Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўная мэта застаецца нязменнай — мы будуем дзяржаву для народа”

Вытрымкі з Паслання Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Бяспека краіны — у еднасці народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 красавіка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце зноў робіцца стаўка на сілу, у тым ліку ваенную, як спосаб забеспячэння і пашырэння сваіх інтарэсаў. “Чуваць галасы аб вяртанні халоднай вайны, нават больш — ледзяной. Гэта выбухованебяспечная сітуацыя. Яна з усёй відавочнасцю дэманструе, наколькі няўстойлівым можа быць мір”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад тварам пагрозы цьмянеюць любыя дасягненні цывілізацыі, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі. “Таму разумеем: наша бяспека — у еднасці нашага народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы”, — заявіў прэзідэнт.

“Стабільнасць і з’яднанасць грамадства, яго еднасць даліся нам нялёгка. Нам ёсць што губляць. І ёсць што абараняць. Усвядоміць гэта лепш своечасова. Каб не атрымалася потым, як у народзе кажуць: “Што маем — не беражом, страціўшы — плачам”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што адказнасць за мір і парадак ляжыць на кожным жыхары Беларусі — пачынаючы з уласнай сям’і, дома, горада або вёскі і заканчваючы краінай. “Калі мы разам — толькі тады мы сіла. І зможам процістаяць любым выклікам”, — упэўнены беларускі лідар.

“Наша задача — быць адкрытымі для лепшага. Мэта — расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змяненняў, якія нам патрэбны і якія дадуць магчымасць павышаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі адносна іншага свету”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, гэтая тэма была галоўнай на пасяджэнні ўрада, дзе былі разгледжаны вынікі 2017 года. “Мы не рабілі ніякай тайны, мае строгія ацэнкі і прынцыповыя вывады даведзены да грамадства”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што той час, калі дзяржавы і народы маглі жыць і развівацца, не азіраючыся на іншых, незваротна мінуў. Татальная ўзаемазалежнасць сучаснага свету — гэта ўжо не проста прыгожая фраза. “Свет складваецца ў адзіны глабальны арганізм. Інтэрнэт стаў яго нервовай сістэмай, міжнародныя фінансы, банкі — крывяноснай. Аблічча сусветнай эканомікі ўсё ў большай ступені вызначаюць не нацыянальныя дзяржавы, а гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі. Іх камерцыйныя інтарэсы дамінуюць над палітыкай або дамоўленасцямі. Яны ж і правакуюць эканамічныя і нават ваенныя канфлікты. Гэта суровая рэальнасць нашага часу”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежнасць дзяржавы і яе аўта­рытэт, спакой у грамадстве, якасная адукацыя, высокая культура і дасягненні ў спорце ў першую чаргу залежаць ад паспяховасці эканомікі. “Мы як ніхто іншы пацвярджаем гэтае правіла. Свой поспех — у адрозненне ад іншых краін, багатых на прыродныя рэсурсы, — мы ствараем толькі працай і інтэлектам свайго народа. І ў гэтым наша перавага. Для правільнага выбару дзеянняў унутры краіны мы павінны правільна разумець развіццё сучаснага свету. А яно вызначаецца трыма ключавымі фактарамі: узрыўным ростам новых тэхналогій, уздымам рынкаў, што сталі на шлях развіцця, і татальнай глабалізацыяй усіх сусветных працэсаў”, — адзначыў беларускі лідар.

“Разам з тым, як ужо сказана, на міжнароднай арэне абвастраюцца канфрантацыя і недавер. А значыць, лёгкага часу не будзе. Санкцыйныя войны непазбежна рыкашэтам закрануць і нас. Ці то праз гандлёвы, ці то праз фінансавы канал мы гэта зведаем на сабе. Але не станем закрывацца ад свету. Ні адна краіна, нават са спіса вялікіх дзяржаў, не можа быць паспяховай, калі замкнецца ў сабе”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў у Беларусі пераадолены, адзначыў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Шчыра кажучы, год назад мы былі настроены на больш сціплыя вынікі, чым атрымалі. Эфектыўнасць, з якой працавала краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы, быццам бы, пераадолелі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі, канстатаваў прэзідэнт, нізкі ўзровень інфляцыі, аднаўляюцца аб’ёмы экспарту, паляпшаецца структура плацежнага балансу. “Грошай столькі, колькі мы зарабляем, і для вырашэння праблем друкарскі станок не ўключаем, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Бюджэтныя сродкі расходуюцца толькі па мэтавых праграмах і пад канкрэтныя задачы — гэта дае магчымасць мець узважаную курсавую палітыку. Па росце валавога ўнутранага прадукту выходзім з двухгадовай рэцэсіі”.

“Галоўнае цяпер — надаць пазітыўным змяненням незваротны характар. Гэта — краевугольны камень эканамічнай палітыкі, тое, што дасць магчымасць захаваць эканамічную стабільнасць, а значыць, мір і парадак у грамадстве”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Наш унутраны патэнцыял дае магчымасць для росту эканомікі незалежна ад таго, колькі каштуе нафта і які яе аб’ём мы перапрацуем, якая кан’юнктура на калій або прадукты харчавання”, — сказаў прэзідэнт.

Канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў і паслуг павінна быць такой, каб знешнія фактары ўплывалі на развіццё краіны мінімальна, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. “Гэта задача — пытанне не аднаго дня, хоць аб яе вырашэнні мы гаворым ужо з дзясятак гадоў. Патрэбны вынік, — патрабуе кіраўнік дзяржавы. — Сярэднетэрміновая мэтавая ўстаноўка даведзена да ўсіх. Нават у сродках масавай інфармацыі, хто хацеў, аб гэтым ужо выказаўся. Яна застанецца нязменнай — дасягненне да канца наступнай пяцігодкі ВУП не менш як $100 млрд”.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для такога рыўка неабходны маштабныя рашэнні. “Апераджальны рост — сістэмная задача, і кожны павінен бачыць сябе ў яе забеспячэнні. Для гэтага стратэгічныя крокі патрэбны ва ўсіх сферах: інвестыцыйнай, падатковай, фінансавай, у галінах рэальнага сектара, у сферы паслуг, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Таксама звяртаюся да праваахоўнага блока, судовай улады — вы павінны забяспечваць вяршэнства закона, але без шкоды эканамічнаму росту”.

“Усёй выканаўчай вертыкалі трэба будзе аказваць усебаковую дапамогу бізнесу ў стварэнні новых прадпрыем­стваў і вытворчасцей, якія забяспечаць пазітыўную дынаміку развіцця кожнага рэгіёна краіны”, — сказаў таксама беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сённяшняя эканоміка — гэта ўжо не толькі МАЗ, БелАЗ і МТЗ, хоць яны здабытак і страціць іх нельга. “На традыцыйнай прадукцыі зарабляц­ь добрыя грошы вельмі складана, асабліва цяпер. Пастаўкі тавараў лёгка абмежаваць, увесці санкцыі. Паглядзіце, што робіцца на сусветным рынку. Здавалася б, Сусветная гандлёвая арганізацыя даўно ўвяла строгія правілы, ад якіх нельга адступіць ні на крок. Але на нашых вачах у міжнародным гандлі ігнаруюцца яго базавыя прынцыпы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“На жаль, гэта мода — змешваць палітыку і эканоміку, а інтарэс асобных кампаній ставіць вышэй за інтэграцыйныя дамоўленасці — не абышла і наш Еўразійскі эканамічны саюз”, — дадаў прэзідэнт.

Асаблівы непакой у прэзідэнта выклікае невысокая інавацыйная актыўнасць прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.

Пытанні інавацый увязаны і з іншым ключавым прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця — эфектыўнай занятасцю насельніцтва праз стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў на новых прадпрыемствах. “Гэта — дастойная зарплата, якасна іншы адукацыйны і прафесійны ўзровень чалавека”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўны выклік, з якім трэба справіцца ўраду і Нацбанку ў найбліжэйшыя гады, — перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў. Патрабую забяспечыць стабільна высокія тэмпы росту эканомікі і прафіцыт валютных патокаў. Без павышэння эфектыўнасці і канкурэнта­здольнасці эканомікі забяспечыць гэта немагчыма”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння закладваецца аснова таго, якім будзе жыццё ў 2020 годзе. Ёсць усе перадумовы і ўмовы для таго, каб пяцігадовая праграма была выканана не столькі па лічбах, колькі па сутнасці, яе эканамічным сэнсе.

“У 2020 годзе Беларусь павінна паўстаць перад светам абноўленай, прагрэсіўнай і пры гэтым камфортнай для свайго народа, усіх, хто хоча спакойна працаваць, зарабляць і гадаваць дзяцей”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Гэта погляд у найбліжэйшую будучыню. Залогам яе, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца выкананне раней пастаўленых задач па стрымліванні цэн, росце заработнай платы і забеспячэнні занятасці насельніцтва. Гэтыя пытанні па-ранейшаму актуальныя для беларускіх грамадзян.

Ажыўленне інфляцыйных працэсаў насцярожвае, дарагоўля жыцця вельмі непакоіць насельніцтва. Прэзідэнт даручыў ураду, мясцовым органам улады, Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю і асабіста міністру пастаянна адсочваць цэнавыя змяненні. “Кантралюйце, адсочвайце цэнавыя змяненні пастаянна. Хочаце — рыначнымі спосабамі, хочаце — іншымі. Але павінен быць вынік, і праблема павінна вырашацца. Мэта вядома: не больш як 5—6% у год па інфляцыі”, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Глыбокі аналіз работы канкрэтных галін мы плануем праводзіць і ў далейшым. Гэта дзейсны спосаб павышэння іх эфектыўнасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што на працягу года праведзены важныя мерапрыемствы, дзе разгледжаны актуальныя пытанні развіцця краіны, абазначаны асноўныя кірункі работы. “Скажу адкрыта, я рыхтаваўся да гэтага паслання, рыхтаваўся ўвесь мінулы год, праводзячы нарады, а да гэтага прапрацоўку самых злабадзённых пытанняў, якія стаяць перад намі”, — канстатаваў ён.

Напрыклад, на нарадзе па развіцці вёскі ў каторы раз ахапілі ўвесь спектр праблем галіны — ад прынцыпаў работы са стратнымі прадпрыемствамі да развіцця малых населеных пунктаў і прыцягнення моладзі да работы на зямлі. “Таму мной было прынята рашэнне аб’явіць гэты год Годам малой радзімы. І я папрасіў, хто толькі можа, паехаць на суботнік у свае родныя мясціны і гэтым прадэманстраваць людзям, што мы хоць невялікую долю сваёй працы ўкладваем у малую радзіму”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У ходзе рэспубліканскага семінара па жыллёва-камунальнай гаспадарцы было вызначана, што далейшае ўдасканаленне яе структуры павінна праводзіцца на аснове разумнай цэнтралізацыі і дастатковай свабоды дзеянняў на месцах. Паводле слоў беларускага лідара, на нарадзе Мінск быў выбраны арыенцірам, да якога трэба імкнуцца на гэтым этапе ў сферы ЖКГ.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб выніках пасяджэнняў Савета Бяспекі, дзе пастаўлены задачы па ўмацаванні правапарадку і законнасці, забеспячэнні спакойнага жыцця людзей. Акрамя гэтага, прайшлі важныя сустрэчы і нарады з педагагічным актывам краіны, вучонымі. “Сумесна з прадпрымальнікамі вызначылі ўмовы вядзення бізнесу і развіцця прыватнай ініцыятывы. Адбылася адкрытая размова з творчай моладдзю, старшакласнікамі, журналісцкай супольнасцю. Дэталёва разабралі праблемы ў спорце”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладнай рэалізацыі рашэнняў па развіцці прадпрымальніцтва. “Цяпер праводзіцца вялікая работа па актуалізацыі заканадаўства з улікам норм Дэкрэта “Аб развіцці прадпрымальніцтва”. Яшчэ раз папярэджваю кожнага распрацоўшчыка: не смейце скажаць ні дух, ні літару прынятых рашэнняў. Калі недзе сумняваецеся, лепш лішні раз парайцеся”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў гэтым годзе ўжо ўступілі ў сілу важныя прававыя акты, якія знамянуюць пачатак чарговага этапу развіцця краіны. “Але для таго каб ён быў паспяховым, трэба актывізаваць не толькі органы выканаўчай улады і прадпрымальнікаў, але і работу нашых заканадаўцаў. Трэба прадумана, аператыўна ўнесці неабходныя змяненні ў дзеючыя кодэксы і законы, каб пазбегнуць супярэчнасцей і нестыковак. Гэта адказная задача для парламентарыяў”, — дадаў прэзідэнт.

Беларускі лідар упэўнены, што ва ўсім павінен вяршэнстваваць прынцып эканамічнай эфектыўнасці. “Сёння глыбокая перапрацоўка ўласнай сыравіны, драўніны, сельскагаспадарчай прадукцыі так і застаецца на ўзроўні планаў, нягледзячы на велізарныя капітальныя ўкладанні. Хоць на гэтым можна зарабіць дзясяткі мільярдаў. Неабходна хутка асвойваць новыя напрамкі. У нас вырысоўваюцца контуры ІТ-краіны, сфарміраваны ўнікальныя ўмовы ў кітайска-беларускім парку, зроблена высокая стаўка на малы і сярэдні бізнес”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што дынамічнае развіццё традыцыйных і новых галін у эканоміцы дасць магчымасць Беларусі заняць дастойнае месца ў глабальных працэсах і не застацца ў ролі пасіўнага ўдзельніка.

“Неабходна фарміраваць атмасферу новага бізнес-клімату на аснове дзелавых адносін і ўзаемнага даверу. Чым складаней знешняя сітуацыя, тым больш зладжаным і дакладным павінна быць узаемадзеянне ўсіх элементаў і суб’ектаў эканамічнага жыцця дзяржавы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У пасланні былі абазначаны таксама задачы забяспечыць трансфер ідэй у Беларусь, зрабіць краіну прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Стабільныя, камфортныя, прадказальныя ўмовы вядзення бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь прадоўжыць будаваць лічбавую эканоміку, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

“Ураду даручана ўнесці прапановы па стварэнні моцнага і эфектыўнага міністэрства ў гэтай сферы. Тут неабходны ўдумлівы падыход. Трэба грунтоўна вывучыць і падлічыць усе аспекты і нюансы работы новай структуры”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Год назад быў узяты курс на пабудову IT-краіны. “За гэты час прыкметна актывізавалася работа Парка высокіх тэхналогій. Экспарт вырас на 25%, упершыню ў гісторыі парка перасягнуў $1 млрд”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прайшло ўсяго чатыры месяцы з даты падпісання Дэкрэта “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. “Самі айцішнікі назвалі яго рэвалюцыйным. Па некаторых заканадаўчых пазіцыях мы сталі ў адзін рад з самымі перадавымі краінамі. І ўжо сёння відаць, што зрабілі абсалютна правільна, — падкрэсліў прэзідэнт. — Удумайцеся ў гэтыя лічбы. У папярэднія гады ў парк у сярэднім уступала адна кампанія ў месяц. А за першыя тры месяцы бягучага года пасля прынятых намі рашэнняў — больш за 50. Гэта новыя рабочыя месцы (прытым якія рабочыя месцы!), прыток валюты ў краіну і дадатковыя плацяжы ў бюджэт”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Адміністрацыя прэзідэнта рэалізуе новыя падыходы ў рабоце з кадравым рэзервам. “Яе неабходна актыўна працягваць. Эканоміцы патрэбны энергічныя і прафесійныя кіраўнікі”, — сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі праведзена аптымізацыя дзяржапарату. “У нас чыноўнікаў менш, чым у іншых краінах. Пры гэтым трымаем іх у “чорным целе”, а націск і адказнасць велізарныя і ўзрастаючыя. У дзяржапараце павінны працаваць лепшыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы”, — сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што Адміністрацыя прэзідэнта павінна паказваць прыклад.

“Савету Міністраў трэба правесці пераатэстацыю ўсіх кіраўнікоў. І калі хтосьці не здольны эфектыўна працаваць, няхай адразу ідзе ў адстаўку. Тое ж тычыцца і міністраў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што інстытуты дзяржаўнага кіравання павінны ісці ў нагу з часам, праводзіць палітыку шырэй, маштабней і не абмяжоўвацца інтарэсамі толькі ведамасных прадпрыемстваў. “Дзе абяцаная галіновая палітыка? Толькі ў лёгкай прамысловасці больш за 1000 прадпрыемстваў, але канцэрн іх проста не заўважае. Ды, напэўна, і не ведае, а можа, і спіса ў яго гэтых прадпрыемстваў няма, асабліва прыватных. А яны ж рэальна могуць ператвараць у грошы свае бізнес-ідэі. Клопат галіновых міністраў — доля курыруемай сферы эканомікі ў ВУП, якая павінна пастаянна расці”, — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржаўны апарат таксама павінен перабудоўвацца пад гэтыя задачы.

Самым згубным чынам на стан эканомікі, ды і не толькі, уплывае карупцыя. Хабарніцтва здольна падарваць аснову любой дзяржавы. Менавіта яно стварае глебу для росту ценявой эканомікі і падрывае давер людзей да дзяржавы. У нашай краіне не павінна быць месца карупцыі. Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самай рашучай і празрыстай”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларускія СМІ рэгулярна паведамляюць аб гучных арыштах і пакараннях службовых асоб за такія злачынствы. “У простага чалавека нават можа скласціся ўражанне, быццам усе вакол жулікі і зладзеі. Вядома ж, гэта не так. У сістэме кіравання шмат сумленных, прыстойных людзей. Такіх — абсалютная большасць, інакш проста немагчыма было б працаваць. І тое, што нашы грамадзяне бачаць на тэлеэкранах, чытаюць на старонках газет, толькі паказвае адкрытасць улады ў пытаннях барацьбы з гэтым злом. Людзі павінны разумець, што ніякія сітуацыі не замоўчваюцца і незакранаемых няма і не будзе”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Апошнія кадравыя змяненні — яркі таго прыклад, сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Я ў мінулым годзе папярэджваў кіраўнікоў, што калі на іх падведамных прадпрыемствах, у арганізацыях, установах будуць зафіксаваны выпадкі карупцыі, то яны страцяць свае пасады. Але, відаць, не ўсе зразумелі з першага разу. Таму нядаўна давялося расстацца і з міністрам спорту і турызму, і з міністрам лясной гаспадаркі. У аднаго дырэктар браў хабары з прыватнікаў, якія хацелі арандаваць месцы (для гандлю. — Заўв. БелТА.). Другі наогул не заўважыў, як прадавалі высакаякасны лес па цане пілавіння. Глядзіце, такіх выпадкаў быць не павінна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што механізмаў для процідзеяння карупцыі ў Беларусі сёння дастаткова. Антыкарупцыйны закон, прыняты ў 2015 годзе, на думку экспертаў, стаў самым жорсткім на постсавецкай прасторы. Наладжана эфектыўная работа праваахоўных структур: утаіць факты злачыннай дзейнасці становіцца ўсё складаней.

“Вельмі шкада, што мы па-ранейшаму змагаемся з вынікам, а не з прычынай гэтай з’явы. Калі ўзбуджаем крымінальную справу — “б’ём па руках” нахабных дзялкоў, па сутнасці, рэагуем на ўчынены факт. А трэба ўстараніць менавіта прычыны — папярэдзіць карупцыйныя праяўленні”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, ужо непасрэдны абавязак кіраўнікоў любога ўзроўню, міністр гэта, дырэктар дэпартамента ці старшыня выканкама. “Менавіта кіраўнік павінен забяспечыць прыняцце эфектыўнага комплексу мер па процідзеянні карупцыі. Не проста для птушачкі стварыць адпаведную камісію, а арганізаваць яе работу з улікам спецыфікі прадпрыемства і працоўнага калектыву. Менавіта ён павінен забяспечыць адзіныя для ўсіх правілы ажыццяўлення дзейнасці ў галіне, якую курыруе, і празрыстасць у рабоце падначаленых службовых асоб”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб правапарушэннях нават у Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце.

Канстытуцыя Беларусі не будзе мяняцца пад якую-небудзь асобу, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

“Ніколі не пастаўлю вас і спецыялістаў, суддзяў, народ перад выбарам змянення канстытуцыйных асноў дзяржавы пад якую-небудзь асобу. Ніколі гэтага не будзе”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у Авальнай зале.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сітуацыю ў Арменіі. “Трэба было сумленна зрабіць. Мы некалі гэтым шляхам пайшлі, зняўшы абмежаванні для выбрання прэзідэнтаў — усіх прэзідэнтаў”, — нагадаў ён. Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт пераходу Арменіі да парламенцкай рэспублікі, паколькі ў свой час абмяркоўваў гэтую праблему з былым прэзідэнтам гэтай краіны. Беларускі лідар не ўтойваў тады сваёй пазіцыі, лічачы, што трэба пайсці да народа, сумленна і адкрыта. “Навошта мяняць асновы, ламаць краіну пад асобу? А калі потым асоба зламаецца? Што і адбылося”, — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў армянскаму народу не захапляцца. “Уладу памяняць проста, але потым жа павінен быць вынік, — адзначыў прэзідэнт. — Дай бог, каб таленавіты разумны народ Арменіі справіўся з гэтай сітуацыяй”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Арменія знаходзіцца ў ЕАЭС, “гэта не чужая нам краіна”. Прэзідэнт лічыць, што ўраду неабходна звязацца з армянскім бокам наконт таго, чым можна дапамагчы.

Прэзідэнт адзначыў, што задач у частцы магчымага змянення Канстытуцыі дастаткова, але яны не могуць быць вырашаны адначасова, у адзін момант. “Размова ідзе пра галоўны дакумент краіны. Мы павінны быць упэўнены ў правільнасці рашэнняў, якія прымаем”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў суддзям Канстытуцыйнага Суда разам з вучонымі і юрыстамі-практыкамі ў спакойным рэжыме разам з парламентарыямі падрыхтаваць адпаведныя прапановы ў Канстытуцыю. Яны лепш за іншых ведаюц­ь заканадаўства краіны, яго спецыфіку, асабліва суддзі КС, падкрэсліў прэзідэнт. “І не трэба ўзнімаць шуміху вакол гэтага працэсу, вышукваць падставу для чарговай сенсацыі”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Спецыялістам неабходна проста даць спакойна працаваць. “Каб потым, калі прый­дзе час, мы маглі прапанаваць найлепшыя падыходы для будучыні Беларусі, абмеркаваць іх з шырокім колам зацікаўленых і прыняць агульнае рашэнне”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў пасланні адзначыў рост напружанасці і канфрантацыі ў свеце.

“Чалавецтва, на жаль, знаходзіцца на раздарожжы. Мы ўступілі ў эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і працяглай нестабільнасці. На планеце больш няма месца, дзе можна схавацца, адгарадзіцца і безудзельна назіраць за тым, што адбываецца. Бяспека стала пэўнай з’явай. Сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка яе страціць і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Абвастраецца барацьба за месца ў сусветнай іерархіі. Стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж дзяржавамі сталі звычайнымі з’явамі. Усё гэта суправаджаецца ростам напружанасці і канфрантацыі, якія пачынаюць ужо проста зашкальваць”.

“Мы бачым жорсткае лабіраванне, часам насаджэнне ўласнай эканамічнай і палітычнай выгады, непрыкрытую варожасц­ь да апанентаў. Нацыянальны эгаізм, пагарджанне інтарэсамі сваіх партнёраў і нават саюзнікаў, эгацэнтрызм, парушэнне міжнародных норм становяцца неад’емнай часткай палітыкі вядучых сусветных гульцоў”, — канстатаваў беларускі лідар.

Паводле слоў прэзідэнта, планету захліснулі гандлёвыя войны. “Злучаныя Штаты, кіруючыся жорсткім пратэкцыянізмам, змагаюцца з Кітаем. Адначасова разгарнулася маштабная санкцыйная вайна супраць Расіі. Дайшлі да таго, што па парадзе з-за акіяна Еўрасаюз абмяжоўвае ўласныя кампаніі, якія працуюць на нафтавым рынку з нашай усходняй суседкай, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ды і ў нас далёка за прыкладамі хадзіць не трэба — вазьміце хаця б “малочныя” і “мясныя” баталіі, “цукровыя”, якія праводзіць наш найбліжэйшы партнёр, блакіруючы доступ натуральным беларускім прадуктам на свой рынак”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фактычна ламаецца сусветная сістэма гандлю. У гэтай сітуацыі асабліва актуальны міралюбівая збалансаваная знешняя палітыка ўсіх дзяржаў, якой прытрымліваецца і Беларусь, а таксама ініцыятывы краіны: пашырэнне ідэй сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе, партнёрства розных інтэграцыйных аб’яднанняў, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі, супрацоўніцтва. “Для нашых саюзнікаў Беларусь з яе грамадска-палітычнай згодай, міжканфесійным мірам і беспраблемнай для суседзяў і іншых дзяржаў палітыкай уяўляе сабой асаблівую цэннасць”, — упэўнены прэзідэнт.

Ён заўважыў, што ўтрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, калі ў многіх рэгіёнах свету неспакойна, цяпер асабліва важна. “Мы бачым, як лёгка нагнятаюць паніку і істэрыю растыражаваныя ў сетках і на інфармацыйных парталах паведамленні правакацыйнага характару. Менавіта так у ХХІ стагоддзі пачынаюцца рэвалюцыі ў іх “каляровай” версіі, якія сумна заканчваюцца для саміх жа ўдзельнікаў. Тым, хто разважае сёння на тэму: ці патрэбна нам армія, ці неабходна міліцыя, — раю з’ездзіць у краіны, якія зведалі “арабскую вясну”, або нават у сэрца Еўропы, накрытае міграцыйнай хваляй. Пагутарыць там са звычайнымі людзьмі і даведацца, ці адчуваюць яны сябе дома абароненымі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь рушыла наперад у выбудоўванні дыялогу з дзяржавамі Еўропы, канстатаваў беларускі лідар.

“Відавочна павышэнне ўзроўню палітычных кантактаў і пашырэнне эканамічнага ўзаемадзеяння. Нам трэба максімальна выкарыстоўваць канструктыўны патэнцыял “Усходняга партнёрства”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, “Усходняе партнёрства” павінна быць нацэлена на рэалізацыю канкрэтных праектаў, працаваць на пераадоленне раздзяляльных ліній, узмацненне еўрапейскай і еўразійскай інтэграцыі. “І наогул Еўрасаюз — гэта нашы суседзі. А суседзі — ад Бога. Аксіёма. З суседзямі лепш жыць у міры і дружыць, што мы і робім”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы разам з гэтым падкрэсліў, што вектар СНД захоўвае сваё значэнне ў сістэме знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў Беларусі. “З асноўнымі партнёрамі на прасторы Садружнасці рэалізуюцца дарожныя карты двухбаковага ўзаемадзеяння. СНД наогул ужо стала пляцоўкай сустрэч, перагавораў, кантактаў. За адзін дзень можна перагаварыць з усімі сваімі найбліжэйшымі партнёрамі. І гэта добра. І гэта трэба сёння захоўваць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Беларусь, не адгароджваючыся, падтрымлівае эканамічныя сувязі і з тымі дзяржавамі, якія пакінулі Садружнасць або на стадыі выхаду са складу СНД. Імкненне Украіны, Малдовы і Грузіі да больш глыбокай інтэграцыі з Еўрасаюзам — не перашкода для нашага актыўнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Успамінаючы нядаўні афіцыйны візіт у Малдову, Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё меркаванне аб сітуацыі ў гэтай краіне і праблемах, з якімі яна сутыкнулася. “Яе рвуць на часткі. Што ім застаецца рабіць? Ім выжыць бы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І мы (на прасторы СНД. — Заўв. БелТА.) пачынаем на іх “бочкі каціць”. Ну трэба ж па-нашаму, па-славянску, па-руску, па-беларуску… Дабром прыцягні да сябе”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У аналагічным ключы ён выказаўся і наконт адносін з Грузіяй. “Прасцей за ўсё выпхнуць. Яны ўжо дэманстру­юць амерыканскія “Джавеліны” — процітанкавую сучасную з­брою. Украіна і яны. Гэта нам трэба? Мы самі (у СНД. — Заўв. БелТА.) у многім вінаватыя ў тым, што адбываецца па перыметры”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

“Саюзны праект з Расіяй не страціў свайго значэння. Па прычыне выключна складанай міжнароднай сітуацыі (бадай, самай складанай за апошнія дзесяцігоддзі) цэннасць нашага партнёрства шматразова ўзрастае. Разам з тым інтэграцыйны патэнцыял узаемадзеяння выкарыстоўваецца не ў поўнай меры і не заўсёды эфектыўна. Пытанні допуску нашых тавараў на расійскі рынак ужо нагналі аскому! Два дзясяткі гадоў гаворым аб фарміраванні агульнага рынку, а праблемы то ў адной, то ў іншай сферы — прадукты харчавання або энергарэсурсы — узнікаюць, як па графіку. Цяпер дабавіліся яшчэ міграцыйныя і пагранічныя пытанні”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пайшоў чацвёрты год з моманту стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Было шмат планаў і перспектыўных праектаў, але некаторыя да гэтага часу далёкія ад рэалізацыі. “Па розных прычынах, і не толькі ўнутраных. І калі на так званыя знешнія фактары ўплыву не акажаш, то тое, што адбываецца ўнутры саюза, цалкам залежыць ад краін-удзельніц, ад нас саміх”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У Беларусі няма залішніх геапалітычных амбіцый, але няма і комплексу аўтсайдара, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы адчуваем гордасць за сваю краіну. Паважаючы ўсе нацыі і дзяржавы, маем поўнае права патрабаваць такой жа павагі да сябе. Беларусь — еўрапейская краіна з добрай эканомікай, якая развіваецца, спакойнай грамадска-палітычнай сітуацыяй, міжканфесійным мірам і сумленнай, адказнай знешняй палітыкай. Мы нікому не ствараем праблем, а толькі дапамагаем іх вырашаць, калі нас аб гэтым просяць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што не ўсіх поспехі краіны радуюць. У свеце вельмі часта, асабліва апошнім часам, ролю дзяржавы спрабуюць прынізіць, звесці яе толькі да надуманых пытанняў захавання правоў чалавека. Прытым стаўка робіцца на моладзь, падштурхоўваючы яе да проціпраўных дзеянняў, сказаў прэзідэнт.

“Але ўся іх падрыўная дзейнасць дарэмная, калі бачыш, як наша, напрыклад, юная спартсменка спускаецца з подыума, пачуўшы чужы гімн у свой гонар. Калі наша таленавітая дзяўчынка папраўляе вядомага тэлевядучага, прымушаючы яго правільна называць яе Радзіму. Такі сапраўдны патрыятызм. Аб ім не разважаюць, з ім жывуць у сэрцы”, — заявіў беларускі лідар. Ён падзякаваў бацькам і педагогам, якія выхавалі сапраўдных беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта не першыя і не апошнія парасткі нацыянальнай самасвядомасці. “Для нас яны самыя дарагія, таму што зарадзіліся ў чыстых, шчырых дзіцячых душах. Сталі жывым пацвярджэннем таго, што мы зрабілі гэта — стварылі моцную незалежную дзяржаву”, — сказаў прэзідэнт.

“Галоўная мэта застаецца нязменнай — мы будуем дзяржаву для народа”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, цяпер на першы план выходзіць задача ўмацаваць эканоміку і прымножыць дабрабыт грамадзян. Свет не стаў прасцейшым, ён стаў цікавейшым, даў роўныя магчымасці і шансы. Умець скарыстацца імі — пытанне будучыні краіны, яе незалежнасці і паспяховасці, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Якой будзе Беларусь заўтра — залежыць ад кожнага з нас! Пры гэтым трэба памятаць, што квітнеючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі аб сабе, але і аб Радзіме. Дзе любыя выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб’ядноўваюць, дапамагаючы выстаяць у сучасным свеце”, — заявіў ён.

“Калі мы будзем працаваць дастойна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дабіцца пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзём і чаго хочам”, — сказаў на заканчэнне прэзідэнт.

Па матэрыялах БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *