Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтра клуба “Дынама-Мінск”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым сезоне ад мінскага “Дынама” чакаюць медалёў айчыннага чэмпіянату. Кіраўніцтва клуба, падзякаваўшы прэзідэнту за падтрымку, запэўніла, што вынікі абавязкова будуць.
На думку прэзідэнта, калі “Дынама-Мінск” зайграе і стане адназначным лідарам, за клубам пацягнуцца і іншыя каманды, нават цяперашнія чэмпіёны. “І “БАТЭ”, і “Гомель” і “Шахцёр” будуць іншыя. Яны не дазволяць “Дынама” быць першым. Так яны думаюць. А я хачу, каб вы былі першымі. Для таго каб вы, як паравоз, пацягнулі за сабой гэтыя футбольныя вагоны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў час адкрыцця мерапрыемства.
Генеральны дырэктар “Мінскпрамбуда” Алег Дашкевіч (гэтае прадпрыемства займалася рэканструкцыяй стадыёна “Дынама-Юні”) перадаў кіраўніку дзяржавы сімвалічны ключ ад спартыўнай пляцоўкі. Прэзідэнт у сваю чаргу ўручыў яго генеральнаму дырэктару ФК “Дынама-Мінск” Андрэю Талмачову, а той аддаў ключ выхаванцам Акадэміі футбола.
Прэзідэнту падарылі сувенір — спартыўную майку з эмблемамі ФК “Дынама-Мінск”. Затым кіраўнік дзяржавы пагутарыў з асноўнымі гульцамі клуба і юнымі футбалістамі.
“Калі вы вырашылі гуляць у гэтую выдатную гульню, самую папулярную ў нашай краіне і ва ўсім свеце, і ў вас перад вачыма зялёны колер (я маю на ўвазе долар; можа быць, ружовы — еўра), вы ніколі не станеце футбалістамі і спартсменамі. Вы павінны прыходзіць сюды для таго, каб гуляць у футбол. І калі будзеце імкнуцца да гэтага, на пачатковым этапе вы атрымаеце матэрыяльнае ўзнагароджанне, каб нармальна жыць. Гэта я вам абяцаю, дзяржава гэта забяспечыць вам”, — сказаў, звяртаючыся да юных спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дасягнуць выніку можна толькі ўпартай працай і самааддачай. “Хочаце гуляць — гуляйце. Вы павінны гэтым займацца кожны дзень з раніцы да вечара. З мячом павінны спаць. Калі вы гэтага не разумееце, вы не футбалісты”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў яго гады ў спартсменаў не было такіх умоў для трэніровак, як сёння, пра гэта яны маглі толькі марыць. Але вынікі былі.
“І гэта ўсё створана за кошт беларускага народа. Я хачу, каб вы гэта памяталі. А вы гэта будзеце разумець і памятаць толькі тады, калі вас да гэтага падштурхнуць вашы трэнеры. Усё залежыць ад трэнера. Спартсмен можа зрабіць усё, чаму яго навучыць і што прымусіць рабіць трэнер. Няма трэнера — няма каманды, няма спартсмена”, — перакананы прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў маладым гульцам быць патрыётамі, бо яны гуляюць для людзей, а не для кіраўніцтва краіны. Акрамя таго, спартсменам ужо ў юным узросце трэба задумвацца пра сваю будучыню і наладжваць сваё жыццё, адзначыў прэзідэнт. “Жыццё спартсмена вельмі кароткае, — канстатаваў ён. — І за гэтае жыццё вы не толькі павінны навучыцца гуляць, зрабіць сябе, зарабіць якія-небудзь сродкі на будучыню. Але і пасля 30 ж людзі жывуць. А гэта значыць, што трэба вучыцца. Жыццё спартсмена катастрафічна цяжкае, катаржнае. Але вы самі выбралі такі лёс. Паспрабуйце прайсці гэтае жыццё так, як трэба. У гэтым узросце вы робіце саміх сябе”.
“Калі вы будзеце імкнуцца стаць сапраўднымі спартсменамі, любіць сваю краіну, лічыце, што мы дамовіліся і падтрымку вы заўсёды атрымаеце”, — падкрэсліў прэзідэнт.
У час мерапрыемства прэзідэнт звярнуў увагу на пошук і падрыхтоўку рэзервовых гульцоў. На яго думку, без гэтага ў футбола не будзе будучыні. “Дзейнічайце, працуйце. Дзяржава заўсёды вам акажа падтрымку і дапаможа, але патрэбен вынік. Не будзе выніку — ніякай падтрымкі быць не можа”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У ФК “Дынама-Мінск” не было ўласнай дамашняй арэны для падрыхтоўкі кадраў і трэніроўкі спартсменаў. У 2008 годзе ва ўласнасць клуба перайшоў стадыён “Дарыда”, пабудаваны ў 2000 годзе. На момант набыцця стадыёна ён уяўляў сабой адно састарэлае поле з трыбунамі на 4,5 тысячы гледачоў.
У 2011 годзе пачалася рэканструкцыя. Будаўніцтва завершана ў чэрвені 2021 года. На тэрыторыі стадыёна функцыянуюць тры полі са штучным пакрыццём і асвятленнем, трыбуны на 5,2 тысячы гледачоў і шэраг іншых сучасных аб’ектаў, неабходных для забеспячэння якаснага трэніровачнага працэсу.
Тут размясцілася спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву “Акадэмія футбола ФК “Дынама-Мінск”, створаная ў 2015 годзе. У акадэміі займаюцца 370 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў у 26 групах, у тым ліку створаны дзве групы для дзяўчат. Падабраны высокакваліфікаваны трэнерска-выкладчыцкі склад. 21 чалавек мае ліцэнзіі UEFA.
Гаворачы ў цэлым пра беларускі спорт, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі ўсё цудоўна з фізкультурай і аматарскім спортам, а вялікага спорту няма. “Дзе губляюцца хлопцы? І штурхаюць, і кідаюць, і скачуць. Як толькі асноўная каманда — страцілі хлопцаў. Тут трэба шукаць праблемы і іх вырашаць”, — лічыць прэзідэнт.
Напрыклад, у ФК “Дынама-Мінск” ёсць асноўны склад гульцоў. Акрамя таго, у складзе клуба рэзерв з трох пакаленняў. Яны займаюцца ў Акадэміі футбола. “Выбудавана ўся сістэма. Толькі патрэбны вынік”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля цырымоніі адкрыцця дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтра Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця футбола і спартыўнай галіны ў цэлым.
Па матэрыялах БелТА.