Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Добра, але патэнцыял у нас значна вышэйшы”

Палітычныя і дыпламатычныя адносіны Беларусі і Славакіі знаходзяцца на высокім узроўні, аднак эканамічны патэнцыял дзвюх краін не выкарыстоўваецца ў поўнай меры. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага савета Славакіі Андрэем Данкам.

“Мы маем добры тавараабарот, прыкладна $220 млн па выніках года, — канстатаваў прэзідэнт. — Палітыка тут адыграла вельмі важную ролю ў плане падцягвання да гэтага ўзроўню (палітычнага і дыпламатычнага ўзаемадзеяння. — Заўв. БелТА.) і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта добра, але патэнцыял у нас значна вышэйшы. Думаю, калі б быў большы за $1 млрд тавараабарот, гэта было б заканамерна і нармальна”.

“Палітычныя і дыпламатычныя адносіны знаходзяцца на вельмі высокім узроўні. Я часта канстатую факт высокіх палітычных адносін з той ці іншай дзяржавай і адставанне ў гандлі, эканоміцы. У адносінах са Славакіяй сказаць гэтага не магу”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асабліва ён вылучыў падтрымку з боку парламента Славакіі, без якой цяжка было б дасягнуць тых вынікаў, якія ёсць у двухбаковых адносінах. “Дзякую вам за тую велізарную ролю, якую парламент адыгрывае ва ўзмацненні супрацоўніцтва нашых краін”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што абедзве краіны даб’юцца яшчэ большых поспехаў у двухбаковым супрацоўніцтве ва ўсіх сферах дзякуючы таму, што ў далейшым прадоўжыцца падтрымка з боку як славацкага парламента, так і асабіста яго старшыні. “Будзем вельмі разлічваць на вас, на ваша важкае слова, таму што, каму як не вам гаварыць пра Беларусь. Вы больш за ўсё ведаеце нашу краіну, вы нават адчуваеце нашу краіну. Мы вельмі многаму вучымся ў вас. Не толькі ў хакей гуляць, але і ў некаторых пытаннях эканомікі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Славакіі за ролю гэтай краіны ў нармалізацыі адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам. “Напэўна, гэта была значная і вырашальная роля, у сувязі з чым еўрапейцы былі вымушаны павярнуцца тварам да Беларусі і пільна паглядзець на тыя працэсы, якія тут адбываюцца. Гэта было карысна і для нас, і для Еўрапейскага саюза”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў гістарычную і культурную агульнасць народаў Беларусі і Славакіі. “Мы маем з вамі адны карані — мы славяне. Вы члены Еўрапейскага саюза, мы члены іншага эканамічнага саюза. Тым не менш гэта не перашкаджае выбудоў­ваць цёплыя, добрыя дружалюбныя адносіны. Вельмі спадзяюся, што так будзе і далей”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў ролю Славакіі ў гістарычным развіцці Еўропы, што асабліва актуальна ў год, калі адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75 гадоў славацкага паўстання. “Гэта значная старонка антыфашысцкага руху ў Еўропе наогул, якой можа ганарыцца славацкі народ”, — упэўнены прэзідэнт.

У сваю чаргу Андрэй Данка падзякаваў за магчымасць сустрэчы на такім высокім узроўні. Ён таксама звярнуў увагу на значную падтрымку спорту ў Беларусі з боку дзяржавы. “У Славакіі я не толькі з’яўляюся спікерам парламента, але і старшынёй самай старэйшай традыцыйнай партыі краіны. У маім загадванні знаходзяцца міністэрствы абароны, сельскай гаспадаркі і адукацыі, асабліва займаюся галіной спорту і турызму. Уражаны тым, на якім узроўні ў вас знаходзіцца падтрымка спорту”, — сказаў старшыня Нацыянальнага савета і дадаў, што з ім таксама салідарны старшыня Алімпійскага камітэта Славакіі, які ў складзе дэлегацыі ў хуткім часе прыедзе ў Беларусь на II Еўрапейскія гульні.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Славакіяй за студзень — сакавік 2019 года склаў $54,5 млн, павялічыўшыся на 18,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў $34,2 млн (рост у 1,8 разу), а імпарт — $20,3 млн (скарачэнне на 25,9 працэнта).

Па выніках 2018 года двухбаковы тавараабарот быў $217,9 млн, павялічыў­шыся на 36,3 працэнта да ўзроўню 2017 года. Беларускі экспарт у Славакію склаў $114 млн (больш як 194 працэнты да ўзроўню 2017 года), імпарт — $103,9 млн (102,8 працэнта).

Беларусь пастаўляе ў Славакію ў асноўным устройствы і прылады медыцынскага прызначэння, дрот і скобы з чорных металаў, нафтапрадукты, поліаміды, сінтэтычныя ніці, трактары, закарковачныя і ўпаковачныя прылады, пліты ДСП, фанеру, мэблю. Са Славакіі імпартуюцца пераважна прамысловае абсталяванне, вырабы з чорных металаў, легкавыя аўтамабілі і запасныя часткі да іх, кукуруза, вырабы з пластмас.

У Беларусі дзейнічаюць 11 сумесных і 7 замежных прадпрыемстваў з удзелам славацкага капіталу.