Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Гэта — сапраўдныя фабрыкі здароўя. Чым больш людзей будзе тут, тым менш — у бальніцах і аптэках”

- 12:35Інфармацыйная гадзіна

Будаваць спартыўныя аб’екты і басейны трэба проста, танна і якасна. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў ходзе наведвання новага шматфункцыянальнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Мандарын” у Мінску.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бясплатна, за кошт бюджэту, аб’ектаў дзяржаўных форм уласнасці створана дастаткова. “Такія палацы каштуюць дорага, адпаведна, і паслугі дарагія, што людзі павінны дакладна разумець”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, цяпер трэба будаваць звычайныя, абсалютна танныя басейны і спартыўныя аб’екты. Ён даручыў у найбліжэйшы час падрыхтаваць праекты недарагіх басейнаў і спартыўных комплексаў. “Усё павінна быць проста, танна, прыгожа і якасна”, — лічыць кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён заўважыў, што якасць — самы галоўны фактар.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу кіраўніцтва Мінспорту і турызму, Мінгарвыканкама на магчымасць прыстасаваць пустуючыя памяшканні пад спартыўныя збудаванні. Такое выкарыстанне пустуючых памяшканняў не запатрабуе істотных затрат, а значыць, і паслугі тут будуць таннымі.
Спартыўныя аб’екты павінны быць поўнасцю загружаны з раніцы да позняга вечара, каб людзі маглі займацца спортам у зручны для іх час, паставіў задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, як толькі аб’ект створаны, неабходна адразу ж прадумаць яго рацыянальнае выкарыстанне. “Палац пабудавалі — адразу трэба распісаць, каб з 6 раніцы да 24 вечара людзі тут займаліся. Усё павінна быць запоўнена і павінна выкарыстоўвацца”, — лічыць прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, недапушчальна, калі спартыўныя аб’екты, у якія ўкладзены немалыя сродкі, выкарыстоўваюцца неэфектыўна і там няма дастатковай колькасці наведвальнікаў. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы здзівіўся, што не поўнасцю задзейнічаны велатрэк і корты. “Няўжо няма жадаючых пакруціць веласіпед або пагуляць у тэніс?” — задаўся пытаннем прэзідэнт. Правёўшы паралель з заходнімі краінамі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што там корты пастаянна задзейнічаны.
Прэзідэнт запатрабаваў ад чыноўнікаў вырашыць праблему загружанасці спартыўных аб’ектаў у Мінску, прыняўшы для гэтага ўсе неабходныя меры. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае і папулярызацыя здаровага ладу жыцця і спорту.
Пры стварэнні трэнажорных залаў аснашчэнне іх абсталяваннем з’яўляецца даволі дарагім. З улікам далейшага масавага развіцця спорту і будаўніцтва спартыўных аб’ектаў трэба нямала сродкаў для набыцця імпартнага абсталявання. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў разгледзець пытанне стварэння айчынных трэнажораў. “Трэба рабіць айчынныя — беларускія — трэнажоры. Зрабіць і аддаць іх у трэнажорныя залы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што тым, хто сканструюе гэтае абсталяванне, добра заплацяць.
Такое імпартазамяшчэнне дасць магчымасць істотна скараціць расходы на спартыўныя аб’екты і знізіць цэны паслуг, якія аказваюцца ў іх. Пры гэтым у вытворчасці айчынных трэнажораў будуць задзейнічаны буйныя беларускія прадпрыемствы.
Прэзідэнт лічыць, што ў краіне неабходна яшчэ больш папулярызаваць заняткі фізкультурай і спортам, здаровы лад жыцця. “Гэта — сапраўдныя фабрыкі здароўя. Чым больш людзей будзе тут, тым менш — у бальніцах і аптэках. І дзяржаве гэта будзе танней”, — заявіў прэзідэнт.
На яго думку, у Мінску і ў цэлым у краіне павінна быць больш спартыўных аб’ектаў крокавай даступнасці. Прычым гаворка ідзе не толькі аб спартыўных залах, але і аб спартыўных збудаваннях на адкрытых пляцоўках, веладарожках.
Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу чыноўнікаў на тое, што цэны паслуг у спартыўных аб’ектах не павінны быць завоблачнымі. “Працаваць, зразумела, трэба не на страту, але і задзіраць цэны не трэба”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.