Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўная задача дзяржавы — забяспечыць дастойную якасць жыцця сваім грамадзянам”

Рэканструяваны мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ўрачыста адкрыты 6 лістапада з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адкрыццё новых значных аб’ектаў напярэдадні свята 7 лістапада ў нашай краіне ўжо стала добрай традыцыяй. Бягучы год — не выключэнне. “Думаю, моладзь падтрымае такія нашы памкненні”, — лічыць прэзідэнт. Ён адзначыў важнасць таго, што сёння пасля цяжкай работы ўводзіцца ў строй гэты важны аб’ект. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што літаральна ў снежні мінулага года мост з-за аварыйнага стану давялося закрыць, што стала надзвычайнай праблемай для жыхароў Жыткавіцкага раёна, Турава.

Арганізаваная па патрабаванні прэзідэнта пантонная і паромная пераправы толькі часткова вырашалі цяжкасці, якія ўзніклі. “Калі я ў СМІ ўбачыў гэту праблему, я зразумеў, да чаго яна можа прывесці. Ды і прывяла. Гэта катастрофа для людзей, якія перамяшчаюцца з аднаго берага на другі на работу, па іншых прычынах. І таму ўсё, што тут рабілася, рабілася вельмі хутка. Вы ўявіце сабе, практычна за паўгода змяніць рэчышча ракі, пабудаваць пад’язныя дарогі да паромных перапраў, затым стары мост ліквідаваць, заказаць і прывезці новыя канструкцыі, устанавіць неабходнае тэхналагічнае абсталяванне і выбудаваць новы мост — гэта вельмі сур’ёзная работа”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён прызнаўся, што, калі ставілася задача ўсё завяршыць да 7 лістапада і ўсе паабяцалі, што выканаюць, сумняваўся, ці ўдасца сапраўды рэалізаваць гэту задачу. “Але вось зрабілі нават раней, проста малайцы”, — пахваліў прэзідэнт.

“Як мне дакладваюць, сціслыя тэрміны не паўплывалі на якасць. Работнікі дарожна-будаўнічай сферы не толькі вырашылі складаныя пытанні і дабіліся пастаўленых мэт, але і набылі бясцэнны вопыт, і не толькі ўзрываць масты, хоць гэта была складаная задача. Менавіта тут упершыню былі прыменены многія наватарскія ідэі і тэхналогіі. На гэты вынік працавалі ўсе”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт шчыра падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве. “Галоўная задача дзяржавы — забяспечыць дастойную якасць жыцця сваім грамадзянам і даць ім аднолькавыя магчымасці для паўнацэннай працы незалежна ад месца жыхарства”, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка разам з кіраўнікамі рэгіёна і транспартнага ведамства перарэзаў чырвоную стужку на мосце, тым самым даўшы старт руху транспарту. Мясцовыя жыхары цёпла падзякавалі кіраўніку дзяржавы за такі падарунак, а мясцовыя школьнікі ўручылі Аляксандру Лукашэнку макет моста.

“Гэты мост шмат чаму нас навучыў, — сказаў прэзідэнт. — Масты аб’ядноўваюць, у гэтым іх функцыя, яны не раз’ядноўваюць або дзеляць. А гэта сутнасць нашай палітыкі — аб’яднанне”.