Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўная задача бягучага дня — захаваць дасягнутыя вынікі і прымножыць іх на карысць нашых дзяржаў і народаў”

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у юбілейным пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў сталіцы Казахстана Нур-Султане.

“Сённяшняе пасяджэнне праходзіць у дзень юбілейнай даты — пяцігоддзя Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. 29 мая 2014 года ў Астане прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі падпісалі гэты гістарычны дакумент. Пазней да нас далучыліся ­Арменія, Кыргызстан. Пакладзены пачатак новага этапу развіцця еўразій­скай інтэграцыі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі інтэграцыйнага аб’яднання, нягледзячы на невялікі тэрмін, які прайшоў з моманту яго стварэння: “Безумоўна, ЕАЭС яшчэ занадта малады, аднак ён ужо даказаў сваю эфектыўнасць і самастойнасць, забяспечыўшы нашым краінам дадатковую крыніцу эканамічнага росту, якая дазваляе супрацьдзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у свеце. І гэты патэнцыял не проста далёка не вычарпаны, яму наогул не пакла­дзены пачатак. Наперадзе — велізарныя перспектывы”.

Так, у апошнія гады ўдаецца падтрымліваць павелічэнне аб’ёмаў узаемнага гандлю (у 2017 годзе — больш за 127% да ­ўзроўню 2016 года, у 2018 годзе — амаль 112% да ўзроўню 2017 года). “Хоць насцярожвае, што тэмпы нарошчвання тавара­абароту ў рамках саюза запавольваюцца. Пры гэтым з трэцімі краінамі яны, наадварот, растуць”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У ЕАЭС таксама пашыраецца ўжыванне нацыянальных валют ва ўзаемных разліках, удалося пагасіць інфляцыйныя рызыкі, ­узяць пад кантроль пытанні занятасці насельніцтва. “Гэта азначае, што дзяржавы — удзельніцы саюза ўсё больш сінхранізуюць працэсы свайго развіцця, паступова збліжаючы пазіцыі ў правядзенні ўзгодненай макраэканамічнай палітыкі, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Нам трэба выкарыстоўваць такі вопыт. У тым ліку ў мэтах фарміравання агульных галіновых стратэгій — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце, энергетыцы і іншых сферах”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў і аўтарытэт Еўразійскага эканамічнага саюза на сусветнай арэне. “Часам мы чуем, ды і самі кажам, што з намі нібыта не хочуць супрацоўнічаць. Проста зайздросцяць, дзесьці баяцца. Гэта канкурэнцыя, і гэта натуральна. Але не заўважаць нас ужо не ўдаецца”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Працягваецца дыялог з іншымі дзяржавамі, рэгіянальнымі аб’яднаннямі і міжнароднымі структурамі. Умацоўваецца пазітыўнае ўспрыманне саюза як сістэмаўтваральнай арганізацыі эканамічнай інтэграцыі на Еўразійскім кантыненце.

“Парадак дня напаўняецца новымі напрамкамі для працы. Мы прыступілі да лічбавай трансфармацыі эканомік, актывізацыі трансгранічных сувязей у рэальным сектары, стварэння механізмаў рэалізацыі інавацыйных і інвестыцыйных праектаў. Гэта ўсё важныя і перспектыўныя сегменты супрацоўніцтва”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым прэзідэнт падкрэсліў важнасць якаснага выканання ўжо дасягнутых у саюзе дамоўленасцей, што павінна з’яўляцца прыярытэтам. “Па фарміраванні адзіных рынкаў, забеспячэнні свабоды руху капіталаў, тавараў, работ і паслуг. Актыўнасць на знешнім контуры і новых напрамках не павінна прыносіць шкоду асноўнай дзейнасці па адмене бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што станоўчы эфект ад інтэграцыйнага праекта дадуць больш цесная кааперацыя, павелічэнне долі тавараў, вырабленых унутры ЕАЭС, на агульным рынку.

“Трэба адмовіцца ад пратэкцыянісцкіх рашэнняў на нацыя­нальных узроўнях, ад увядзення разнастайных забаронных і абмежавальных мер. У гэтым залог фарміравання надзейнага падмурка нашага саюза, паспяховага развіцця эканомік краін, якія ўдзельнічаюць у інтэграцыі. Тады не будзе праблемы прыцягнення новых краін, якія мы хочам бачыць у саюзе . Яны самі прый­дуць у гэты саюз. Неабходна ствараць роўныя ўмовы ва ўсіх сферах, уключаючы энергетыку. Пакуль жа перавага аддаецца інтарэсам асобнага суб’екта гаспадарання, галіны або краіны”, — заявіў прэзідэнт.

Ён асабліва адзначыў, што кожны — ад кіраўнікоў дзяржаў да экспертаў — павінен дакладна разумець, што ў ЕАЭС будуецца менавіта адзіны рынак, агульная прастора.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць важным далейшае пашырэнне паўнамоцтваў Еўразійскай эканамічнай камісіі, у першую чаргу ў частцы процідзеяння ўвядзенню бар’ераў. “Мяркую, што значную дапамогу нам можа тут аказаць, згуляўшы значную ролю, ганаровы старшыня нашага саюза”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне не толькі ў асобе Нурсултана Назарбаева: “У яго за плячыма велізарнае войска талковых людзей, экспертаў. Яны вельмі сур’ёзна працавалі з ім, калі ён быў прэзідэнтам, і нам нельга гэта страціць”. Беларускі лідар таксама прапанаваў, каб Нурсултан Назарбаеў заняўся і рэвізіяй усяго, што зроблена ці не зроблена ў саюзе, — пачынаючы ад кадравага складу Еўразійскай эканамічнай камісіі і заканчваючы стратэгічнымі напрамкамі дзейнасці.

“Пяць гадоў назад мы зрабілі рашучы крок да стварэння саюза. Галоўная задача бягучага дня — захаваць дасягнутыя вынікі і прымножыць іх на карысць нашых дзяржаў і народаў. У сённяшняй заяве мы фармулюем асноўныя прынцыпы і прыярытэты далейшага супрацоўніцтва”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі бакам удасца дамагчыся ўмацавання еўразій­скай інтэграцыі.