Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Эканоміка — гэта прыярытэт нумар адзін”

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. У час сустрэчы разгледжаны стан спраў у знешнеэканамічнай дзейнасці і графік будучых міжнародных сустрэч.

“Першае і асноўнае пытанне — гэта аналіз знешнеэканамічнай дзейнасці. Калі закранаць нашу знешнюю палітыку, тут больш-менш стабільная сітуацыя. Што тычыцца наогул знешнепалітычных прыярытэтаў, яны вызначаны. Падабаецца гэта камусьці ці не, шматвектарнасць знешняй палітыкі зыходзіць з нашага месца ў свеце, вызначанага Госпадам Богам. І ад гэтага нікуды не дзенешся”, — сказаў беларускі лідар.

“Я ўжо гаварыў, што эканоміка — гэта прыярытэт нумар адзін. І калі нечага баяцца, то трэба баяцца і дрыжаць за эканоміку, каб яна развівалася так, як трэба”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што экспарт — аснова беларускай эканомікі. Менавіта таму знешнеэканамічная дзейнасць развіваецца з акцэнтам на экспарт. “Якая тут у нас сітуацыя?” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

У якасці другога пытання для абмеркавання Аляксандр Лукашэнка абазначыў графік маючых адбыцца кантактаў, перш за ўсё на вышэйшым узроўні. “Гэта тычыцца прэзідэнта — на астатні прамежак бягучага года. Асноўныя мерапрыемствы ўнутры краіны і з выездам за межы. Мы таксама дамаўляліся, што гэта павінна быць сістэматызавана і мне даложана па ўсіх мерапрыемствах”, — сказаў ён.

У частцы знешнеэканамічнай дзейнасці Уладзімір Макей разам з недахопамі адзначыў наяўнасць пазітыўных тэндэнцый. За першае паўгоддзе 2018 года экспарт вырас на 19,4 працэнта. Пры гэтым назіраецца рост паставак высокатэхналагічных тавараў. “Ідзе рост на ўсіх рынках. У залежнасці ад рынку — ад 4 працэнтаў да амаль 30 працэнтаў. Гэта станоўчыя моманты. Вельмі актыўна развіваецца знешнеэканамічная дзейнасць з Кітаем. У нас тут рост на 37 працэнтаў. Пайшла сельскагаспадарчая прадукцыя”, — сказаў міністр.

Па выніках сустрэчы ў размове з журналістамі Уладзімір Макей расказаў аб існуючых недапрацоўках і цяжкасцях у гэтым напрамку. “На жаль, на працягу года адбываецца зніжэнне дынамікі росту экспарту. Доля высокатэхналагічных тавараў у агульным экспарце нашай прадукцыі застаецца невысокай — 2,5 працэнта ў цэлым і менш як 1 працэнт на рынках ЕС”, — сказаў ён.

Пакуль таксама не ўдалося дасягнуць дыверсіфікацыі экспарту і прапорцыі па адной трэці на рынках краін ЕС, ЕАЭС і краін далёкай дугі. “Ёсць зрухі ў росце экспарту на ўсе гэтыя рынкі. Але тут ёсць яшчэ над чым працаваць”, — адзначыў міністр.

Што тычыцца загранустаноў, то пераважная большасць пасольстваў выконвае даведзеныя заданні па экспарце. “Па 12 краінах дапушчана адставанне. Таму прэзідэнту даложана аб тых мерах, якія плануецца прыняць менавіта па гэтых краінах. Ёсць, вядома, аб’ектыўныя прычыны, звязаныя з эканамічнай сітуацыяй у той ці іншай краіне. Але разам з тым прэзідэнтам пастаўлена задача, каб рост экспарту па выніках года адзначаўся па ўсіх краінах, з якімі мы супрацоўнічаем. На сённяшні дзень мы пастаўляем на экспарт нашу прадукцыю ў 171 краіну”, — расказаў Уладзімір Макей.

“Прэзідэнтам дадзены дакладныя, канкрэтныя задачы па кожным рэгіёне. Было даложана аб тым, хто не выконвае заданні па экспарце, і даручана правесці адпаведныя мерапрыемствы з кожным суб’ектам гаспадарання, з кожным рэгіёнам, хто не забяспечвае рост у рамках планавых даведзеных заданняў”, — дадаў Уладзімір Макей.

Міністр таксама расказаў падрабязнасці аб графіку маючых адбыцца міжнародных кантактаў, які будзе вельмі насычаным да канца бягучага года. Удзел кіраўніка дзяржавы чакаецца і ў шэрагу важных міжнародных мерапрыемстваў, якія будзе прымаць Беларусь. У іх ліку — канферэнцыя АБСЕ “Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху”, сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Замежныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў наступныя месяцы плануюцца як па лініі розных інтэграцыйных структур (СНД, АДКБ, ЕАЭС), так і на двухбаковым узроўні. Найбліжэйшы візіт адбудзецца ва Узбекістан.