Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі”

Толькі працаўнікі вёскі ведаюць сапраўдную цану ўкладзенай у зямлю працы. І нягледзячы на тое, што на дапамогу аграрыям прыйшлі індустрыяльныя і навуковыя дасягненні цывілізацыі, праца земляробаў па-ранейшаму застаецца адной з самых напружаных і цяжкіх, адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым працаўнікам аграрнай сферы.

“У гарачую пару няма месца святам і выхадным. Зямлі трэба аддаць столькі часу і сіл, колькі яна запатрабуе. Іх не змераеш ні святлом дня, ні стомай. Зямля правярае кожнага, на што ён здольны. Забярэ ўсю ўвагу, але і аддасць больш, калі ставіцца да яе з клопатам”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Чалавек, які вырас у вёсцы, сярод палёў, лясоў і рэк, ведае, якой сілай і энергіяй напаўняе прырода ўсіх, хто з ёю блізкі. Куды б потым ні закінуў лёс, ён пранясе гэту сувязь праз усё сваё жыццё. І Радзіма назаўсёды застанецца ў яго сэрцы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт агучыў на цырымоніі ўзнагароджання працаўнікоў вёскі, што 2018 год у Беларусі вырашана аб’явіць Годам малой радзімы.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што прыняцце такога важнага рашэння выклікалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. “Яна шматаблічная. Для адных гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых — кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою. А для тых, хто паехаў шукаць шчасце ў іншыя краіны, малой радзімай стала Беларусь”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. “Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай — хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцей, фантазіі і жадання кожнага. Настаў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь — прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі ўтульнымі гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, багатай прыродай. “Дзяржава шмат зрабіла ў гэтым кірунку і не спыніцца на дасягнутым. Але ж няма мяжы дасканаласці, і заўсёды знойдзецца дзе прымяніць уласныя сілы. Беларусь — наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным, — сказаў ён. — Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі.

“І гэта не задача аднаго года. Магчыма, некалькіх гадоў. А лепш, калі стане нормай жыцця. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат пра яе. Беларусь такая, якой мы яе бачым, такая, якой мы яе ствараем. І самае галоўнае — якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе і ў сваёй краіне — тым мацнейшая дзяржава. І разуменне гэтай сувязі трэба перадаць, як ген, сваім дзецям”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Гэта немагчыма без выхавання гордасці за сваю краіну, горад, вёску, сям’ю. Каб прывіць гэтыя пачуцці, трэба самім быць адказнымі за словы, справы, учынкі, за блізкіх людзей. “Мы павінны паказаць нашым дзецям, што, як ні склалася б іх жыццё ў будучыні, у іх ёсць дом, ёсць малая радзіма, дзе яны заўсёды знойдуць суцяшэнне і адчуюць нябачную падтрымку ад гэтай зямлі. Мне не трэба вам расказваць, што такое малая радзіма, асабліва, што такое вёсачка, у якой, можа, ужо засталося тры — пяць дамоў, — калісьці вялікая вёска ператварылася ў зусім маленькі куток, як у нас раней гаварылі, у хутарок. І мне не трэба вас пераконваць, што з гадамі цягне туды, дзе ты зрабіў першыя крокі. Пакуль у нас ёсць час і магчымасці, давайце выратуем гэтыя хутаркі”, — заклікаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: тыя, у каго ёсць магчымасці адбудаваць і адрадзіць гэтыя вёсачкі, няхай назавуць іх сваім імем. “Але мы яго захаваем. І калі глядзець у сутнасць тэмы года глыбей, то стане зразумела, што гэта не краіна, а мы самі маем патрэбу ў тым, каб зрабіць штосьці добрае і карыснае для свайго роднага краю. Гэта нам важна адчуць сябе патрэбнымі, шчодрымі. Усвядоміць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця, самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, але і адчуваюць да іх асабістую прыналежнасць”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Жыццё імкліва ідзе наперад. На палі і фермы прыходзяць робаты, укараняюцца біятэхналогіі. Каму, як не моладзі, уключыцца ў гэты сучасны рабочы рытм? Пытанне прыцягнення ў сельскую мясцовасць маладых спецыялістаў на гэты момант адно з самых актуальных. Вырашаць яго неабходна як у вёсцы, так і ў гарадах. Думаю, каб дзейнічаць у гэтым кірунку больш эфектыўна, для пачатку трэба аб’ектыўна паглядзець на тое, што перашкаджае жыць і працаваць у вёсцы”, — заявіў беларускі лідар.

“Трэба паставіць сябе на месца працаўнікоў вёскі, каб зразумець, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння ўмоў іх працы, жыцця і адпачынку. Не менш важна падумаць аб тым, чым можа быць прывабная сёння вёска для моладзі. Што трэба зрабіць, каб яны — сучасныя, актыўныя, адукаваныя — не пакідалі вёску, а, наадварот, імкнуліся прыехаць туды жыць і працаваць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў свой час у Беларусі ўдзялілі шмат увагі гэтаму пытанню, узнялі на новы ўзровень амаль паўтары тысячы вёсак, ператварыўшы іх у сучасныя аграгарадкі. “Будучыня будзе фарміравацца вакол гэтых аграгарадкоў і ўнутры”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усім разам трэба будзе яшчэ многае зрабіць, каб жыццё ў глыбінцы стала не толькі камфортнае, але і цікавае. Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыгожыя і дагледжаныя вёскі і гарадкі, даступнасць для іх жыхароў элементарных даброт цывілізаванага свету — гэта паказчык узроўню культуры ўсёй нацыі. “І няважна, хто будзе жыць і працаваць у вёсцы будучыні, чыя яна малая радзіма, — мы ўсе за яе адказныя. Таму што кожны куток краіны — гэта частка Беларусі, нашай агульнай зямлі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма павінна прайсці чырвонай ніткай праз увесь Год малой радзімы. “Ёсць мэта, ёсць напрамак работы, ёсць канкрэтныя аб’екты для прымянення творчай, стваральнай і іншай прыкладной дзейнасці — значыць, павінен быць і рэзультат! А вынікі мінулага года сёння паслужылі добрай падставай адкрыць вялікае рэспубліканскае свята аграпрамысловага комплексу. Спадзяюся, яно стане нашай новай традыцыяй ушаноўвання працаўнікоў вёскі”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай атмасферы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, падзякі прэзідэнта і падарачныя сертыфікаты лепшым гаспадаркам і работнікам аграрнай сферы рэспублікі.

“Шчыра віншую вас з поспехамі ў дзейнасці. Жадаю не проста паўтарыць іх у наступным сезоне, а значна перасягнуць. І няхай вам спрыяюць умовы надвор’я, праца будзе ў радасць, а зямля будзе шчодрая», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі.