраў. “Калі ён будзе ажыццёўлены, цалкам рэальна дасягнуць лічбы ў памеры $100 млрд ВУП”, — лічыць Уладзімір Зіноўскі.

Праекты хочуць рэалізаваць за кошт інвестыцый і ўласных грошай прадпрыемстваў. “Трэба дасягнуць таго, каб крэдытныя рэсурсы — я заўсёды пра гэта кажу — каштавалі для прадпрыемстваў 5—6%. І тады цалкам магчыма, каб прадпрыемствы, прыцягваючы іх, маглі пашырацца або будаваць новыя праекты пад гэтую праграму”, — адзначыў ён.