Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дзяржава заўсёды гатова падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб палепшыць жыццё ва ўсіх аспектах”

- 11:54Актуально, Рознае
Аб гэтым заявіў 9 студзеня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльнай прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” 2013 года, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на традыцыю ў светлыя дні святкавання Каляд збірацца разам, каб выказаць удзячнасць выдатным людзям, падзвіжнікам на ніве духоўнага адраджэння Айчыны. Прэзідэнт адзначыў, што “гэта добрая магчымасць — пагаварыць аб вечным, аб тым, хто мы і якім шляхам ідзём”.
Аляксандр Лукашэнка пачаў размову са знакавай і важнай для царквы і дзяржавы падзеі — назначэння мітрапаліта Паўла Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі з гэтым назначэннем звязваюць надзеі на пераўтварэнні ва ўнутраным жыцці царквы, на актывізацыю яе сацыяльнага служэння і асветніцкай дзейнасці.
“Для нас вельмі важна, што новым прадстаяцелем Беларускай Праваслаўнай Царквы стаў чалавек мудры, вопытны, які пабачыў свет”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава акажа ўсямерную дапамогу мітрапаліту Паўлу ў рэалізацыі яго ініцыятыў. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да народа з просьбай прыняць мітрапаліта Паўла “як свайго, роднага па духу чалавека”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне любяць пачэснага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, які аддаў 35 гадоў служэнню царкве ў Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што сёння Праваслаўная царква з’яўляецца адным з духоўных стаўпоў грамадства і адзінай канфесіяй, з якой урад заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве.
Паводле слоў мітрапаліта Паўла, яго папярэднік мітрапаліт Філарэт узняў на высокі ўзровень узаемадзеянне дзяржавы і царквы. “Я пастараюся, каб тое, што зрабіў мітрапаліт Філарэт, прадоўжылася, каб мы не разбуралі, а стваралі”, — сказаў ён.
Мітрапаліт Павел з задавальненнем адзначыў, што ў гэтыя калядныя дні ў Беларусі робіцца акцэнт на духоўнае адраджэнне, а гэта, на яго думку, садзейнічае росквіту краіны. Ён таксама падкрэсліў, што словы прэзідэнта з’яўляюцца выразнай намечанай праграмай, па якой павінен ісці кіраўнік беларускай царквы.
Мітрапаліт перадаў ад імя Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла Прэзідэнту Беларусі і ўсяму беларускаму народу благаславенне, мір і любоў.

Гаворачы аб сацыяльнай місіі культуры і гуманітарных ведаў, прэзідэнт адзначыў, што нярэдка даводзіцца чуць, што ў нашы дні на змену прывычнай маралі прыходзіць “разумны эгаізм”, паколькі ў аснове поспеху ляжыць фінансавы інтарэс. “Але любы матэрыяльны дабрабыт прадугледжвае трывалы духоўны фундамент. Следам за заклікамі да адмаўлення ад культурнай самабытнасці ў імя глабалізацыі сёння ўсё часцей гучаць заклікі вярнуцца да правераных часам норм і ідэалаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“З аднаго боку, у “старой” Еўропе лідзіруюць прыхільнікі так званай неаліберальнай маралі. З іншага — на Усходзе, у прыватнасці, у Кітаі, прагрэс базіруецца на абавязковай пераемнасці мінулага і сучаснага. У Расіі набірае сілу імкненне рухацца наперад, абапіраючыся перш за ўсё на свой вопыт і традыцыі”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што лёс беларускага народа, нібыта маятнік, заўсёды вагаўся паміж двума геапалітычнымі полюсамі — Усходам і Захадам, у беларускай культуры выразна відаць сляды ўплыву і рускай, і заходнееўрапейскіх, і азіяцкіх культур. “Але пры гэтым мы заўсёды захоўвалі сваю ідэнтычнасць, дзе больш, дзе менш, але ў свеце нас ведаюць як беларусаў, і гэта дарагога каштуе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Настаў час вылучыць тое, што стане аб’яднальнай усіх грамадзян беларускай ідэяй, у якую павераць усе — ад акадэміка да селяніна, — лічыць прэзідэнт. — Яе асновай з’яўляецца патрыятызм, гатоўнасць берагчы сваю спадчыну. А гэтыя пачуцці не перадаюцца на генетычным узроўні. Іх трэба фарміраваць праз цікавасць да гісторыі і культуры свайго народа”.
“Наша гісторыя ніколі не была прыгожай казкай. Беларусь — скрыжаванне еўрапейскіх і азіяцкіх дарог, па якіх не раз праносіліся войны і інтэрвенцыі. Але колькі ні спрабавалі — ніхто не змог заняволіць гэты мужны народ. Дзякуючы веры і духоўнай сіле продкаў, Беларусь адраджалася з руін, нібыта Фенікс з попелу”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што асновай выхавання грамадзяніна павінна быць апора на гераічную спадчыну. Магутным стымулам для патрыятычнага ўздыму павінна стаць святкаванне 70-й гадавіны вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі. “Але наша гісторыя не вычэрпваецца толькі падзеямі тых ваенных гадоў. У ёй былі Полацкае і Тураўскае княствы, дзе прараслі ўсходы нашай дзяржаўнасці і культуры; працы і думкі першаасветнікаў Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, светачаў Адраджэння Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага, роданачальнікаў беларускай культуры новага часу Янкі Купалы і Якуба Коласа; тэхналагічны, культурны прарыў, зроблены ў гады савецкай улады, і наша з вамі напружаная праца па стварэнні суверэннай беларускай дзяржавы”, — сказаў прэзідэнт. “Мы не павінны адмаўляцца ад пазітыўных элементаў гэтай спадчыны, каб яна ўмацоўвала духоўную платформу дзяржавы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Нацыянальную культуру нельга разумець спрошчана, толькі як фальклор або творы на беларускай мове, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Наша культура шматгранная. Яна аб’ядноўвае духоўны вопыт розных нацый і канфесій, усе віды мастацтва, дзе праяўляецца талент народа. І адмовіцца ад гэтага мы ні ў якім выпадку не маем права і не павінны”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Наша культура павінна быць сферай асветы і выхавання. Неабходна развіваць гуманістычныя традыцыі айчыннага мастацтва, падтрымліваць узровень нацыянальных мастацкіх школ”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прывёў словы Уладзіміра Караткевіча, які сказаў, што “кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. “Таму, бядуючы аб тым, што вакол усё не такое ідэальнае, як хацелася б, не спяшайцеся вінаваціць у гэтым толькі ўладу. Улада і інтэлігенцыя аднолькава адказваюць за краіну, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Дзяржава заўсёды гатова падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб палепшыць жыццё ва ўсіх аспектах”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўныя прэміі года адлюстроўваюць дзве іпастасі культуры — духоўную і фізічную.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў пяць прэмій “За духоўнае адраджэнне”: епіскапу Магілёўскаму і Мсціслаўскаму Сафронію, калектыву Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, калектыву Быхаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускі дзіцячы фонд”, начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага райвыканкама Вользе Чамаданавай.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва: аўтарскаму калектыву АТН Белтэлерадыёкампаніі ў складзе рэдактара Алены Борматавай, рэжысёра Марыі Жукавай і загадчыка аддзела навін культуры Міхаіла Равуцкага, аўтарскаму калектыву дзіцячага тэлевізійнага музычнага конкурсу “Я спяваю!” ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” у складзе вядучага конкурсу заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Астрахана, выканаўчага прадзюсара дырэкцыі спецыяльных праектаў Алены Лобач, дырэктара дырэкцыі спецыяльных праектаў Анжэлы Мікульскай, аўтарскаму калектыву ў складзе членаў Беларускага саюза мастакоў Таццяны Рудэнка і Юрыя Рудэнкі, заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь студыі цыркавога мастацтва “Арэна”, калектыву Гродзенскага абласнога тэатра лялек, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Наваполацка, кіраўніку ўзорнага хору “Звонкія галасы” Альберту Кажушкевічу, мастаку-жывапісцу члену грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Уладзіміру Кожуху, галоўнаму рэдактару рэдакцыі часопіса “Полымя” выдавецкага дома “Звязда” Мікалаю Мятліцкаму, народнаму вакальнаму ансамблю ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл “Памяць сэрца” Рэспубліканскага палаца культуры ветэранаў, дырэктару Антопальскага раённага Цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці Галіне Сцепанюк.
Лаўрэатамі прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” сталі старшы трэнер-выкладчык па веславанні на байдарках і каноэ Мінскай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы — вучылішча алімпійскага рэзерву Людміла Дрозд, трэнер-выкладчык аддзялення цяжкай атлетыкі Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Анатоль Лабачоў і трэнер-выкладчык Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 3 Марына Пратасава. “Іх уменне выхаваць чэмпіёнаў — гэта таксама ўклад у духоўную сілу народа”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх герояў свята і пажадаў, каб высокая ацэнка іх працы натхняла на новыя здзяйсненні.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.