Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўнае патрабаванне нязменнае — максімальная аддача ад кожнага ўкладзенага рубля”

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе дасягнення максімальнага выніку ад укладзеных у беларускую эканоміку сродкаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб рэалізацыі найбольш праблемных інвестыцыйных праектаў.

“Нягледзячы на складанасць эканамічнай сітуацыі, нам штогод удавалася захоўваць абгрунтаваны ўзровень інвестыцый у нашу эканоміку. Пры гэтым галоўнае патрабаванне нязменнае — максімальная аддача ад кожнага ўкладзенага рубля. У выніку павінны быць забяспечаны эфектыўная занятасць і дастойная зарплата”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што мэта інвестыцый, якія з’яўляюцца галоўным фактарам эканамічнага росту, — стабільнае рэгіянальнае развіццё і павышэнне ўзроўню жыцця чалавека. “Укладваючы грошы ў эканоміку, мы арыентаваліся перш за ўсё на тое, каб з’яўляліся і развіваліся традыцыйныя прадпрыемствы, якія заснаваны на перапрацоўцы сыравіны, якая ёсць у наяўнасці ў нашай краіне. Калі дрэваапрацоўка — гэта лес. Калі цэмент і іншае — значыць, адпаведная сыравіна ў сваёй большасці прысутнічае ў Беларусі, не трэба ехаць за край свету”, — растлумачыў прэзідэнт.

“З моманту набыцця незалежнасці, як бы ні было цяжка, мы не закрылі, а падтрымалі і пастаянна развіваем прамысловую вытворчасць. Мы захавалі найбуйнейшыя ў сусветным маштабе прадпрыемствы машынабудавання, нафтаперапрацоўкі, хімічнай прамысловасці”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гэты час значна мадэр­нізаваны дрэваапрацоўчая, цэментная і харчовая галіны, створаны новыя высокатэхналагічныя магутнасці ў традыцыйнай энергасістэме. Пры гэтым у краіне актыўна развіваюць аднаўляльную і атамную энергетыку. “Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі арганізавана вытворчасць лінейкі легкавых аўтамабіляў. Таксама ўпершыню мы рэалізоўваем маштабны біятэхналагічны праект па вытворчасці амінакіслот”, — дадаў ён.

У той жа час кіраўнік дзяржавы заўважыў, што чаканыя вынікі атрыманы не ўсюды, запланаваныя бізнес-планамі паказчыкі не дасягнуты. “Больш за тое, увод у прамысловую эксплуатацыю асобных новых вытворчасцей, якія даўно павінны працаваць і прыносіць прыбытак, наогул спынены”, — канстатаваў прэзідэнт.

Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў дэталёва разгледзець праблемныя пытанні як на месцах, так і ва ўрадзе і пад персанальную адказнасць службовых асоб выпрацаваць сістэмныя рашэнні для эфектыўнага развіцця прадпрыемстваў. Аднак, паводле яго слоў, урад да канца года традыцыйна падрыхтаваў прапановы аб аказанні чарговай дзяржаўнай падтрымкі. “Калі гэтая падтрымка абгрунтавана, мы яе будзем аказваць: такое жыццё. Але толькі пасля таго, як будзе даказана, што ў гэтай падтрымцы прасіцелі маюць патрэбу і не правалілі аб’ектыўна план мадэрнізацыі і інвесціравання, які быў да іх даведзены”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму ўкладанне значных сродкаў па асобных праектах аказалася малаэфектыўным і якія рашэнні прыняты ўрадам для стабілізацыі работы прадпрыемстваў. “Што зроблена новым урадам па запуску вытворчасцей на новых прадпрыемствах, у якія ўкладзена нямала крэдытных рэсурсаў? Што неабходна зрабіць для выключэння пралікаў? — спытаў ён. — Таксама хачу пачуць, як развіваецца вытворчасць, забяспечваецца абарона беларускай прыроды. Гэта наша галоўнае багацце і бясцэнная спадчына, якая належыць не толькі нам, але і дзецям, якую мы абавязаны захаваць. А прэтэнзій да інвестараў у ведамстваў па ахове прыроды дастаткова”.

Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую важнасць нарады: на кон пастаўлены сотні мільёнаў долараў. “Мяне цікавяць асабліва тыя вытворчасці, якія на слыху не першы год ужо, але так і не пачалі працаваць або працу­юць вельмі слаба. Тэма для ўсіх зразумелая, таму давайце без лішніх слоў і стагнанняў, заклінанняў вызначацца, што будзем рабіць далей, асабліва з некалькімі прадпрыемствамі, якія павінны даўно працаваць і прыносіць прыбытак”, — сказаў ён.

Па выніках нарады Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дадаткова вывучыць неабходнасць аказання дзяржаўнай падтрымкі для чатырох самых складаных праектаў.

Як паведаміў пасля нарады прэм’ер-міністр Сяргей Румас, кіраўнік дзяржавы заслухаў справаздачы ўрада аб тым, як рэалізоўваюцца самыя буйныя інвестыцыйныя праекты ў краіне. На кантролі ўрада знаходзяцца 34 такія праекты, з якіх 22 ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Па 12 з гэтых 22 забяспечаны выхад на праектную магутнасць.

“Па чатырох самых складаных з 34 праектаў неабходна рашэнне кіраўніка дзяржавы ў выглядзе ўказаў, каб і далей гэтыя праекты рэалізоўваць, — растлумачыў прэм’ер-міністр. — Урад адпрацаваў гэтыя праекты з зацікаўленымі. Прэзідэнт не падтрымаў гэтыя дакументы ў рабочым парадку, а адправіў іх на нараду, каб яшчэ раз пераканацца, што меры, якія просяць прадпрыемствы ў выглядзе дзяржпадтрымкі для завяршэння гэтых праектаў, разлічаны і аптымальныя”.

Размова ідзе аб трох праектах у сферы цэлюлозна-папяровай прамысловасці (будаўніцтва завода па выпуску сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ “Светлагорскі ЦКК”, выпуск мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы і вытворчасць паперы — асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў у Шклове) і па вытворчасці суконных тканін на плошчах мінскага прадпрыемства “Камволь”.

Па выніках нарады Аляксандр Л­укашэнка даручыў стварыць міжведамасную рабочую групу. “Каб яна яшчэ раз пацвердзіла, што ўнесеныя ўрадам дакументы, тэрміны і сумы абгрунтаваны і ў прадпрыемстваў ужо вычарпаны ўсе магчымасці для самастойнай рэалізацыі гэтых праектаў”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.