Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Давайце ўсе разам будзем працаваць і ісці тым шляхам, які мы абазначылі”

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання каранавіруса.

Удзельнікамі нарады сталі члены ўрада, кіраўнікі абедзвюх палат парламента і дзяржаўных органаў, губернатары, начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі — усяго 30 чалавек.

“Праблема звязана з будучым існаваннем рэспублікі”

“Мы будзем абмяркоўваць работу сістэмы аховы здароўя. На першы план вылучаецца галіна барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі. Вельмі цесна праблема звязана з эканомікай нашай краіны. Павінен сказаць, што ў пэўнай ступені (я ўжо пра гэта намякаў у інтэрв’ю тэлекампаніі “Мір”), магчыма, і з будучым існаваннем нашай рэспублікі, таму што ніхто з вас не можа сказаць, што адбудзецца са светам пасля гэтай хваробы і псіхозу, які спарадзіла гэтая хвароба. Мы не ведаем задумы лідараў вялікіх дзяржаў, як яны выкарыстаюць гэтую сітуацыю. Але з гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сітуацыяй так, як ён лічыць патрэбным і выгадным для сябе”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу: у Беларусі не аслабляюць барацьбу з віруснымі захворваннямі. Але рашэнні прымаюцца зыходзячы з сітуацыі і рэсурсаў. “Наша тактыка з самага пачатку была не фронтам ісці і наступаць, і гэта не таму, што так мне захацелася. Скажу адкрыта, міністр аховы здароўя іншым разам мне казаў: давайце фронтам. Але фронту не атрымаецца, таму што мы ў іншай сітуацыі і рэсурсы ў нас іншыя. Кітай мог лакалізаваць сітуацыю і акружыць яе: у іх паўтара трыльёна золатавалютных рэзерваў і народ крыху іншы”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы выбралі ачаговую тактыку барацьбы”

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што такое “франтальнае наступленне” ў цяперашніх умовах не можа прынесці карысці — толькі шкоду. “Заперці лю­дзей у кватэрах, як некаторыя і ва ўрадзе мне прапаноўвалі, — гэта справа адных сутак. Заўтра ўвя­дзём ваенных, амапаўцаў мабілізуем — на працягу сутак нікога не будзе на вуліцы, я вам гэта гарантую. Вы лічыце, што гэта метад бараць­бы? Я лічу, не”, — сказаў прэзідэнт. На яго думку, гэта не спыніць распаўсюджванне віруса.

“Паглядзіце, што адбываецца там, дзе паспрабавалі лю­дзей заперці: нічога не атрымалася. Таму мы з самага пачатку выбралі (і СААЗ гэта адобрыла) ачаговую тактыку барацьбы. Неадкладна былі аддадзены каманды, каб мы паставілі лю­дзей у аэрапортах і на граніцы. Мы ўбачылі, што гэты вірус быў завезены, таму нам трэба было там пракантраляваць, — нагадаў прэзідэнт. — І мы прадаўжаем гэтую работу. Трэба кожнаму добрасумленна адносіцца да сваёй работы”.

“Першы абавязак урачоў — лячыць, а не закрываць рэстараны”

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу медыкаў: іх першы абавязак — лячыць людзей і, калі трэба, супакоіць грамадства, расказаўшы пра сваю работу. “Не вашы функцыі адкрываць некага, закрываць, арыштоўваць і гэтак далей. У нас ёсць каму гэтым займацца”, — растлумачыў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, яму штодзень дакладваюць, як развіваецца сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў Беларусі, якая дынаміка ў іншых краінах. “Ідзе вялізная работа на ўзроўні дзяржавы. Вы займайцеся сваёй справай”, — яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, як спрабавалі адправіць на каранцін БНТУ пасля таго, як у аднаго са студэнтаў выявілі каранавірус. Да сама­ізаляцыі студэнты і выкладчыкі падышлі безадказна, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Вынік нулявы. Дзякуй богу, што лю­дзі не захварэлі, — дадаў прэзідэнт. — Таму не трэба займацца не сваімі справамі. У вас сваіх спраў больш, чым дастаткова. Лячыце людзей, мы будзем вам у гэтым дапамагаць”.

“Давайце ўзмоцнім патрабаванні да тых, каго вы адправіце на самаізаляцыю”

Што тычыцца работы з кантактамі першага і другога ўзроўняў, то іх, лічыць кіраўнік дзяржавы, трэба трымаць на самаізаляцыі, а не ў бальніцах, калі тэсты на каранавірус даюць адмоўны вынік. “Калі хочаце, давайце ўзмоцнім патрабаванні да тых, каго вы адправіце на сама­ізаляцыю. Мы праверылі аднойчы: іх адправілі дадому, але жор­сткага заканадаўчага акта няма, і 400 чалавек дома не знайшлі. Мы можам узмацніць так, што ў вачах пацямнее”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым, адзначыў ён, большасць грамадзян праяўля­юць сваю свядомасць і стараюцца абмежаваць сябе ад залішніх кантактаў. “Мы нічога не забараняем, чалавек мае права сваім жыццём распараджацца сам. Але мы як дзяржава павінны дапамагчы яму засцерагчыся ў гэты перыяд”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: кожны павінен займацца сваёй справай. “Яшчэ раз падкрэсліваю: урачы — лечаць, уся інфармацыя — у Адміністрацыі прэзідэнта і штабе. Там вы разам вызначаецеся, як вы інфармуеце насельніцтва. Інфармацыю ўтойваць не трэба. Не дай бог, недзе нейкі падман. У наш час у нашай рэспубліцы падмануць нікога немагчыма. Калі вы адзін раз падманеце, вам ні­хто верыць не будзе, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце ўсе разам будзем працаваць і ісці тым шляхам, які мы абазначылі. Як бы нам ні было цяжка”.