Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Гатовы рухацца далей — ад простага гандлю да стварэння большай колькасці сумесных прадпрыемстваў”

Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым у вузкім складзе.

“Нашы адносіны з Казахстанам ідуць углыб дзесяцігоддзяў, стагоддзяў. Мы заўсёды, асабліва ў савецкі перыяд, былі блізкія. Нашы эканомікі заўсёды былі ўзаемадапаўняльныя, гэта стварае новыя магчымасці для нас і цяпер. Ва ўсім, што мы выраб­ляем, мае патрэбу наш дружалюбны Казахстан. Што вырабляеце вы, мы гатовы купляць з вялікім задавальненнем. Склалася добрая перспектыва. Існуючы фундамент, які створаны за гады незалежнасці, дарагога варты”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе на­дзейным партнёрам для Казахстана. “Мы як блізкія людзі, блізкія сябры заўсёды знойдзем развязкі па ўсіх пытаннях”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Беларусь і Казахстан разам з Расіяй знаходзяцца ў цэнтры інтэграцыйных працэсаў. І без Казахстана, дадаў ён, сёння не абыходзіцца ні адзін напрамак інтэграцыі. “Тым больш што Казахстан у часы першага прэзідэнта з’яўляўся ініцыятарам многіх інтэграцыйных працэсаў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І мне вельмі прыемна канстатаваць, што вы ў вельмі ня­просты час прынялі руль кіравання гэтай велізарнай рэспублікай, прытрымліваецеся курсу інтэграцыі ў эканоміцы нашых краін, дружбы нашых народаў”.

Касым-Жамарт Такаеў у сваю чаргу падкрэсліў, што візіт беларускага лідара — жаданая падзея для Казахстана і добрая магчымасць пацвердзіць абсалютна дружалюбны характар узаемаадносін паміж краінамі, надаць сур’ёзны імпульс дзелавому супрацоўніцтву, сфера эканомікі гэта, гуманітарныя сувязі ці міжнароднае супрацоўніцтва. Ён заявіў, што беларуска-казахстанскія адносіны, стратэгічнае партнёрства дзвюх дзяржаў, безумоўна, адпавядаюць нацыянальным інтарэсам народаў абедзвюх краін.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым у пашыраным фармаце адзначыў, што ўзровень беларуска-казахстанскіх адносін у поўнай меры адпавядае стратэгічным інтарэсам дзвюх краін. “Гэта вынік карпатлівай шматгадовай работы, які дае магчымасць будаваць сур’ёзныя планы на будучыню”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Мінскам і Нур-Султанам напрацаваны станоўчы вопыт узаемадзеяння на ўсіх узроўнях, а ступень даверу такая, што краіны адкрыта абмяркоўваюць любыя пытанні. “Добрую аснову для маштабнага супрацоўніцтва ствараюць падабен­ства прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўзаемнае імкненне ўмацоўваць рэальны сектар эканомікі. Таму мы зрабілі асаблівы акцэнт на пашырэнні дыялогу менавіта ў эканамічнай сферы, таму што іншых праблемных пытанняў — у сферах палітыкі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, дыпламатыі — у нас практычна няма, — падкрэсліў прэзідэнт. — Нашы погляды на асноўныя праблемныя пытанні міжнароднага парадку дня аднатыпныя або падобныя”.

Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што Казахстан — адзін з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. За тры гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся больш як у два разы. У 2018 годзе ён дасягнуў $900 млн. “Мы блізкія да таго, каб пераадолець мільярдную планку тавараабароту. Так, ёсць пэўны дысбаланс у гандлі на карысць Белару­сі, але за апошнія гады — і гэта добрыя тэмпы — істот­на вырас імпарт з Казахстана”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова разгледзець прапановы казахстанскага боку па дасягненні збалансаванага тавара­абароту, заявіў прэзідэнт. “Па ўсіх пытаннях, якія ў нас стаяць у двухбаковым парадку дня, дасягнуты пагадненні. Мы сёння гатовы рухацца далей — ад простага гандлю да стварэння большай колькасці сумесных прадпрыемстваў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Як адзначыў Прэзідэнт Казахстана, на перагаворах бакі абмеркавалі асноўныя праблемныя пытанні. “Ва ўзаемаадносінах нават самых блізкіх дзяржаў, як бы там ні было, узнікаюць тыя ці іншыя пытанні, якія патрабуюць абмеркавання, удакладнення і, самае галоўнае, вырашэння, — канстатаваў ён. — Я лічу, што ўжо ў выніку пачатых перагавораў мы выходзім на вельмі сур’ёзныя дамоўленасці, якія, упэўнены, будуць рэалізаваны ў найбліжэйшай будучыні”.

Касым-Жамарт Такаеў падкрэсліў, што яго краіна зацікаўлена ў павелічэнні аб’ёмаў гандлю з Беларуссю, пашырэнні сувязей у гуманітарнай сферы і актыўным узаемадзеянні ў міжнародных арганізацыях.