Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Гэта гістарычны момант для рэгіёна”

Паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці павінны прыносіць аддачу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Касцюковічах на нарадзе аб развіцці гэтага рэгіёна.

“Яабсалютна перакананы, што настаў час атрымаць аддачу ад гэтых раёнаў. Яны не павінны сябе адчу­ваць ізгоямі, і народ тут павінен жыць дастойна і ганарыцца тым, што жыве ў Слаўгарадзе, Касцюковічах або ў Хоцімску. Сутнасць моманту ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І па форме, і па змесце сённяшняга дня лічыце, што гэта гістарычны момант для гэтага рэгіёна. Мы ведаем, што тут трэба зрабіць. І, як гаворыць губернатар, мы ведаем, што мы гэта зробім. Хто не ўмее — навучым, хто не хоча — прымусім. Іншага не дадзена”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты рэгіён павінен кожны год дэманстраваць дынаміку росту. “Хочаце малы, сярэдні бізнес, індывідуальных прадпрымальнікаў — калі ласка, займайцеся. Але запомніце: патрэбны моцныя прадпрыемствы, якія могуць працаваць доўга, на прадукцыю якіх ёсць попыт на рынку. Гэта ўпэўненасць людзей”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што найбольшую аддачу для краіны прыносяць менавіта вялікія прадпрыемствы.

У прыклад прэзідэнт прывёў фарэлевую гаспадарку “Лахва”, якую наведаў у час рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён. Прадпрыемства працуе з добрай аддачай, у яго ёсць магчымасці для пашырэння вытворчасці, а рыбная прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. “І вось на гэта трэба звяр­таць увагу. Ніякія малыя, сярэднія нам шчасця не прынясуць — гэта для таго, каб заняць лю­дзей, даць ім магчымасць працаваць, — адзначыў ён. — Стварайце і падтрымлівайце вялікія прадпрыемствы: прыватныя і дзяржаўныя, у кааперацыі — дзе хочаце. Але каб мы разумелі, што гэта назаўсёды”.

Вяртаючыся да падзей чатырохгадовай даўнасці, калі былі прыняты праграма і ўказ аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што тады сумняваўся, наколькі правільна і своечасова прымаюцца рашэнні. “Шчыра кажучы, тады я не быў абсалютна перакананы, што мы павінны пачаць глабальна вырашаць праблемы гэтага рэгіёна. Але я зыходзіў з таго, што нам усё роўна гэты рэгіён неабходна будзе калі-небудзь падцягваць да адпаведнага ўзроўню”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў тады заняцца рэгіёнам і распрацаваць праграму па яго развіцці. Дадаткова да яе быў падпісаны ўказ, які прадастаўляў шэраг ільгот. “Будучы не зусім перакананым у тым, што трэба ўзмоцнена інтэнсіфікаваць выкананне гэтай праграмы, я на вас не націскаў: хочаце — давайце будзем рабіць, я вам дапамагаю, зразумела, буду патрабаваць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ж, пасля таго як кіраўніцтва вобласці цалкам акунулася ў існуючыя праблемы, прэзідэнт перакананы ў неабходнасці хутчэйшага развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў.

У сувязі з гэтым ён даручыў актуалізаваць існуючую праграму. Прычым не адкладваць гэтую работу, а брацца за яе з сённяшняга дня. У праграме, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба дакладна і падрабязна распісаць усе праекты: ад арганізацыі вытворчасці і прыцягнення спецыялістаў — да будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры. “Вось гэта будзе размова. І не патрэбны мне вашы незразумелыя на пяцьсот або тысячу старонак опусы, якія вы напішыце і зноў не выканаеце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Размовы і вывучэнні закончаны. Актуалізуйце праграму — і на стол мне: што дзе вы вырабіце, падвялі рысу — гэта дасць прырост мяса, малака, прамысловасць, паслугі, дарогі, школы, дзіцячыя сады і іншае. Павінна быць адкрытая падкантрольная праграма, а не распісаная тэорыя на шмат старонак”.

Рэагуючы на даклад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца, які агучыў шэраг просьб па падтрымцы і льгатаванні, у тым ліку ў жыллёвым будаўніцтве, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Вы тут выклалі свае патрабаванні па ўсёй вобласці як новы губернатар, але мы ў гэтым выпадку разглядаем сем раёнаў. Вось вы гаворыце наконт жылля — трэба гэта зрабіць, і ўсё — ракой пацячэ сюды народ. А колькі ў вас такіх людзей, якім патрэбна жыллё, і яны заўтра застануцца і будуць працаваць? Перш чым прасіць нешта, трэба бачыць гэтых людзей. Нічога агулам нават вам як маладому губернатару ніхто рабіць не будзе”.

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. “Вось скажыце, з каго цяпер спытаем?” — паставіў пытанне беларускі лідар.

У частцы падтрымкі вырашэння жыллёвага пытання Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у першую чаргу арыентавацца на стварэнне вытворчых магутнасцей і працоўных месцаў. “Як было ў савецкія часы: будуецца завод — будуецца жыллё. Зразумела, не ўсім. Спецыялістам, а астатніх набіралі. Мы гатовы падтрымаць (гэта ўсюды па краіне, не толькі тут). Ёсць аб’ект, які будзе выдаваць прадукцыю, зарабляць грошы, ёсць людзі — ім трэба дапа­магаць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Будзем падтрымліваць і вас. І перш за ўсё вас, вы няпростую вобласць прынялі. Але майце на ўвазе, што без напружання, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы губернатарам, мы не вырашым гэтыя пытанні. Усё павінна быць падлічана і паказана”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў падыход і на прыкладзе горада Касцюковічы: “Добры горад. Я не ведаю, як вы тут працуеце на зямлі, але, што тычыцца прамысловасці, улічваючы, што нарэшце цэментны завод завяршыўся, гэта нядрэнны горад. Шчыра кажучы, я не бачу (тут неабходнасці. — Заўвага БелТА.) у вельмі вялікім ільгатаванні”.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць дысцыпліны, як працоўнай, так і тэхналагічнай. “Не будзе дысцыпліны — усё гэта будзе пустое. Вы гаворыце, што тэхніку закупілі — 50 камбайнаў. А вы захаваць гэтую тэхніку зможаце?” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кіраўніцтве Магілёўскай вобласці найбольш дасведчаныя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы. “Тэхналагічна больш дасведчаных у краіне людзей няма. Вы ведаеце, што рабіць. І трэба ў гэтым напрамку рухацца. Распыляць сродкі мы не будзем. Вы самі шукайце гэтыя сродкі, а мы гатовы вам падставіць плячо пад канкрэтныя аб’екты”, — сказаў прэзідэнт.

Леанід Заяц, гаворачы ў цэлым аб праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, выказаў меркаванне, што яна дзейсная. “За гэты час (2015 год — I паўгоддзе 2019 года. — Заўвага БелТА.) мы ўклалі Br770 млн у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы гэтага рэгіёна, створаны 193 новыя камерцыйныя арганізацыі. І самае галоўнае, што мы не дапусцілі масавага адтоку людзей. Мы працаўладкавалі на гэтай тэрыторыі практычна 20 тысяч людзей. І пры гэтым знізіўся ўзровень датацыйнасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна”, — сказаў ён.

Губернатар папрасіў прадоўжыць дзеянне ўказа № 235 да 2025 года.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён, дзе разглядаліся перспектывы далейшага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, паразмаўляў з жыхарамі райцэнтра.

Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна. “Усё залежыць ад нас. Цяпер так шалёна арганізавана жыццё — ляціць, як кур’ерскі поезд і самалёт, як толькі ты адстаў — цябе затапталі, і ніхто не паглядзіць, і мы застанемся ў хвасце. Нельга гэтага дапусціць. Пакуль у нас ёсць усё для таго, каб жыць дастойна. Будзеце працаваць — і я, і ўрад — усе, хто ёсць у краіне, падставім плячо. Калі вы захочаце, — заявіў беларускі лідар. — Я ўпэўнены, што пераважная большасць людзей як у Касцюковічах, так і ў іншых раёнах — гэта людзі, якія хочуць жыць, гадаваць дзяцей”.

“Нельга загубіць гэтую тэрыторыю”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Жыхары Касцюковіч сустракалі кіраўніка дзяржавы каля райвыканкама, дзе праходзіла нарада па развіцці ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нехта з лю­дзей прасіў звярнуць увагу на рэгіён і дапамагчы, нехта выказваў удзячнасць за ўжо зробленае за апошнія гады, іншыя звярталіся з асабістымі просьбамі. Адна з жанчын нават падарыла кіраўніку дзяржавы напісаныя ёй кнігі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў па абазначаных пытаннях дэталёва разабрацца і дала­жыць яму аб выніках, але ў самым пачатку падрабязна расказаў аб прычынах прыезду. “Чатыры гады назад было маё даручэнне паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці давесці да добрага ўзроўню. Мінула чатыры гады. Я хацеў асабіста паглядзець, як выконваецца праграма”, — растлумачыў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прамежкавы кантроль паказвае, што пакуль праграма рэалізуецца дрэнна. “Пачынаецца сур’ёзны жым па выкананні гэтай праграмы. Мы яе актуалізуем, вызначымся, што трэба пабудаваць у гэтых сямі раёнах, каб людзі працавалі, мелі дастойную зар­плату, хаця б на ўзроўні сярэдняй па краіне — у памеры Br1 тысячы”, — сказаў прэзідэнт.

Увага будзе ўдзелена і вырашэнню жыллёвых пытанняў, але ў першую чаргу ў прывязцы да стварэння працоўных месцаў, развіцця вытворчасцей, як вынік — сацыяльнай сферы — ахова здароўя, дзіцячыя сады і г. д.

“Мы дамовіліся. І зрухі будуць ужо ў бягучым і наступным гадах. Думаю, вы іх убачыце”, — заявіў беларускі лідар.

Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тыя пытанні, якія залежаць выключна ад саміх людзей, у прыватнасці, пытанні дысцыпліны, выканання закону. “Расхлябанасц­ь насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзяжы працвітаюць. Мне нават сорамна як прэзідэнту аб гэтым гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем”, — запэўніў прэзідэнт.

“Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці — мы ніводную праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)… Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае,  мы да прытомнасці прывядзём”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.