Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Для панікі ў нас няма ніякіх падстаў”

- 11:22Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае станоўчую работу сістэмы аховы здароўя ў краіне. Пра гэта ён заявіў, прымаючы з дакладам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.

“Мяне перш за ўсё хвалюе галоўнае пытанне — кіруемасць сістэмы. Кіруемасць заўсёды паказвае сябе і з’яўляецца лакмусавай паперкай у нейкіх неардынарных выпадках, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нядрэнна працуе сіс­тэма аховы здароўя, і ўрачы — малайцы”.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка пры­знаў, што ёсць і пэўныя недахопы. “Мы пра іх пагаворым. Яны, калі ёсць невялікія, то суб’ектыўнага характару. Гэта значыць, у нашых сілах пазбягаць іх. Але яны, груба кажучы, не смяротныя. Не вельмі ўплываюць на функцыянаванне сістэмы аховы здароўя”, — упэўнены беларускі лідар.

“Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не трэба ствараць ажыятаж і скупляць розныя лякарствы або медыцынскія маскі. “Пабеглі, скупілі… і што цяпер? Цяпер зразумелі, што перанапружыліся”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заявіў, што цяпер медыцынскія маскі ў Беларусі вырабляюцца на некалькіх прадпрыемствах у вялікай колькасці. “Сотні тысяч штук у суткі. Няхай купляюць, калі некаму патрэбна”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўжо ўсе зразумелі з падачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ўрачоў у свеце, што маску трэба насіць толькі тым, хто захварэў, каб знізіць рызыку заражэння астатніх. “Але ёсць людзі, якія перастрахаваліся, пачалі гэтыя маскі і спецадзенне надзяваць. Мы не супраць. Толькі не павінна быць непатрэбных рухаў, не павінна быць ніякай панікі”, — лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на прысутнасць насцярожанасці ў адносінах да сітуацыі з каранавірусам, узровень захваральнасці ў Беларусі на вірусныя інфекцыі, уключаючы грып, ніжэйшы, чым у мінулыя гады.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для паспяховай барацьбы з распаўсюджваннем вірусаў важна, каб ахова здароўя ў той ці іншай краіне працавала на чалавека, а не ставіла перад сабой нейкія камерцыйныя мэты.

“Дай бог, каб усё абышлося. Расслабляцца не трэба. Людзі павінны разумець, што рукі, твар трэба мыць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

А тым, хто захварэў або адчувае прыметы хваробы, Аляксандр Лукашэнка параіў старацца не разносіць інфекцыю і прымаць неабходныя меры рэагавання.

Прэзідэнт таксама выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Кітая. “Падзякаваць трэба кітайцам: яны нічога ад нас не ўтойваюць, да­юць нам усю інфармацыю, раяць. Таму што яны лепш ведаюць, больш за ўсё займаліся гэтай праблемай, і поспехі ў іх вышэйшыя, чым у каго-небудзь. Яны нам вельмі добра дапамага­юць сваімі парадамі і рэкамендацыямі. Дзякуй ім вялікі за гэта. Але і нашы ўрачы аказаліся на вышыні”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы з міністрам аховы здароўя Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанне цаны пры імпарце медабсталявання і лякарстваў у краіне.

“Вельмі важным было пытанне медыцынскага абсталявання і лякарстваў. Перш за ўсё цэнаўтварэнне, пастаўкі”, — нагадаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што раней частка лякарстваў і медабсталявання імпартавалася па крыху завышаных цэнах. “Трэба было гэтыя цэны прыводзіць у норму. Для гэтага трэба не проста аддаваць рынку на водкуп. Канкурэнцыя — справа добрая, але ўсё ж такі мы павінны ведаць мінімальныя і максімальныя цэны па тым ці іншым абсталяванні, асабліва дарагім. А мы іх ведаем, яны зразумелыя. І старацца працаваць ніжэй за гэтыя цэны. Наколькі атрымалася?” — паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, ці існуюць якія-небудзь праблемы, і спытаў, ці патрэбна ўмяшанне з яго боку.

“Што датычыцца медыцынскага абсталявання, вашы адчуванні, што цэны былі не аптымальныя, абсалютна правільныя, яны пацвердзіліся, — сказаў Уладзімір Каранік. — Тут мы актыўна папрацавалі па стварэнні празрыстай сістэмы закупак, паляпшэнні маркетынгу і ўзаемадзеянні з вытворцамі для таго, каб яны напрамую выходзілі на нашы рынкі”.