Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дзякуй за ўсё, што вы робіце для краіны і нашага народа”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер, шматдзетным маці, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці.

“Бадай, самая прыемная прэзідэнцкая місія — уручаць узнагароды заслужаным людзям, быць сярод тых, хто штодзённай працай робіць Беларусь мацнейшай і прыгажэйшай, а жыццё беларусаў — больш бяспечным і багатым”, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы ў пачатку цырымоніі. Яна традыцыйна прайшла напярэдадні свята — Дня жанчын — і вызначалася асаблівай атмасферай урачыстасці і душэўнасці. “Яе ствараеце вы, жанчыны, сваімі ўсмешкамі, прыгажосцю, прывабнасцю. А бляск і раскошны выгляд Палацу Незалежнасці надаюць парадныя мундзіры нашых ваенных”, — сказаў беларускі лідар.

Удзельнікамі цырымоніі сталі больш за 30 чалавек — прадстаўнікі арміі і сілавых структур, а таксама шматдзетныя маці і жанчыны, якія дасягнулі вялікіх прафесійных вышынь. “Такі гендарны баланс — гэта не перайманне заходніх трэндаў. Высокі статус людзей у пагонах у нашай краіне і паважлівае, беражлівае стаўленне да жанчыны — абсалютна базавыя каштоўнасці беларускага грамадства”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Міру не бывае без тых, хто служыць народу і ўмее яго абараняць. Мы добра помнім, хто здабыў нам свабоду 75 гадоў назад. Беларусы ўдзячны ветэранам за іх подзвіг і шануюць гераічнае пакаленне нашых бацькаў і дзядоў. З упэўненасцю магу сказаць, што дзеці і ўнукі салдат-пераможцаў дастойныя іх”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў учынак супрацоўніка ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях капітана ўнутранай службы Алега Бойнічава. Ён разам з таварышамі, рызыкуючы жыццём, прадухіліў выбух на чыгунцы: калі з рэек сышло некалькі цыстэрнаў з выбухованебяспечным газам, ён змог ліквідаваць уцечку. “Такія мужныя і смелыя людзі сёння берагуць мір і спакой беларусаў. Гонар ім і слава!” — падкрэсліў прэзідэнт.

Словы асаблівай удзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шматдзетным маці, якія выбралі для сябе цяжкую, але вельмі патрэбную для краіны місію. “Я сказаў бы: надзвычай важную і патрэбную, — удакладніў прэзідэнт. — Вы клапоціцеся не толькі пра сваіх дзяцей. Вы даяце жыццё новым пакаленням, дорыце надзею на паспяховую будучыню і росквіт усёй нацыі. Бо якой яна бу­дзе, шмат у чым залежыць ад вас, дарагія жанчыны. Ведаю, што большасць з вас не толькі шчаслівыя ў сям’і, але і адбыліся як спецыялісты на прафесійным полі дзейнасці. Гэта ўдвайне цудоўна”.

Узнагароды і ганаровыя званні кіраўнік дзяржавы ўручыў таксама жанчынам, якія маюць высокія дасягненні ў галіне культуры, мастацтва, навукі і педагогікі. “Ведаем і цэнім ваш уклад у выхаванне моладзі, захаванне духоўнай спадчыны і маральных каштоўнасцей”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў беларускіх спартсменак з бліскучымі перамогамі на чэмпіянатах свету і Еўропы, за якія яны ўдастоены высокага звання “Заслужаны майстар спорту”.

“Дзякуй за ўсё, што вы робіце для краіны і нашага народа, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. — Напярэдадні цудоўнага вясенняга свята самыя цёплыя віншаванні хачу адрасаваць жанчынам нашай Беларусі. Прыміце мае шчырыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту. Жадаю вам галоўнага — міру і дабра”.

Ордэнам Пашаны ўзнагаро­джаны кіраўнік вытворчай брыгады ў раслінаводстве сельгаспрадпрыемства “Гіркі” Воранаўскага раёна Марыя Козіч.

За выхаванне пяці і больш дзяцей Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны Маці. У ліку ўзнагароджаных — мастак-грымёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Арашова-Каменская і выхавальнік у Сароцкім яслях-садзе Любанскага раёна Наталля Мамайка.

Прысвоены таксама шэраг ганаровых званняў. Сярод узнагароджаных — салістка балета Кацярына Алейнік, якой прысвоена званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”. Дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Ірына Камарова ўдастоена ганаровага звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Ганаровыя званні таксама прысвоены супрацоўнікам Акадэміі МУС: заслужанага работніка адукацыі Беларусі — прафесару кафедры беларускай і замежных моў Святлане Дзянісавай, заслужанага супрацоўніка органаў унутраных спраў — начальніку кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Вадзіму Паўлаву.

У ліку ўдастоеных ганаровага звання “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь” — спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды міліцыянер атрада міліцыі асобага прызначэння галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Таццяна Мацко і спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды трэнер спартыўнай каманды МУС Святлана Цімашэнка.

Прэзідэнт уручыў таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам сілавых структур.

Традыцыйна для ўдзельнікаў урачыстасці была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці, а таксама прайшоў прыём ад імя кіраўніка дзяржавы ў форме фуршэту.

НА ЗДЫМКУ: дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Ірына Камарова ўдастоена ганаровага звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.