Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прад’яўляе самыя высокія патрабаванні да падрыхтоўкі будучых кіраўнікоў. На гэтым ён акцэнтаваў увагу ў час наведвання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнта праінфармавалі аб тым, як вядзецца падрыхтоўка кадраў у Інстытуце дзяржслужбы, Інстытуце кіраўніцкіх кадраў, Навукова-даследчым інстытуце тэорыі і практыкі дзяржкіравання, а таксама як працуе Цэнтр суправаджэння АІС “Рэзерв”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будучыя кіраўнікі павінны валодаць усебаковымі ведамі, у тым ліку ў ІТ-сферы, але гэта не значыць, што ў акадэміі трэба рыхтаваць праграмістаў. “Мы рыхтуем упраўленцаў і кіраўнікоў”, — заўважыў прэзідэнт. Гаворачы пра патрабаванні, што прад’яўляюцца да іх, ён вылучыў у першую чаргу тры пазіцыі: лідарства, падрыхтаванасць і амбіцыйнасць.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць адбору будучых студэнтаў і слухачоў Акадэміі кіравання, каб атрыманыя імі веды ў далейшым эфектыўна выкарыстоўваліся ў вырашэнні пастаўленых задач.
Разам з гэтым прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць падрыхтоўкі ў сценах ВНУ высокага ўзроўню спецыялістаў эканамічнай накіраванасці. “Трэба стварыць добрую кампактную праграму для падрыхтоўкі эканамістаў, — сказаў ён. — Эканоміка патрэбна ўпраўленцам”. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба зрабіць акцэнт на навучанне замежным мовам.
На сустрэчы размова ішла пра тое, каб больш актыўна выкарыстоўваць даныя банка таленавітай моладзі. “Сярод гэтых таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак вельмі важна знаходзіць лідараў і рыхтаваць іх як будучых упраўленцаў”, — падкрэсліў прэзідэнт.
На сустрэчы са слухачамі, студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, прафесарска-выкладчыцкім складам, супрацоўнікамі Акадэміі кіравання Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты год — юбілейны для палітычных інстытутаў і фундаментальных асноў палітычнай сістэмы краіны, сваё 25-годдзе адзначаюць многія дзяржаўныя органы, сфарміраваныя на заранку станаўлення незалежнай Беларусі.
“За чвэрць стагоддзя мы стварылі ўстойлівую мадэль кіравання, стабільную ў сваіх базавых арыенцірах. Яны простыя і зразумелыя кожнаму: суверэнітэт нашай краіны, дабрабыт грамадзян і справядлівае стаўленне да людзей, адзінства грамадства і многія іншыя”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта мэты, у дасягненні якіх найважнейшую ролю адыгрываюць органы дзяржаўнага кіравання. “Менавіта тут, у Акадэміі кіравання, мы можам адкрыта абмеркаваць перспектывы іх развіцця. З нашай апошняй сустрэчы ў такім фармаце прайшло амаль дзесяць гадоў. Гэта падстава падвесці некаторыя вынікі і паставіць новыя задачы перад айчыннай сістэмай дзяржкіравання. Знайсці адказы на пытанні: хто ён, кіраўнік будучыні, і якая роля акадэміі ў падрыхтоўцы кіраўніцкіх кадраў?” — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Акадэмія кіравання — гэта ўнікальная навучальная ўстанова, сама назва ВНУ падкрэслівае яе статус і значнасць. “Тут развіваецца сучасная нацыянальная школа дзяржкіравання — ствараецца будучыня краіны. Будучыня, галоўная роля ў якой належыць тым, хто свядома выбраў адказны і няпросты шлях — служыць краіне і народу. І гэта праца, якая патрабуе поўнай самааддачы, адданасці дзяржаве, шчырага стаўлення да людзей, пастаяннага ўдасканалення”, — сказаў беларускі лідар.
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь павінна стаць галоўнай ВНУ, як заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы хацеў бы паспець пры сваім прэзідэнцкім жыцці пабудаваць новую акадэмію — не толькі з пункту гледжання новых карпусоў, але і з пункту гледжання выкладання па новых методыках і праграмах. “Практыка-арыентаваная ВНУ, куды імкнуліся б паступіць усе не толькі з нашай краіны, але і з-за мяжы”, — адзначыў ён.
“А гэтыя карпусы (цяперашнія. — Заўвага БелТА.) мы аддадзім БДУ, медуніверсітэту і гэтак далей. Але гэта не ад мяне залежыць. Гэта залежыць ад вас. Як толькі я ўбачу, што вы стварылі гэтую акадэмію і ўжо можна вас перамяшчаць на новую пляцоўку, мы гэта з вамі павінны зрабіць. Але гэта будзе толькі тады, калі вы разам з прафесарска-выкладчыцкім складам і кіраўніцтвам Акадэміі кіравання пройдзеце цяжкі шлях мадэрнізацыі, удасканалення работы, калі хочаце — рэфармавання. Чым раней, тым хутчэй мы пачнём рэалізоўваць гэтую задачу”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў акадэміі ўжо нямала зрабілі, каб гэтую ВНУ паважалі, і навучанне ў ёй карыстаецца попытам.
Гаворачы пра падрыхтоўку спецыялістаў у акадэміі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба рыхтаваць кіраўнікоў ад жыцця і на ўсіх ступенях ВНУ павінна быць не проста канкурэнтаздольнай, а па-за канкурэнцыяй. “Тады будзем будаваць новую акадэмію, калі вы гэта асвоіце. Толькі менш усялякай надуманасці, празмерных, нікому не патрэбных амбіцый. Вялікае ж у простым”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра існуючую сістэму дзяржаўнай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбудаваная мадэль у цэлым дае магчымасць вырашаць асноўныя задачы, гэтая сістэма пастаянна ўдасканальваецца. А праблемы, паводле яго слоў, калі і ўзнікаюць, то часцей за ўсё звязаны з нядобрасумленным стаўленнем да работы і адсутнасцю належнай дысцыпліны.
“Недапушчальна, каб у вачах насельніцтва ўпраўленец асацыіраваўся з кабінетным чыноўнікам. Ён павінен быць бліжэй да людзей, нацэленым на вырашэнне канкрэтных праблем чалавека, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тое, што ў адрас Адміністрацыі прэзідэнта прадаўжаюць паступаць скаргі на бюракратыю і цяганіну, на жаль, красамоўна сведчыць, што практыка фармальных размоў або адпісак усё яшчэ існуе. І да гэтага маё стаўленне вядомае”.
Пры гэтым прэзідэнт заўважыў, што эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы для кіраўніка любога рангу — гэта толькі палова поспеху. Важна пры неабходнасці ўмець своечасова, аргументавана і зразумела растлумачыць людзям прынятыя рашэнні і прычыны магчымых праблем, адказаць на любое, у тым ліку нязручнае, пытанне як насельніцтву, так і прадстаўнікам СМІ. “Сёння ж некаторыя кіраўнікі ў прынцыпе баяцца відэакамеры або мікрафона журналіста”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама, на думку прэзідэнта, важна ўмець эфектыўна выкарыстоўваць у рабоце інтэрнэт-рэсурсы, умець аналізаваць грамадскае меркаванне і рэакцыю на дзейнасць мясцовага кіравання ў сацыяльных сетках, на форумах навін, выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы ў дзяржаўных мэтах для рэалізацыі важных праектаў.
“Акрамя таго, дасведчаны кіраўнік павінен умець бачыць і падтрымліваць жывую ініцыятыву на месцах. Акумуляваць вакол сябе лепшыя прапановы і ідэі, дапамагаць у іх рэалізацыі. Выкарыстоўваць патэнцыял навукі, экспертаў у сваёй сферы. У сувязі з гэтым ад упраўленцаў чакаюцца большая, чым раней, публічнасць і актыўны ўдзел у сацыяльна-палітычным жыцці рэгіёнаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Сёння ў падборы кадраў на кіруючую пасаду неабходна ўлічваць чалавечыя якасці і маральны крытэрый. Мы бачым, як на фоне сістэмнага ўкаранення новых тэхналогій у эканамічную дзейнасць і грамадскія адносіны ўзнікаюць новыя карупцыйныя рызыкі. У сувязі з гэтым прынцыпова важна на кіраўніцкія пасады адбіраць толькі зацікаўленых, неабыякавых і высокакваліфікаваных спецыялістаў, арыентаваных на служэнне краіне і людзям, а не на задавальненне асабістых або кар’ерных амбіцый”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
А для павышэння прэстыжу кіраўніка, як заявіў прэзідэнт, неабходна замацоўваць дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, што пацвярджаюць іх высокі статус.
Тэма, якая, паводле слоў беларускага лідара, таксама патрабуе асаблівай увагі, — ратацыя кіруючых кадраў. Яе галоўная мэта, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нават не ў тым, каб выключыць кумаўство і пратэкцыянізм. “Мяняць месца работы, а іншы раз і прапіску, выходзіць з зоны камфорту трэба, каб развівацца, пашыраць кругагляд, адкрываць у сабе новыя грані і здольнасці. Такім чынам спецыяліст не толькі вырасце прафесійна, але і краіне прынясе больш карысці”, — лічыць ён.
Пытанне кіраўніку дзяржавы задала магістрант Акадэміі кіравання, якая працуе ў арганізацыі, што займаецца мытнай дзейнасцю. Яе пытанне тычылася тэмы амаладжэння складу кіруючых кадраў, аднак прэзідэнт акцэнтаваў увагу на іншым. Ён пацікавіўся, што азначае яе вучоба ў магістратуры. Дзяўчына адказала, што ў яе разуменні магістратура — гэта ўжо закончаная вышэйшая адукацыя ў параўнанні з бакалаўрыятам.
Аляксандр Лукашэнка папракнуў адказных за адукацыю чыноўнікаў, падкрэсліўшы, што сэнс пры вылучэнні магістратуры закладваўся зусім іншы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што раней, калі абмяркоўваліся адпаведныя пераўтварэнні, было прынята рашэнне, што чалавек, які скончыў ВНУ, няхай толькі на стадыі бакалаўрыята, з’яўляецца спецыялістам, мае вышэйшую адукацыю. “Што будзем рабіць з магістратурай? Калі ласка, хто хоча займацца навукай і рухацца далей, быць на галаву вышэйшым за спецыяліста ВНУ — няхай ідзе ў магістратуру, а далей — у аспірантуру. І мы дамовіліся, што магістратура — гэта для тых, хто будзе займацца навукай”, — нагадаў беларускі лідар.
“Таму я хацеў пачуць адказ, што ты, скончыўшы магістратуру, станеш аспірантам, напішаш кандыдацкую дысертацыю (можа, паралельна працуючы ў мытных органах). І атрымаўшы гэты вопыт і веды, узнімеш мытню на такую вышыню, што мне думаць не трэба, як там змагацца з карупцыяй або яшчэ нешта”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне магістранткі.
“І гэта было даручана ўсім (такі падыход да навучання ў магістратуры. — Заўвага БелТА.)!” — звярнуў увагу беларускі лідар.
Гаворачы пра маладыя кадры, прэзідэнт адзначыў іх меншы вопыт, але наяўнасць амбіцыйнасці, свежых, больш сучасных ведаў. У гэтым плане і выкладчыкам трэба паспяваць за студэнтамі, пастаянна быць на галаву вышэйшымі. “Вы накіраваны ў будучыню. Вы хочаце нешта перавярнуць, ствараць, нешта зрабіць”, — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што настаў час актыўна ўключаць моладзь у палітычнае жыццё краіны.
Прэзідэнт падкрэсліў, што курс дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі нязменны: у краіне дзейнічае прынцып пераемнасці пакаленняў, захавання лепшых дасягненняў мінулага. “Амаль трэць нашых грамадзян (каля 3 млн чалавек) нарадзіліся ў суверэннай Беларусі. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія ўспрымаюць рэчаіснасць ужо з пункту гледжання жыхароў самастойнай еўрапейскай дзяржавы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І настаў час актыўна ўключаць гэтых маладых людзей у палітычнае жыццё краіны. Фарміраваць дзяржаўнае мысленне ў тых, хто ідзе за імі. Выбудоўваць дыялог пакаленняў на аснове ўзаемнага даверу і павагі. Дыялог, у якім вопыт і інавацыі, мудрасць і рашучасць, асцярожнасць і смеласць знаходзяцца ў гармоніі і згодзе”.
Галоўная роля ў гэтым працэсе адводзіцца ў тым ліку выкладчыкам акадэміі. Іх задача — не толькі перадаць свае глыбокія веды, але і падрыхтаваць дастойную змену. “Ведаю, многія выпускнікі аспірантуры і дактарантуры паспяхова абаранілі дысертацыі і ўжо выкладаюць разам са сваімі настаўнікамі”, — адзначыў прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў акадэміі вядзецца падрыхтоўка і на базе агульнай сярэдняй адукацыі з апорай на эканоміку, права і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Хоць раней гучалі прапановы адмовіцца ад набору выпускнікоў пасля школы, але прэзідэнт настаяў на тым, каб захаваць такі від навучання. “І няхай набор студэнцкай моладзі невялікі, але гэтай так званай залатой сотні давядзецца ў будучыні фарміраваць кіраўніцкі склад краіны”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. “А далей паглядзім, можа, і не трэба, — дадаў ён. — Можа, будзе іншая форма (навучання. — Заўвага БелТА.) да моманту будаўніцтва новай акадэміі”.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што пытанне размеркавання выпускнікоў, як і далейшы іх кар’ерны рух, акадэмія павінна трымаць на кантролі. “І ў гэтым пытанні ёй трэба актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі, перш за ўсё з Адміністрацыяй прэзідэнта, таму што закладваць трывалую аснову для стратэгічнага развіцця краіны на 20—30 гадоў наперад давядзецца маладым і энергічным, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Арыфметыка простая: каб адшліфаваць палітычна і сацыяльна сталага кіраўніка да 40 гадоў, яго прафесійнае развіццё павінна стартаваць як мінімум са студэнцтва, яшчэ ў пачатку працоўнага шляху”.
“Але кожны, хто сёння марыць пра палітычную кар’еру, павінен разумець, што шлях кіраўніка не такі просты, гэта цяжкая і напружаная праца. Толькі той, хто выстаіць выпрабаванні дзяржаўнай уладай і часам, захаваўшы гонар мундзіра, зможа выйсці на высокі ўзровень прыняцця адказных і лёсавызначальных рашэнняў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А заваёўваць давер можна толькі канкрэтнымі вынікамі. Менавіта такія крытэрыі ў аснове дзяржаўнай кадравай палітыкі. Яны ўніверсальныя і адпавядаюць духу часу”.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў значнае амаладжэнне кадравага складу дзяржаўных органаў, звярнуўшы ўвагу, што ў гэтым працэсе важна ўлічваць не толькі ўзрост, але адбіраць спецыялістаў высокай кваліфікацыі.
“Рост нацыянальнай эканомікі, узровень дабрабыту грамадзян і пазіцыя краіны на міжнароднай арэне шмат у чым вызначаюць вынікі работы нас, упраўленцаў, цяперашніх і будучых. Ад іх умення стратэгічна думаць, папярэджваць або своечасова вырашаць праблемы таксама залежаць стабільнасць і згода нашага грамадства, — падкрэсліў беларускі лідар. — На прыкладзе асобных краін сёння мы бачым, што ўжо не толькі прыродныя багацці або фінансавыя капіталы з’яўляюцца крыніцай канкурэнтных пераваг. Галоўнай умовай імклівага развіцця дзяржаў з’яўляюцца спецыялісты, прафесіяналы высокага ўзроўню”.