Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўнае, што ў нас ёсць давер адно да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны”

Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у час афіцыйнага візіту ў краіну.

“Дзякуй вам за запрашэнне прыехаць у гэты цудоўны горад, у гэту працавітую краіну, да гэтага цудоўнага народа. Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва радуюць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзіце Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта здорава. Мы бачым, як мяняецца сталіца. Нават прыляцеўшы ноччу, я гэта заўважыў. І сёння яшчэ раз пераканаўся ў тым, што вы на правільным шляху, і, паверце, мы за вас вельмі рады”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Я асабіста вельмі хачу, каб Таджыкістан стаў у адзін рад з самымі развітымі і перадавымі краінамі, таму што ваш старажытны вялікі народ гэтага заслугоўвае. Вельмі шмат вы для гэтага зрабілі. А я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна. “Мы суседзяў падцягнем у Таджыкістан і пакажам нашы магчымасці. Разам з вамі будзем далей рухацца ў іншыя краіны, развіваючы гандлёва-эканамічныя адносіны”, — заявіў ён.

“Нашы краіны звязваюць дружалюбныя, блізкія адносіны, падмацаваныя ўзаемным даверам і павагай. Сёння мы абмяркоўвалі праблему двухбаковых адносін і дамовіліся з Эмамалі Шарыпавічам — ён прапанаваў — выйсці на ўзровень стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе добрая аснова для развіцця нашых адносін па ўсіх кірунках, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў цудоўную магчымасць дэталёва абмеркаваць кірункі беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва. Ён таксама звярнуў увагу на захаванне пазітыўных тэндэнцый па павелічэнні двухбаковага тавараабароту ў гэтым годзе. Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва і ў галіне прамысловай кааперацыі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на працягу рабочага тыдня ў Таджыкістане адбудзецца шэраг буйных мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі. Сярод іх — нацыянальная выстаўка і ІІ Міжнародны бізнес-форум “Беларусь — Таджыкістан — Афганістан”.

“Мы гатовы сур’ёзна працаваць у Таджыкістане, ствараць з вамі сумесныя вытворчасці на ўвесь рэгіён. Мы яшчэ шмат знойдзем кірункаў для нашага супрацоўніцтва. Галоўнае, што ў нас ёсць давер адно да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана. “Мы надаём вялікае значэнне вашаму афіцыйнаму візіту. Упэўнены, што яго вынікі дадуць новы імпульс нашым адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — дадаў Прэзідэнт Таджыкістана.

“Рэгулярныя кантакты на вышэйшым узроўні з’яўляюцца важным фактарам фарміравання пазітыўнага вектара ў адносінах дзвюх краін. Мы вельмі высока цэнім дасягнуты ўзровень шматпланавага супрацоўніцтва з Беларуссю. Таджыкістан быў і застаецца паслядоўным прыхільнікам далейшага ўмацавання ўзаемаадносін з Беларуссю. Перакананы, што і нашы беларускія сябры прытрымліваюцца такой жа пазіцыі”, — заявіў Прэзідэнт Таджыкістана.

Паводле яго слоў, такі сумесны падыход і высокая ступень узаемнага даверу ствараюць трывалую аснову для вываду двухбаковага партнёрства на новы ўзровень.