Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўнае — гэта мірнае і шчаслівае дзяцінства”

- 13:17Актуально, Апошнія запісы, Нашы дзеці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей у рамках акцыі  “Нашы дзеці”.

“Дарагія сябры, вы — галоўны здабытак нашай Беларусі. Гэта не проста прыгожыя словы, за гэтымі словамі — шчырая любоў, жаданне клапаціцца і абараняць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта натуральныя эмоцыі, якія выклікаюць нашы малышы і дзеткі старэйшыя”.

Прэзідэнт прызнаўся, што прысутнічаць на дзіцячых навагодніх святах — вялікі гонар і адказнасць. “Для мяне асабіста гэта хвалюючая місія: нішто ў жыцці не прыносіць такую радасць, як магчымасць падарыць дзецям казку, убачыць усмешку і радасць у вачах дзяцей. Для мяне як для прэзідэнта гэта шчасце — у мільёнах дзяцей, якія жывуць у нашай краіне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што для яго няма нічога больш важнага, чым мірнае і шчаслівае дзяцінства падрастаючага пакалення беларусаў. “Любы прэзідэнт, любы кіраўнік дзяржавы, кіраўнік любога ўзроўню шчаслівы, калі дзеці жывуць у мірнай краіне”, — адзначыў прэзідэнт.

На свята была запрошана і вучаніца 7 “А” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні Анастасія Ванеева — цымбалістка, выдатніца вучобы, пераможца прадметных алімпіяд і шматлікіх творчых конкурсаў. Ёй выпаў асаблівы гонар: менавіта яна падарыла Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь навагодні букет, а затым сядзела побач з ім у зале ў час паказу.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.

“У мінулым годзе журналісты ўсёй планеты ўсё больш і больш паказвалі вочы насцярожаных, спалоханых дзяцей па прычыне выбухаў ад бомб і снарадаў. Гэта ўжо не дзяцінства. І гэта ўжо нават не маладосць гэтых дзяцей — гэта іх старэнне, выкліканае неразбярыхай, звязанай з дарослымі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Таму галоўнае — гэта мірнае і шчаслівае дзяцінства. І мы, дарослыя, павінны зрабіць усё, каб мірнае дзяцінства было ў вас, таму што тады і ў вашых дзяцей будзе такое ж шчаслівае дзяцінства”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў дарослых ёсць мноства падстаў ганарыцца падрастаючым пакаленнем беларусаў. “Гэта ваш паспяховы ўдзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, спаборніцтвах, алімпіядах. Было прыемна даведацца, што маленькія жыхары нашай краіны актыўна ўключыліся ў мерапрыемствы, звязаныя з Годам малой радзімы, зрабілі шмат добрых спраў у сваіх гарадах, вёсках, маленькіх вёсачках, каб добраўпарадкаваць іх”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтыя справы застануцца назаўсёды ў памяці хлопчыкаў і дзяўчынак, і выказаў маленькім беларусам сваю ўдзячнасць. “На гэтай традыцыі пераемнасці, паважлівым стаўленні да людзей трымаецца ўся гісторыя нашай дзяржавы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу дзяцей на тое, што ў іх наперадзе яшчэ вельмі шмат цікавага, іх чакае захапляючае жыццё, а побач заўсёды будуць блізкія людзі, гатовыя падставіць плячо, акружыць цеплынёй і ўвагай. “І вельмі хочацца, каб вы разумелі каштоўнасць усяго таго, што падарыў вам лёс, самога жыцця, незалежнай краіны, мірнага неба, добрых людзей, якія ў патрэбны момант сустрэліся і будуць пастаянна сустракацца на вашым доўгім шляху. Вельмі важна, каб вы ўжо ў гэтым узросце ставілі перад сабой пэўныя мэты, ішлі да гэтых мэт, дабіваліся іх і былі ўдзячнымі тым, хто дапамагае вам на шляху, — людзям, якія робяць наша жыццё лепшым”, — дадаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў дзецям вясёлых зімовых канікул і шчаслівага Новага года. “Вы пастарайцеся гэтыя канікулы выкарыстаць так, каб праз некалькі дзён, калі яны скончацца, вы адчулі, што сталі на паўпрыступкі вышэйшымі, мудрэйшымі, чамусьці навучыліся. Няхай гэты новы год падорыць вам шмат нагод для добрага настрою, здзейсніць запаветныя мары і жаданні”, — дадаў ён. Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да бацькоў і сваякоў дзяцей, іх педагогаў, таксама павіншаваўшы іх з надыходзячым Новым годам.

Навагодняе дабрачыннае свята з удзелам кіраўніка дзяржавы стала галоўнай падзеяй акцыі “Нашы дзеці”. На галоўную ёлку краіны запрасілі больш за 2,3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў Беларусі. У іх лік увайшлі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, а таксама выхаванцы кадэцкіх вучылішч, дзеці з сем’яў бежанцаў, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, юныя грамадскія актывісты. У Палацы Рэспублікі для іх падрыхтавалі маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу ў выкананні лепшых творчых калектываў краіны, насычаную культурную праграму, а таксама ўручылі падарункі ад імя прэзідэнта.

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць у Беларусі з 10 снежня 2018 года па 11 студзеня 2019 года. Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у гэты час наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем’і, віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць ім падарункі і аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучыліся грамадскія аб’яднанні і іншыя арганізацыі.

Па матэрыялах БелТА.
Фота БелТА.